Цвайг Штэфан
Шрифт:
– Як хочаш, Эдзі, - прагаварыў нарэшце барон, вымушана ўсміхаючыся.
– Мне экзаменаў не здаваць, я даўно праваліўся па ўсіх прадметах.
Але Эдгар не ўсміхнуўся баронаваму жарту, а паглядзеў на яго такім дапытлівым, пільным позіркам, быццам хацеў зазірнуць яму ў самую душу. Што здарылася? Штосьці перамянілася ў іх адносінах, і хлопчык не мог зразумець прычыны. Ён адвёў вочы. У яго сэрцы хутка і дробна стукаў малаточак - першае падазрэнне.
Пякучая таямніца
«Што з імі?
– думаў хлопчык, седзячы насупраць іх у калясцы, якая хуценька кацілася па дарозе.
– Чаму яны са мною не такія, як раней? Чаму мама не глядзіць мне ў вочы? Чаму ён увесь час жартуе са мною і крыўляецца? Яны больш не гавораць са мною так, як учора і заўчора. У іх і твары як быццам нейкія другія. У мамы сёння такія чырвоныя губы - пэўна, нафарбавала. Гэтага я ў яе яшчэ ніколі не бачыў. А ён усё моршчыць лоб, быццам яго пакрыўдзілі. Я ім нічога не зрабіў, не сказаў ніводнага крыўднага слова. Не, не ва мне рэч, яны самі не такія адно з адным, як раней. Быццам натварылі нечага і баяцца пра гэта гаварыць, не балбочуць, як учора, не смяюцца, ім быццам сорамна, яны нешта хаваюць. У іх ёсць таямніца, якую яны не хочуць мне выдаць. Я павінен раскрыць гэтую таямніцу чаго б яно ні каштавала. Я ведаю - гэта, мусіць, тое ж самае, з-за чаго дарослыя заўсёды зачыняюць дзверы перада мною, пра што пішуць у кніжках і спяваюць у операх, калі жанчыны і мужчыны працягваюць адно аднаму рукі, абдымаюцца, а потым адштурхваюцца. Мусіць, гэта накшталт таго, што было з маёю францужанкай, калі яна дрэнна паводзіла сябе з татам і яе адаслалі. Усё гэта, па-мойму, адно і тое самае, толькі я не ведаю чаму. Каб жа даведацца, даведацца, нарэшце, пра гэтую таямніцу, авалодаць ключом, які адчыніць усе дзверы, перастаць быць дзіцём, ад якога ўсё хаваюць і ўтойваюць, не даваць болей сябе падманваць! Цяпер або ніколі! Я вырву ў іх гэтую таямніцу!»
На лбе ў яго прарэзалася маршчына. Худзенькі дванаццацігадовы хлопчык, які знерухомеў у глыбокім роздуме, выглядаў старым; ні разу не зірнуў на расквечаны яркімі фарбамі краявід, на горы, якія зелянелі свежай хвояй саснякоў, на даліны ў яшчэ нясмелым ззянні запозненай вясны. Ён бачыў толькі сваю маму і барона, якія сядзелі на заднім сядзенні каляскі, ён як бы спрабаваў сваім гарачым позіркам, як вудаю, вылавіць таямніцу з бліскучых глыбінь іх вачэй. Нішто гэтак не адточвае розум, як пакутлівае падазрэнне, нішто з такою сілаю не заахвочвае працу нясталага розуму, як след, які губляецца ў змроку. Часам толькі тоненькія дзверы аддзяляюць дзяцей ад свету, які мы завём рэальным, і выпадковы парыў ветру можа расчыніць іх перад імі.
Эдгар раптам адчуў, што ён яшчэ ніколі так блізка не падыходзіў да невядомага, да вялікай таямніцы; яна была тут, перад ім, пакуль што не раскрытая, не разгаданая, але зусім, зусім блізка да яго. Гэта хвалявала і рабіла яго незвычайна, урачыста сур'ёзным. Бо ён падсвядома ўгадваў, што стаіць на рубяжы свайго дзяцінства.
Эдгарава маці і барон адчулі нейкае глухое супраціўленне, не падазраючы, што яно ідзе ад хлопчыка. Ім было цесна і няёмка ўтраіх у калясцы. Цёмныя Эдгаравы вочы, якія гарэлі неспакойным агнём, моцна трывожылі іх. Яны не адважваліся гаварыць, не адважваліся глядзець адно на аднаго. Да ранейшай лёгкай свецкай размовы шлях быў адрэзаны, яны вельмі ўжо ўцягнуліся ў тон іншасказаў, пад якімі хаваецца тайнае дрыготкае чаканне няскромных жаданняў. Размова не ладзілася; яны раз-пораз змаўкалі, быццам спатыкаліся аб перашкоду, потым пачыналі зноў і зноў змаўкалі, прыгнечаныя ўпартым хлопчыкавым маўчаннем.
Асабліва цяжкім было гэтае змрочнае маўчанне для маці. Яна асцярожна зірнула на яго, убачыла шчыльна сціснутыя вусны і ўпершыню са страхам адзначыла, як ён падобны на свайго бацьку, калі той раздражнёны або незадаволены. Напамінак аб мужу быў непрыемны цяпер, калі яна захапілася любоўнаю гульнёю. Бледны цемнавокі хлопчык з нахмураным лобам і насцярожаным позіркам здаваўся ёй злавесным прывідам, вартавым яе сумлення, і таму, што ён сядзеў так блізка ад яе ў цеснаце каляскі, яго прысутнасць удвайне прыгнятала яе. Раптам Эдгар падняў вочы, усяго на хвілінку, і тут жа і ён і яна апусцілі вочы: упершыню ў жыцці маці і сын адчулі, што сочаць адно за адным. Дагэтуль яны слепа давяраліся, але цяпер штосьці змянілася, штосьці раптам узнікла паміж імі. Упершыню ў жыцці яны сачылі адно за адным збоку, аддзялялі свой лёс ад лёсу другога - ужо з затоенай нянавісцю, такою новаю для іх, што яны яшчэ не асмельваліся прызнацца сабе ў гэтым.
Усе трое з палёгкаю ўздыхнулі, калі каляска спынілася перад гатэлем. Прагулка атрымалася няўдалаю, гэта адчувалі ўсе, але ніхто не адважваўся сказаць аб гэтым. Эдгар першы саскочыў з каляскі. Яго маці спаслалася на галаўны боль і паспешна паднялася да сябе. Яна вельмі стамілася, і ёй хацелася пабыць адной. Эдгар і барон засталіся ўнізе. Барон расплаціўся з фурманам, паглядзеў на гадзіннік і пайшоў у вестыбюль, не звяртаючы ўвагі на хлопчыка. Стройны, элегантны, ён прайшоў міма яго лёгкаю, пругкаю хадою, якая яшчэ ўчора так зачаравала Эдгара, што ён спрабаваў пераняць яе перад люстэркам. Ён прайшоў міма Эдгара, нават не зірнуўшы на яго. Відаць, ён забыўся пра хлопчыка, пакінуў стаяць яго каля каляскі з конямі, быццам не меў да яго ніякага дачынення.
У Эдгара штосьці надламалася ў душы, калі ён убачыў, як абыякава ідзе ад яго той, каго ён, нягледзячы ні на што, усё яшчэ абагаўляў; роспач авалодала ім - пайшоў, нават не дакрануўся да яго плашчом, не сказаў ні слова. Ён жа не адчуваў за сабою ніякай віны. Самавалоданне, якое каштавала яму столькіх намаганняў, пакінула яго; цяжар уласнай годнасці, які ён нёс цераз сілу, саслізнуў з яго слабых плячэй, і ён зноў зрабіўся дзіцём - маленькім і пакорным, якім быў яшчэ ўчора і раней. Усё далейшае адбылося незалежна ад яго волі. Ён ірвануўся дробненькімі крокамі ўслед за баронам, дагнаў яго, загарадзіў яму дарогу да лесвіцы і, увесь дрыжачы, выціснуў здушаным голасам, ледзь стрымліваючы слёзы:
– Што я вам зрабіў, што вы на мяне і глядзець не хочаце? Чаму вы ставіцеся да мяне, як да чужога. І мама таксама. Чаму вы заўсёды адпраўляеце мяне куды-небудзь? Няўжо я вам перашкаджаю ці я ў чым вінаваты?
Барон збянтэжыўся. У Эдгаравым голасе было нешта, што яго засароміла, кранула. Яму стала шкада прастадушнага хлопчыка.
– Эдзі, ты дурненькі! Проста я сёння не ў настроі. А ты добры хлопчык, і я цябе вельмі люблю.
– Ён моцна пакудлаціў Эдгараў віхор, але адвярнуўся, каб не глядзець у поўныя слёз умольныя вялізныя дзіцячыя вочы. Камедыя, якую ён разыгрываў, пачынала дакучаць яму. Яму стала сорамна, што ён з такім халодным разлікам абудзіў да сябе любоў у гэтага дзіцяці, і балюча было слухаць тоненькі, дрыготкі ад затоеных рыданняў голас.
– Ідзі наверх, Эдзі, а вечарам мы зноў будзем сябрамі, вось пабачыш, - сказаў ён прыміральна.