Вход/Регистрация
Дубянецкі
вернуться

Неизвестно

Шрифт:

5 красавіка 1988 года. Адбылося чацвёртае пасяджэнне нашай усё яшчэ нелегальнай Камісіі па ахове мовы. Запрашалі на яго некаторых вядомых пісьменнікаў. В.Быкаў паабяцаў прыйсці, але ж затрымаўся ў бальніцы. Прыйшлі Я. Брыль, Я. Скрыган і некаторыя іншыя.

Пасяджэнне вёў Пятро Садоўскі (з кіраўнікоў фонду нікога не было!). Абмяр­коўвалі праект праграмы дзейнасці Камісіі. Вельмі значнае дапаўненне ў яго прапанаваў Вячаслаў Жыбуль. Асноўны змест яго – характарыстыка сучаснага становішча беларускай мовы і супастаўленне гэтага з патрабаваннямі марксізму.

Усе выступленні былі цікавыя, прапановы – важныя. Праўда, мяне здзівіла выступленне Янкі Брыля. Ён узяў слова пасля мяне і спрабаваў аспрэчваць мае асноўныя прапановы. А яны датычыліся вызначэння ў прэамбуле Праграмы становішча беларускай мовы тэрмінам “лінгвацыд” і ўключэння ў яе палажэння аб прызнанні за ўсімі нацменшасцямі Беларусі роўных правоў з беларусамі на развіццё сваёй нацыянальнай культуры.

Пра “лінгвацыд” ён сказаў, што гэты тэрмін можа загубіць усю Праграму. Кіраўнікі рэспублікі, маўляў, не даруюць такога максімалізму ў нашых даку­ментах.

Што ж датычыць нашай падтрымкі культурных патрабаванняў іншых нацыянальнасцей, дык Янка Брыль сказаў, што ён наогул не бачыць на Беларусі нацыянальных меншасцей. Асабліва аспрэчваў наяўнасць у нас палякаў. “Палякі ўсе ў свой час выехалі ў Польшчу. А хто не выехаў – гэта не палякі, а католікі. Католікаў, праўда, у нас шмат. Але ж гэта – беларусы.”

Я падумаў, што недзе адначасна з гэтай нечаканай для мяне Брылёвай прамоваю яго біёграфы з захапленнем апісваюць ягоны “інтэрнацыяналізм”. Дый і сам ён лічыць сябе інтэрнацыяналістам!

З памяшкання “Старажоўская, 5” я выйшаў разам з Брылём і Скрыганом, паміж якімі сядзеў на гэтым сходзе. Па дарозе ў дадатак да ўсяго Янка Брыль сказаў яшчэ, што ён таксама супраць і Жыбулёвай праграмы. “Гэта небяспечнае палітыканства”, – сказаў ён.

12 красавіка 1988 года. У Рэспубліканскім Доме работнікаў мастацтваў Саюза тэатральных дзеячаў БССР (так цяпер называецца ранейшае “Мутнае вока” і яшчэ ранейшае “Архіерэйскае падвор’е”!) сёння адкрылі выставу “Шляхам Бацькаўшчы­ны”. Уласна кажучы, гэта дзве выстаўкі – мастакоў Ягора Батальёнка і Міколы Купавы. Прытым і ў таго, і ў таго – гэта першы шырокі выхад “на публіку”.

Я.Б. дэманструе свае карціны, акварэль, пастэль, Мікола – кніжную і станковую графіку, экслібрыс.

Мабыць, ўдала аб’ядналі гэтых двух, здаецца, розных мастакоў (хоць аб’яд­ноўвалі па прычыне “беднасці” – недахопу памяшканняў і, вядома, боязі “нацыянальнага” духу абодвух).

Адзін з іх, Ягор, лірычна паказвае сваю Бацькаўшчыну. Вось з “Ночы ў сакавіку”, з “Паэтычнае ночы” мы акунаемся ў “Світанак”, у “Дзяцінства светлы дзень”. Разам з мастаком мы чуем “Мелодыю вясны”, “Вясковую прэлюдыю”. Нам прыемна перанесціся ў “Лета на Віцебшчыне”, паблукаць там, “Дзе сон-трава”, выбіцца на “Асветленую сцяжыну”.

Якраз, ведучы нас па ёй, Мікола Купава пакажа нам “Гняздо арла. Радзіму Кастуся Каліноўскага”. А вось і сам “Кастусь Каліноўскі” на яго лінарыце яшчэ з 1977 года.

Мікола нястомна паказвае нам, як па шляхах Бацькаўшчыны прайшлі яе славутыя В. Дунін-Марцінкевіч і Ф. Багушэвіч, Карусь Каганец і Элаіза Паш­кевіч (Цётка), Янка Купала і Якуб Колас. Гэта была хада герояў! Людзей, што былі шырока вядомыя і пры сваім жыцці. А вось каляровая літаграфія з 1985 года “Крокі ў неўміручасць. Подзвіг Трыфана Лук’яновіча”. Некалі Барыс Палявой расказаў, як гэты радавы салдат, што быў родам з Мінска, свядома палез пад нямецкія кулі, каб выратаваць ад іх нямецкую дзяўчынку. Менавіта яго бронзавую скульптуру і паставіў Яўген Вучэціч у берлінскім Трэптаў-парку, як абагулены помнік воіну-вызваліцелю. Мікола Купава не мог не звярнуцца да гэтага яскравага вобраза. А звярнуўшыся, сказаў нам вельмі шмат пра душу беларуса.

Мікола паказаў некалькі дзесяткаў лістоў і сваёй кніжнай графікі. Іх тэма, можна сказаць, тая самая, што і тэма часткова пералічаных вышэй работ са станковай графікі – “тыя, што ідуць шляхам Бацькаўшчыны”. Праўда, стаіць тут быццам бы збоку вялікі цудоўны цыкл “Сіняя світа налева пашыта”. Гэта беларуская народная казка. Яна выдавалася і па-беларуску, і на некалькіх замежных мовах. З гледачоў мала хто яе бачыў, бо была адразу канфіскавана з-за бел-чырвона-белага сцяжка на вежы.

Ягора Батальёнка гледачы прыхільна ацанілі і як майстра акварэлі. І ён не здраджвае ў ёй свайму асноўнаму напрамку. Родная прырода, родны край і тут у алтары.

Выстаўку не толькі адчынялі прамовамі, але ж песняй. Спяваў Ягораў сябра. Добры расце ў Ягора сынок, што цешыў там усіх гледачоў сваёй непасрэднасцю, сваім звонкім беларускім словам…

Да гэтай выстаўкі, з дазволу цэнзара, што схаваўся пад нумарам АТ 10680, быў выдадзены праспект, ілюстраваны дзвюма чорна-белымі рэпрадукцыямі.

13 красавіка 1988 года. Лёня Д. (Дранько-Майсюк – рэд.) днямі папярэджваў, што сёння павінен паступіць у кіёскі красавіцкі нумар часопіса “Беларусь” з Галінымі вершамі. Падпісчыкам прыносяць яго, можа, на тыдзень пазней, значыць, у такіх выпадках трэба хадзіць у кіёск.

  • Читать дальше
  • 1
  • ...
  • 135
  • 136
  • 137
  • 138
  • 139
  • 140
  • 141
  • 142
  • 143
  • 144
  • 145
  • ...

Ебукер (ebooker) – онлайн-библиотека на русском языке. Книги доступны онлайн, без утомительной регистрации. Огромный выбор и удобный дизайн, позволяющий читать без проблем. Добавляйте сайт в закладки! Все произведения загружаются пользователями: если считаете, что ваши авторские права нарушены – используйте форму обратной связи.

Полезные ссылки

  • Моя полка

Контакты

  • chitat.ebooker@gmail.com

Подпишитесь на рассылку: