Аказалася, што дзевяць гадоў, якія прайшлі са смерці Васіля Быкава, — недастатковы час для таго, каб асэнсаваць ролю пісьменніка ў гісторыі краіны і яе літпрацэсу ў прыватнасці. Дагэтуль застаецца спрэчным і месца, якое Быкаў заняў у пантэоне герояў сучаснай Беларусі.
Гэтай кніжкай мы хочам падкрэсліць, што лічым Быкава аўтарам, чытанне якога жыццёва неабходнае для разумення простых чалавечых каштоўнасцяў. Бо вайна паміж геройствам і лайном унутры кожнага з нас, на жаль, не скончыцца ніколі.
Пад адной вокладкай сабраныя пяць твораў розных часоў напісання. Аповесць «Атака» і апавяданне «Жалезны камандзір» не так даўно былі знойдзеныя ў гарадзенскім архіве аўтара і адносяцца да 1960-х гадоў. Аповесць «Афганец» і апавяданне «Бутэльчына» створаныя ўжо ў незалежнай Беларусі, і гаворка ў іх таксама ідзе пра сучаснасць. Акрамя таго, у зборнік ўвайшла незавершаная аповесць «Бліндаж», распачатая ў 1987 годзе. Усе тэксты выходзяць у аўтарскай рэдакцыі.
Пры афармленні кнігі нам хацелася падкрэсліць актуальнасць прозы Васіля Уладзіміравіча, таму за аснову была ўзятая коміксавая стылістыка. Дызайн выдання — гэта нашая рэфлексія на тое, што адбываецца ўнутры зборніка. Кожная ілюстрацыя — своеасаблівы кейген да таго ці іншага твора і гэтага тома ў цэлым.
Атака
Былым франтавікам - байцам і камандзірам стралковых батальёнаў, чые звычайныя чалавечыя плечы, хістаючыся, гнучыся і выпрамляючыся, вынеслі на сабе найбольшы цяжар вялікай вайны.
1
Атака не ўдалася.
Зблытаўшы парадзелы ротны ланцуг і парушыўшы ўсякі вайсковы парадак, пакідаючы забітых і параненых, яны беглі, падалі, уставалі і зноў беглі, стараючыся як найхутчэй пераадолець пякельную хмызняковую балацявіну, дзе лютавала смерць. У спіны ім з-пад хат маленькай лесавой вёсачкі разгоністымі гарачымі чэргамі білі нямецкія кулямёты; угары, у звечарэлым небе, скуголіла, гуло і выло ад цяжкіх фугасных мін, якія, абрыньваючы на балацявіну лютасць выбухаў, шалёна карчавалі чорнае куп’ё хмызняку, выварочвалі са дна гразкія, з травой глыбы падталага сакавіцкага лёду, ушчэнт секлі і размяталі ўбакі голае яшчэ сучча вольх і лазы.
Сяржант Жаркоў шыбаваў ззаду за ўсімі.
Прыпаўшы ад натугі ледзь не да самага шурпатага рудога лёду, які, не перастаючы, гуў, дрыжэў і дзівоснымі пісягамі трэскаўся ва ўсіх кірунках, Жаркоў з усяе сілы валок за сабой танкастволы станкач «гарунова». З самага пачатку гэтага адступлення сяржант прамарудзіў крыху і цяпер адстаў ад усіх, ледзьве паспяваючы ўхіляцца ад шалёных чэрг, што несліся паўз яго галаву. А тут яшчэ ўтрая пацяжэлы кулямёт, як на зло ў такія хвіліны, раз-пораз чапляўся за ўмерзлыя ў балота патарчакі, хамлакі ссохлай леташняй травы, цяжка перавальваўся цераз кавалкі параскіданага лёду і грукаў коламі.
Сяржант ужо добра зашыўся ў хмызняк, як раптам пакаўзнуўся і, не ўстояўшы, ніцма распластаўся ў доле. Гэта незнарок уратавала хлопца, бо ў той жа момант з варожага боку імгненна пырснула да яго трасіруючая чарга - відаць, немец заклаў новую, нарыхтаваную на ноч стужку. «Чап-чап-чап», - белыя плямы-шчарбінкі сыпанулі на лёд між кустоў. Жаркоў спазнела тузануў пад сябе выцягненыя ногі, чарга матлянулася далей і вышэй у хмызняк, туды, дзе са скрынкамі ў абедзвюх руках, азіраючыся, бег яго памагаты Тарасікаў. Жаркоў схамянуўся і крыкнуў, каб уратаваць неспрактыкаванага яшчэ салдата:
– Лажысь!!!
Распластаны ля кулямёта, ён на некалькі секунд змярцвеў, гледзячы, як Тарасікаў спалохана і няспрытна пляцнуўся за камляватай альхою. Адна яго скрынка са стужкамі, круцячыся па лёдзе, паляцела ўбок. Адразу ж там сцебанула чарга, але хлопец, відаць, уцалеў, - трапятнуўшыся з-пад куль, ён ухапіў сваю ношу. Жаркоў з палёгкай ускочыў і, учапіўшыся ў яшчэ болей пацежалелы за якую хвіліну хобат, паглядзеў назад.
