Вход/Регистрация
Quo Vadis
вернуться

Сянкевіч Генрык

Шрифт:

Вініць зноў прачнуўся, але мары не адразу разыйшліся, і не адразу прыйшло пачуццё рэальнасці. Праз хвіліну мроілася яму яшчэ, што ён над возерам сярод натаўпу, дзе, сам не ведае чаму, шукае Пятронія й дзівіцца, што не можа яго знайсці. Жывы водбліск ад камінку, пры якім нікога ўжо не было, ацвярэзіў яго, аднак, зусім. Аліўныя карчы ляніва тліліся пад ружовым прыскам, але затое шчэпы пініі, няйначай свежападкінутыя, стралялі ясным полымем, і ў гэтым бляску Вініць дагледзеў Лігію, сядзячую ля ложка. Прысутнасць ейная расчуліла яго да глыбіні душы. То ж мінулую ноч была ў Острыянуме, а цэлы дзень увіхалася каля перавязкі, і цяпер, бачыш, калі ўсе пайшлі спаць, яна адна не адступала ад ложа. Лёгка было здагадацца, што была зняможанай, бо сядзела без руху з заплюшчанымі вачыма. Вініць не ведаў, ці спіць, ці задумалася. Вывучаў ейны профіль, спушчаныя вейкі, рукі, зложаныя на каленях, і ў ягонай паганскай уяве з цяжкасцю пачало высноўвацца паняцце, што вобак нагае, самапэўнае й самагордае грэцкае й рымскае красы ёсць на свеце іншая, новая, беззаганна чыстая, у якой жыве душа.

Немагчыма яму было назваць яе хрысціянскаю, думаючы, аднак, аб Лігіі, не мог яе ўявіць апрычона ад навукі, якую вызнавала. Разумеў нават, што калі ўсе іншыя паляглі спаць, а Лігія адна, яна, каторую крыўдзіў, сядзела над ім, дык менавіта таму, што гэтая навука так вучыць. Думка гэная, хоць праймаючая яго подзівам да навукі, была, праўду сказаць, яму і прыкрай.

Хацеў бы, каб Лігія рабіла гэта больш з любові да яго, да ягонай урадлівасці, твару, вачэй, статнай фігуры, адным словам — з тых усіх прычын, з якіх не раз абнімалі яго снежныя ручанькі грэчанак і рымлянак.

Нагла, аднак, уявіў, што каб яна была такою, як іншыя жанчыны, дык яму б ужо чагось у ёй не хапала. Тады сумеўся і сам не ведаў, што з ім дзеецца, бо скеміў, што і ў ім родзяцца нейкія новыя пачуцці ды новыя ўпадобы, нясвомыя свету, у якім дагэтуль жыў.

Тым часам яна расплюшчыла вочы і, бачачы, што Вініць на яе глядзіць, збліжылася да яго з словамі: — Я пры табе.

А ён ёй: — Бачыў я ў сне тваю душу.

XXVI

Назаўтра прачнуўся аслабленым, але з галавою халоднаю і без гарачкі. Здавалася яму, быццам прабудзіў яго шэпт гутаркі, але як расплюшчыў вочы, нікога не бачыў перад сабою, Лігіі не было пры ім, толькі Урсус, нагнуўшыся над камінкам, разграбаў попел, шукаў жару і, знайшоўшы, пачаў раздзьмухваць яго так, як бы рабіў гэта не вуснамі, а кавалёвым мяхом. Вініць, прыпомніўшы сабе, што чалавек гэны задавіў учора Кратона, з цікавасцю цырковага смакуна прыглядаўся магутным плячам, моў цыклопавым, і падобным да калюмнаў сцёгнам.

— Дзякую Мэркураму, што не скруціў карку, — падумаў у душы. — На Палукса! Калі ўсе лігі да яго падобныя, дунайскія легіёны мецімуць з імі калісь цяжкую работу!

А ўголас адазваўся: — Эй, нявольнік!

Урсус выхіліў голаў з коміна і, ухмыльнуўшыся прыязна, сказаў: — Дай Бог добры дзень, спадару, ды добрае здароўечка, але я чалавек вольны, а ня ёсць нявольнік.

Вініцію, які меў ахвоту распытаць Урсуса пра родны край лігаў, словы гэныя зрабілі пэўную прыемнасць, бо гутарка з чалавекам вольным, хоць бы і простым, больш дагаджала ягонай рымскай патрыцыянскай самагоднасці, чым гутарка з нявольнікам, якога ані права, ані звычай не прызнавалі за чалавека.

— Дык ты не Аўлюсаў? — спытаў.

— Не, спадару, я служу Каліне, як маці ейнай служыў, але па сваёй ахвоце.

Ды зноў схаваў голаў у пелюсці, каб падзьмухаць вуглі, да якіх падкінуў дравец, пасля выхіліўся й кажа: — У нас няма нявольнікаў.

Але Вініць спытаў: — Дзе Лігія?

— Толькі што адыйшла, але я варыціму табе снеданне, спадару. Сядзела над табою ўсю ноч.

— Чаму ж ты яе не выручыў?

— Калі ж сама хацела, мая справа слухаць.

Тут вочы ягоныя нахмурыліся, і праз момант дадаў: — Каб яе не слухаў, дык ты, спадару, ужо не жыў бы.

— Няўжо каешся, што не забіў мяне?

— Не, спадару! Хрыстус забараняе забойства.

— А Атацын? А Кратон?

— Нельга было йнакш, — мармытнуў Урсус.

І пачаў прыглядацца сваім рукам як бы з жалем, бо яны, відаць, засталіся паганскімі, хоць душа прыняла хрост.

Потым паставіў на чаране гарнушак і, прыкуліўшыся перад комінам, уставіў задуменныя вочы ў агонь.

— Гэта твая віна, спадару, — кажа ўрэшце. — Нашто было падымаць руку на каралеўскую дачку?

У Вініцію спершку закіпела годнасць, бо як прастак і барбар смее не толькі так звяртацца да яго, але йшчэ й дакараць яму. Да тых усіх апошніх незвычайнасцяў і непраўдападобнасцяў маеш табе яшчэ й гэта. Але, будучы слабым і не маючы пад рукою сваіх нявольнікаў, устрымаўся, бо ахвота выдабыць весткі з жыцця Лігіі перамагла.

Дык, супакоіўшыся, пачаў выпытваць пра вайну лігаў з Ваніем і свэвамі. Урсус ахвотна расказваў, але мала больш ведаў аб гэтым, як Аўл Плаўт, ад якога ўжо пра гэную вайну Вініць чуў. Урсус не быў у бітве, бо мусіў ісці з закладніцамі ў няволю Атэлія Гістэра. Ведаў толькі, што лігі збілі свэваў і языгаў, але ваявода, іхні князь, быў забіты. Незабаўна пасля таго сэмноны падпалілі ім лясы на граніцы.

Лігі лётам вярнуліся, каб помсціць крыўду, а закладніцы засталіся ў Атэлія, які спачатку загадаў ганараваць іх як княгіні. Пазней маці Лігіі памерла. Рымскі ваявода не ведаў, што рабіць з ейнай дачкою. Урсус маніўся вяртацца з ёю на бацькаўшчыну, але баяўся ў дарозе дзікіх звяроў і плямёнаў; таму, як толькі прыйшла вестка, што нейкае пасольства ёсць у Пампонія, якое суліць дапамогу супраць маркоманаў, Гістэр адаслаў іх да Пампоніі. Прыбыўшы да яго, даведаліся аднак, што ніякага пасольства не было, і такім чынам дасталіся з Пампоніем у Рым, дзе пасля трыўмфальных цэрэмоніяў аддаў ён дзяўчынку Пампоніі Грэцыне.

Вініць, хоць не было нічога новага ў гэтым апавяданні, слухаў з прыемнасцю, нязмерную бо ягоную гордасць пляменную гладзіла тое, што навочны сведак сцвярджаў каралеўскае паходжанне Лігіі. Як дачка князёўская, яна ж магла б у свеце цэзара заняць становішча, роўнае дочкам найпершых родаў, тым больш, што народ ейны ніколі не ваяваў з Рымам, а хоць барбарскі, мог аказацца грозным, бо, як сведчыў Атэлій Гістэр, меў вялікі лік ваякоў. Урсус цалкам пацвярджаў тое сведчанне, на пытанне бо Вініціева пра лігаў адказаў: — Мы седзімо ў лясох, але зямлі ў нас столькі, што ніхто не ведае, дзе канец пушчы, і народу ў ёй шмат. Ёсць таксама і гарады драўляныя ў лясох, у якіх ёсць поўны дастатак, бо што сэмны, маркоманы, вандалы і квады нарабуюць па свеце, дык мы ім адбіраем. Яны не смеюць супраць нас выступаць, толькі як бываюць вятры, паляць нам лясы. І не баімося ні іх, ні рымскага цэзара.

  • Читать дальше
  • 1
  • ...
  • 57
  • 58
  • 59
  • 60
  • 61
  • 62
  • 63
  • 64
  • 65
  • 66
  • 67
  • ...

Ебукер (ebooker) – онлайн-библиотека на русском языке. Книги доступны онлайн, без утомительной регистрации. Огромный выбор и удобный дизайн, позволяющий читать без проблем. Добавляйте сайт в закладки! Все произведения загружаются пользователями: если считаете, что ваши авторские права нарушены – используйте форму обратной связи.

Полезные ссылки

  • Моя полка

Контакты

  • chitat.ebooker@gmail.com

Подпишитесь на рассылку: