Шрифт:
XXIX
На гэтае пісьмо Вініць не меў адказу, бо Пятроні не адпісваў, спадзеючыся, мабыць, хуткага павароту з цэзарам у Рым. І праўда, незабаўна разыйшлася па горадзе вестка, уздымаючая радасць затужанае па йгрышчах ды харчовых дапамогах вулічнае талакі. Геліюс, вызвольнік Нэрона, абвясціў урэшце ягоны паварот у сенаце. Нэрон, сеўшы разам з дваранамі на караблі ў атоцы Мізэнум, паволі вяртаўся, візытуючы надбярэжныя гарады дзеля адпачынку ці выступленняў у тэатрах. У Мінтурнэ, дзе зноў пяяў публічна, затрымаўся на дзён колькінаццаць, а нат надумоўваўся, ці не вярнуцца ў Неапаль ды не чакаць надыходу вясны, якая запавяшчалася ранняю і цёплаю. Праз цэлы той час Вініць жыў сам-насам дома з думкаю аб Лігіі ды аб тых усіх рэчах, якія напаўнялі яму душу і ўносілі чужыя новыя пачуцці і паняцці. Час ад часу толькі спатыкаўся з Глаўкам, адведзіны якога напаўнялі яго заўсёды радасцю, бо мог з ім пагутарыць аб Лігіі. Глаўк, праўду сказаць, не ведаў, дзе яна знайшла сабе прыстанішча, але запэўніваў, што старшыны апякуюцца ёю добра. А раз, спачуваючы сумнаму Вініцію, сказаў, што Апостал Пётр зганіў Крыспа за тое, што страшыў Лігію суровымі дакорамі за зямную любоў. Малады патрыцый збялеў, як пачуў гэта. І яму не аднойчы здавалася, што Лігія кахае яго, але часта таксама сумняваўся, а цяпер вось першы раз пачуў пацвярджэнне сваіх жаданняў і надзеі з чужых вуснаў, а да таго — хрысціянскіх. У першым парыве ўдзячнасці маніўся бегчы да Пятра, але, даведаўшыся, што няма яго ў Рыме, бо навучае ў ваколіцы, заклінаў Глаўка, каб завёў яго да Пятра, абяцаючы за тое шчодра абдарыць убогіх гміны. Здавалася яму цяпер, калі Лігія кахае яго, дык тым часам няма перашкодаў між імі, бо аддаць павагу Хрысту гатовы быў у кожнай хвіліне. Але Глаўк, паміма моцнага нагавору да хросту, не смеў заручаць яму, ці праз тое заваюе сабе Лігію, бо хросту трэ пажадаць для самога хросту і для любові Хрыста, не для іншых мэтаў. «Трэба мець і душу хрысціянскую», — казаў яму. А Вініць, дарма кожная перашкода ўзбурала яго, пачынаў ужо разумець, што Глаўк, як хрысціянін, гаворыць тое, што павінен гаварыць. Сам сабе ён яшчэ не ўяўляў аднае з найглыбейшых перамен у ягонай натуры, менавіта: даўней мераў людзей толькі меркаю собскага эгаізму, цяпер жа паволі асвойваўся з думкай, што іншыя вочы могуць глядзець іначай, іншыя сэрцы інакш пачуваць, і што слушнасць не заўсёды адназначная з асабістаю карысцяй.
Брала яго ахвота пабачыцца таксама з Паўлам, словы якога зацікавілі яго, не даючы супакою. Укладаў сабе ў душу доказы, якімі збіваціме ягоную навуку, упіраўся яму ў думках, а хацеў аднак жа пабачыцца з ім ды паслухаць. Але Павал выехаў у Арыцыю і, калі Глаўк стаў прыходзіць штораз радзей, Вініція пачала мучыць самота. Тады зноў пачаў абягаць завулкі на Субуры і вузкія вулачкі Затыбра, спадзеючыся хоць здалёк угледзець Лігію, але як і гэта не дапамагло, агарнула яго нуда і нецярплівасць. Дзякуючы гэтаму адазвалася ў ім яшчэ раз даўнейшая натура з такою сілай, з якою хваля пасля адплыву вяртаецца на бераг, з якім нядаўна развіталася. Ці не дурны ж, думаў сабе, нашто непатрэбнымі рэчамі, давёўшымі мяне да нуды, турбую сабе голаў, ці не павінен браць ад жыцця, што дасца? Вырашыў забыць пра Лігію, а прынамсі шукаць раскошы забыцця па-за ёю. Адчуваў, аднак, што гэта была апошняя спроба, дык кінуўся ў вір жыцця з усёю сляпою, яму свомаю, энергіяй і палкасцю. Жыццё само быццам заахвочвала яго да гэтага. Замёршы і вылюднены праз зіму горад пачаў ажыўляцца надзеяй хуткага прыезду цэзара. Рыхтавалі яму вялікае спатканне. Ішла вясна: снягі пад цёплым ейным подыхам хутка знікалі з Альбанскіх гор. Гарадскія траўнікі пакрыліся кветкамі. Марсавае поле і рынкі зараіліся народам, шукаючым сонца. На дарозе Апія, якая была заўсёды месцам шпацыру, запанаваў рух багата ўпрыгожаных калясніц. Былі ўжо экскурсіі ў Альбанскія горы. Малодухны пад прэтэкстам складання пашаны Юноне ў Лянавіюме або Дыяне ў Арыцыі вымыкаліся з дому, каб за горадам шукаць уражанняў, таварыства, спатканняў і раскошы. Тут Вініць сярод важных рыдваноў прыкмеціў аднойчы пышную, папераджаную двума малосамі, каруку Пятроніевай Хрызатэміс, акружаную вянком моладзі і старых сенатараў, якіх абавязак затрымаў у горадзе. Хрызатэміс сама кіравала чатырма карсіканскімі куцамі, раздаючы навакол усмехі і злёгку ляскаючы залатою пугай, злавіўшы вачыма Вініція, затрымала коні, забрала яго ў карэту, а пасля дадому на банкет, які трываў праз цэлую ноч. Вініць так спіўся на гэным банкеце, што не памятаў нат, калі даставілі яго дамоў, прыпомніў сабе аднак, што калі Хрызатэміс спытала была яго пра Лігію, абразіўся і, будучы ўжо п’яны, выліў ёй на голаў коўш фалерну.
Прыгадваючы гэта на цвярозую галаву, адчуваў яшчэ гнеў. Але днём пазней Хрызатэміс, відаць забыўшыся аб знявазе, адведала яго дома і забрала зноў на вія-Апія дзеля шпацыру, потым была ў яго на вячэры, падчас якое прызналася, што не толькі Пятроні, але й лютніст ягоны знудзялі ўжо ёй даўно і што сэрца ейнае вольнае. Праз тыдзень хадзілі разам, але зносіны не абяцалі трываласці.
Хоць ад здарэння з фалернам імя Лігіі не было ані разу прыгадвана, Вініць усё ж такі не мог абараніцца ад думак пра яе. Меў заўсёды ўражанне, быццам вочы ейныя глядзяць на яго, і ўражанне гэтае праймала яго трывогай. Крывіўся сам на сябе, не мог, аднак, збыць жаласнае думкі: быццам крыўдзіць яе. Па першай сцэне зайздрасці, якую Хрызатэміс паказала з прычыны дзвёх купленых сірыйскіх дзяўчат, прагнаў яе грубіянскім спосабам. Не перастаў, праўда, адразу нурацца ў распуснай раскошы, рабіў гэта быццам на злосць Лігіі, але ў канцы агледзеўся, што думка аб ёй не адступае ад яго ані на хвіліну, што гэта яна выклікае так благія, як і добрыя ўчынкі ды што сапраўды апрача яе нічога на свеце яго не цікавіць. Апанавалі яго гідлівасць і знямога. Раскоша яму абрыдла, пакідаючы па сабе копаць згрызотаў. Называў сябе ў думцы нягоднікам, дзівячыся, чаму даўней прымаў за добрае ўсё, што яму дагаджала. Урэшце, згубіў пачуццё свабоды, самапэўнасці, паддаўся немарасці, з якое не магла яго абудзіць нат думка аб прыездзе цэзара. Нічога ўжо яго цяпер не цікавіла, а нат да Пятронія не выбраўся аж датуль, пакуль той сам не прыслаў па яго сваёй лектыкі.
Пры спатканні, нягледзячы на радаснае прывітанне, адказваў на пытанні з нехаццю, аж пакуль доўга хаваныя пачуцці і думкі не выбухнулі ды не паплылі з вуснаў разліўною ракою слоў. Яшчэ раз расказаў падрабязна гісторыю сваіх пошукаў Лігіі ды побыту між хрысціянамі, усё, што там бачыў і чуў, усё, што яму праходзіла праз голаў і сэрца, і ўрэшце пачаў наракаць, што патануў у хаосе, які глынуў ягоную спакойнасць, здольнасці ўсякага разумнага дазнання. Вось жа нішто яго не цікавіць, нішто не смакуе, не ведае, чаго пільнавацца і як паступаць. Гатовы аддаваць пашану Хрысту і пераследваць Яго. Разумее высокую вартасць навукі Ягонай і чуе адначасна непакананую гідзь. Упрытамняе сабе, што хоць бы й асягнуў Лігію, дык не здабудзе яе цэлае, бо мусіцьме дзяліцца ёю з Хрыстом. Жыццё ягонае не ёсць жыццём, бо без надзеі, без заўтра, без веры ў шчасце, а навакол атуляе яго цемра, выхаду з якое шукае вобмацкам ды не можа знайсці.
Пятроні задуменна глядзеў падчас спавядання на зменены твар Вініція, на рукі, якія, гаворачы, выцягаў перад сабою, казаў бы сапраўды шукаў дарогі перад сабою ў цемры. Нараз устаў і, падыйшоўшы да Вініція, пачаў разгортваць пальцамі яму валасы над вухам.
— Ці ведаеш, — спытаў, — што маеш сівыя валасы над вухам?
— Можа быць, — адказаў Вініць, — не дзівіцімуся, калі незабаўна і ўсе мне збялеюць.
Замоўклі. Пятроні быў чалавек разумны і не раз задумоўваўся над людскою душою ды жыццём. Наагул жыццё ў гэным свеце, у якім абодва жылі, магло звонку выглядаць шчаслівым або нешчаслівым, але ўнутры бывала спакойнае. Як пярун ці землятрус маглі збурыць святыню, так няшчасце магло збурыць жыццё, само ў сабе, аднак, складалася яно з простых і гарманійных лініяў, вольных ад усялякае блытаніны. Тым часам што іншае было ў словах Вініція, і Пятроні першы раз убачыў нізку духовых вузлоў, якіх ніхто да гэтых пор не разблытваў. Быў настолькі разумным, што адчуваў іх важнасць, але пры цэлай сваёй хуткасці не ўмеў нічога на дадзеныя пытанні адказаць і ўрэшце пасля доўгага маўчання адазваўся: — Гэта хіба чараўство.
— І я так думаў, — адказаў Вініць. — Не раз выдавалася мне, што ачараваў нас нехта абаіх.
— Ну а каб ты, — кажа Пятроні, — звярнуўся, напрыклад, да святароў Сэрапіса. Бессумніўна, ёсць між імі, як наагул між святарамі, многа мантачоў, але ёсць, аднак, такія, што зглыбілі дзіўныя тайніцы.
Але гаварыў гэта з тонам няпэўнасці і несувернасці, сам адчуваў, як ягоная рада можа выдавацца марнай і нат смешнай. Вініць паціраў сабе лоб і гаварыў: — Чары!.. Бачыў я чараўнікоў, якія заклікалі падземных нязнаных моцаў для зыску або для помсты над ворагамі. Але хрысціяне жывуць убога, прабачаюць ворагам, навучаюць пакоры, сумленнасці й міласэрнасці, што ім тады за карысць з чараўства, нашто яно ім?..
Пятронія ўздымала гнеўнасць, што розум ягоны не можа знайсці адказу, не хочучы, аднак, да таго сазнавацца, адказаў абы адказаць: — Гэта новая сэкта… І цераз момант дадаў: — На боскую валадарку пафійскіх гаёў, як гэта ўсё псуе жыццё! Ты выказваеш подзіў да іхняй дабрыні і цноты, а я табе кажу, што гэта дрэнныя людзі, гэта непрыяцелі жыцця, як хвароба, як смерць самая. Даволі маем іх і так! Не хапала нам яшчэ хрысціян! Злічы толькі: хваробы, цэзар, Тыгэлін, цэзарава паэзія, шаўцы, правячыя патомкамі даўных квірытаў, вызвольнікі, што засядаюць у сенаце. На Кастара! Даволі гэнага! Гэна пагубная й абрыдлая сэкта! Ці ты спрабаваў крыху атрахнуцца ад гэных цёмных мараў і засмакаваць жыцця?
— Спрабаваў, — адказвае Вініць.
Пятроні разрагатаўся й кажа: — Ах ты, здраднік! Нявольнікі хутка разносяць весткі: адбіў ад мяне Хрызатэміс!
Вініць махнуў з нясмакам рукою.
— А ўсё ж дзякую табе, — гаварыў далей Пятроні. — Пашлю ёй пару чаравікаў, нашываных перламі; у маім любоўным лексіконе азначаціме гэта: «Адыйдзі». Маю перад табою доўг падвойнае ўдзячнасці: раз за тое, што не прыняў Эўніку, а другі — што выбавіў мяне ад Хрызатэміс. Паслухай мяне: бачыш перад сабою чалавека, які ўставаў рана, купаўся, банкетаваў, цешыўся з Хрызатэміс, пісаў сатыры, а нат часамі прозу пераплятаў вершамі, але каторы нудзіўся, як цэзар, і часта не ўмеў абараняцца ад пасумных думак. А ці ведаеш, чаму так было? Таму што я шукаў далёка тое, што было блізка… Жанчына-красуня заўсёды варта столькі, колькі сама важыць, але жанчына, якая пры тым кахае, папросту не мае цаны. Таго не купіш за ўсе скарбы Вярэса. А цяпер вось заўсёды кажу сабе так: напаўняю жыццё шчасцем, як чару найлепшым віном, якім абдарыла нас зямля, і п’ю, пакуль не змярцвее рука ды не збялеюць вусны. Што будзе далей, не дбаю. Вось мая найнавейшая філязофія.