Шрифт:
Свістаць над такім светаўладным горадам! Хто з грэкаў або нат і барбараў мог таго спадзявацца?.. А аднак можна свістаць, бо куча попелу — ці застанецца па вогнішчы пастухоў, ці па згарэлым горадзе — ёсць толькі кучаю попелу, якую раней ці пазней развее вецер.
Так разважаючы, сюд-тут адварочваўся да пажару і ўзіраўся на хвалі агню з мінаю адначасна злою і радаснаю. Пасля талкаваў сабе далей: — Гіне! Гіне! І не будзе яго ўжо болей на зямлі. Куды цяпер свет высылаціме сваё збожжа, сваю аліву, свае грошы? Хто яму выціскаціме золата і слёзы? Мармур не гарыць, але крушэе ў вагні. Капітоль пойдзе ўдрызг, Палатын — удрызг!
О, Зэўсе! Рым быў як пастыр, а іншыя народы — як авечкі. Калі пастыр быў галодны, зарэзваў адну з авечак, з’ядаў мяса, а табе, ойча багоў, ахвяроўваў скуру.
Хмараўладны! Хто цяпер будзе рэзаць авечак, і ў чые рукі ўложыш пастырскую пугу? Бо Рым гарыць, ойча, так грунтоўна, як бы ты сам яго запаліў пяруном.
— Хутчэй! — прыспешваў Вініць. — Што там баруздзіш?
— Плачу над Рымам, спадару, — адказвае Хілон. — Такі горад Ёвіша!
Праз нейкі час ехалі моўчкі, услухоўваючыся ў гук пажогі ды ў шум птушыных крылаў. Галубы, якіх плоймы гняздзіліся пры віллах і мястэчках Кампаньі, дый усякага роду палявое птаства з-над мора і з гор навакольных навослеп ляцела статкамі на бляск у вагонь.
Вініць першы адазваўся: — Дзе ты быў тады, як пачаўся пажар?
— Ішоў да майго сябра Эўрыцыя, спадару, які трымаў краму пры Вялікім Цырку, і разважаў якраз пра навуку Хрыста, ажно чую раптам крык: «Агонь!» Людзі збегліся да цырку — адны ратаваць, другія цікаваць, але як полымя ахапіла цэлы цырк ды пачало адначасна паказвацца і ў іншых пунктах, трэ было думаць і пра ўласны ратунак.
— Ці бачыў ты людзей, кідаючых у дамы агонь?
— Чаго я не бачыў, унуку Энэя! Бачыў людзей, прачышчаючых сабе дарогу шаблямі; бачыў бітвы і растоптаныя людскія бэбахі [63] на бруку. Ах, спадару, каб ты гэта бачыў, сказаў бы: барбары здабылі горад і паднялі разню.
63
Вантробы (дыялектн.).
Людзі навокал крычалі, што прыйшоў канец свету. Некаторыя зусім павар’яцелі, не хацелі ўцякаць, чакалі бязмысна, каб глынула іх полымя. Іншыя страчвалі прытомнасць, іншыя з роспачы вылі, але бачыў я і такіх людзей, каторыя не ўмеюць ацаніць дабрадзействаў вашага лагоднага панавання ды тых праведных правоў, на падставе якіх адбіраеце ўсім тое, што маюць, і прысвойваеце сабе. Людзі не ўмеюць здацца на волю багоў!
Вініць занадта быў праняты собскімі думкамі, каб мог закеміць граючую ў словах Хілона іронію. Жахлівыя дрыготы праймалі яго на ўспамін, што Лігія магла заблукацца ў тую вулічную страшэнную таўкатню, дзе выдаўлівалі з людзей нутро. Дык хоць дзесяткі мо ўжо разоў выпытваў Хілона пра ўсё, што мог той ведаць, звярнуўся да яго яшчэ раз: — А іх ты бачыў у Острыянуме собскімі вачыма?
— Бачыў, сынку Венеры, бачыў малодухну, бачыў добрага ліга, святога Ліна і Апостала Пятра.
— Перад пажарам?
— Перад пажарам, Мітр мой!
У душы Вініція зрадзіўся сумніў, ці Хілон не махлюе, дык, сутрымаўшы мула, пранізаў старога грэка грознымі вачыма й пытае: — Што ж ты там рабіў?
Хілон змітрэжыўся. Яно праўда, як многім людзям, так і яму выдавалася, што разам з загубай Рыму прыходзіць канец і рымскаму панаванню, але тым часам быў самадруг з Вініціем, дый нагадаў сабе, што той жа Вініць забараніў яму страшэннаю пагрозаю шпягунства хрысціян, а злашча Ліна і Лігіі.
— Спадару, — кажа, — чаму мне не верыш? Я спагадаю ім. Так! Я ж бо сам паўхрысціянін. Пырон навучыў мяне больш цаніць цноту, чым філязофію, дык штораз больш цягне да людзей цнатлівых. А пры тым, я ж галыш, і калі ты, Ёвішу, баляваў у Анцыюме, я часта прыміраў з голаду над кнігамі; вось жа, садзіўся пры сцяне ў Острыянуме, бо хрысціяне, хоць самі ўбогія, больш успамагаюць бедных, чым усе рымляне разам.
Адманка гэная выдавалася Вініцію дастатковым прабачэннем, дык абніжыў тон: — І не ведаеш, дзе на гэны час закватараваўся Лін?
— Ты ж мяне за цікаўнасць раз ужо караў, спадару, — выкручваўся Хілон.
Вініць змоўк і ехаў далей.
— Спадару, — адазваўся, пачакаўшы, Хілон, — не знайшоў бы ты красуні, каб не я, а калі зноў яе знойдзем, не забудзеш пра беднага мудраца?
— Мецімеш дом з вінніцаю пад Амэр’ёлай, — адказаў Вініць.
— Дзякую табе, Геркулесе! З вінніцаю?.. Дзякую табе! З вінніцаю!
Міналі цяпер Ватыканскае ўзгор’е, якое свяціла чырванню ад пажару, за Наўмахіяй збочылі направа, каб, перайшоўшы Ватыканскае поле, падыйсці да ракі і, пераправіўшыся, дайсці да Порта Фламінія. Нараз Хілон стрымаў мула й кажа: — Спадару, прыйшла мне ў голаў памысная думка!
— Кажы, — прыспешвае Вініць.
— Між Янікульскім узгор’ем і Ватыканам, за гародамі Агрыпіны ёсць падзямелле, скуль выбіралі каменне й пясок на будову цырку Нэрона.
Паслухай мяне! У апошніх часах жыды, якіх, ведаеш жа, на Затыбры ёсць гібель, пачалі па-людаедску пераследваць хрысціян. Памятаеш, ужо за боскага Клаўдыя такі там быў закалот, што цэзар мусіў іх выгнаць з Рыму.
Сяння, як вярнуліся, як пад патранатам аўгусты пачуваюцца бяспечна, тым горш крыўдзяць хрысціян. Я пра гэта ведаю! Я бачыў. Ніякі эдыкт супраць хрысціян не быў выданы, але жыды чэрняць іх перад прэфектам, быццам яны рэжуць дзяцей, гонар аддаюць аслу, агалошваюць навуку, непрызнаную праз сенат, а самі б’юць іх, нападаюць на дамы малітвы так заядла, што хрысціяне перад імі хаваюцца.