Рублеўская Людміла Іванаўна
Шрифт:
— Не!
Бернацоні толькі прыўзьняў бровы.
— Той, хто адмаўляецца лячыцца – грашыць, бо лекара стварыў Бог. Пі!
— Ня буду! Ад вашых напояў я нібыта ў воблаку...
— Ты што, думаеш, я цябе атручваю? – усьміхнуўся лекар. – Глядзі... — ён адпіў з кубка. – Бачыш? Гэта ўсяго толькі зёлкі. Ну!
Марцэля паднесла кубак проста да вуснаў Анэты, зірнула ненавісна... Адкуль гэтая нянавісьць? Дзяўчына адчула: ня вып’е — увальюць у рот... Як вар’ятцы... Прысмак чорнай арабіны... Зьвязвае ў роце...
— Правядзі сіньярыту ў яе пакой.
Анэта павольна рушыла ў маленькі пакойчык, хутчэй – нішу, завешаную цяжкім сінім палатном, якая межавала з гасьцёўняй. Усьлед даляцеў вясёлы голас лекара:
— Ты яшчэ не з усімі маймі гадзіньнікамі пагутарыла, донна!
— Не хачу-у-у!
— Не хачу-у-у!
Эльфійская каралеўна па імені Стэла адчайна, як спалоханае дзіця, тузанула Юрася за рукаў.
— Ты нікуды не паедзеш!
Я сядзела ў машыне Віталя Аляксандравіча, якая мусіла адвезьці нас у Калыванаўскія ўладаньні, да старавежскіх таямніцаў, і рабіла выгляд, быццам мяне больш за ўсё на сьвеце цікавіць шэрая цагляная сьцяна за вакном. Чаго кабета ўсхадзілася? Можа, да мяне раўнуе? Каб яна ведала, наколькі беспадстаўна. Юрась між тым пакорліва выйшаў з салону. Нешта ня памятаю, каб ён гэтак жа слухаўся маіх капрызаў. Я зірнула. Яны стаялі наводдаль, абодва ў чорным, як дзьве пацямнелыя ад часу статуэткі на засланым залацістым абрусам стале. Юрась нешта гаварыў, супакойваў, гладзіў жонку па бліскучых, як чорны шоўк, валасах, а Стэла ўсё гэтак жа адчайна чаплялася за яго. Нарэшце спадар рэстаўратар палез у кішэні сваёй паношанай курткі, дастаў грошы... Стэла прагна схапіла іх, палічыла... І зноў нешта адчайна загаварыла. Юрась адмоўна пакруціў галавою. Раптам жанчына замахнулася на яго, Юрась перахапіў яе тонкую руку, здавалася б, занадта далікатную нават для таго, каб рваць кветкі... Мінакі пачалі зацікаўлена азірацца. Я разгублена назірала за брыдкай дзеяй.
— А нічога не паробіш,— меланхалічна пракаментаваў Віталь, які сядзеў наперадзе, побач з шафёрам, маўклівым маладым чалавекам у скуранцы, з чорнымі прылізанымі валасамі і вузенькімі вусікамі на манер акцёраў нямога кіно. – З такімі хоць па-добраму, хоць па-злому – вынік адзін...
Кіроўца нясьпешна азірнуўся, ацаніў сітуацыю – відаць, паедзем ня хутка, узьдзеў навушнікі плэера і загайдаўся ў толькі яму чутным бадзёрым рытме. Маўляў, мая справа маленькая, разьбірайцеся, паны, самі.
А Юрась раптам прыціснуў да сябе Стэлу, якая ірвалася з яго рук, і моцна пацалаваў... Яна прыціхла, абхапіла яго тонкімі рукамі... Потым Юрась крыкнуў у бок машыны:
— Пачакайце мяне хвілінаў дваццаць!
І павёў некуды сваю нервовую прыгажуню.
— І навошта гэта яму? – шчыра азваўся Віталь. І распавёў мне гісторыю Юрасёвага шлюбу.
