Вход/Регистрация
Пякучая таямніца
вернуться

Цвайг Штэфан

Шрифт:

Цяпер яго трымалі надзейна, але сіла тут была непатрэбна. З затоеным трыумфам яго ўвялі ў пакой, але, як ні дзіўна, Эдгара не засмуціў паток выказаных яму папрокаў, бо ў скіраваных на яго вачах свяціліся любоў і радасць. Да таго ж гэты прытворны гнеў трываў нядоўга. Потым бабуля зноў са слязамі абдымала яго, ніхто болей не загаворваў аб уцёках, яго акружылі ўвагаю і клопатам. Пакаёўка зняла з яго куртачку і прынесла другую, цяплейшую, бабуля пыталася, ці не галодны ён, ці мо яму яшчэ чаго хочацца; усе навыперадкі дагаджалі Эдгару, а калі заўважылі, што гэта бянтэжыць хлопчыка, пакінулі яго ў спакоі. З асалодаю адчуваў ён сябе зноў дзіцём; ён адрокся быў ад гэтага пачуцця і моцна сумаваў па ім і вось цяпер сарамліва ўспамінаў свой дзёрзкі намер апошніх дзён - прамяняць усе прывілеі дзяцінства на падманлівую радасць адзіноты.

У суседнім пакоі зазвінеў тэлефон. Ён чуў мамін голас, разбіраў паасобныя словы: «Эдгар... вярнуўся... прыязджай... апошнім цягніком», і здзіўляўся, што яна не накінулася на яго, а толькі абняла і неяк дзіўна паглядзела яму ў вочы. Пачуццё раскаяння гаварыла ў ім усё мацней, і з якою ахвотаю ён бы ўцёк ад бабуліных і цётчыных клопатаў і падышоў да мамы, каб папрасіць у яе прабачэння; з поўнаю пакораю ёй адной ён сказаў бы, што хоча зноў быць дзіцём і слухацца яе. Але ледзь толькі ён ціхенька ўстаў, бабуля крыху спалохана спыталася:

– Куды ты?

Ён сарамліва спыніўся. Варта яму паварушыцца, як яны ўжо налохаюцца, баяцца, каб ён зноў не ўцёк. Адкуль ім ведаць, што ніхто гэтак не раскайваецца ў тых уцёках, як ён сам!

Стол быў накрыты, і яму прынеслі наспех прыгатаваную вячэру. Бабуля села побач і не зводзіла з яго вачэй. Яна, цётка і пакаёўка як бы акружылі хлопчыка завесай сардэчнага цяпла і ціхай утульнасці, і ён быў перапоўнены шчаслівым пачуццём супакаення. Яго бянтэжыла толькі тое, што мама чамусьці не ішла ў пакой. Ведай яна, як шчыра ён скарыўся, то, канечне, прыйшла б!

На вуліцы застукалі колы, каля варот спынілася каляска. Усе так захваляваліся, што ўстрывожыўся і Эдгар. Бабуля выйшла, з цёмнага саду пачуліся гучныя галасы, і тут да яго дайшло, што прыехаў тата. Эдгар са страхам заўважыў, што ён зноў застаўся адзін у пакоі; цяпер нават хвіліна адзіноты палохала яго. Тата быў строгі, толькі яго аднаго Эдгар па-сапраўднаму баяўся. Ён прыслухаўся: тата быў яўна ўсхваляваны, гаварыў гучна і сярдзіта. Яму адказвалі заспакойлівыя галасы бабулі і мамы, - відаць, яны спрабавалі змякчыць яго. Але татаў голас заставаўся суровы і цвёрды, цвёрды, як яго крокі, якія гучалі ўсё бліжэй і бліжэй, - яны ўжо ў суседнім пакоі, вось ужо каля самых дзвярэй; моцны штуршок - і дзверы адчыняюцца насцеж.

Эдгараў тата быў вельмі высокага росту. І страшэнна маленькім здаўся сабе хлопчык, калі тата ўляцеў у пакой, разнерваваны і не на жарт узлаваны.

– Як гэта табе прыйшло ў галаву ўцякаць, нягодны ты хлапчук? Як ты асмеліўся так напалохаць маму?

Голас яго гучаў гнеўна, і ён увесь час неспакойна рухаў рукамі. За ім ціха ўвайшла мама. Твар у яе быў засмучаны.

Эдгар не адказваў. Ён хацеў сказаць нешта ў апраўданне; але як растлумачыць, што яго падманулі і адлупцавалі? Ці зразумее тата?

