Шрифт:
Паход аддаляўся й знікаў паволі ў аблакох пылу, а яны яшчэ доўга глядзелі ўслед за ім, пакуль не падыйшоў да іх Дэмас, той самы, у якога працаваў начамі Урсус.
Дэмас, пацалаваўшы ў руку Апостала, пачаў прасіць яго, каб зайшоў перакусіць, падмацоўваючы гэнае запрашэнне тым, што дом ягоны недалёка Эмпорыюма, а яны хіба галодныя й змучаныя ад прастойвання большае часткі дня пры браме.
Пайшлі і, адпачыўшы ды перакусіўшы ў ягоным доме, пад вечар вярталіся на Затыбра. Манючыся перайсці раку мостам Эмілія, йшлі праз Клівус Публікус [55] , сярэдзінай Авэнтынскага ўзгор’я, між святынямі Дыяны і Мэркура. Апостал Пётр глядзеў з вышыні на бліжэйшыя й далейшыя, знікаючыя ўдалечыні, будоўлі, заглыбіўшыся ў думках, разважаў над веліччу й волатнасцю гэнага гораду, куды прыйшоў агалошваць слова Божае. Да гэтых пор бачыў ён рымскае панаванне й легіёны ў розных краёх, дзе бываў, але гэта былі як бы паадзіночныя часціны тае моцы, увасабленне якое ў постаці цэзара ўбачыў сяння першы раз. Гэны горад бязмерна дзярлівы й жадлівы ды адначасна разнузданы, гнілы да шпіку касцей, а і непарушны ў сваёй надлюдскай магутнасці; гэны цэзар, братабойца, маткабойца й жонабойца, за якім валокся не меншы ад ягонай світы шлейф крывавых мараў; гэны распуснік і блазан ды адначасна ўладар трыццаці легіяў, а праз іх усяе зямлі; тыя баяры, абвешаныя золатам і шкарлатам, няпэўныя заўтрашняга дня ды адначасна мацнейшыя за іншых каралёў — усё гэта разам выдавалася яму нейкім пякельным валадарствам зла і неправаты. І ўздзівіўся ў прастачым сваім сэрцы: як Бог можа даваць нечысці такую магутную сілу на зямлі, каб варочаў ёю, мясіў, таптаў, выціскаў слёзы й кроў, спустошваў віхурам яе, бурыў, як бура, паліў, як полымя. І затрывожылася апостальскае сэрца ад такіх думак, і пачаў скардзіцца Збаўцу ў душы: «Госпадзе, што мне рабіць з гэтым горадам, у які прыслаў Ты мяне? Ягонае мора й суша, ягоныя звяры на зямлі ды вадзяныя істоты, ягоныя ўсе каралеўствы й гарады і трыццаць легіяў, што стаяць на старожы, а я — рыбак з возера! Што мне рабіць? Як гэнае благоцце перамагчы?»
55
Публічны схіл (лац.).
Так разважаючы, падняў сваю сівую дрыжачую галаву да неба і заклікаў трывожліва-жаласліва Боскага Вучыцеля. Нараз ягоную малітву перапыняе голас Лігіі: — Горад цэлы ў агні… І праўда, сонца дзіўна заходзіла таго дня. Вялізнае ягонае кола засунулася ўжо да палавіны за Янікульскае ўзгор’е, а ўся шыр неба залілася чырвоным бляскам. З таго мейсца, дзе стаялі, іхні зор абыймаў шырокі далягляд.
Крыху направа бачылі выдаўжаныя муры Цыркус Максімус, над ім Палатынат, а проста насупраць, за Форум Боарыюм [56] ды Вэлябрам — верх Капітолю з святыняй Ёвіша. Але муры, калюмнада й шчыты святынь былі як бы занураныя ў той залаты й пурпуровы бляск. Бачныя здалёк часткі ракі плылі як бы крывёю, і чым больш сонца хавалася за ўзгорак, тым чырванейшым ды падабнейшым да загарава рабіўся ягоны водблеск, узмагаўся й пашыраўся, аж урэшце абняў сем узгоркаў і разліўся па ўсёй ваколіцы.
56
Бычыны Форум (лац.).
— Цэлы горад, бы ў вагні, — паўтарыла Лігія.
А Пётр, прысланіўшы даланёю вочы, кажа: — Гнеў Божы над ім.
