Цвайг Штэфан
Шрифт:
– Не... не трэба грошай... прашу вас, не трэба грошай...
– ледзь выціснуў ён праз губы і адвёў назад дрыготкія пальцы.
– Не трэба грошай... не трэба грошай... я не магу іх бачыць, - паўтараў ён, быццам адчуваў фізічную агіду або страх.
Але я памагла яму адолець пачуццё сораму, сказала, што грошы я яму пазычаю, што калі ён саромеецца іх браць, дык можа даць мне распіску.
– Так... так... распіску, - прамармытаў ён, адводзячы вочы, скамячыў паперкі, як нешта ліпучае, што пэцкае пальцы, сунуў іх, не гледзячы, у кішэню і хутка, размашыста накідаў на лісце некалькі слоў. Калі ён падняў галаву, лоб у яго быў вільготны ад поту - здавалася, яго калаціла ліхаманка; працягваючы мне ліст, ён задрыжаў, быццам ток прабег па целе, і раптам - я міжволі зрабіла крок назад - ён упаў на калені і пацалаваў край маёй сукенкі. У гэтым жэсце было столькі неапісальнага пачуцця, што я задрыжала ўсім целам; дзіўная трывога авалодала мною, і я магла толькі прашаптаць:
– Дзякуй вам за тое, што вы такі ўдзячны. Але прашу вас, ідзіце цяпер. У сем гадзін у вестыбюлі вакзала мы развітаемся.
Ён зірнуў на мяне, слёзы расчуленасці засцілі яму вочы; нейкае імгненне мне здавалася, што ён хоча нешта сказаць, нейкае імгненне я думала, што ён вось-вось кінецца да мяне. Але ён толькі яшчэ раз нізка-нізка пакланіўся і выйшаў з пакоя.
Місіс К. зноў перапыніла расказ. Яна ўстала, падышла да акна і нерухома, доўга глядзела на вуліцу; плечы яе лёгенька ўздрыгвалі. Раптам яна рашуча павярнулася; яе рукі, дагэтуль спакойныя і безудзельныя, нечакана зрабілі рэзкі, парывісты рух, быццам штосьці разрывалі. Потым яна цвёрда, амаль з выклікам зірнула на мяне і, як бы перасільваючы сябе, сказала:
– Я абяцала, што буду гаварыць шчыра. Цяпер я бачу, як неабходна было гэтае абяцанне. Толькі цяпер, калі я ўпершыню прымушаю сябе апісваць адна за другою ўсе падзеі таго дня і спрабую выказаць яснымі словамі заблытаны клубок невыразных адчуванняў, толькі цяпер я бачу шмат што, чаго тады не разумела ці, можа, не хацела разумець. І таму я хачу цвёрда і рашуча сказаць праўду і сабе і вам: тады, у тую хвіліну, калі ён выйшаў з пакоя і я засталася адна, я адчула страшэнны ўдар у сэрца, ад якога ў мяне пацямнела ў вачах; мне было чамусьці вельмі балюча, але я не ведала альбо адмаўлялася ведаць - чаму мілая пачцівасць майго падапечнага так глыбока ўкалола мяне.
Але цяпер, калі я прымушаю сябе бязлітасна выбіраць з памяці мінулае, глядзець на яго як бы збоку, калі я сама запрасіла вас быць сведкам, я не маю права нічога ўтойваць, баязліва хаваць пачуцці, у якіх сорамна прызнавацца; цяпер у мяне няма сумненняў: тое, што мне тады прычыніла такі боль, было расчараванне... расчараванне... гэты юнак так пакорна выйшаў... без ніякай спробы ўтрымаць мяне, застацца са мною... ён так пакорліва і пачціва скарыўся маёй просьбе паехаць, замест таго каб сціснуць мяне ў абдымках... ён шанаваў мяне толькі як святую, якая сустрэлася на яго шляху... і не... не бачыў ува мне жанчыны.
Гэта было расчараванне для мяне... расчараванне, у якім я не прызнавалася сабе ні тады, ні пазней, але жанчына ўсё разумее сэрцам, без слоў. Бо... цяпер я сябе болей не падманваю - калі б гэты чалавек абняў мяне ў той момант, паклікаў мяне, я пайшла б за ім на край свету, я абняславіла б сваё імя, імя сваіх дзяцей... занядбала б людскую думку і голас розуму, я ўцякла б з ім, як гэтая мадам Анрыэт з маладым французам, якога яна напярэдадні яшчэ не ведала... я не спыталася б, куды і ці надоўга, нават не кінула б развітальнага позірку на мінулае жыццё... я ахвяравала б дзеля гэтага чалавека сваімі грошамі, сваім добрым імем, сваёю маёмасцю, сваім гонарам... я пайшла б жабраваць, і, мусіць, няма такой нізасці, да якой ён не мог бы мяне схіліць. Усё, што людзі завуць сорамам і асцярожнасцю, я адкінула б прэч, калі б ён сказаў мне хоць слова, зрабіў хоць адзін крок да мяне, калі б ён паспрабаваў утрымаць мяне; у гэты момант ён меў поўную ўладу нада мною. Але... я ўжо гаварыла вам... гэты апанаваны дзіўным пачуццём чалавек болей не бачыў і мяне і жанчыны ўва мне... а з якою сілаю, з якою адданасцю рвалася я да яго, я адчула толькі тады, калі засталася адна, калі пачуццё, якое толькі што прамільгнула на яго ясным, сапраўды незямным твары, сціснула мне грудзі ўсім цяжарам нераздзеленага пачуцця. Я ледзь авалодала сабою, з яшчэ большай агідаю падумала пра свой візіт да сваякоў. Мне здавалася, што на галаве ў мяне цяжкі жалезны шлем, які сціскае лоб і сваім цяжарам прыгінае мяне да зямлі; калі я нарэшце пайшла ў гатэль, дзе жылі сваякі, думкі ў мяне блыталіся, а ногі запляталіся. Я тупа сядзела сярод вясёлай балбатні і кожны раз палохалася, калі выпадкова паднімала вочы і бачыла іх нерухомыя твары, якія, у параўнанні з тым, нібы ажыўленым гульнёю святлаценю тварам, выглядалі як застылыя маскі. Мяне як бы абступілі нябожчыкі - такою нежывою здавалася мне гэтая кампанія; і калі я апускала цукар у кубак і рассеяна падтрымлівала гутарку, перада мною з кожным біццём сэрца паўставаў другі твар, назіраць за якім стала мне шчасцем і які я - страшна падумаць!
– праз гадзіну-другую ўбачу апошні раз. Я, мусіць, міжволі ўздыхнула ці застагнала, бо стрыечная сястра майго мужа нахілілася да мяне: што са мною, ці здаровая я, такая бледная, нібы чымсьці прыгнечаная. Я адразу выкарыстала яе пытанне, сказала, што мяне мучыць мігрэнь, і папрасіла дазволу непрыкметна пайсці да сябе.
Цяпер я зноў належала сабе; я паспяшалася ў свой гатэль. І ледзь я засталася адна, як мяне зноў ахапіла пачуццё пустаты і пакінутасці і прачнулася - відаць, у сувязі з гэтым - туга па гэтым юнаку, з якім я сёння павінна была развітацца назаўсёды. Я мітусілася па пакоі, без патрэбы высоўвала шуфляды, змяніла сукенку, стужку; потым я стаяла перад люстэркам і дапытлівым позіркам разглядвала сябе: можа, у такім уборы я ўсё-такі змагу прыкаваць яго ўвагу. І раптам я зразумела, чаго хачу: пайсці на ўсё, толькі не адпускаць яго! На працягу адной важнай секунды гэтае жаданне стала рашэннем. Я збегала ўніз да парцье і паведаміла яму, што ад'язджаю вячэрнім цягніком. Трэба было спяшацца: я пазваніла пакаёўцы, каб яна памагла ўпакаваць рэчы - час падганяў; і пакуль мы з ёю паспешна, навыперадкі складвалі ў чамаданы сукенкі і ўсякую драбязу, я марыла аб тым, як буду праводзіць яго і ў апошні, самы апошні момант, калі ён ужо падасць мне руку на развітанне, раптам, на яго здзіўленне, увайду ў купэ, каб правесці з ім гэтую ноч, і яшчэ адну - столькі, колькі ён захоча. Я была ў нейкім чадзе захаплення; кідаючы сукенкі ў чамаданы, я, на здзіўленне пакаёўкі, гучна смяялася. Я цьмяна ўсведамляла, што ў галаве ў мяне ўсё пераблыталася. Калі слуга прыйшоў па багаж, я неўразумела зірнула на яго: цяжка было думаць аб такіх звычайных рэчах, калі я сябе не помніла ад хвалявання.
Часу было мала: відаць, вось-вось праб'е сем гадзін, да адыходу цягніка заставалася ў лепшым выпадку дваццаць хвілін; праўда, суцяшала я сябе, я іду не дзеля таго, каб развітацца, калі я надумала суправаджаць яго, суправаджаць да таго часу, пакуль яму гэта будзе пажадана. Слуга вынес чамаданы, а я пабегла да касы гатэля, каб заплаціць па рахунку. Адміністратар ужо працягваў мне рэшту, я ўжо збіралася ісці, як раптам чыясьці рука ласкава дакранулася да майго пляча. Я здрыганулася. Гэта была мужава стрыечная сястра; устрывожаная недамаганнем, якое я перад ёю разыграла, яна прыйшла наведаць мяне. У мяне пацямнела ў вачах. Я не магла прыняць яе: кожная секунда магла аказацца пагібельнай; але ветлівасць абавязвала мяне ўдзяліць ёй хоць крыху ўвагі.
– Ты павінна легчы ў ложак, - настойвала яна, - я ўпэўнена, што ў цябе гарачка.
Мусіць, гэтак яно і было, бо ў скронях у мяне стукала, перад вачамі мільгалі сінія кругі - яшчэ крыху, і я магла б страціць прытомнасць. Я адмовілася легчы і падзякавала ёй за спагаду, хоць кожнае слова пякло, як агнём, і мне вельмі хацелася выштурхнуць яе вон разам з яе надакучлівымі клопатамі. Але няпрошаная госця ўсё не ішла і не ішла; яна прапанавала мне адэкалону, не паленавалася сама пацерці мне скроні, а я лічыла хвіліны, думала аб ім, ламала галаву, як бы мне пазбавіцца ад гэтай пакутлівай спагады. І чым болей я хвалявалася, тым мацней рабілася яе трывога за мяне; нарэшце яна паспрабавала ледзь не сілаю прымусіць мяне падняцца ў нумар і легчы. Але раптам - сярод яе ўгавораў - я кінула позірк на гадзіннік, які вісеў у вестыбюлі: дваццаць восем хвілін на восьмую, а ў сем трыццаць пяць адыходзіць цягнік. І рэзка, парывыста, з грубаю роспачнаю абыякавасцю я сунула стрыечнай мужавай сястры руку: «Бывай, мне трэба ісці» і, не звяртаючы ўвагі на яе неўразумелы позірк, стрымгалоў прабегла міма здзіўленых лакеяў, выскачыла на вуліцу, кінулася да вакзала. Ужо па ўсхваляванай жэстыкуляцыі слугі, які чакаў мяне з багажом на пероне, я зразумела, што пазнюся. Я рванулася да бар'ера, але мяне спыніў кантралёр: я забылася ўзяць білет. І пакуль я адчайна ўгаворвала яго прапусціць мяне, цягнік крануўся з месца; дрыжучы ўсім целам, я напружана ўглядвалася, спадзеючыся злавіць у адным з акон хоць позірк, ці прывітанне, ці знак рукою. Але ў паспешным бегу цягніка я ўжо не магла распазнаць яго твар. Усё хутчэй каціліся вагоны, і праз хвіліну перад маімі невідушчымі вачамі не засталося нічога, акрамя чорнага дымнага воблака.