Гениюш Лариса Антоновна
Шрифт:
Сапраўдны талент – ён заўсёды шчодры. Пушкін падараваў Гогалю ідэю “Рэвізора” і “Мёртвых душаў”. Дзевяць з дваццаці трох строфаў верша Адама Міцкевіча “Паніч і дзяўчына” напісаныя (ананімна) ягоным сябрам Антоніем Адынцом. Ларыса Геніюш падказала Караткевічу сюжэт апавядання “Сіняя-сіняя”. Пра што ўдзячны Уладзімір Сымонавіч па-сыноўску сардэчна згадваў у адным са сваіх лістоў у Зэльву.
Што да эпісталярнай спадчыны самой Ларысы Геніюш, то яна здзіўляе і колькасна, і якасна. У гісторыі сусветнай літаратуры я не ведаю другога такога пісьменніка, які гэтак жа шчодра выдаткоўваў бы свае душэўныя сілы ў эпісталярным жанры, як тое рабіла Ларыса Антонаўна. Ёю напісаныя тысячы лістоў сябрам па ўсім свеце.
Калісьці ў лагеры геніюшаўскія вершы вязні называлі глюкозай – яны дапамагалі перажыць доўгія гады змушанага безрадзім’я, той патрыятычны авітаміноз, які ўзмоцнена насаджаўся савецкай уладай паўсюль, а ў Гулагу – асабліва. Глюкозай беларушчыны, відавочна, былі і лісты Ларысы Геніюш, якія многім суайчыннікам не далі ўпасці ў адчай і беспрасветны смутак. Як у амаль дарэшты ссавечанай Беларусі, гэтак і ў свабодным свеце, несвабодным, аднак, ад працэсаў асіміляцыі.
Чытаеш, напрыклад, перапіску Ларысы Геніюш і Зоські Верас і толькі дзіву даешся: як гэтыя дзве бабулі падтрымлівалі на духу, кажучы па-царкоўнаму, духоўна акармлялі дзесяткі і дзесяткі людзей, якія да іх звярталіся!
Ларыса Геніюш магла дзе-небудзь на палях ліста сябру ці сяброўцы дапісаць некалькі вершаваных радкоў – як бы ненарокам, як бы неабавязковым дадаткам. Але чалавек чытаў ліст і разумеў, што ў ім дадатак, а што галоўнае.
Галоўнае запаміналася без перачытванняў, гучала афарыстычна-запаветна:
“Дабро ў жыцці – як перамога над чорным апрамеццем зла. Дык будзем жа часцінкай Бога, Ягонай праўды і святла!”Ларыса Геніюш умела “серед лиха співати пісні”, як выславілася ў вершы “Contra spem spero!” Леся Украінка. Дарэчы, з яе сястрой беларуская паэтка пасябравала ў Празе – некалькі гадоў жылі ў адным доме. Пані Аксана Косач нават перадрукоўвала на сваёй машынцы тастамент Васіля Захаркі, паводле якога яе суседка пераставала быць толькі паэткай і рабілася палітычным дзеячом, хай сабе і ў сімвалічным урадзе.
Напачатку юбілейнага 2010-га – Года Ларысы Геніюш – мы сядзелі і размаўлялі з яе унукам Міхасём у занесенай снегам вёсачцы пад Беластокам. У печцы патрэсквалі дровы, са сцяны на нас глядзела маладая, у модным капялюшыку, бабуля, а перада мною на стале ляжаў зборнік “На чабары настоена” з яе апошнім аўтографам: “Адыходзячы пакідаю, Міхасёк, Табе маю любоў і благаслаўленне. Ларыса Геніюш. Гродна, больніца. 22.3.83 г.”.
Я спытаўся ў свайго цёзкі – які галоўны жыццёвы ўрок атрымаў ён ад свае бабулі? (Мы запісвалі перадачу для радыё “Свабода”, і мне хацелася пачуць нейкі арыгінальны адказ.) Але ў адказе прагучалі два звычайныя словы: бабуля наказвала ўнуку – трымайся праўды!
Праўдзе не патрэбныя пстрычкі парадоксаў.
Праўду не закапаеш і не сашлеш у Гулаг.
Ларыса Геніюш перамагла – праўдай.
Міхась Скобла.
Ад родных ніў (1942)
1941