Гениюш Лариса Антоновна
Шрифт:
У Бога – народаў многа, але на кожнага хапае найвышэйшай апекі. Таму ў цяжкую для народа часіну Бог пасылае пасіянарных асобаў, якія здольныя абудзіць, раскатурхаць, вывесці яго са стану нацыянальнага здранцвення. У 1840 годзе Бог паслаў беларусам Багушэвіча – каб не ўмёрлі. І яны не ўмёрлі. Праз два пакаленні Бог паслаў Францішку ў помач Купалу з Коласам – з цэлым народам гутарку весці, а дакладней – выкласці перад народам цэлую нацыянальную праграму. І яны выклалі – найперш праз газету “Наша Ніва”. Наступным пасланцом Божай пасіянарнай дружыны стаў Максім Багдановіч, чыё прозвішча наўпрост паказвала, кім ён пасланы-дадзены. Здавалася б, на мяжы неспакойных стагоддзяў, калі зямля пад нагамі захадзіла, ужо ніхто не засне, абуджэнне пяройдзе ў адраджэнне, а адраджэнне – у нармальнае жыццё. Але абуджаныя беларусы адрадзіцца не паспелі. Давялося Богу і ў ХХ стагоддзі паўтараць свой пасіянарны дэсант на Беларусь.
Калі чытаеш першыя старонкі аўтабіяграфічнай “Споведзі” Ларысы Геніюш (а нарадзілася яна паводле новага стылю 9 жніўня 1910 года ў фальварку Жлобаўцы на Ваўкавышчыне), то міжволі складваецца ўражанне, што прыйшла яна ў гэты свет з нейкім заданнем, з пэўнай высокай будзіцельскай місіяй. “Народ ляжаў бяздзейнай і бяспраўнай палітычнай масай… Я нарадзілася такой, ад пялюшак ужо прасякнутай усім, што наша, з болем і прагай змагання”. Нарадзілася, прыкмецім гэта, Міклашэвічанкай, і дзед яе – Павал Міклашэвіч, і бацька – Антон Міклашэвіч, працавалі на зямлі і мелі гэтай самай зямлі шмат. Але не жыта жаць і не снапы ў мэндлікі ставіць наканавана было Ларысе, і Божы провід разам з мужам дае ёй прозвішча Геніюш (у перакладзе з лацінскай – дух-ахоўнік). Са Жлобаўцаў яна пераязджае ў Зэльву, і пра што з маладой нявесткай, выпускніцай польскай гімназіі, гаворыць яе свёкар, дабрэйшай душы чалавек Пятро Станіслававіч Геніюш? Пра Полацкае княства і пра тое, ці ўтрымаецца Беларусь, калі стане незалежнай. А якія кнігі падсоўвае сваёй каханай жоначцы пражскі студэнт Янка Геніюш? “Шляхам жыцця” Янкі Купалы. Нібы эстафетную палачку – ад будзіцеля будзіцелю. І што тут выпадковае, а што прадвызначанае?..
Дарэчы, у Геніюш з Купалам не ўсё было гладка. Не як у вучаніцы-наступніцы з настаўнікам-папярэднікам. Былі прэтэнзіі светапогляднага характару. У адным з вершаў, папракнуўшы Купалу ў празмернай плаксівасці, што выглядала як выклік і парушэнне ўсіх субардынацый, Геніюш усё ж не магла парушыць субардынацыю любові, нават калі просталінейна заяўляла:
“Я змалку прывыкла дастойна ісці, і я не заплачу з табою. Мне – іншая доля ў нялёгкім жыцці, Купала каханы, я – з бою!”Вось такія разыходжанні і прызнанні ў любові. Ларысе Геніюш бракавала “бою” не толькі ў творчасці Купалы. За адсутнасць пратэсту яна катэгарычна не прымала Уладзіміра Дубоўку. Патрабавала рашучасці ад літаратуразнаўцы Міколы Прашковіча, а за кожны кампрамісны крок выгаворвала яму як апошняму адступніку. Папракала Янку Брыля за пасіўнасць ягонага героя Алеся Руневіча з “Птушак і гнёздаў”…
З Янкам Брылём адносна Ларысы Геніюш у мяне аднойчы невялічкая спрэчка адбылася. Загаварылі пра нашых паэтак, і шаноўны Іван Антонавіч назваў тры з іх – Ніну Мацяш, Наталлю Арсенневу і Ларысу Геніюш (менавіта ў такой паслядоўнасці). Паслядоўнасць гэтую мне і захацелася перайначыць, і тут я пачуў, што Ларысу Геніюш у вачах чытачоў узвышае Гулаг, а пісаць яна магла б і лепш. Я зрабіў выгляд, што пагадзіўся, і тут жа запытаўся: “Іван Антонавіч, а якая самая высокая гара ў свеце?” Здзіўлены раптоўным пераходам ад літаратуры да геаграфіі, Брыль не адразу назваў Джамалунгму, патлумачыўшы заадно, дзе той Непал знаходзіцца. Мне стала трохі няёмка, але мусіў дагаворваць да канца: “Не, Іван Антонавіч, самая высокая гара ў свеце – Галгофа”. “Ну, калі ў такім сэнсе,” – лагодна ўсміхнуўся атэіст Брыль.
