Караткевіч Уладзімір Сямёнавіч
Шрифт:
Абняліся і плачуць разам.
Вярыга. Я пабачыў Наташу ў пад’ездзе. Чакалі разам. Толькі што Алесь прабег, без шапкі. Каб ён не выйшаў – давялося б да заўтрашняй раніцы чакаць.
Ганна. Чаму?
Вярыга. Сэрца баліць, Ганначка, друг мой стары. Не кідай гэтага чалавека. Ён добры, ён заблытаўся толькі. Цяжка было ісці прама. Зрабі, каб ён ажыў, каб я мог прыехаць зноў.
Ганна. Паспрабую, родны. Але што я магу? Я жанчына, ды яшчэ і...
Вярыга. У цябе сэрца. I гэтым сэрцам ты разумней за нас.
Наташа. Сяргей!
Дзверы ў пакой Сяргея адчыніліся. Сяргей на парозе.
Сяргей. Пачакайце хвіліну. Мама. Хадзі сюды.
Ганна ідзе да яго.
Вярыга. Ну што, смялей у дарогу. А я вось так і не знайшоў дачкі. (Паўза.) Наташа, будзь ты мне замест дачкі, а Сярожка замест сына. Пераязджайце да мяне.
Наташа. Дзякуй вам. Але ён хлопчык з кажушанага рукава. На мароз, на добры мароз!.. Яно добрае і суровае, жыццё! Мы будзем працаваць, як валы. Нічога, абы разам.
Вярыга. А дапамагаць вам часам можна?
Наташа. Не трэба. I ён не возьме. Яму зараз трэба толькі самому, каб шчыра глядзець у вочы.
Вярыга. А летам хоць можна вам да мяне прыехаць?
У яго такі самотны выгляд, што Наташа сумелася.
Наташа. Гэта можна. Абавязкова прыедзем.
Вярыга. I лічыць мяне блізкім можна?
Наташа. Можна... тата.
Вярыга. Ну вось... вось, значыць, як.
З пакоя выходзіць Сяргей з маленькім чамаданам. На ім старое паліто.
Ганна. Ты хоць бы новае апрануў.
Сяргей. Не магу, матулечка. Бывай, мая родная. Даруй за ўсё, мая прыгожая. А Янка дзе?
Але дзверы ўжо расчыняюцца. Янка робіць некалькі крокаў да Сяргея.
Янка. Гэта ўсё ты! Гэта ты на бацьку...
Сяргей. Развітваемся, Янка.
Янка. Я пакуль што не магу яшчэ адлупцаваць цябе, але хутка я вырасту, і тады я так, я так цябе адлупцую.
Сяргей. А я не магу пакуль што ўзяць цябе з сабой, але хутка я стану зарабляць, і тады я абавязкова вазьму цябе... абавязкова.
Янка. Я хутка вырасту, і...
Сяргей. Янка, братка, набі мяне. Ну... зараз.
Янка кідаецца на Сяргея і ўвесь калоціцца ў яго руках.
Янка. Сярожа, Сярожа, Сярожа.
Сяргей. Бывай, мой братка, бывай, мой малы чалавек. Бывай, маці.
Вярыга. Гэта мае дзеці. I твае, маці... Помні, што я прасіў. Ён вернецца да нас. Ён абавязкова вернецца.
Выходзяць. Сцэна пусцее. З рэпрадуктара ціхая музыка. Потым з перадпакоя вяртаецца Ганна, несучы Янку.
Ганна. Нічога, Яначка, нічога. Я не Альжбета, але я таксама раскажу табе казку, як жылі людзі трошкі далей да месяца і бліжэй да сонца. Яны вельмі цікава жылі, гэтыя людзі.
Панесла Янку ў сталовую. Зноў пуста. Зноў музыка. За вокнамі пачынае падаць густы сіні снег. У пакой нячутна ўвайшоў Алесь Пятровіч. Валасы яго мокрыя. Падышоў да дзвярэй Сяргея, хацеў пастукаць і апусціў руку.
Алесь. Ціха, як быццам усе памёрлі. Пусты дом. Хлопчык меў рацыю.
На парозе сталовай стаіць Ганна і глядзіць на мужа.
Ганна. Адны мы засталіся, Алесь.
Алесь. Дзе Сяргей?
Ганна. Пакінуў дом.
Алесь. Так, зразумела. Усё зразумела... Снег за акном. Зіма. (Ён падыходзіць да шафы.) Дзесьці жывуць такія яшчары. Ходзяць на шасці лапах... (І раптам хапае вазу і з усёй сілы б’е яе аб падлогу.) На табе, дрэнь!