Мальдис Адам Иосифович
Шрифт:
А Уладзімір Караткевіч? Ён таксама быў прадвеснікам новай эпохі, адметнасць і значнасць якой мы, відаць, яшчэ ўсё яшчэ недастаткова ўсведамляем, таму што самі ў ёй жывём. Гісторыкі будучыні знойдуць больш дакладныя вызначэнні і для сталінска-брэжнеўскіх часоў, і для часоў рэвалюцыйнай перабудовы. Аднак і сёння бачна, што Уладзімір Караткевіч, жывучы ў першых, тварыў, змагаўся, каб наблізіць другія. Праўда, пасеў ад ураджаю тут не быў такі аддалены, як у Скарыны і Каліноўскага. Але на тое ёсць тлумачэнне: хада гісторыі з кожным стагоддзем усё больш паскараецца. Дзесяцігоддзі спрэсоўваюцца ў гады.
"Людзей прадвесня" аб'ядноўвае "тытанізм" і шматграннасць іх працы. Яны спяшаюцца рабіць сваю справу, разумеючы, наколькі яна важная для сучаснікаў і нашчадкаў. Яны бяруца за ўсё, усведамляючы, як мала сіл.
Мяркуйце самі. Францішак Скарына — пачынальнік усходнеславянскага кнігадрукавання. Ён жа як перакладчык Свяшчэннага пісання найболей за дзесяць год здзейсніў справу, на якую ў прадстаўнікоў іншых народаў не хапала ўсяго жыцця, дзеля гэтага ён павінен быў акрамя роднай ведаць мовы стараславянскую і стараяўрэйскую, грэчаскую і латынь, польскую і чэшскую. Ён жа і мысліцель, які выклаў свае погляды ў прадмовах і пасляслоўях да выдадзеных кніг. Ён жа і найпершы наш паэт, аўтар і перакладчык канонаў і акафістаў у "Малой падарожнай кніжцы". Ён жа медык, батанік, астраном (што відаць з "Пасхаліі") і, магчыма, гравёр.
А Кастусь Каліноўскі? Стратэг і практык паўстання, больш разважлівы і дальнабачны, чым усе іншыя члены беларуска-літоўскага "ронда". Палымяны публіцыст, які ў "Мужыцкай праўдзе" выявіў глыбокае веданне эканомікі, права, гісторыі, філасофіі. Як відаць з верша "Марыська, чарнаброва галубка мая", таленавіты паэт. Жыццё Кастуся Каліноўскага абарвалася ў дваццаць шэсць год, а колькі ён паспеў здзейсніць і колькі здзейсніў бы пры даўжэйшым жыцці і іншых умовах?!
Тое ж стасуецца і да Уладзіміра Караткевіча. Пра самаахвярны тытанізм яго дзейнасці, пра незвычайную шматграннасць яго творчай індывідуальнасці ўжо сказана вышэй. Проста здзіўляешся, колькі паспеў ён зрабіць, — асабліва калі згадаць, колькі часу гублялася, — таму што былі неспрыяльныя абставіны, таму што часта апускаліся рукі.
І яшчэ адна супольная рыса — шырокі, гуманны погляд на жыццё і свет. Імкненне знаходзіць тое, што аб'ядноўвае людзей і народы. Францішак Скарына жыў у часы, калі паміж Руссю Літоўскай і Руссю Маскоўскай адбываліся частыя войны, калі ўзмацнялася варожасць паміж праваслаўем і каталіцтвам. Яму лёгка было паддацца эмоцыям, далучыцца да аднаго з варагуючых бакоў. А ён імкнуўся ўзняцца над дзяржаўнымі і канфесіянальнымі сваркамі, заклікаў да яднання. Такая ж цярпімасць і талерантнасць уласцівыя і для Кастуся Каліноўскага. Узнімаючы беларусаў, літоўцаў, палякаў на паўстанне супраць рускага самаўладства, ён ніколі не атаясамліваў яго з рускімі ўвогуле, марыў пра будучую федэрацыю вольных народаў. Што ж датычыцца Уладзіміра Караткевіча, то павага да іншых людзей і народаў былі ў яго, як кажуць, у крыві. У яго творчасці, у яго натуры арганічна спалучалася тое, што мы, часам неразумна падзяляючы, называем патрыятычным і інтэрнацыянальным.
Дарэчы, Уладзімір Караткевіч свядома арыентаваўся і на Скарыну, і на Каліноўскага, адчуваў падабенства сваёй і іх місій. Таму і шукаў сляды Скарыны ў Вільнюсе і Полацку, Празе і Кракаве, таму і прысвяціў яму два цудоўныя эсэ. Што ж датычыцца легендарнага Кастуся, то гэта быў любімы герой Караткевіча, яго другое "я". Скарыну і Каліноўскага ён успрымаў як папярэднікаў, ад якіх пераняў гістарычную эстафету.
Сённяшнія паэты ахвотна параўноўваюць Уладзіміра Караткевіча з нябеснымі з'явамі, знаходзяць яму месца побач з Леанідамі. Адным ён уяўляецца вогненным метэарытам, яркай знічкай, што прамільгнула на цёмным небасхіле. Іншым — сонечным пратуберанцам, што вырываецца наперад, здзіўляючы і шакіруючы наваколле. Вунь і гераіні паэмы Міколы Купрэева "З сястрой і Уладзімірам Караткевічам на Рагачоўшчыне" здаецца, што пісьменнік гаворыць з ёю не са старонак кніг, "а аднекуль з вышыняў"… Мне ж найбольш адпаведным здаецца параўнанне, зробленае Алесем Асіпенкам, — з "блізкай зоркай". Метэарыт ці пратуберанец згарае, знікае. А зорка — застаецца. Уладзімір Караткевіч узнёсся на небасхіл айчыннага пісьменства і гарыць там зоркай першай велічыні. Як Ютрань, зорка Пярэдадня.
Ракаў, 1987 — Палушы, 1988
Ілюстрацыі
На чытацкай канферэнцыі па рамане "Каласы пад сярпом тваім" у Інстытуце літаратуры АН БССР
Каля магілы Максіма Багдановіча ў Ялце
У Рагачове
Каля Палаца культуры прафсаюзаў у Мінску
Здымак 1968 г.
Кадр з кінафільма "Жыццё і ўзнясенне Юрася Братчыка"
На здымках фільма