Вячэрнія прыцемкі абкладвалі дол. Ускраіна той невялічкай вёсачкі, якую яны няўдала атакавалі паўгадзіны назад, грымела, бліскала і зіхацела агнём стрэлаў і зыркіх разнаколерных трас. «Ках!.. Ках!.. Ках!..» - коратка і паспешна білі аднекуль нямецкія мінамёты, і паднябессе не сціхала ад скрыгатаў мін. «Піў… Піў… Піў-у-у-у-у… - Трах! Трах! Трах!» - візжэла ўгары і ірвалі балацявіну выбухі недзе блізка каля таго месца, дзе бег Тарасікаў, пырснула ў неба фантанам чорнае гразі, патокі каламутнай вады пляснулі на кустоўе, сыпанула асколкамі і ледзяным градам. Не паспела яшчэ ўсё гэта з працяглым шорхатам абрынуцца долу, як у паветры, хутка нарастаючы, завізжэла зноў.
– Тр-рах! Тр-рах! Тр-рах!
Жаркоў зноў упаў, ледзь не адначасна ў яго твар ударыла тугой гарачаю хваляй і ледзяным крошывам, кавалкі лёду ім-пэтна ляснулі па кулямётным шчыце, пад ногі пляснула лужынай мутнай вады. «Падаб’юць усю роту!» - ударыла ў голаў жахлівая думка. Не выціраючы мокрага твару, Жаркоў кінуўся ўбок, каб не трапіць у калдобіну; непадалёк у лазовым хмызняку нехта голасна лаяўся - здалося, іх салдат Няроўны - наперадзе з купістага долу вытыркалася згорбленая, у шынялі спіна, яна няспрытна неяк памкнулася ўзняцца, але раптам бяссільна асела і знікла.
– Не спыняйсь! Бягом! Бягом!
– пракрычаў Жаркоў, кідаючыся праз хмызняк. Зноў у гэтае месца скіравалі ззаду два ці тры мільготкіх трасіруючых струмені, і ў хмызняковым галлі замільгалі-запляскалі сінія агеньчыкі. «Разрыўнымі б’юць, гады!» - падумаў Жаркоў, азірнуўся і ўпаў ля кулямёта. Прывычнымі бяздумнымі рухамі сяржант хуценька адкінуў з-за шчыта канец недастрэленай стужкі, прадзетай у прыёмнік, шчоўкнуў прыцэлам і хапіўся за рукаяткі.
Праз хмызняковае голле ён хуценька азірнуў усе бліскаўкі ў вёсцы і, здаецца, вызначыў пэўнае месца. Трасіруючыя разрыўныя чэргі несліся з-пад крайняй прынізістай будыніны, здаецца, той пунькі, ад якой гэтак знянацку ўдарыў ва ўпор па іх ланцугу нямецкі кулямёт. Тады ўзмежак уратаваў Жаркова ад пагібелі, але ён жа і не даў яму расправіцца з кулямётчыкам. Цяпер хлопец поціскам вялікіх пальцаў з помслівай злосцю адмераў дзве кароткія па пяць куль чаргі. «На! На! Ага, падавіўся!». Невядома, надоўга ці не, але кулямёт сціх, а сяржант, ухапіўшы хобат, кінуўся за сваімі.
Яны ўжо дабраліся да сярэдзіны балацявіны. Вячэрнія прыцемкі і хмызнякі як-колечы прыкрылі іх ад прыцэльнага агню, і тады між грукатаў і візгу імкліва вынырнула з вёскі ракета. «Лажысь!» - усім, хто мог чуць яго, крыкнуў Жаркоў і сам стуліўся пад лазовым кустом. Ракета, дымна-агністым следам прарэзаўшы яшчэ святлявае неба, абліла балацявіну яркім дрыготкім святлом, шыпучы і траскочучы, апісала дугу і скіравала ў хмызняк. Стала вельмі відна, на разбітым мінамі доле закруцілася, замільгала дзівосная блытаніна стракатых ценяў. Жаркоў крутнуўся, агледзеўся - у яе пранізлівым святле зводдаль не бачна было нічога, толькі побач, на другі бок куста, невядома адкуль узяўшыся, ляжала нечая постаць у перакручанай на галаве вушанцы. Не паспеўшы патухнуць у паветры, ракета ўдарылася аб лёд, падскочыла і, пырскаючы, хутка згарэла. Рэшткі яе святла крывавай чырванню адбіліся ў раскрытых вачах байца, распластанага на лёдзе, Жаркоў пазнаў яго і махнуў:
– Давай сюды!
Пасля ракеты стала зусім цёмна. Трасіруючыя чэргі адвярнулі ўбок, баец ускочыў і, прыгінаючыся, сігануў да сяржанта. Гэта быў Рыбчонак.
– Ротнага забіла!
– сказаў ён нейкім незнаёмым Жаркову натужным крыклівым голасам.
– Лейтэнанта забіла!..
– Так. Ціха, маўчы!
– загадаў сяржант, адчуўшы, што ў гэтай іх бядзе вось сталася і горшае.
– Памажы вось!
– Забіла! Як ударыла і ўсё!
– голасна гаманіў салдат, азіраючыся наўкола. Сяржант падазрона паглядзеў на яго.