Шрифт:
Паніч. Ты, мой міленькі, азвярэў і не помніш сам, што кажаш. Ведай тое: што кіўну я толькі пальцам, і ты зараз жа зазвоніш ланцугамі за напад на маіх людзей з тапаром, калі ягамосця з хаты выпрошвалі.
Сымон. Ведаю, ведаю! Але пакуль гэта мая сяст-рычка не абрыдне панічу, то ён на яе брата і на матку не кіўне пальцам.
Зоська(увесь час сочыць за Сымонам і тапаром). Братачка! Нашто ты сваю сястру так у балота топчаш? Яшчэ і паміма цябе яе людзі натопчуцца! Кінь дакучаць панічу і мне: гэтым бядзе не паможаш!
Сымон. Ха-ха-ха! Можа, на калені скажаш стаць і маліцца перад ім? (Да Паніча.) Чаго, паніч, прыйшоў сюды? Ці ж табе мала, што яна туды, пад твой палац, бегае? Ці ж табе гэтага мала?
Паніч. Я прыйшоў табе сказаць: дакуль вы будзеце сядзець на маім полі?
Сымон. Я не на панічовым сяджу, а на сваім, і ніхто мяне згэтуль не згоніць!
Паніч А закон нашто?
Сымон. Я і чакаю закону: суд будзе, І праўда верх возьме.
Паніч. Каб за табой праўда была, то не сядзеў бы гэтак пад голым небам.
Сымон. Нашто ж нас да гэтага давёў? Нашто хату раскідаў?
Паніч. Бо з майго лесу была пабудавана.
Сымон. А хто будаваў гэтай вось сякерай? (Трасе сякерай.)
Зоська(становіцца між Панічом і Сымонам). Братачка! Адна сякера пабудавала, а другая раскідала,— прычым жа тут паніч? Ен яе ніколі і ў рукі не бярэ.
Уваходзіць Данілка.
З'ява VIII
Тыя ж і Данілка.
Данілка(убок). А бач! I панічок прыйшоў к нам у госці! Толькі чым мы яго пачастуем? (Да Ланіча.) Пахвалёны Езус, панічу! А я маю да цябе важны інтэрас: пазыч ты мне жыл на струны і конскага хваста на смык, бо скрыпачку сваю зараз такі змайструю, а іграць не будзе як. Пазыч, панічок! Як разбагацеюся, тады аддам.
Сымон. Ты б лепей сабе вяроўкі на пятлю папрасіў — гэтага скарэй у людзей дастанеш.
Паніч. Табе б з ахвотай яе пазычыў...
Сымон(панура). Так, як і бацьку.
Зоська. Панічок, не крыўдуйце на яго! Ён не так! нягодны, як хоча паказацца. Ён з часам пераменіцца і будзе табе служыць, ох, як верна служыць! Тваё полейка араць, тваіх конікаў даглядаць, тваіх дзетак вазіць. А мы з мамкай дабрыцо будзем жаць, для цябе, панічок, жаць! Дык не крыўдуйце на яго!
Паніч. Я не ведаю, хто тут пан — я ці ён?
Сымон. Ніхто!
Данілка. Ты, Сымонка, як я віджу, толькі вадзішся з панічом, а не пагаворыш, як на гаспадара прыстала, аб важнейшых справах. Тату сягоння пахаваў, а крыжа і не паставіў. Папрасі ў паніча дзерава на крыж.
Паніч. На гэта ў мяне лесу хопіць. Можаце колькі хочучы з майго дзерава ставіць крыжоў. Без просьбы — пазваляю.
Сымон. Замнога ласкі!.. Я сам стану крыжам на бацькавай магіле і буду вечна сцерагчы, каб твае плугі не разрыл! яе, як тапары твае сцены гэтыя!
Паніч. Вар'ят! Ці ж не твае рукі гэта рабілі і робяць? Падумай толькі! (Шыбка выходзіць, пасвістваючы.)
Данілка(услед яму). А па жылы і хвост я прыйду да паніча. Скажы толькі сабакі прывязаць!
З'ява IX
Тыя ж без Паніча.
Зоська(да Сымона). Ты ўгнявіў яго, Сымонка. Пазволь — я пабягу і перапрашу. (Меціцца бегчы.)
Сымон(сціскаючы тапор І загароджваючы дарогу). Толькі краніся ў той бок!..
Зоська з плачам апускаецца на зямлю. Сымон, кінуўшы тапор, садзіцца на ўслончыку і апускае галаву на далоні. Данілка выцірае рукавом вочы.
Паволі апускаецца заслона.
Акт трэці
З'ява І
Марыля адна.