Шрифт:
Згадвалі імя Спартака, але Спартака не было, дык самі пачалі збірацца і зброіцца, чым хто мог. Найпракуднейшыя весткі кружылі па ўсіх брамах. Некаторыя цвердзілі, быццам гэта вулкан з наслання Ёвіша нішчыць горад агнём, што вырынае з-пад зямлі; іншыя бачылі ў гэтым помсту Весты за вясталку Рубрыю. Людзі такога пераканання не хацелі нічога ратаваць, а замест таго абягалі святыні і малілі ў багоў літасці. Але найпапулярнейшаю была погаласка, што цэзар загадаў спаліць Рым, каб пазбыцца смуроду з Субуры ды каб выбудаваць новы горад пад назовам Нэронія. На згадку пра гэта закатная злосць агартала людзей, і каб, па думцы Вініція, знайшоўся павадыр, які б умеў выкарыстаць гэны вулкан нянавісці, канец Нэрона прыспешаны быў бы на цэлыя гады.
Гаварылі таксама, быццам Нэрон азвярэў і яшчэ загадае прэторыянам і гладыятарам выразаць горад. Некаторыя бажыліся, быццам звяр’ё з усіх віварыяў выпусцілі па загаду Рудабародага. Бачылі на вуліцах львоў з асмаленаю грываю, расшалелых сланоў і тураў, масакруючых народ. Было ў гэтым нат крыху праўды, бо ў некалькіх мяйсцох сланы, бачачы блізкі пажар, развалілі віварый і, вырабіўшыся на свабоду, беглі, спуджаныя, у процілеглы бок, ломячы ўсё перад сабою, моў бура. Публічная вестка падавала згінуўшых у вагні на дзесяткі тысяч. Згінула нямала. Былі й такія, якія, страціўшы маёмасць або найдаражэйшыя сэрцу асобы, кідаліся самахоць у вагонь.
Іншых душыў дым. У асяроддзі гораду, між Капітолем з аднаго, а Квірыналам, Віміналам Эсквілінам з другога боку, таксама між Палатынам і ўзгор’ем Цэліус, дзе былі найгусцей забудаваныя вуліцы, пажар падыймаўся ў так многіх мясцох адначасна, што цэлыя грамады людзей, уцякаючы ў адзін бок, траплялі неспадзявана на новую сцяну полымя з процілеглага боку і гінулі страшнаю смерцю ў агнявой каламесіцы.
Людзі сопалаху ад сумятні й збянтэжання не ведалі, куды ўцякаць. Дарогі былі загрувашчаны, а ў многіх пунктах зусім загароджаны. Тыя, што ўцякалі на рынкі й пляцы, дзе пазней пабудавана Амфітэатр Флавіяна, да святыні Зямлі, да портыку Лівіі і вышэй, да святыні Юноны й Люцыны, між Клівус Вібрыюс [60] а старою Эсквілінскаю брамаю, акружаныя адусюль агнём, пагінулі ад жагі. У мясцох, куды полымя не дасягнула, знаходзілі пазней сотні трупаў, спражаных на вугаль, хоць тут і там няшчасныя вырывалі каменныя пліты й закопваліся ад спёкі ў зямлю. Ніводная, бадай, сям’я з асяроддзя гораду не ўцалела, дзеля таго ўздоўж камяніц, ля брамаў і па ўсіх дарогах чутно было роспачнае выццё жанчын, галосячых і прычытаючых па загінулых у пекле пажару.
60
Схіл Выбрыюса (лац.).
І так адны малілі ў багоў міласэрнасці, другія блюзнілі ім за гэную страшэнную злыбяду. Бачылі старцаў, выцягаючых рукі да Ёвіша Лібератара: «Ты ж — выбавіцель, выбаў твой алтар і горад!»…Роспач аднак жа звярталася галоўным чынам супраць старых рымскіх багоў, якія ў паняцці народу абавязаны былі гэны горад сцерагчы рупней, чым іншыя. Аказаліся яны бездапаможнымі, дык дакаралі ім. Прымеж таго, калі на Віа Асінарыя [61] паказалася групка святароў егіпскіх, пераправаджваючых статую Ізыды, выратаваную з святыні ў аколіцы Порта Цэлімантана, народ кінуўся гурмам, прыпрогся ў воз, прыцягнуў яго аж да брамы Апійскай і паставіў яе ў святыні Марса, адапхнуўшы святароў ягоных, якія не давалі тут ставіць. У іншых мяйсцох маліліся да Сэрапіса, Баала, Еговы, вызнавальнікі якога, выраіўшыся з завулкаў Субуры й Затыбра, напаўнялі вераскам і гоманам поле. У іхнім крыку вычуваліся тоны як бы трыумфу, таму, калі падыймаўся хор галасоў, славячых «Валадара свету», дык выклікаў абурэнне іншых, якія намагаліся сцішыць несвоечасную гэную радасць. Дзе-нідзе чутны былі пяяныя мужчынамі, старцамі, жанчынамі й дзяцьмі дзіўныя песні, паважныя, змест якіх цяжка было зразумець, паўтараліся ў іх словы: «Ідзе суддзя гневу й кары». Так неспакойная й бяссонная хваля людская акружала, бы разгуканае мора, заліты агнём горад.
61
Асліная дарога (лац.).
Але нічога не дапамагала — ні роспач, ні блюзнерствы, ні песні. Бяда была непераможная, няўмольная, як празначэнне, як насланнё. Каля амфітэатру Пампея загарэліся склады канапель і вяровак, прыгатаваных для цыркаў, арэнаў і рознага роду машын, ужываных падчас ігрышчаў, а таксама бочкі смалы, якімі вашчылі вяроўкі. Праз некалькі гадзін увесь той квартал гораду, за якім было Марсавае поле, так лунаў ясна-жоўтым полымем, што напаўабалванеўшым з жаху глядзельнікам выдавалася: няйначай, у агульнай гэнай пагубе паблытаўся парадак дня й ночы, і бачаць вось у начную пару сонечны бляск. Але незабаўна агульная чырвань паканала ўсё. З мора агню стралялі ўгару казаў бы велізарныя фантаны полымя, расчапурваючыся вагністаю мятлою; вецер разрываў іх, замяняў у залатыя ніці, іскраныя валасы ды нёс удалечыню над Кампаньяй аж да Альбанскіх гор.
Ноч рабілася штораз віднейшай, паветра як бы перасякнута было не толькі бляскам, але й жагою. Тыбр плыў жывым агнём. Няшчасны горад змяніўся ў пекла. Пажар абыймаў штораз большыя прасторы, браў штурмам узгоркі, разліваўся па роўнях, заліваў даліны, шалеў, гучэў, грымеў.
XLV
Ткач Макрын, да якога прынеcена Вініція, абмыў яго, прыадзеў, накарміў, пасля чаго малады трыбун, крыху асілеўшы, заявіў, што яшчэ гэтае ж ночы распачне далейшыя пошукі Ліна. Макрын, які быў хрысціянінам, пацвердзіў словы Хілона, што Лін з старшым прэзбітэрам Клеменсам пайшлі да Острыянума, дзе Пётр меўся хрысціць цэлыя грамады адэптаў новае веры. Для блізкіх было ведама, што нагляд над домам Лін даручыў перад двума днямі нейкаму Галу. Для Вініція было гэта доказам, што ані Лігія, ані Урсус не засталіся дома, а пайшлі таксама да Острыянума. Думка гэтая дала яму польгу. Лін быў чалавек стары, цяжка было яму штодзень хадзіць з Затыбра аж за далёкую Намэнтанскую браму і вяртацца адтуль, дык, мабыць, у каго-небудзь затрымаўся за мурамі, а разам з ім хіба й Лігія ды Урсус. Такім чынам яны ўхіліліся ад пажару, які наагул не перакінуўся на другі бок Эсквіліну. У гэтым усім Вініць бачыў апеку Хрыста; чуў яе і над сабою, дык з сэрцам, больш чым калі перапоўненым любоўю, прысягаў Яму ў душы выплаціцца ўсім жыццём за гэныя відавочныя знакі ласкі.
Тым больш спяшаўся да Острыянума. Знойдзе Лігію, знойдзе Ліна, Пятра і забярэ іх куды-небудзь далей, у свае аседласці, хоць бы і ў Сіцылію. Рым гарыць, за некалькі дзён будзе знішчаны, дык нашто тут заставацца на злыбяду, на буянства разбойнікаў? Там заслоняць іх шэрагі карных нявольнікаў, утуліць цішыня вёскі, і будуць спакойна жыць пад крыламі Хрыста і багаслаўленнем Пятра. Каб анно іх знайсці.
А гэта не было лёгка. Вініць памятаў нядаўнія свае перыпетыі між віяАпія й Затыбрам, як мусіў кружыняць, каб даехаць да Партовае дарогі, дык вырашыў цяпер абыйсці горад з процілеглага боку. Ідучы Трыумфальнаю дарогаю, льго было дабрацца ўздоўж ракі аж да мосту Эмілія, адтуль, мінаючы Пінцыюс, уздоўж Марсавага поля, праз агароды Пампея, Лікула і Салюстыя на вія-Намэнтана. Была гэна найкарацейшая дарога, але і Макрын, і Хілон не раілі ёю пускацца. Агонь, праўда, не ахапіў дагэтуль тае часткі гораду, але ўсе рынкі й вуліцы маглі быць загрувашчаны людзьмі ды рэчамі.
Хілон раіў падацца праз Ager Vaticanus [62] аж да Порта-Фламіна, там перайсці раку і, цярэспал вонкавых гарадскіх муроў, за агародамі Ацылія да ПортаСалярыя. Вініць, надумаўшыся, згадзіўся з гэнай радай.
Макрын мусіў застацца на старожы дому, але выстараўся два мулы, якія маглі быць прыдатнымі і для далейшага падарожжа Лігіі. Хацеў таксама дадаць і нявольніка, але Вініць не ўзяў, спадзеючыся зноў напаткаць аддзел прэторыянаў, як напярэдадні.
І цераз хвіліну ўдвух з Хілонам рушылі праз Янікульскую вёску да Трыумфальнай дарогі. На прагалінах былі і тут табарышчы пагарэльцаў, але праціскаліся праз іх з меншымі цяжкасцямі, большая бо частка жыхароў уцякала да мора Партоваю дарогаю. За Сэптыміянскай брамай ехалі між ракою і стройнымі агародамі Даміцыі, магутныя цыпрысы якіх чырванеліся ад пажару, бы ад вячэрняе зары. Дарога рабілася свабаднейшай, часамі толькі прыходзілася прапіхвацца праз натаўпы наплываючага сялянства. Вініць як мага паганяў мула, а Хілон, едучы тут жа за ім, праз цэлую дарогу баруздзіў сабе пад нос: — Ну, пажар ужо застаўся ззаду і цяпер грэе ў плечы. Ніколі на гэнай дарозе не было шчэ так відно ўначы. О, Зэўсе! Калі не спусціш залевы на гэты пажар, дык, значыцца, не любіш Рыму. Моц людская агню гэтага не адужае. Такі горад! Служыла яму Грэцыя дый цэлы свет! А цяпер вось першы-лепшы грэк магчыме пражыць свой боб у ягоных папялішчах! І хто б гэтага спадзяваўся!.. Не будзе ўжо Рыму, ні рымскіх паноў… А хто хацеціме валындацца на пажарышчы, рабіціме гэта смела, пасвістваючы. О, богі!
62
Ватыканскае поле (лац.).