XXXVII
Вініць да Лігіі: «Нявольнік Флягон, праз якога пасылаю табе гэны ліст, ёсць хрысціянінам, ён будзе адным з тых, што атрымаюць вольнасць з тваіх рук, саrissima. Гэта стары слуга нашага дому, дык магу пісаць праз яго з цэлым даверам смела, ліст не патрапіць у іншыя рукі, апрача тваіх. Пішу з Лаўрэнтума, дзе з прычыны гарачыні папасваемся. Атон меў тут прыгожую віллу, якую ў сваім часе падараваў Папеі, а яна, паміма развітання з ім, не пасаромелася затрымаць каштоўны падарунак… Як падумаю пра гэтых жанчын, якія мяне акружаюць, ды аб табе, здаецца мне, што з каменняў Дэўкаліёна мусілі паўстаць розныя, не падобныя да сябе, гатункі людзей, а ты належыш да таго, які зрадзіўся з крышталю. Падзіўляю цябе й люблю ўсёй душою, і хочацца гаварыць толькі аб табе, а тут трэ змушаць сябе пісаць табе аб дарозе, аб сабе ды аб навінах пры двары. Цэзар гасціў у Папеі, якая ўпотайкі прырыхтавала слаўную пачостку. Няшмат, праўда, аўгустыянаў было запрошаных, але і Пятронія і мяне запрасіла. Пасля прандыюма плавалі мы залатымі лодкамі па моры, якое было так спакойнае, спала, ды так блакітнае, як твае вочанькі, о боская! Веславалі мы самі, бо гэта падабалася аўгусце, што яе, бач, вязуць кансулярныя мужы або іхнія сыны. Цэзар, стоячы пры рулю ў пурпуровай тозе, пяяў гімн на славу мора, уложаны папярэдняе ночы з музыкай Дыядора. На суседніх лодках падпявалі індыйскія нявольнікі, умеючыя йграць на марскіх слізяніцах, а навакол паказвалася шмат дэльфінаў, маўляў вывабленыя музыкай з марское глыбіні. А я ведаеш што рабіў? Думаў і тужыў аб табе, хацелася забраць гэнае мора, і гэную пагоду, і гэную музыку ды ўсё аддаць табе. Ці хочаш, каб мы калісь пасяліліся над морам, аўгуста мая, здалёку ад Рыму? Маю на Сіцыліі маёмасць, дзе ёсць мігдалёвы лес, што цвіце вясною ружовым цветам, а даходзіць так блізка да мора, што галінкі цалуюць ваду. Там кахаціму цябе і славіціму тую навуку, што Павал мяне навучыць, бо ведаю ўжо тое, што яна не працівіцца каханню й шчасцю. Ці хочаш?.. А пакуль пачую ад цябе адказ, пішу далей аб здарэннях на лодцы. Адплылі мы далёка ад берагу і ўгледзелі вятругу ўдалечыні перад сабою, паўстала спрэчка: ці то звычайная рыбацкая чайка, ці вялікі мараплаў з Остыі? Я распазнаў яго першы, тады аўгуста кажа, што ад маіх вачэй нічога не схаваецца, і, спусціўшы нагла на твар заслону, спытала, ці нат гэтак бы я й яе распазнаў? Пятроні зараз падхапіў, што за хмарай нат і сонца дагледзець нельга, а яна, быццам смеючыся, гаварыла, што так хуткае вока адно толькі каханне магло б хіба асляпіць, і, згадваючы розных аўгустыянак, пачала пытаць, раздумоўваючы, у якой я кахаюся. Я адказваў спакойна, але ў канцы вымавіла й тваё імя. Гаворачы аб табе, адкрыла зноў твар і пачала глядзець на мяне лютымі пытаючымі вачыма. Але ў той жа хвіліне Пятроні, дзякуй яму, калыхнуў лодку і гэтым адвярнуў агульную ўвагу ад мяне, бо калі б я пачуў быў аб табе непрыхільнае слова або кпіны, дык не ўмеў бы схаваць гневу і мусіў бы змагацца з ахвотай разбіцця галавы гэнай пярэваратні… Хіба ж памятаеш, што я табе напярэдадні выезду расказваў у Лінуса аб здарэнні на сажалцы Агрыпы? Пятроні перасцерагае мяне, каб не дражніў самалюбства аўгусты… Але Пятроні ўжо не разумее мяне і не ведае, што па-за табою няма для мяне ні раскошы, ні кахання, ды што да Папеі чую толькі абрыду й пагарду. Ты занадта ўжо змяніла душу маю і так далёка, што да даўнейшага жыцця вярнуцца б я ўжо не мог. Але не бойся тут якоенебудзь небяспекі. Папея не кахае мяне, бо яна нікога кахаць не здолее, ейныя похаці плывуць толькі з помсты на цэзара, які знаходзіцца яшчэ пад ейным уплывам і які мо нат яе шчэ й любіць, але ўжо не шчадзіць яе ды не хавае перад ёю свае бессаромнасці й грахаводніцтва. Скажу табе яшчэ іншую рэч, якая цябе павінна супакоіць: Пётр сказаў мне перад выездам, каб не баяўся цэзара, бо волас мне не спадзе з галавы, і я веру яму. Нейкі голас гаворыць мне, што кожнае ягонае слова мусіціме збыцца, а калі ён пабагаславіў нашае каханне, ані цэзар, ані ўсе сілы Гадэсу, ані само нат Празначэнне не здалеюць ад мяне цябе, Лігійка, адабраць! Як падумаю пра гэта, чуюся шчаслівым, як Неба, якое адно толькі вечна шчаслівае й спакойнае. Але, мабыць, цябе, хрысціянку, закранае тое, што гавару пра Неба і Празначэнне? Калі так, дык выбачай, бо грашу нехаця. Хрост яшчэ не абмыў мяне, але сэрца маё ўжо гатовае, моў чара, якую Павал з Тарсу зара напоўніць салодкаю вашаю навукаю, тым салодшай, бо тваёю. Ты, багінька, палічы мне за заслугу хоць тое, што я выліў з тае чары ўсё, што яе дагэтуль напаўняла, ды што не жахаюся, але выцягаю яе, як спрагнены чалавек, стаючы ля чыстае крыніцы. Будзь ласкава! У Анцыюме днямі й начамі слухаціму Паўла, які сярод маіх людзей у першым ужо дню падарожжа здабыў такі ўплыў, што тоўпяцца ля яго бесперапынна, бачачы ў ім не толькі таўматурга, але й надпрыродную амаль постаць. Учора віднела радасць на ягоным твары, а як я спытаў яго, што парабляе, адказаў: «Сею». Пятроні ведае, што ён знаходзіцца між маімі людзьмі, і хоча яго бачыць, таксама і Сэнэка, які чуў пра яго ад Галлёна. Але вось і зоркі бледнуць, а ранні «люцыфар» свеціць штораз мацней. Незабаўна заранка заружавіць мора — і ўсё навокал спіць, я толькі думаю аб табе і кахаю цябе. Прывітанне табе, мая зарніца, sponsa mea!» [57]
57
Наканаваная мне (лац.).
XXXVIII
Вініць да Лігіі: «Ці ты, дарагая, была калі з Аўламі ў Анцыюме? Калі не, буду шчаслівы, як магчыму табе яго калісь паказаць. Ад Лаўрэнтума ўжо цягнуцца адна за другою віллы на ўзбярэжжы, а сам Анцыюм — гэта бясконцая чарада палацаў ды портыкаў, калюмны якіх запагоду прыглядаюцца ў вадзе.
Маю і я тутака сваю сядзібу, тут жа, над самаю вадою, з аліўнікам і цыпрысавым лесам за віллай, і як падумаю, што гэная вілла станецца калісь тваёю, бялейшымі выдаюцца мне ейныя мармуры, утульнейшымі агароды і блакітнейшым неба. О, Лігійка, як соладка жыць і кахаць! Стары Мэнікл, загадчык віллы, пасадзіў тут на мураве пад міртамі цэлыя купіны ірысаў, паглядаючы на іх, узгадваю я пра дом Аўлаў, ваш імплювіюм і агарод, дзе часта сядзеў з табою. І табе гэныя ірысы прыгадвацімуць дом радзімы, дзеля таго, мне здаецца, палюбіш і Анцыюм і гэную віллу. Зараз па прыездзе шмат гутарылі мы з Паўлам аб прандыюме. Згадвалі пра цябе, а пасля ён пачаў навучаць, я доўга слухаў, і кажу табе: каб я нат мог валадаць словам так, як Пятроні, дык і тагды б не патрапіў выказаць табе ўсяго, што снавалася мне ў думцы і душы. Я не спадзяваўся, што шчэ можа быць на свеце такое шчасце, гожасць і спакой, якога людзі не каштавалі. Але гэтае ўсё хаваю для гутаркі з табою, бо пры першай нагодзе манюся падскочыць у Рым. Скажы мне, як зямля можа насіць на сабе адначасна такіх людзей, як Апостал Пётр, як Павал і як — цэзар? Пытаю таму, што вечар па навуцы Паўла прабавіў я ў Нэрона, і ці ведаеш, што я там чуў? Насамперш, ён сам чытаў сваю паэму аб збурэнні Троі ды пачаў наракаць, што не бачыў ніколі пажару вялікага места. Зайздросціў Прыяму і называў яго шчаслівым чалавекам дзеля таго толькі, што меў нагоду аглядаць пажогу і загубу радзімага места. На гэта Тыгэлін: «Вымаві толькі слова, боскі, а схаплю полымя, і не паспее ноч мінуць, як убачыш тонучы ў агні Анцыюм».
Цэзар назваў яго за гэта дурнем. «Куды ж бы, — кажа, — я прыязджаў асвяжацца марскім паветрам ды кансерваваць той голас, якім багі мяне абдарылі і пра які, добра кажуць, на ўцеху людскую павінен я дбаць? Няўжо не ведаеш, што Рым мне шкодзіць, што смярдзячая задуха Субуры й Эсквіліну наводзіць хрыпку, і ці ж пажар Рыму не прадстаўляў бы ў сто разоў трагічнейшага й без параўнання светазарнейшага відовішча, чым Анцыюма?» Прысутныя пачалі дакладаць, якой нечуванай трагедыяй быў бы выгляд такога места, якое пакрыла ўвесь свет, а само легла пад кучаю шэрага попелу. Цэзар запавяшчаў, што тады ягоная паэма перавышала б песні Гомэра, а пасля давай талкаваць, як адбудаваў бы горад, як патомныя вякі падзіўлялі б ягоны твор, у параўнанні з якім усе іншыя змалеюць. Тады п’яныя бяседнікі пачалі галёкаць: «Зрабі гэта, зрабі!» А ён: «Мусіў бы мець вярнейшых і адданейшых спадручнікаў». Я, слухаючы гэтага, прызнаюся, надта затрывожыўся, бо ў Рыме знаходзішся ты, carissima. Сам з сябе смяюся цяперака і думаю, што цэзар і аўгустыяне, паміма сваёй шалёнасці, не адважыліся б на такі злачын, а аднак, бач, чалавек дрыжыць пра сваё каханне, дык я ўсё ж хацеў бы, каб дом Лінуса стаяў не на затыбранскім вузкім завулку ў квартале чужаземцаў, на які менш бы ў даным выпадку зважалі. Па мне і самыя палацы Палатынскія не былі б годным цябе памешканнем, хацеў бы, каб ты мела ўсе тыя выгоды і ўцехі, да якіх замаладу прызвычаілася. Перайдзі да Аўлаў, Лігійка. Я шмат тут аб гэтым думаў.
Калі б цэзар быў у Рыме, мог бы даведацца ад нявольнікаў аб тваім пераходзе, звярнуў бы на цябе ўвагу і мог бы пераследваць за тое, што асмелілася парушыць ягоную волю. Але ён доўга тут бавіцімецца ў Анцыюме і пакуль вернецца, дык гутаркі пра твае пераходзіны аціхнуць. Лін і Урсус магчымуць быць пры табе. Дый маю надзею, пакуль Палатын вітаціме цэзара, ты, багінька мая, будзеш ужо ў сваім доме на Карынах. Шчаслівы той дзень, гадзіна і хвіліна, у якой пераступіш ты мой парог, і калі Хрыстус, аб якім вучуся, дасць тое, — імя Ягонае хай будзе багаслаўлёна. Што я гавару: будзем абое служыць Яму аж да смерці. Люблю цябе і здароўлю ўсёй душою».
XXXIX
Урсус чэрпаў ваду з цыстэрны і, цягнучы вяроўкаю падвойныя амфары, пяяў паўголасна песню лігійскую ды ўцешлівым вокам пазіраў на Лігію і Вініція, як у садочку сярод цыпрысаў Ліна бялеліся, бы дзве статуі. Найменшы подых ветру не варушыў іхняе адзежы. На свеце сутунела, а яны гутарылі сабе ў вячэрняй цішыні, пабраўшыся за рукі.
— Ці нічога табе не будзе за тое, што выехаў з Анцыюма без ведама цэзара? — пытала Лігія.
— Не, дарагая, — адказаў Вініць. — Цэзар абвясціў, што зачыніцца на два дні з Тэрпнасам і будзе ўкладаць новыя песні. Ён часта гэтак робіць, і тады аб нічым іншым ведаць не хоча. Ды што мне цэзар, як я пры табе і гляджу на цябе! Занадта ўжо мучыла мяне туга, а апошнія ночы і сон ужо мяне не браў. Часамі як задрамаў ад знямогі, нагла прачынаўся з думкай, што над табою быццам вісіць небяспека; часамі сніў, што пакралі мне расстаўныя коні, якія мелі мяне везці з Анцыюма ў Рым і на якіх я праімчаўся тую дарогу так прытка, як ніякі цэзарскі рассыльны. Даўжэй ужо не мог вытрымаць без цябе, наймілейшая!
— Я ведала, што прыедзеш. Два разы Урсус бегаў на Карыны пытацца аб табе. Лін смяяўся з мяне і Урсус таксама.
І сапраўды відаць было, што спадзявалася яго, бо замест абыднае вопраткі мела на сабе мяккую белую столу, з якое стройных хвандаў рукі і галоўка выхіляліся, бы расцвіўшыя пралесанькі з снегу. Некалькі ружовых анемонаў аздабляла валасы.
Вініць прыціснуў вусны да ейнае рукі, і селі на каменнай лаўцы пад дзікім вінаградам, прытуліўшыся да сябе моўчкі ды прыглядаючыся зорам, бляск якіх іставетна адбіваўся ў іхніх вачах. Чар спакойнага вечару авалодваў імі.
— Што за цішыня, які свет чароўны! — адазваўся нізкім голасам Вініць. — Ідзе пагодная ноч. Ніколі ў жыцці не чуўся я так шчаслівы. Скажы мне, Лігія, што гэта значыць? Мне ніколі не думалася, каб каханне было такім. Мне здавалася, што гэта толькі агонь у крыві ды жада, а цяпер вось бачу, што можна кахаць кожнай кропляй крыві і адначасна адчуваць такі салодкі супакой, як бы душу закалыхаў ужо сон або смерць. Гэта навіна для мяне. Гляджу на гэную непарушнасць раслін і здаецца мне, што яна ёсць і ўва мне. Вось цяпер я зразумеў, што можа быць шчасце, аб якім людзі да гэтых пор не ведалі. Цяпер толькі я здольны ўцеяць, чаму і ты, і Пампонія Грэцына такія заўсёды пагодныя… Так!.. Гэта дар Хрыстовы… А яна ў той хвіліне прыгалубіла сваю стройную галованьку на ягоным плячы і кажа: — Мой Марк дарагі… І не магла далей слова вымавіць. Радасць, удзячнасць ды пачуццё нявіннасці кахання адабралі голас, а напоўнілі вочы слязьмі расчулення. Вініць, абняўшы ейны зграбны стан, туліў яе да сябе, пасля кажа: — Лігія! Багаславем хвіліну, у якой я першы раз пачуў Ягонае імя.
Яна ціха адказала: — Кахаю цябе, Марку.
Ды зноў замоўклі, не могучы выдабыць слоў з перапоўненых грудзей. На цыпрысах згаслі апошнія касулі ліловых водбліскаў, садок пачаў серабрыцца ад месячнага сярпа.
Цераз хвіліну Вініць пачаў гаварыць: — Я ведаю… Ледзь толькі я сюды прыйшоў, ледзь паспеў прывітацца, на вачах тваіх ужо йграла пытанне: ці зразумеў тую боскую навуку, якую ты вызнаеш, і ці ўжо ахрышчаны? Не. Яшчэ не ахрышчаны, а ці ведаеш, кветанька, чаму? Павал мне сказаў: «Я пераканаў цябе, што Бог прыйшоў на свет і даўся ўкрыжаваць на збаўленне свету, а ў крыніцы ласкі хай абмые цябе Пётр, які першы цябе багаславіў». Дый я таксама хацеў, каб ты, мілая, глядзела на мой хрост, і каб маткаю мне была Пампонія. Дык дзеля таго я дагэтуль яшчэ не хрышчаны, хоць веру ў Збаўцу і Ягоную салодкую навуку. Павал мяне пераканаў і навярнуў, ды ці ж інакш магло быць? Як жа я мог бы не верыць, што Хрыстус прыйшоў на свет, калі Пётр так навучае, які быў вучнем Ягоным, і Павал, якому аб’явіўся? Як жа мог бы не верыць, што быў Богам, калі ўваскрос? Бачылі ж яго і ў горадзе, і над возерам, і бачылі людзі праўдамоўныя. Я верыў гэтаму ад тае пары, як пабываў у Острыянуме, бо я і тады сказаў сабе: на цэлым свеце хутчэй схлусіць кожны іншы чалавек, толькі не той, які кажа: «Бачыў!» Але вашае навукі я баяўся. Бо здавалася мне, што яна адбірае мне цябе. Я думаў: няма ў ёй ані мудрасці, ані гожасці, ані шчасця. Сяння, аднак, калі пазнаў яе, што ж бы з мяне быў за чалавек, калі б не жадаў, каб над светам панавала праўда, любоў, дабро, вернасць, літасць замест махлярства, нянавісці, злачынства, здрады, помсты? Хто ж бы гэтага не хацеў? Адыж гэтага вучыць вашая навука.