Быкаў Васіль
Шрифт:
Далей Ступак паўдня праседзеў у асобным кабінеце - запаўняў анкеты. Гэтых было тры ці чатыры адразу, на некалькіх старонках, і ён аж спацеў, падрабязна адказваючы на дзясяткі пытаньняў - ад першага, пра імя, прозьвішча і імя па бацьку да імёнаў бацькоў, месца іх нараджэньня і сьмерці (дзе і калі памерлі, месцы пахаваньня і нумары магілаў). Жывога бацьку Ступак падрабязна атэставаў як партызана і ўзнагароджанага, а маці… Яна памерла, калі ён быў у Афгане. Сястра Алена жыла пад Масквой, ды ён ня ведаў дзе, у якім горадзе (ні то ў Жукоўску, ні то ў Чарняхоўску) і думаў, як лепш напісаць? Ці калі ня ведаеш, дык не пісаць нічога? Але тады могуць прыдрацца, што ўтаіў. I ён напісаў першае, што прыйшло ў галаву: горад Зеленагорск, вуліца Касманаўтаў, 10, кв. 20.
Пасьля ў іншым кабінеце афармляў падпіску аб строгай сакрэтнасьці - гэта ўжо было, як ён здагадаўся, па лініі бясьпекі. Хоць і прымаў яе лысаваты чалавек у модным двухбортным пінжаку з дужа акуратна завязаным гальштукам, важнасьці было нават больш, чым у кабінеце палкоўніка. Неяк вельмі стрымана, нібы выпрабоўваючы ягоную рэакцыю, чалавек вымавіў яму ў твар адно толькі слова «Музыкант», і Ступак зразумеў усё. Некалі гэтую мянушку прыляпілі да яго таксама ў дужа сакрэтным аддзеле перад адпраўкай у Афган. З тае пары, праўда, ніхто яму пра яе не напамінаў, і ён ужо думаў: забыліся. Аж не, не забыліся. Зрэшты, цяпер ад яго нічога не патрабавалася, а гуляць з імі ў тыя сакрэтныя гулі ўвогуле было няцяжка, хай пацешацца. I ён усё падпісаў.
Мусіць, да паўдня, аднак, усе паперы былі аформленыя, якія забрала ў яго прыгожая, у міліцэйскай форме дзяўчына з дужа суровым позіркам і дзьвюма зоркамі на пагонах. У апошні момант ён нават падміргнуў ёй, ды тая не павяла і брывом, склала ягоныя паперы ў шыкоўную зялёную папку і замкнула ў шэры сейф у кутку. Значыць, будзе захоўвацца вечна і сакрэтна, падумаў Ступак. Пасьля ўжо іншы, белабрысы міліцэйскі сяржант павёз яго кудысьці ў горад. Спакваля Ступак пачаў пазнаваць МУС. «Гэта навошта?» - спытаў Ступак. «А медкамісія!
– проста і дабразычліва адказаў белабрысы шафёр і хіхікнуў: - Праверка на СНІД».
Тое ўжо мала Ступаку падабалася, хутчэй - не падабалася зусім. На якога д’ябла!
– думаў ён, губляючы трываньне ад гэтага падрабязнага дасьледваньня ягонай асобы. Што ён ім будзе служыць? У яго іншая мэта, яму б толькі дапяцца да зброі. Мабыць жа, дадуць якога «Сьцечкіна» ці «Калашнікава», і ён падловіць момант. Ягонае здароўе яго мала цікавіла, хай не цікавіць яно і гэтых.
Але гэтых якраз дужа цікавіла. Да цямна яго вадзілі з кабінету ў кабінет, з паверху на паверх, - слухалі, мацалі, вымервалі на апаратуры, высьвечвалі ягоныя вантробы на мільготкіх маніторах. Але ўсё было ў норме, ціск жа, сказалі, бы ў юнака, і яго пахвалілі. «Алкаголь ужываеце?
– папытаўся строгі доктар, на плячах пад халатам якога мулялі цьвярдыя пагоны. Ступак з наіўным выглядам пакруціў галавой: «Ну што вы!» Трохі затрымаў на ім свой пранізьлівы позірк хірург, як убачыў сіняватую адмеціну на плячы. «Што - агнястрэльная?» - «Афган», - коратка адказаў Ступак. «А то - ушыб?» — даволі груба памацаў ён сьлед ад нядаўняй амапаўскай палкі. «Упаў…» - «Па п’янцы?» - ухмыльнуўся доктар, штось разумеючы. Ступак тое пакінуў без адказу - здаецца, яны і так паразумеліся. Далей была кардыяграма з правадамі, якія аблыталі ягоныя рукі і ногі, акуліст са сваёй табліцай на сьцяне і ў канцы дзіўнаватая гаворка з псіхіятарам. Адзінае, што з яе запомніў Ступак, былі прыдзірлівыя пытаньні пра выпіўку і наркоту. I тое, і іншае Ступак рашуча адмаўляў, сказаў, што ніколі ні-ні, успамінаючы пры тым, як у тым жа Афгане, і неаднойчы, яны добра-такі кайфавалі анашой. Шкада, пасьля кінуў. Каб ня кінуў, можа б, лепей было, нечакана падумаў ён, седзячы перад хітраванам-псіхіятарам. Здаецца, стан ягонага здароўя іх задаволіў. Яго тым болей.
Да свайго гаражу ён прыплёўся, калі ўжо сьцямнела, побач на падворку ўгары сьвяціўся ліхтар, сьвяціліся вокны ў хрушчоўках. Ведаў, цяпер там усе ўтаропіліся ў свае зіхоткія скрынкі - хто на музычныя шоу, крывуляк-танцуляк са шнурамі ў руках, а болей, мусіць, на чарговы нумар самога. Амаль кожны вечар той выступаў са сваім гіпнозам - то пагрозьліва-строга, калі гаварыў пра апазіцыю, якая мае ад ЦРУ заданьне яго зьнішчыць, то шчодра адорваючы ўсіх белазубай усьмешкай з-пад шыкоўных вусоў, калі зьвяртаўся да гледачоў. Асабліва глядачак, якіх ён часьцяком на прамілы Бог прасіў падтрымаць яго ў сьвятой барацьбе за дабрабыт народу. Слухаючы яго лісьлівыя звароты, жанчыны былі гатовыя на што хочаш, - з такімі просьбамі да іх ніхто раней не зьвяртаўся. Тым болей з вялікіх начальнікаў, не памінаючы ўжо ўласных мужоў, якія даўно не прызнавалі нічога ў жыцьці, апроч бутэлькі. Мужчыны не любілі палітыку, якая цікавіла іх усё меней, чым горш жылося. Затое яна ўсё болей захапляла жанчын, асабліва з тае прычыны, што ў ёй верхаводзіў ён - такі выбітны, прывабны, амаль нежанаты, які ўвасабляў недасяжныя жаночыя мары аб мужчы-некавалеру, мужчыне-лідэру. I тым вабіў.
Ну, але засталося нядоўга.
Так думаў Ступак, зласьліва чакаючы, калі яго паклічуць зноў. Павінны ж урэшце паклікаць, ён ужо прагнуў таго. Хоць бы таму, што ежы не было зусім, два дні таму пазычыў пару тысячаў у былога суседа па кватэры, якога падпільнаваў у двары. Перш чым выняць яму паперку, сусед добра паплакаўся, наракаючы на жыцьцё, малую пенсію, лайдачку дачку, якая ня хоча працаваць і звыкла жыць на ягоную пенсію. Ступак суцешыў яго, што хутка атрымае зарплату і разьлічыцца. І апусьціў долу вочы, бо глядзець на старога было няёмка.
На гэты раз да яго завітаў сам Шпак, на тым самым вішнёвага колеру «Пежо», у камуфляжы, але ўжо з пагонамі маёра на шырокіх плячах. «Хутка, аднак, у іх растуць кадры!» - з нечаканай зайздрасьцю падумаў Ступак, сядаючы поруч з колішнім калегам-прапаршчыкам. Гэты маёр пачаў распавядаць яму, як шмат даводзіцца працаваць (работа ж не нармаваная), як тлумна і небясьпечна, хоць ганарова і адказна. «А зарплата як?» - стрымана папытаўся Ступак пра тое, што яго цяпер найболей цікавіла. «Зарплата нішто. Табе такой і ня сьнілася, - сказаў Шпак.
– Напачатку тры мільёны, ну пад’ёмныя і так далей. Не пашкадуеш».
Ступак унутрана парадаваўся, хоць і не падаў знаку, ды папраўдзе і слаба паверыў, прыпамятаўшы дацэнта Мінкевіча з яго шасьцюдзесяцьцю мільёнамі. Можа, маёр Шпак і атрымлівае тры мільёны, а ён жа прапаршчык…
– Пакуль будзеш жыць у афіцэрскай гасьцініцы. А там пабачым, - сказаў Шпак, як яны пад’ехалі да чарговай бетоннай сьцяны з прахадной і шлагбаўмам.
Тут, аднак, аказалася амапаўская база ці што. Некалькі гадзінаў Ступак з такімі, як сам, навічкамі, маладымі хлопцамі са сьвежымі ружовымі тварамі, абмундзіроўваўся на забітым скрынкамі ды цюкамі рэчавым складзе. Яму выдалі цэлую кучу абмундзіроўкі - зялёную і стракатую, колеру сьмецьця, сьвяточную і паўсядзённую, моцныя грубыя чаравікі, пілотку і берэт, цёплую куртку і цяльняшкі - аж тры штукі. I нават добры шкумат бязі - на каўнерыкі. Як у войску. Толькі ў войску так шмат ніколі не давалі, эканомілі. Хлопцам, што пераапраналіся з ім разам, дужа спадабаліся дзягі. «Афіцэрскія», - з захапленьнем сказаў адзін, трохі старэйшы за астатніх. Дзягі сапраўды былі адмысловыя, з таўстой, прашытай скуры пры ладных спражках, ня тое што з металічнымі бляхамі ў войску. Ступак пераапрануўся ў новае, са сьвежым прыемным пахам; свае сьмярдзючыя трусы, азірнуўшыся, піхнуў у бляшаную урну, і яго павялі цераз падворак у афіцэрскую гасьцініцу.