– Ну, чаго ты маўчыш? Што здарылася? Гавары, не бойся. Што-небудзь было не так? Павінна ж быць нейкая прычына ўцёкаў! Цябе хто-небудзь пакрыўдзіў?

Эдгар марудзіў. Успамін аб тым, што было, зноў абудзіў у ім гнеў, ён ужо гатовы быў усё расказаць. І тут ён убачыў - сэрца ў яго замерла, - што мама за татаваю спінаю падае яму нейкія таямнічыя знакі. Ён іх спачатку не зразумеў. Але тут яна паглядзела на яго, і ён прачытаў у яе вачах просьбу. Ціха, вельмі ціха яна падняла руку і прылажыла палец да вуснаў - знак маўчання.

І тут хлопчыка ахапіла вялізнае пачуццё шчасця. Ён зразумеў, што яна просіць яго не адкрываць таямніцу і што ад слоў, якія сарвуцца з яго дзіцячых вуснаў, залежыць яе лёс. Усю істоту яго пранізала шалёная радасць, ён сябе не помніў ад гордасці: мама давяралася яму. Ён раптам захацеў ахвяраваць сабою, перабольшыць сваю віну - тады яна ўбачыць, што на яго можна разлічваць, як на дарослага. Ён сабраўся з сіламі:

– Не, не... не было ніякай прычыны. Мама была вельмі добрая да мяне, а я не слухаўся, я дрэнна сябе паводзіў... і вось... вось я ўцёк, я баяўся.

Бацька здзіўлена паглядзеў на яго. Ён чакаў усяго, толькі не гэтага прызнання. Гнеў яго крыху астыў.

– Гэта добра, што ты сам шкадуеш. Не будзем цяпер болей гаварыць пра гэта. Я бачу, што ты ўсё як след сам абдумаў. Глядзі, каб гэтага болей не было.

Ён памаўчаў, гледзячы на сына. Голас яго памякчэў.

– Які ты бледны! Але, здаецца мне, ты падрос. Спадзяюся, ты болей не будзеш рабіць такога глупства; ты ж ужо не маленькі, пара б і паразумнець.

Эдгар увесь час глядзеў на маму. Яму здалося, што нешта бліснула ў яе вачах. Ці гэта проста водбліск лямпы? Не, сапраўды, штосьці блішчыць там, вільготнае і светлае, а на вуснах гуляе ўдзячная ўсмешка. Потым яго паслалі спаць, але ён не засмуціўся, ён нават рады быў застацца адзін, яму ёсць аб чым падумаць, - столькі ў яго новых і розных уражанняў. Усе непрыемнасці апошніх дзён забыліся, ён поўнасцю быў пад уладаю першай у яго жыцці сапраўднай прыгоды, і сэрца соладка замірала ад прадчування будучых падзей. За акном у начным змроку шумелі дрэвы, але страху ў яго ўжо не было. Уся трывога знікла з таго часу, як ён даведаўся, якое багатае жыццё. Сёння ён упершыню ўбачыў рэчаіснасць у непрыкрытым выглядзе, без тысячы падманаў дзяцінства, адчуў яе непаўторную небяспечную прыгажосць. Ён ніколі не думаў, што дні могуць быць так запоўнены горам і шчасцем, і цешыў сябе думкаю, што наперадзе яго чакае шмат такіх дзён, цэлае жыццё, якое прынясе яму яшчэ не адну загадку. Сёння ён упершыню цьмяна ўгадаў, якое разнастайнае жыццё, упершыню, здавалася яму, ён зразумеў чалавечую прыроду, зразумеў, што людзі адчуваюць патрэбу адзін у другім - нават калі лічаць сябе ворагамі - і што ў глыбіні душы прыемна, калі цябе любяць. Ён ні аб чым і ні пра каго не мог думаць з нянавісцю, ні ў чым не раскайваўся, і нават для барона, для гэтага спакусніка, лютага свайго ворага, у яго знайшлося новае пачуццё ўдзячнасці; бо гэта ён адкрыў перад ім дзверы ў свет першых перажыванняў дарослага жыцця.

  • Читать дальше
  • 1
  • ...
  • 12
  • 13
  • 14
  • 15
  • 16
  • 17
  • 18

Ебукер (ebooker) – онлайн-библиотека на русском языке. Книги доступны онлайн, без утомительной регистрации. Огромный выбор и удобный дизайн, позволяющий читать без проблем. Добавляйте сайт в закладки! Все произведения загружаются пользователями: если считаете, что ваши авторские права нарушены – используйте форму обратной связи.

Полезные ссылки

  • Моя полка

Контакты

  • chitat.ebooker@gmail.com

Подпишитесь на рассылку: