Вход/Регистрация
Жыцце і ўзнясенне Уладзіміра Караткевіча
вернуться

Мальдис Адам Иосифович

Шрифт:

Крытыкі і даследчыкі (М. Барсток, С. Гаўрусёў, Я. Шпакоўскі, М. Ярош) у свой час аднадушна ацанілі "Маю Іліяду" як значнае творчае дасягненне аўтара, як кнігу спелую, маштабную і цэласную, як сведчанне непарыўных сувязей з Купалавай і Багдановічавай традыцыямі і смелага наватарства. Вядома, у рэцэнзіях былі і крытычныя закіды — у празмернай рацыяналістычнасці асобных вершаў, зададзенасці, кніжнасці. І ўсё ж хочацца тут удакладніць, што ўказаныя "недахопы" з'яўляюцца працягам "вартасцей" Караткевіча, тлумачацца асаблівасцямі яго таленту. Кніга, літаратура, не толькі беларуская, але і славянская, еўрапейская, сусветная, былі для яго такой жа крыніцай натхнення, такой жа глебай, што і рэальнае жыццё.

У сямідзесятыя гады значна пашыраюцца творчыя гарызонты Караткевіча. Ён многа і прагна чытае, часта глядзіць тэлевізар. Даволі многа ездзіць у іншыя рэспублікі — у Арменію, Грузію, Латвію, Эстонію. Некалькі разоў выбіраецца — адзін і з Валянцінай Браніславаўнай — у Польшчу і Чэхаславакію.

Першая зарубежная паездка Уладзіміра Караткевіча адбылася ў 1971 годзе. Яго запрасіў у Кракаў дацэнт Ягелонскага універсітэта, чэхіст па спецыяльнасці Здзіслаў Нядзеля. Ураджэнец Беларусі, ён дужа хацеў паглядзець сваю радзіму, і ў 1969 годзе я запрасіў яго ў Мінск, тады ж пазнаёміў з Караткевічам. Нядзеля хацеў адказаць рэваншам і ўзаемна запрасіць мяне ў госці. Але я сказаў:

— Мяне збіраюцца і так паслаць у Польшчу ў навуковую камандзіроўку. То лепей няхай пан Здзіслаў запросіць Валодзю. За граніцай ён яшчэ ніколі не бываў: у афіцыйныя дэлегацыі яго не ўключаюць па "крамольнасці". А ў Польшчы пабываць хоча, бо цікавіцца яе гісторыяй, у многім для нас агульнай.

— Толькі адначасова з табой, Адасевіч, — папрасіў Валодзя. — Што я там адзін буду рабіць.

Так і рашылі: Нядзеля вышле запрашэнне не мне, а Караткевічу. Аднак час ішоў і ішоў. Мая трохмесячная камандзіроўка ўсё адкладвалася (па той жа "крамольнасці"). Нарэшце восенню 1971 года яна стала рэальнасцю. Мы дамовіліся, што Валодзя прыедзе ў Кракаў, калі ўжо акліматызуюся там пасля Варшавы, што мы абавязкова сустрэнем яго на пероне. 25 лістапада Нядзеля загадзя выбраўся са мною на вакзал і, спасылаючыся на тое, што цягнікі ў Польшчы звычайна спазняюцца, прапанаваў зайсці на "маленькую чорную". На перон мы выйшлі цюцелька ў цюцельку па раскладзе і — здранцвелі: цягнік, чаго ў Польшчы звычайна не бывае, прыбыў з апераджэннем, стаяў пусты. Мы кінуліся туды, дзе свяціліся літары "Выйсце до мяста", і каля агароджы знайшлі Валодзю, разгубленага і пакрыўджанага. Як ён дацягнуў туды чамаданы — аднаму пану богу вядома.

— Яшчэ пяць мінут — і аддаў бы прызначаныя для вас запасы першаму лепшаму таксісту, — напаў на нас Караткевіч ледзь не са слязьмі на вачах.

Час быў позні. Дачакаўшыся таксі, мы раз'ехаліся: Валодзя — да Нядзелі, на вуліцу Дэшчовую, а я — у свой гатэль "Краковія". Дамовіліся толькі, што назаўтра сустрэнемся "Пад Сукеніцамі", у цэнтры горада, гадзін так у чатырнаццаць, калі я ўжо крыху папрацую ў бібліятэцы.

А назаўтра быў Караткевічаў дзень нараджэння. "Пад Сукеніцы" прыйшоў ён урачысты, у белай кашулі. Пад гукі гейнала з Мар'яцкай вежы ўсклаў кветкі да помніка "нашаму супольнаму" Адаму Міцкевічу. Пакарміў галубоў купленым зернем. Паабедалі мы адны, бо Здзіслаў мусіў пайсці ва універсітэт. Да запланаванай "імяніннай" вячэры было яшчэ далёка, і Валодзя папрасіў мяне:

— Не ідзі ўжо ты да сваіх манускрыптаў. Пабудзь сёння са мною. Звадзі мяне на які гістарычны фільм.

І мы пайшлі ў нейкі трэцеразрадны кінатэатр. Дэманстраваўся італьянскі гістарычны фільм пра жахі роду Медычы. Асобныя сцэны былі проста жорсткія: дачка і маці засякаюць бацьку-распусніка, адно забойства адбываецца за другім. І на вуліцу выйшлі мы змрачнаватыя. Дзень таксама выдаўся пахмурны, даждлівы. І таму, ведаючы з газет, што ў гэты дзень будзе факельнае шэсце студэнтаў-гарнякоў і які яго маршрут, я рашыў крыху ажывіць, расшавяліць імянінніка:

— Ведаеш, Валодзя, дзіўны народ гэтыя палякі. Неяк даведаліся, што сёння твой дзень нараджэння, і рашылі ўстроіць у яго гонар факельцуг…

— Ну і даеш ты… За старыя жартачкі ўзяўся?!

— Вось пабачыш, ці жартую, калі мы дойдзем да таго скрыжавання.

Дайшлі — і Валодзя спыніўся, здранцвелы: насустрач нам рухалася мора агню.

— Бож-жачка мой! — схапіўся ён за галаву. — І што: усіх іх — запрашаць? На дзве пляшкі "Белавежскай"?!

Тут я не вытрываў, рассмяяўся. Разрагатаўся і ён. Гуморы яўна паправіліся. І мы зайшлі ў прыватную краму на вуліцы Кроводэрскай ("якая назва, дзед, напэўна ж, тут калісьці здзіралі скуры з кароў"), купілі шампіньёнаў і бульбы. Чакаючы гаспадара кватэры, Караткевіч спёк бульбу з шалупіннем у духоўцы, засмажыў паводле свайго рэцэпта ("каб лыжка стаяла!") грыбы, накрыў стол.

Нядзеля вярнуўся з работы не адзін, а з прафесарам Бялградскага універсітэта Стоянам Субоціным (на жаль, таксама ўжо нябожчыкам).

— Не хапае толькі таварыша Панядзельнікава! — сустрэў іх Валодзя.

Прафесар Субоцін цікава расказваў пра югаслаўскі рух Супраціўлення, пра сваю літаратуру. І тут Караткевіч нечакана пачаў чытаць на памяць вершы чарнагорскага паэта Радуле Стыенскага, якія спадабаліся яму яшчэ ў дзяцінстве. Югаслаўскі літаратуразнавец прызнаўся, што чуе гэта імя… упершыню. Праўда, прафесара крыху апраўдвала тое, што Стыенскі да вайны жыў у СССР, з-за чаго яго неадназначна ўспрымалі на радзіме.

Нядзелю ж Караткевіч здзівіў тонкім веданнем польскай паэзіі. Яны заспрачаліся з-за нейкага радка Галчыньскага, і, калі звярнуліся да зборніка, аказалася, што рацыю меў беларус.

Увогуле ж Валодзя быў крыху сумнаваты: упершыню яго дзень нараджэння адзначаўся не дома, не ў Беларусі, без маці, якую ён вельмі любіў, святкаваўся без асаблівага "размаху", шумнай кампаніі. І мы, як умелі і маглі, стараліся, каб у Кракаве ён адчуваў сябе нібы дома. У наступныя дні я абводзіў яго па старых універсітэцкіх дворыках, якія памяталі Скарыну і Цётку. Здзіслаў узяў білеты ў тэатр імя Славацкага. Ішла нейкая французская п'еса на маральныя тэмы (па словах Валодзі — амаральныя!). Мы спрабавалі тлумачыць Караткевічу сэнс, але ён агрызнуўся, што ўсё цудоўна разумее і так.

  • Читать дальше
  • 1
  • ...
  • 23
  • 24
  • 25
  • 26
  • 27
  • 28
  • 29
  • 30
  • 31
  • 32
  • 33
  • ...

Ебукер (ebooker) – онлайн-библиотека на русском языке. Книги доступны онлайн, без утомительной регистрации. Огромный выбор и удобный дизайн, позволяющий читать без проблем. Добавляйте сайт в закладки! Все произведения загружаются пользователями: если считаете, что ваши авторские права нарушены – используйте форму обратной связи.

Полезные ссылки

  • Моя полка

Контакты

  • chitat.ebooker@gmail.com

Подпишитесь на рассылку: