Шрифт:
– Лухта!
– выгукнуў мужчына.
– Мы - ёсць, якія ж мы мёртвыя?
– Існуем не мы, а наша свядомасць. Яна памятае вобразы і стварае іх, - спакойна адказала жанчына.
– Ужо колькі часу едзем - нехта захацеў піць? Некаму стала мулка? Наша фізічная абалонка - прыдумка мозгу...
– Якая такая прыдумка?!
– Самая простая, - стомлена адмахнулася жанчына.
– Памацайце ў сабе пульс, прыкладзіце руку да сэрца... там нічога не б'ецца...
Услед за гэтымі словамі наступіла бадай што самая страшная хвіліна. Кожны мог праверыць на сабе...
– Карацей, скліфасоўскія, там станцыя хутка?
– раздражнена спытаў хлопец, у якога закончылася піва.
– Мяне смага мучыць, а вы тут пра поле нейкае... Вадзіцель, прыпыніся, блін, мне да ветру трэба...
Нехта нервова хіхікнуў. І гэта было адзіным адказам на голас хлопца.
– Баб, а я на ногі стаць магу!
Гэты радасны вокліч хлопчыка-інваліда нібыта страсянуў салон. На яго азірнуліся - а хлопчык і праўда стаяў між крэслаў, трохі прыгнуўшыся, бабуля побач бязгучна плакала і гладзіла абедзвюма рукамі яго ногі.
І тыя, хто не верыў - паверылі. Зразумелі. Усвядомілі.
– Так нельга... так немагчыма... Не, я не магу памерці! Я не магу! Не магу!!!
Нервовая жанчына з непрыгожым худым тварам біла сваёй сумачкай сябе па каленях і крычала.
– Мы ўсе не можам памерці!
– заўважыў Антось.
– І я не магу. Не магу, таму што не зрабіў, не дарабіў, не здолеў, не паспеў, - адчай прарваўся ў яго голасе.
– І жонка засталася...
Жанчына павярнулася да яго - вочы яе, глыбока запалыя, у цёмным паўкружжы ценяў блішчэлі слязьмі.
– У мяне... У мяне памірае дачушка. Нямецкая клініка згадзілася прааперыраваць. Два месяцы мы збіралі грошы. 25 тысяч долараў ляжыць у маім электронным кашальку. Я еду каб вывесці іх. І не змагла, я не змагла....
– Дык... нехта выведзе, - паспрабаваў супакоіць Антось жанчыну.
– Не зможа! Ніхто не зможа!
– жанчына зноў біла сваёй сумачкай сябе па каленях.
– Гэта ж мой кашалёк у Сеціве! Ніхто, акрамя мяне, не ведае пароля. Ключы ад кашалькоў вось, у сумачцы, на флэшцы... Божа, што ж ты так караеш маю донечку! Яна ж не вінаватая ні ў чым!..
– А... муж?
– асцярожна спытала жанчына-ўрач.
– Збег... Збег наш татачка, як толькі дыягназ выставілі... Я не магу, мужчыны, ну прыдумайце ж што-небудзь! Нельга мне забіраць з сабой гэтыя грошы! Я ж забіваю дачку. Ёй жа толькі 7 гадочкаў, Божа! Ты чуеш, ці не? Што ж мне брахалі папы ў цэрквах? Дзе ты, Бог? Дзе той твой свет, дзе вароты і Пётр?
– Супакойцеся, - мякка, але настойліва сказала жанчына-ўрач.
– Не супакойвайце мяне!
– істэрычна закрычала жанчына, ў роспачы падхапілася і апынулася ля мужчыны з ноўтбукам.
– Ну выйдзіце, выйдзіце ў Сеціва, напішам пісьмо, я скажу паролі, перадам ключы!
Мужчына уздрыгнуў, сцяўся, быццам чакаў удару, і адчуваючы нейкую толькі яму зразумелую віну ў тым, што адбывалася, адказаў:
– Я магу выйсці ў Сеціва... Але...там таксама спыніўся час... для нас спыніўся... І... мне нічога не ўдаецца перадаць. Я пішу... а даныя не перадаюцца... Як быццам нас няма...
– Нас і няма. Нас няма для свету жывых, - катэгарычна паўтарыла свой вывад жанчына-ўрач.
– А свет мёртвых не можа стасавацца са светам жывых.
– Ы-ы-ы-ы, - раптам завыла тоўстая жанчына, з нянавісцю павярнулася да свайго худога пасажыра, якога карміла нядаўна курыцай.
– Праз цябе! Няўклюда! Бздыр! Ты нават машыну не здолеў купіць! Не змог навучыцца вадзіць! Праз цябе! Ўсё жыццё загубіла, што я бачыла? Тхор смярдзючы! 25 гадоў табе аддала, а што бачыла? У-у-у, смактун-крывасос!
– Праз мяне?
– нечакана весела адрэагаваў мужчына.
– Ты калі-небудзь лічыла мяне за чалавека, не кажучы ўжо пра мужчыну? Ты са сваёй мамай зрабіла з мяне свайго слугу - і ты хацела ад мяне нечага, вартага чалавека?
– От і пражыў пад спадніцай маёй! Хоць гэта мяне супакойвае!
– Ты ніколі не вызначалася сваім розумам, - з усмешкай працягваў мужчына.
– Думаеш, калі ты не бачыш ува мне чалавека, то і ніхто не бачыў?
– Што-о-о?
– разгублена акругліла вочы таўстуха.
– Тое. Усе гэтыя 25 гадоў у мяне была жанчына. Не проста жанчына - сям'я! Яна нарадзіла мне сына, і той ужо вырас. І прозвішча ён маё узяў. І мы былі шчаслівыя.
Таўстуха хапала ротам паветра, імкнулася нешта сказаць. Але мужчына не стаў чакаць, пакуль яна здолее выціснуць з сябе слова, устаў і загадаў ёй: