Шрифт:
На забавах Тыгэлінавых з’явяцца люпанарыі, а ў іх будуць жанчыны з найпершых дамоў у Рыме. Няўжо не знойдзецца хоць адна красуня, якая б здолела цябе пацешыць? Будуць і такія дзяўчаты, што першы раз выступяць на свет як… німфы. Такое нашае рымскае цэзарства… Цёпла ўжо.
Паўдзённы вецер сагрэе воды і не спрышчыць цела нагіх балаўніц. А ты, Нарцысе, ведай, што не знойдзецца ні адна, якая б ад цябе баранілася.
Ні адна, хоць бы гэта была вясталка.
Вініць удараўся даланёю па лбе, як чалавек, не могучы адвязацца ад аднае назойлівае думкі.
— І трэба ж шчасце на такую мне было натрапіць!
— А хто ж гэта спрычыніў, як не хрысціяне! Але людзі, якіх сымболем ёсць крыж, не могуць быць іншымі. Слухай. Грэцыя была прыгожай і стварыла мудрасць свету, мы стварылі сілу, ну а што створыць гэная навука? Калі ведаеш, дык расталкуй мне, бо — на Палукса! — не магу дадумацца.
Вініць паціснуў плячыма: — Ты, відаць, баішся, каб я не стаўся хрысціянінам.
— Баюся, каб сабе жыццё не завязаў. Калі не патрапіш быць Грэцыяй, будзь Рымам: ўладай і гуляй! Шалы нашыя маюць свой сэнс, што ў іх менавіта змяшчаецца такая думка. Рудабародага не люблю, бо ёсць грэкам-блазнам. Каб пачуваў сябе рымлянінам, меў бы толк, дазваляючы сабе на буянства й шалы. Пабажыся, што калі, вярнуўшыся цяпер, застанеш каго з хрысціян, высалапіш яму язык. Калі гэта будзе лекар Глаўк, дык ён нат і не здзівіцца. Да пабачэння на ставе Агрыпы.
XXXI
Прэторыяне акружалі берагавы гай над ставам Агрыпы, каб натоўп не перашкаджаў цэзару і гасцям ягоным, усё бо, што толькі было ў Рыме багацейшае, культурнейшае ці прыгажэйшае, пагалоска прыцягнула на той банкет, якому роўнага йшчэ не было ў дзеях гораду… Тыгэлін намагаўся цэзару адудзячыцца за адложанае падарожжа ў Ахайю і адначасна перавышыць усіх гасціннасцю перад Нэронам ды даказаць яму, што ніхто так яго не патрапіць весяліць. Дзеля гэнай мэты, будучы яшчэ з цэзарам у Неапалі, а пасля ў Бэнэвэнце, рабіў падрыхтоўку, высылаў загады, каб з найдальшых краёў свету дастаўлялі звяры, птаства, рэдкія рыбы й расліны, не забываючы пра дарагі посуд і тканіны, якія меліся ўпрыгожыць баль. Даходы з цэлых правінцыяў ішлі на аплату шалёных помыслаў, але магутны фаварыт на гэта не патрабаваў аглядацца. Уплывы ягоныя раслі з кожным днём. Тыгэлін, можа, і не быў яшчэ мілейшым Нэрону за іншых, але рабіўся штораз неабходнейшым.
Пятроні далёка перавышаў яго элеганцыяй, розумам, досціпам і ў гутарках лепш умеў весяліць цэзара, але, на сваё няшчасце, перавышаў у гэтым і цэзара, дык разбуджаў у ім зайздрасць. Не ўмеў таксама быць ува ўсім знадобным, і цэзар баяўся ягонага суду, дзе расходзілася пра густ, а з Тыгэлінам чуўся свабадней. Самае прымавіска — arbiter elegantiarum, якім адзначалі Пятронія, дражніла Нэронава самалюбства, бо і каму ж, калі не яму самому, яно павінна належацца? Тыгэлін меў, аднак, настолькі толку, што ўсведамляў сабе свае недахопы і, не могучы канкураваць ані з Пятроніем, ані з Люканам, ані з іншымі паходжаннем, талентамі, навукай — пастанавіў закасаваць іх прадажнасцю сваіх слуг, а найбольш збыткоўнасцю, каб і ўява Нэрона была тым ачаравана.
Банкет загадаў урыхтаваць на прасторным плаваючым пароме. Берагі яго былі прыбраныя ў маляўнічыя перліста-радульныя слізяніцы. Па бакох групкі пальмаў, гайкі лотасу й расцвіўшых ружаў, з-пад якіх б’юць пахнідлавыя вадалівы, статуі бостваў ды залатыя або срэбныя клеткі, поўныя рознаколернага птаства. Пасярэдзіне высіцца велізарны з сірыйскае пурпуры на высокіх (каб не захіляць, бач, віду) срэбных слупох балдахін, а пад ім блішчаць, моў сонца, сталы, прыгатаваныя для бяседнікаў, яны аж угінаюцца ад александрыйскага шкла, крышталяў і сталовага проста бясцэннага знадоб’я, нарабаванага ў Італіі, Грэцыі й Малой Азіі. Паром, выглядаючы з сваімі зараснікамі на нейкі востраў ці плаваючы парк, звязаны быў залатымі і пурпуровымі шнурамі з лодкамі на манер рыбаў, лебядзяў, фламінгаў і чаек, у якіх пры каляровых вёслах сядзелі нагія весляры і вясляркі чароўнай красы, з валасамі, укарбаванымі на ўсходні манер або аплеценымі залатымі сеткамі. Прыбывае Нэрон з Папеяй і аўгустыянамі, падплывае да галоўнага плыта і садзіцца пад пурпуровым навесам, лодкі ўзварушаюцца, вёслы ўдараюць па вадзе, напружыньваюцца залатыя шнуры, і паром з банкетнікамі пачынае паволі плаваць кругом па сажалцы. Акружаюць яго і іншыя плыты, поўныя цытрыстак і гарфістак, ружовае цела якіх на блакітнай асноведзі неба й вады з залатымі водблескамі інструментаў, казаў бы, усмоктвае ў сябе тыя блакіты й водбліскі, лілавее, цвіце, бы кветкі. З прыбярэжных гаяў і дзівосных буданоў, папрыбудоўваных знарок у гушчарах, адазваліся таксама водгукі музыкі і песні. Зайграла ваколіца, зашумелі гаі, рэха разнесла тоны труб і рагоў. Сам цэзар, седзячы між Папеяй і Піфагорам, дзівячыся ўцешліва, злашча з маладых нявольнічак, паўбіраных за сырэны ў зялёнай, сеткавай лушцы, не шкадаваў пахвалы Тыгэліну. Паводле звычкі паглядаў, аднак, на Пятронія, каб пачуць ацэну «арбітра», але той не надта захапляўся, а запытаны, адказаў сухадушна: — Я думаю, доміне, што дзесяць тысяч нагіх дзявіц робіць меншае ўражанне, чым адна.
Цэзару ўсё ж такі падабаўся «плаваючы банкет», бо ён быў навіною. І стравы былі так збыткоўна-вынайдаваныя, што і мудронасць Апіцыя самлела б, на іх гледзячы; а віна столькі гатункаў, што Атон, які падаваў яго ў васьмідзесяці гатунках, ад сораму пад ваду схаваўся б, каб угледзеў такую пышнату. За стол апрача жанчын заселі самі аўгустыяне, сярод іх Вініць, зацьмяваючы ўсіх сваёю красою. Калісь постаць і твар ягоны занадта выглядалі па-ваяцку, памундуроваму, цяпер жа перажыванні душы ды фізічны боль настолькі надавалі выразнасці ягоным рысам, як бы прайшла па іх далікатная рука рэзьбяра. Скура ягонага твару згубіла даўнейшую цьмянасць, але засталіся ейныя залатыя полыскі нумідыйскага мармуру. Вочы пабольшалі ды пасумнелі.
Толькі торс застаўся той жа самы, статны, магутны, як бы створаны пад панцыр, а над гэным торсам легіяністага віднела галава грэцкага бога або прынамсі вырафінаванага патрыцыя з адухоўленым і распрыгожым тварам. Пятроні, кажучы яму, што ніякая з аўгустыянак і не патрапіць і не захоча ад яго бараніцца, гаварыў як знаўца. Пажыралі яго цяпер вачыма ўсе, не вылучаючы ані Папеі, ані вясталкі Рубрыі, якую цэзар жадаў мець на банкеце.
Марожанае ў горскіх снягох віно хутка разагравала сэрцы й галовы бяседнікаў. З прыбярэжнай гушчары высоўваліся штораз новыя лодкі ў форме палявых конікаў і бабак. Блакітная шыба ставу выглядала як бы яе хто ўсыпаў пялюсткамі кветак або як бы яе абселі матылькі. Над лодкамі тут і там папрывязваны былі на срэбных і сініх ніцях ці шнуркох галубкі ды іншыя птушкі з Афрыкі й Індыі. Сонца прабегла ўжо большую частку небасхілу, але дзень, хоць банкет адбываўся ў пачатку маю, быў цёплы, а нат гарачы.
Вадзяная гладзь хвалявала ад рытмічных пад музыку веславых удараў, у паветры ані лягонькага подыху ветру, гаі стаялі непарушна, бы заслуханыя й загледжаныя ў тое, што дзеелася на вадзе. Плытва кружыла ўсцяж па сажалцы, несучы штораз больш п’яных і разгамоненых бяседнікаў. Яшчэ не адбылося й паловы банкету, а ўжо госці не пільнавалі парадку, у якім заселі пры стале. Сам цэзар паказаў прыклад, бо, устаўшы, загадаў Вініцію аддаліцца ад Рубрыі, з якой ён сядзеў, і, заняўшы ягоны трыклініюм, пачаў ёй штось нашэптваць на вуха. Вініць апынуўся ля Папеі, якая зараз выцягнула да яго руку, просячы, каб запяў ёй адхіленую накідку, а калі выканаў гэта крыху дрыжачымі рукамі, здарыла яго з-пад сваіх доўгіх век як бы сарамяжлівым зірком і страпянула сваёй залатой галованькай, моў пярэчачы нечаму. Тым часам сонца станавілася штораз большым, чырванейшым і паволі кацілася за вяршаліны гаяў; госці па большай частцы былі зусім п’яныя.