Шрифт:
Хадзееў. Я — Хадзееў…
Каралёў. Хадзееў! Ты мяне цяпер ахоўваць будзеш… Варта толькі мне знікнуць. Знікнуць на адзін дзень, і банцік тваёй Зайкі будзе сапсаваны… Той самай куляй, што прабіла гэту кніжачку! I нідзе ты яе не схаваеш! Яе дастануць, нават на Канарах! Ты б ужо спраўляў па ёй дзевяць дзён, каб не прыдуркаватая медзічка з клінікі, якая зубамі дастала кулю з маіх грудзей! Яна на каленях прасіла мяне не рабіць гэтага, бо мяне ўратаваў сам Бог, паклаўшы ў маю кішэню гэтую кніжачку! Так што давай грошы на свечку… Я не жартую… Грошы на тоўстую-тоўстую свечку!
Хадзееў. Хопіць?
Каралёў. Хопіць. Хаця не! Я прыехаў сюды на таксі… Давай і за таксі. А сам чытай знявечанае пісанне і малі Бога, каб мне на галаву не звалілася цагліна, каб не збіла машына, каб не прыхапіў інфаркт, каб я не атруціўся ў рэстаране чым-небудзь… Таму што кветкі з маёй магілы можна будзе ўскласці на магілу тваёй Зайкі. Завянуць не паспеюць.
Бар. За столікам Юля. Перад ёй бакал. З’яўляецца Кім.
Кім. Тут холадна, мэм, я прынёс вам кофту.
Юля. Дзякую…
Кім. Вы сваёй сумнай постаццю нагадваеце нешта з імпрэсіяністаў. О! «Абсент» Ван Гога.
Юля. «Абсент» у Гагена. Двойка.
Кім. Дарэчы, што такое абсент?
Юля. Алкагольны напой на палыне. Яшчэ адна двойка.
Кім. Я непаўналетні і маю законнае права гэтага не ведаць.
Юля. Калі непаўналетні, няма чаго швэндацца вечарам па барах…
Кім. Я прынёс вам кофту, няўдзячная! I заадно паведаміць, што сям’я хвалюецца і хоча ведаць, ці хутка вы з’явіцеся дадому. Малым класціся спаць, ці вас яшчэ можна дачакацца?
Юля. Ідзі. Я хутка.
Кім. Праз паўгадзіны я вас чакаю каля пад’езда.
Юля. Добра.
Кім. Я пайшоў.
Выходзіць. З’яўляецца Каралёў.
Каралёў. Што адзначаеш, прыгожая?
Юля. Свята…
Каралёў. Чаму адна?
Юля. Так.
Каралёў. А якое ў цябе свята?
Юля. Не ў мяне асабіста, ва ўсіх. Няўжо не чулі? Сёння дзень закаханых…
Каралёў. А-а-а, нешта чуў… Людзі ўсё, чым толькі ні займаюцца на зямлі, якой бы брыдотай ні займаліся, усё хочуць звязаць, знітаваць з нябёсамі… Са святымі. Як яго?
Юля. Дзень святога Валянціна…
Каралёў. Гэта яшчэ нічога… А ты ведаеш, што ў ракетчыкаў… ну ў тых, што з ядзернымі боегалоўкамі… таксама ёсць свая святая. Чэснае слова! Святая Варвара… Варррваррра… Смешна?
Юля. Не.
Каралёў. I мне не смешна. А ты што, закаханая?
Юля. Так.
Каралёў. I хто ён?
Юля. Мужчына.
Каралёў. Ты вельмі прыгожая…
Юля. Дзякую.
Каралёў. Плюнь на свайго п’яніцу… і паехалі да мяне.
Юля. Не магу.
Каралёў. Ты мне падабаешся… Ты мне некага нагадваеш нават…
Юля. Ну маці, вядома, так звычайна гавораць.
Каралёў. Паслухай, у мяне ніколі не было ні маці, ні бацькі, і я прашу на гэтую тэму не жартаваць!
Юля. Скуль жа я ведала? Даруйце…
Каралёў. Ну во… ты зноў мне падабаешся. Паедзем да мяне… У маёй спальні шкляная столь… Уяўляеш? Ты спіш, а над табой свецяць зоркі… Я аднаго разу метэарыт бачыў… Так жу-ух праляцеў справа налева… Ну што табе твой п’яніца? Га? I чаму вы, жанчыны, любіце толькі прыпыленых, няўдачнікаў і альфонсаў, якія корчаць з сябе «непонятых гениев»…
Юля. Гэта да яго не падыходзіць.
Каралёў. Дык хто ён?
Юля. Бандзюга дурны…
Каралёў. Калі бандзюга ды яшчэ дурны, ты хутка ўдавою будзеш… Такія доўга не жывуць.
Юля. Мабыць.
Каралёў. Мяркуючы па тым, як ты апранута, ён не надта і клапоціцца пра цябе…
Юля. Зусім не клапоціцца…
Каралёў. Ну дык…
Юля. Я яго кахаю…