...Мой былы муж не любіў журналістыку, затое цягнуўся да мастакоўскага сьвету, як грэшнік да крыжа. Вось у адной вясёлай майстэрні, сярод недамаляваных карцінаў і старажытнай керамікі Юрась і напаткаў сваю Стэлу. Таленавітую і дзіўную. Будучы рэстаўратар – ён вучыўся на другім курсе вучэльні – не сьпяшаўся сыходзіць з майстэрні, якая і належала чароўнай Стэле – бацька, вядомы мастак, паспрыяў. Настрой гаспадыні між тым сапсаваўся. З ейных цёмных самотных вачэй без дай прычыны паліліся паэтычныя сьлёзы... Астатняя публіка неяк вельмі хуценька разьбеглася... Мусіць, ведалі, які «цырк» пачнецца. І Юрась атрымаў задавальненьня напоўніцу. Наркаманка са стажам у час «ломкі». Калі Юрась зразумеў, што за лекі вытанчаная Стэла зьбіраецца ўпароць сабе ў вену, учыніў «мудра» — выхапіў шпрыц ды выкінуў праз вакно. Мастачка паспрабавала адправіцца ўсьлед за сваім «ратункам»... Юрась з апошніх сілаў утрымліваў яе на падваконьні, а прыгажуня несамавіта лаялася... Ды яшчэ трапіўся ёй пад руку мастыхін – вострая металёвая лапатка, якой счышчаюць фарбу з халста... Вось так і ўпрыгожыліся твар і рукі майго былога мужа шнарамі.
Дзесьці пад раніцу дзяўчына апрытомнела... І што першае зрабіў Юрась, парэзаны вострым лязом, як пасьля бойкі з тузінам адмарозкаў? Правільна, прапанаваў выйсьці за яго замуж. Ясна, чаму: зьбіраўся стаць выратавальнікам. Але нават гэты легкадумны рамантык не ўяўляў, з чым сутыкнецца.
Ён пераспрабаваў усё. Звычайных дактароў і гіпнатызёраў, вазіў да сьвятароў, аднойчы ўгаварыў пажыць разам у скіце дзесьці ў Карэліі... Але вера мелася толькі ў ім. Зьвярнуўся аднойчы і да былога выкладчыка. Віталь якраз ладзіў чарговую рэкламную кампанію свайго гаспадара – хосьпіс ды наркалагічны цэнтр.
— Ніхто ёй не дапамог і не дапаможа, — зазначыў мой суразмоўца. – А бяз «дозы» загнецца… Вось Юрась і зарабляе на «дурноту».
— Ён купляе жонцы наркотыкі?!! – жахнулася я. Віталь меланхалічна паціснуў плячыма.
— Калі ня выбрацца з балота, застаецца квакаць. А шкада хлопца! Сьветлая галава, хаця з дзівацтвамі. У палітыку палез, калі гэта было яшчэ модна. За адным апазіцыянерам партфель насіў... Пасьля пасварыўся... Каб яму добрага дарадчыка, ды кіраўніка – абапіраючыся на такіх людзей, адказных, палкіх – шмат можна дасягнуць. Але ж вось – згас чалавек, звузіўся... Я такіх лёсаў шмат бачыў.
Ад пачутага мне зрабілася ніякавата. Ніколі ня мела блізкіх стасункаў з наркаманамі. Ведала, што ў Менску яны зьбіраліся ў кавярні «Пінгвін», цяпер пераробленай у безаблічную рэстарацыю з марскім назовам. А мой сябра паэт вадзіў мяне па маленькіх кавярнях… Я запомніла з неахайнай купкі заўсёднікаў «Пінгвіна» дзяўчыну з нібыта размытымі дажджом рысамі твару, у якой хіпоўскую павязку на галаве ўпрыгожвалі рыбацкія мармышкі. Вочы ў дзяўчыны з мармышкамі былі сьветлыя, і здавалася, з нейкай празрыстай плёнкай… Сябра грэбліва патлумачыў: «наркаманка». Але да Стэлы грэбліва ставіцца я не магла.
Юрась моўчкі сеў у машыну. У яго быў такі твар, што ў мяне скаланулася сэрца. Як ён яе кахае… А чаму не? Хворых і няшчасных, ад каго адны клопаты, часам кахаюць куды глыбей і адданей, чым здаровых ды ўдалых.
Кіроўца ўсё гэтак жа моўчкі зьняў навушнікі і завёў машыну. Я так і не зразумела, чуў нашы размовы гэты прылізаны хлопец, або не? Ідэальная прыслуга.
Калыванаўская сядзіба, як я і чакала, была абкружаная высозным бетонным плотам. Сосны палахліва спыніліся перад ім раўнюткім шэрагам. Можа, гэта рэшта «савецкага» выхаваньня, але да такіх платоў у мяне трывалая агіда... А калі бачу, як перада мной бязгучна разьязджаюцца жалезныя вароты, ахоплівае дурны дзікі страх – нібыта штурхаюць у турэмную камеру...