Шрифт:
Нэрон пранізаў яго вокам пагарды.
— Я глядзеціму на драўляныя буды ў агні? У цябе, Тыгэлін, зусім выветрыўся глузд! Бачу пры гэтым, не надта цэніш мой талент і маю «Троіку», калі думаеш, што нейкая іншая ахвяра была б для яе завялікая.
Тыгэлін астаўпеў, а Нэрон па хвіліне, як бы хочучы змяніць гутарку, дадаў: — Лета ідзе… О, як той Рым патанае цяпер у смуродзе!.. А ўсё ж такі на летнія ігрышчы трэ будзе туды ехаць.
На гэта Тыгэлін: — Як адправіш аўгустыянаў, цэзар, дазволь мне на хвіліну застацца.
Цераз гадзіну пазней Вініць, вяртаючыся з Пятроніем з цэзаравай віллы, гаварыў: — Меў я праз цябе немалы страх. Думаў, што ты п’яны і загубіў сябе без ратунку. Памятай, гуляеш са смерцю!
— Гэта мая арэна, — адказаў абыякава Пятроні. — Захапляе мяне пачуццё, што я найлепшы на гэтай арэне гладыятар. А бач, як скончылася? Мой уплыў сяння яшчэ падрос. Прышле мне сваю паэзію ў куфэрку, які — пойдзем у заклад — будзе надта багатым і ў дрэнным гусце. Будзе ў чым майму лекару хаваць лекі на прачышчанне. Зрабіў я гэта яшчэ й для таго, каб справакаваць заахвочанага ўдаласцю Тыгэліна, які захоча наследаваць мяне, і ўяўляю бокі рваць сабе, што станецца, як рушыць досціпам. От будзем, бы той Дэмакрыт, абсэрвуючы ходзячага па лініі пірэнейскага мядзведзя. Каб я хацеў, патрапіў бы сплавіць Тыгэліна і стацца замест яго прэфектам прэторыянаў. Тады б меў на цугундары і самога Агенабарба. Волю з бядою такое жыццё, якім жыву, і нат з вершамі цэзара.
— Што за лоўкасць: з наганы зрабіць падхалімства! Але ці сапраўды вершы тыя такія дрэнныя? Я прафан у гэтых рэчах.
— Не горшыя ад іншых. Люкан у адным пальцы мае больш таленту, але і ў Рудабародым нешта ёсць. Перад усім ёсць непамерная ахвота да паэзіі й музыкі. За два дні будзем зноў у яго і слухацімем музыкі да гімну на гонар Афрадыты, які сяння або заўтра скончыць. І будзем зноў у вузкім коле, яшчэ меншым: толькі я, ты, Тулій Сэнэцый і малады Нэрва. Тое, што я казаў табе калісь аб вершах — быццам ужываю іх пасля банкету, як Вітэлій ужывае перыны фламінга — гэта няпраўда!.. Бываюць часамі вымоўныя і ў яго. Словы Гэкубы, напрыклад, расчуляючыя… Скардзіцца яна на пакуты пароду, і Нэрон умеў знайсці шчаслівыя сказы, можа таму, што таксама родзіць у пакутах кожны верш… Часамі шкада мне яго. На Палукса! Што за дзівосная мешаніна! Калігуле недахоп было пятае клёпкі, але не быў, аднак, дзіватворам.
— Хто прадбачыць, дакуль можа зайсці шалёнасць Агенабарба? — спытаў Вініць.
— Ніхто. Могуць здарыцца йшчэ такія рэчы, ад якіх людзям праз цэлыя вякі ўставацімуць валасы на галаве. Але гэта якраз і цікавіць, ёсць забаўным, і хоць не раз нуджуся, бы Амонскі Ёвіш на пустыні, думаю, што пад іншым цэзарам нудзіўся б яшчэ горш. Твой юдэйчык Павал, прызнаю, ёсць вымоўны, і калі падобныя людзі агалошвацімуць тую навуку, нашыя багі мусяцімуць сцерагчыся не жартамі, каб не прыйшлося пасля эміграваць на падстрэшанне. Праўда, што мы былі б беспячнейшыя, калі б цэзар стаўся хрысціянінам. Але твой прарок з Тарсу, шукаючы доказаў для мяне, не падумаў, што для мяне, бач, гэтая няпэўнасць якраз і становіць жыццёвую прывабу. Хто не спрабуе ў косці, не прайграе маямосці, а аднак людзі ў косці йграюць. У гэтым тоіцца нейкая раскоша, самазабыццё. Я ведаў рыцарскіх сыноў ды сенатарскіх, якія самахвотна запісваліся ў гладыятары. Я, кажаш, гуляў з жыццём; так, але рабіў гэта, бо мяне гэта дражніць, забаўляе, а вашыя хрысціянскія цноты знудзілі б мяне, як направы Сэнэкі, у адзін дзень. Таму вымова Паўла пайшла з ветрам. Ён павінен цяміць, што такія людзі, як я, ніколі тае навукі не прыймуць. Ты дык штось іншае! З тваім настроем можна або ненавідзець імені хрысціяніна, або ім стацца. Я прызнаю ім праўду, пазяхаючы. Шалеем, ляцім у пропасць, штось таёмнае нясе нам будучыня, штось пад намі трашчыць, штось канае вобак нас — згода! Але памерці патрапімо, а тым часам не хочацца нам зблытваць жыцця ды йсці на службу смерці перадчасна. Жыццё існуе для сябе самога, не для смерці.
— А мне цябе шкада, Пятроні.
— Не шкадуй мяне болей, чым я сам сябе. Даўней табе было між намі не дрэнна і, ваюючы ў Арменіі, тужыў па Рыме.
— Тужу й цяпер.
— Так, бо кахаеш хрысціянскую вясталку, што сядзіць на Затыбры. Ані дзіўлюся табе, ані ганю. Дзіўлюся больш таму, што міма тае навукі, якую завеш морам шчасця, і міма таго кахання, якое хутка мае быць увенчаным, пасумнасць не сходзіць з твайго аблічча. Пампонія Грэцына вечна сумная, ты ад таго часу, як стаўся хрысціянінам, страціў смех. Не ўталкоўвай жа мне, што гэта навука жыццярадасная! З Рыму вярнуўся ты вось яшчэ сумнейшы. Калі хрысціянскае каханне ёсць такім — на яснакучаравага Бакха! — не пайду вашым следам!
— Гэта што іншае, — адказаў Вініць. — Я табе прысягаю не на кучаравага Бакха, але на душу майго родзіча, што ніколі за даўнейшых часаў я не дазнаваў нат прадсмаку такога шчасця, якім дыхаю цяпер. Але тужу страшэнна, і што дзіўна, як прабываю далёка ад Лігіі, здаецца мне, што над ёю вісіць небяспека. Не ведаю, адкуль бы магла прыйсці, а прадчуваю яе так, як буру.
— За два дні падручаюся выстарацца табе дазвол выезду з Анцыюма на так доўга, дакуль сам хацецімеш. Папея нейк паспакайнела, і, наколькі мне ведама, нічога ад яе не пагражае.
— А і сяння пытала, што я рабіў у Рыме, хоць выезд мой быў сакрэтны.
— Быць можа, шпегавала цябе. Цяпер, аднак, і яна мусіціме аглядацца на мяне.
Вініць прыпыніўся й кажа: — Павал навучаў, што Бог часамі перасцерагае, але ў варажбу верыць не дазваляе, дык баранюся ад тае веры, і нельга абараніцца. Раскажу табе, што здарылася, лягчэй мо будзе на сэрцы. Сядзелі мы з Лігіяй у такую ноч, як сянняшняя, і ўкладалі сабе будучае жыццё. Не ўмею табе выказаць, як мы чуліся шчаслівымі й спакойнымі. Нараз чуем рык львоў. Рэч гэта ў Рыме абыдная, а аднак ад тае пары не маю супакою. Здаецца мне, як бы ў гэным была злавесная пагроза… Ты ж ведаеш: на трывогу я не хуткі, але тады пачуваўся так, як бы трывога запоўніла ўсю цемень ночы. Так гэта прыйшло раптоўна й неспадзявана, што і цяпер гучыць увушшу той рык, а сэрца шчыміць ад трывогі, як бы Лігія патрабавала мае абароны ад чагось страшэннага… хоць бы й ад тых самых львоў. Я пакутую. Дык выстарайся хутка дазвол, бо калі не, дык паеду без дазволу. Не магу тут сядзець, кажу табе, не магу!
Пятроні зрабіў сабе з гэтага смех.
— Ну, да таго яшчэ не дайшло, — кажа, — каб сыны консульскіх мужоў або іхнія жоны былі аддаваны львом на корм. Можа спаткаць вас кожная іншая смерць, але не такая. Хто ведае, ці гэна былі львы, ці германскія туры, што не горш ад іх рыкаюць. Я кплю з варажбы і празначэння. Учора ноч была цёплая, і бачыў я, зоры падалі, як дождж. Не аднаму зрабілася б моташна ад такога явішча, а я сабе падумаў: калі між імі ёсць і мая, дык прынамсі меціму таварыства!..