Вход/Регистрация
Пякучая таямніца
вернуться

Цвайг Штэфан

Шрифт:

– І вы паможаце мне, калі мама будзе адпраўляць мяне адразу спаць? Паможаце?

– Памагу, Эдзі, памагу, - усміхнуўся барон.
– А цяпер ідзі, мне трэба пераадзецца на вячэру.

Эдгар, супакоены на момант, падняўся да сябе. Але хутка ў яго сэрцы зноў застукаў малаточак. З учарашняга дня ён пастарэў на некалькі гадоў; невядомы госць - недавер - ужо трывала пасяліўся ў яго дзіцячым сэрцы.

Ён чакаў. Бо хутка ўсё павінна было вырашыцца. За вячэраю яны сядзелі ўсе за сталом. Час наблізіўся да дзевяці гадзін, але мама не адпраўляла яго спаць. Гэта ўстрывожыла хлопчыка. Чаму яна, наперакор звычаю, якраз сёння дазваляе яму так доўга заставацца ўнізе? Ці не сказаў барон маці пра іх дамоўленасць? Ён ужо горка раскайваўся, што пабег за баронам і даверліва раскрыў яму душу. У дзесяць гадзін мама раптам паднялася з месца і развіталася з баронам. І дзіўна: відаць, і ён не здзівіўся гэтаму ранняму адыходу і не затрымліваў яе. Усё мацней стукаў малаточак у хлопчыкавых грудзях.

Настаў рашучы момант. Ён, як нічога і не было, без пярэчанняў пайшоў за мамаю да дзвярэй. Каля іх ён раптам падняў вочы. І ў гэты момант ён перахапіў усмешлівы мамін позірк, кінуты цераз яго галаву ў баронаў бок, - позірк, які сведчыў аб тайнай змове. Значыцца, барон выдаў яго. Вось чаму мама так рана ідзе: яны вырашылі сёння развеяць яго падазрэнне, каб ён не перашкаджаў ім заўтра.

– Нягоднік, - прамармытаў ён.

– Што ты кажаш?
– спыталася маці.

– Нічога, - працадзіў ён праз зубы. І ў яго цяпер ёсць свая таямніца. Імя ёй - нянавісць, бязмежная нянавісць да іх абаіх.

Маўчанне

Эдгарава хваляванне прайшло. Нарэшце ўсё праяснілася і стала на сваё месца. Значыцца - нянавісць і адкрытая варожасць. Цяпер, калі ён пераканаўся, што ён ім замінае, не адыходзіць ад іх стала для яго жорсткай вытанчанай асалодай. Ён упіваўся думкаю, што перашкаджае ім, што можа, нарэшце, уступіць з імі ў бой, узброены ўсёю моцаю сваёй варожасці. Першы выклік ён кінуў барону. Калі той раніцаю спусціўся ўніз і, праходзячы міма, ласкава прагаварыў: «Маё шанаванне, Эдзі», - Эдгар, не гледзячы на яго і не ўстаючы з крэсла, прабурчаў: «Добрай раніцы», - а на пытанне: «Мама ўжо ўнізе?» - не адрываючы вачэй ад газеты, адказаў: «Не ведаю».

Барон разгубіўся. Што з ім?

– Што, дрэнна спаў, Эдзі?
– Як заўсёды, жарт павінен быў выратаваць становішча. Але Эдгар толькі пагардліва кінуў: «Не», - і зноў уткнуўся ў газету.

– Дурное дзіця, - прамармытаў барон, паціснуў плячамі і пайшоў далей. Вайна была аб'яўлена.

З мамаю Эдгар абышоўся холадна і вельмі ветліва. Нязграбная спроба паслаць яго на тэнісны корт пацярпела няўдачу. Горкая ўсмешка, якая прыўзняла кончыкі шчыльна сціснутых вуснаў, гаварыла, што падмануць яго болей не ўдасца.

– Лепш я пайду з вамі гуляць, мама, - сказаў ён з прытворнаю дружалюбнасцю і паглядзеў ёй у вочы. Адказ яўна не спадабаўся ёй. Яна марудзіла і быццам шукала чагосьці.

– Пачакай мяне тут, - нарэшце сказала яна і пайшла ў сталовую.

Эдгар застаўся чакаць, але насцярожыўся. Цяпер у кожным слове сваіх ворагаў ён бачыў тайны злосны намер. Падазронасць, якая авалодала ім, рабіла яго незвычайна здагадлівым. Так, замест таго каб чакаць у вестыбюлі, як яму было сказана, Эдгар палічыў за лепшае выбраць месца для назірання на вуліцы, адкуль ён мог сачыць не толькі за галоўным пад'ездам, але і за ўсімі астатнімі выхадамі. Інстынктыўна ён адчуваў падман. Але ён не дасць ім выслізнуць. Ён схаваўся за штабелем дроў - дакладна так, як у кніжках пра індзейцаў. Праз паўгадзіны - ён нават засмяяўся ад задавальнення - мама сапраўды выйшла праз бакавыя дзверы з букетам цудоўных руж у руках, і з ёю быў здраднік-барон.

Абое выглядалі вельмі вясёлымі. Радыя, што пазбавіліся ад яго і засталіся сам-насам са сваёю таямніцаю? Балбочучы і смеючыся, яны падаліся ў бок лесу.

Пара было дзейнічаць. Павольна, быццам ён трапіў сюды выпадкова, Эдгар выйшаў з-за дроў. Вельмі спакойна, няспешна падыходзіў ён да іх, каб уволю нацешыцца з іх збянтэжанасці. Убачыўшы Эдгара, абое абмяняліся неўразумелымі позіркамі. Павольна, нібы так яно і было трэба, ён падышоў бліжэй, не зводзячы з іх насмешлівага позірку.

– А вось і ты, Эдзі, а мы цябе ўжо там шукалі, - сказала нарэшце мама. «Як жа нахабна яна маніць», - падумаў хлопчык. Але вусны яго не растуліліся. За сціснутымі зубамі яны моцна трымалі таямніцу нянавісці.

Усе трое нерашуча спыніліся. Кожны сачыў, як паводзіць сябе другі.

– Ну што ж, пойдзем, - уздыхнуўшы, сказала Эдгарава маці, ад прыкрасці абрываючы пялёсткі прыгожай ружы. Лёгкае ўздрыгванне ноздраў выдавала яе гнеў. Эдгар стаяў, быццам гэта яго не датычылася, глядзеў па баках, пачакаў, пакуль яны не крануліся з месца, і потым сабраўся ісці за імі следам. Барон зрабіў яшчэ адну спробу:

– Сёння тэнісны турнір. Ты калі-небудзь бачыў такое?

Эдгар нават не адказаў, толькі пагардліва зірнуў на яго і склаў губы, быццам збіраўся свістаць. Вось яго адказ. Нянавісць паказала свае вострыя зубы.

Нязносным цяжарам гняла абаіх няпрошаная хлопчыкава прысутнасць. Гэтак зняволеныя ходзяць услед за турэмшчыкам, тайком сціскаючы кулакі. Хлопчык нічога кепскага не рабіў, і ўсё ж з кожнай хвілінай усё цяжэй рабілася выносіць яго пільны позірк, вільготныя ад нявыплаканых слёз вочы, хмурную зласлівасць, якая бурчаннем адказвала на любую спробу збліжэння.

– Ідзі паперадзе!
– раптам сярдзіта сказала маці, устрывожаная яго назойлівым падслухоўваннем.
– Не тапчыся ўвесь час пад нагамі, гэта мне дзейнічае на нервы.

  • Читать дальше
  • 1
  • ...
  • 3
  • 4
  • 5
  • 6
  • 7
  • 8
  • 9
  • 10
  • 11
  • 12
  • 13
  • ...

Ебукер (ebooker) – онлайн-библиотека на русском языке. Книги доступны онлайн, без утомительной регистрации. Огромный выбор и удобный дизайн, позволяющий читать без проблем. Добавляйте сайт в закладки! Все произведения загружаются пользователями: если считаете, что ваши авторские права нарушены – используйте форму обратной связи.

Полезные ссылки

  • Моя полка

Контакты

  • chitat.ebooker@gmail.com

Подпишитесь на рассылку: