Шрифт:
Некалі я ўспрымаў гэтага юнака адназначна – добра, нават з нейкім захапленьнем і радасьцю. Праз некаторы час ён сам пахіснуў ува мне сваю старэча-спрактыкаваную, не па ўзросьце асьцярожнасьць. Я адчуў тады, што ён слухае мяне і баіцца, ня ведае, як сябе паводзіць. Бо падтрымліваць гаворку ў дадзеным мною напрамку, значыць, магчыма, трапіць на кручок “літаратараў у цывільным”, а не падтрымліваць мяне – не выпадае. Пасьля да мяне пачалі даходзіць адкрыта негатыўныя ацэнкі ягонай асобы. Я ня веру ім, аднак прыгадаў усё гэта, калі ўбачыў яго перад сваімі дзьвярыма. Тыя нагаворы не зьмянілі маіх адносінаў да яго. Я быў зусім шчыры з ім і цяпер. Можа, ня варта было. Але ж я ўжо, здаецца, такім прасьцячком і памру. А колькі разоў даваў сабе слова, не заўсёды і не перад кожным выкладваць сваю душу!
Вось цяпер аналізую нашую трохгадзінную бяседу з Язэпам і пераконваюся, што я яму нагаварыў процьму небясьпечных сабе рэчаў. Затое, канстатую з прыкрасьцю, ён быў “разумнікам” – у маім пакоі толькі слухаў мяне, устаўляючы час ад часу нязначныя рэплікі, а на вуліцы прызнаўся, што ён не давярае сьценам. Бачыш, ён, малады, не давярае, а я?..
Што ж хацеў ад мяне Янушкевіч? А хацеў і ня так ужо мала: для яго я быў яшчэ дырэктарам выдавецтва.
Нейкім чынам паміж ім і Сакратам Яновічам пачалося ліставаньне. Адзін Сакратаў ліст ён паказаў мне. Мабыць, каб я пераканаўся, што яму, Юзіку можна давяраць. Гэта па-першае. А па-другое, пакуль ён будзе маўчаць “прыслухоўваючыся да сьценаў”, я самастойна пазнаёмлюся з Сакратавымі клопатамі, якія, я зразумеў, Язэп падрадзіўся “адрэгуляваць”. Гэтыя клопаты – таксама мой і клопат, і боль. Справа дачытыцца лёсу заключанага ў дасалідарнасьцевую эру паміж выдавецтвам “Мастацкая літаратура” і Сакратам пагадненьня на выданьне яго “Самасея”. У лісьце я ўбачыў нават крыўду на мяне, больш за тое – нешта накшталт пагрозы мне: “Перадай Дубянецкаму, што я маю права спагнаць з выдавецтва праз суд 2800 рублёў.” Калі гэта эзопаўская мова, разьлічаная на тых самых “літаратуразнаўцаў у цывільным”, – дык гэта адно, а калі да Сакрата сапраўды прыйшло такое перакананьне? Ня веру! Не! Хіба ён ня ведае, што ініцыятыва таго пагадненьня была мая? Дык што, хіба я заключаў бы кантракт, каб падарыць Сакрату тыя грошы, што ён падлічыў, без выданьня яго кнігі? А хіба Сакрат ня памятае мой postscryptum да жорсткай адносіны В. Хомчанкі, за які ён яшчэ пісьмова падзякаваў мне? І якое дачыненьне да ўсяго гэтага мае Язэп? Пакінуўшы “чуткія сьцены”, ён нешта плёў мне, што нехта “з той канторы” (трэба думаць, з кадэбэ) раіць яму напісаць станоўчы артыкул пра Сакрата, і ён будзе рэабілітаваны ў “нас”. Можна і артыкул. Толькі пры чым тут і Язэп, і “яго” “кантора”? Няхай чытаюць Сакратавы творы, у іх ён увесь – палымяны патрыёт-беларус, крыху сумбурны ў сваёй празьмернай гарачнасьці. А яшчэ ён занадта даверлівы, ня ў прыклад свайму “вучню” Язэпу. А наогул, трэба напісаць Сакрату і ўсыпаць яму за яго методу весьці справы, за яго “давераную асобу”…
Другое, больш важнае Язэпу, было пытаньне пра будучую кнігу ўспамінаў пра Ул. Караткевіча. Хітры Язэп сьпярша выпрасіў у Веры Палтаран вусны дазвол на складаньне такой кнігі, а пасьля толькі пачаў забясьпечваць выгляд прыстойнасьці свайго намеру. Больш за тое, яшчэ да гэтага “дазволу” ён пачаў бегаць з магнітафонам і таму-сяму падсоўваць мікрафон. Ён прыехаў цяпер да мяне, бо пачуў, што я прасіў Веру Сямёнаўну атрымаць згоду на такога ўкладальніка ў Адама Мальдзіса – самага старога (не па ўзросьце, а па даўнасьці) і самага шчырага сябра Караткевіча. Прыехаў, каб супакоіць мяне, што “Мальдзіс вельмі заняты і сам прапанаваў” яму пачынаць зьбіраць матэрыялы. Правільна, “прапанаваў”, але ж postfactum. Ну, будзем лічыць, што ўсё нармальна. Важна, каб была забясьпечаная якасьць выданьня. Думаю, што з Язэпавай энергіяй і зацікаўленасьцю можна спадзявацца на посьпех. Ён адразу ж папрасіў аб’ём 25 аркушаў: Вера Сямёнаўна, сказаў, прапанавала толькі 20.
Шкада толькі, што такі прадбачлівы і абачлівы хлопец патраціў столькі часу на размову не з дырэктарам. Я сказаў яму пра гэта, хацеў нават паразважаць вакол гэтай сітуацыі, але ж “мне не пашанцавала”: падышоў “Язэпаў” аўтобус і ён, папрасіўшы ў мяне прабачэньня, стрымгалоў пабег. Яму цяпер хоць тут пашанцавала!
12 лютага 1986 году. Учора, вярнуўшыся пасьля нейкіх паходаў у свой пакой, атрымаў паведамленьне (перадаў В. А. Гоцман), што званіў Васіль Быкаў, шкадаваў, што не застаў мяне на месцы. Я вырашыў зьняць клопат з Васіля Быкава і самому патэлефанаваць яму. У той самы дзень ня здолеў гэтага зрабіць – хацелася размаўляць з ім без пабочных, чужых вушэй. Такі час выдаўся ў мяне сёньня.
Васіль сказаў, што ўзяў мой тэлефон у мяне дома, ужо нават некалькі разоў спрабаваў зьвязацца са мною. Дзякаваў, што я вызваліў яго ад далейшых спробаў, якіх было б яшчэ нямала.
Васіль Быкаў падрабязна распытаў пра стан майго здароўя, ход лячэньня. Сказаў, што Алесь Адамавіч хадзіў да АТК1 з просьбаю “не пускаць” мяне на пенсію. Гэты быццам бы сказаў, што толькі я сам магу вырашыць за сябе гэтае пытаньне.
Хадзіў да АТК таксама і Васіль. Вынік той самы. Затое да ранейшых кандыдатур на маё месца дабавілася цяпер яшчэ адна – Сашы Шабаліна. Быкаў сказаў, што ведае яго па Гародні. Я выказаў сваю думку наконт гэтай кандыдатуры – разумны, інтэлігентны, культурны, сьмелы. Я знаёмы з ім даўно. Апошняя яго сьмеласьць асабліва “кінулася мне ў вочы”, з таго часу, як ён стаў галоўным рэдактарам часопісу “Беларусь”. Я памятаю некалькі яго прынцыповых сутычак з цэнзураю. А ўзяць нават тое, што ён надрукаваў летась паводле маёй рэкамендацыі – каліграмы Глеба Артханава на квантэмы Алеся Разанава і нізку паляшуцкіх вершаў Міколы Шэляговіча!
Улічваючы яго адносную незалежнасьць, буду спадзявацца, што мае задумы могуць зьдзейніцца наконт выданьня Бібліі Ф. Скарыны, “Тутэйшых” Янкі Купалы, “Мужыцкай праўды” К. Каліноўскага, а можа, і “Матчынага дару” А. Гаруна і інш.
13 лютага 1986 году. Сёньня патэлефанаваў Алесь Адамовіч. Гаворка ў асноўным вялася вакол праблемы майго пераемніка. Дамовіліся трымацца кандыдатуры А.Шабаліна. Гэта сапраўды будзе нечакана для тых, хто шукаў яе ў іншым асяроддзі, тых, хто самі сябе прапаноўвалі. “Нечаканасьць” такую трэба забясьпечыць, каб ніхто не пасьпеў сарваць яе.
Алесь выказаў шкадаваньне, што ў Шабаліна няма выдавецкага вопыту.
– Беларускай культуры пашанцавала з выдаўцом Міхалам Дубянецкім, – сказаў ён, – які наклаў дабратворны адбітак на ўсю выдавецкую справу рэспублікі. З яго імем зьвязаны сапраўдны рэнесанс у выданьні беларускай мастацкай літаратуры, літаратурна-мастацкай спадчыны.
25 лютага 1986 году. Ірынка сваю дыпломную працу за універсітэт будзе пісаць па творчасьці Ул. Караткевіча. З гэтай нагоды ягоныя кнігі можна цяпер знайсьці ў нас усюды, ня толькі ў пакоі студэнткі. Я зноў і зноў бяру ў рукі адну за другой кнігі свайго незабыўнага друга. Вось “Матчына душа”. Гэта першы яго паэтычны зборнік і першая наогул яго кніга. Яна выпушчана Дзяржаўным выдавецтвам БССР, рэдакцыяй мастацкай літаратуры, як пазначана на тытульнай старонцы, у 1958 годзе. Калі ўлічыць, што першы верш свой Ул. Караткевіч надрукаваў у 1955 годзе, дык можна сказаць, што першую кнігу давялося чакаць зусім нядоўга, значыць, паэтычнае сталеньне Паэта адбывалася даволі шпарка.
Гэта сьціплае выданьне ледзь не трыццацігадовай даўнасьці мне куды больш падабаецца, чым кнігі цяперашняй нашай серыі “Першая кніга паэта” – значна большы фармат (70х108/32), цьвёрды, хоць толькі кардонны, абклеены паперай, пераплёт, “раскошная” вёрстка – кожны верш з новай старонкі (цяпер такое “марнатраўства” (!!!) забаронена).
Мне захацелася больш падрабязна разгледзець гэтую дарагую кожнаму беларусу кнігу, хаця б выдавецкія і паліграфічныя яе якасьці. На першай старонцы пераплёту мастак І. Немагай даў просьценькі краявід: на фоне блакітнага неба – сьветла-зялёны гай. Відаць, бярэзьнік, бо на першым плане тырчыць амаль пасярэдзіне пяць беластволых маладых бярозак. Іх кроны зьліліся ў адну бязьлістную “рваную” масу, верхні, левы, рог якой да верхняга абрэзу – “неба” кнігі не даходзіць толькі 2,3 см., затое ніжні падпірае неба над нейкай нібы гарою недзе побач з правым краем – абрэзам кнігі ўсяго толькі ў 8-мі см. ад суцэльна-зялёнай зямлі. За бярозамі – дзьве карычневыя стужкі-сьцяжынкі, што на выхадзе з “лесу”, справа, яны зьліваюцца ў адну, якая хаваецца ў тую “гару”. Імя і прозьвішча аўтара (Ул. Караткевіч) і назва кнігі – у тры радкі, маляваныя, набліжаныя да курсіўнага шрыфту. Першы радок (аўтар) – цёмна-сінім, з малых літар, апроч, як і трэба, дзьвюх літараў. Абодва словы назвы – белая вываратка, з вялікіх, васьміміліметровых літараў. Увесь гэты тэкст разьмешчаны ў верхняй частцы вокладкі, на цэлых 6,2 см. “углыбіню”, ссунуты ўправа, пры інтэрвале яго правай восі ад правага абрэзу кнігі 10-14-12 мм. Даўжыня радкоў – 8,2; 6,2; 5,9 см.