Галгофа сапраўды ўзвышае. Што праўда, ва ўсе часы былі аматары ўплятаць дэкаратыўныя церні ў свае лаўравыя вянкі. Таму і ўлаўраны паэт часам выглядаў бутафорна, хоць вазьмі і сашчыкні лісток-другі на прыправу.
У Гулагу цёплалюбны лаўр не рос, а вось з тысячаў кіламетраў калючага дроту можна было звіць мільёны церневых вянкоў.
Крыжовы шлях Ларысы Геніюш цягнуўся восем доўгіх гадоў. Тыя, хто адпраўляў яе на пакуты, думалі, што перамога за імі. Але яны памыліліся. Гэтую жанчыну перамагчы было немагчыма. У пераможцах заўсёды заставалася яна.
Гестапаўцы ў 1942 годзе, пасля выхаду ў свет зборніка “Ад родных ніў”, так і не дамагліся ад яе паэтычных дыфірамбаў фюрэру. Хоць і пагражалі Асвенцымам.
Галоўны гэбіст БССР Цанава ў сутарэннях менскай амерыканкі восенню 1948-га так і не даведаўся ад яе, дзе архівы БНР.
Вярхоўны суд у 1949-м так і не пачуў ад яе прызнання віны і пакаяння.
Усе лагерныя дзяржыморды, як ні стараліся, не паставілі яе на калені.
ЦК КПБ так і не прымусіў яе прыняць савецкае грамадзянства.
Атэістычная ўлада не змагла адабраць у яе веры ў Бога.
Татальная русіфікацыя не заглушыла на яе вуснах беларускай мовы.
Цэнзура была змушаная прапускаць яе вершы ў друк…
Ларысе Геніюш дадзена было перамагчы. І яна – з гледзішча вечнасці – перамагла. І як жа памыляецца той, хто і сёння лічыць яе пераможанай і самаўпэўнена заяўляе з экрана БТ, што ён, ці бачыце, разабраўся з Геніюш! Ларыса Геніюш пераможа і яго. Не дапаможа і дасье, сфабрыкаванае на паэтку службістамі Цанавы і схаванае за сямю замкамі ў іхнім сумнавядомым ведамстве.
Увогуле, усе партыйныя сакратары, фюрэры і прэзыдэнты павінны ведаць, што вайна з пісьменнікамі, з літаратурай бессэнсоўная. Ваяваць з літаратурай – як страляць з рагаткі па зорках. І ўсё ж знаходзяцца аматары паваяваць. Хто з рагаткай, хто з рагацінай. Не навучыла іх савецкае мінулае рабіць высновы з ранейшых памылак. Для такіх Ларыса Геніюш прыдумала трапнае слова – сталіназаўры. Што ж, з усёй пароды выкапнёвых яны аказаліся самыя жывучыя. Але і сталіназаўры вымруць.
У савецкай Беларусі з Ларысы Геніюш імкнуліся зрабіць этнаграфічную паэтку. Хвалілі яе паэму “Куфар”, дзе сапраўды па-майстэрску ўслаўлялася спрадвечнае рамяство жанчыны-ткаллі. Паэма насамрэч нагадвала музей беларускага ткацтва, дзе ў вока наведніку западалі непаўторнымі ўзорамі падвойныя дываны, паясы, кашулі-вышыванкі. Але Ларыса Геніюш не была этнаграфічнай паэткай. Кажучы фігуральна, на дне яе “куфра”, прыхаваныя ад празмерна цікаўных вачэй, маглі “ляжаць” іншыя скарбы, якія і будзілі творчую фантазію паэткі.