Мальдис Адам Иосифович
Шрифт:
Уладзіслаў Берасневіч, гараджанін і сын гараджаніна, паказаны ў арганічнай, непарыўнай еднасці з прыродай. Як хораша чытаецца апісанне той месячнай марознай ночы, калі Берасневіч, спачатку непазнаны, вязе Алёнку на далёкую чыгуначную станцыю! Ці возьмем хаця б вось гэтыя радкі — з ліста, адпраўленнага з Залеска ў Кіеў, любай дзяўчыне: "Мы возьмем човен і поедзем уверх па цячэнні. Човен плыве, месяц вялізны, чырвоны, вада вячэрняя, ружова-блакітная, і такое ж неба. І здаецца, што човен плыве ў паветры, як казачны карабель.
А раніцою прачнешся ў сене: трава росная, хмызы гараць расою пад сонцам. Нейкі дзядзька ідзе з вобраццю лавіць каня, а балабон аддаецца недзе ў лугах, чысты, ясны, як звон той царквы, якая патанула калісьці ў Чырвоным возеры".
Пісалася гэта, калі мы пра экалогію, пра навакольнае асяроддзе яшчэ і не думалі, не гаварылі. Здавалася тады, што адведзенага нам прыродай хараства хопіць на стагоддзі. А Караткевіч, няхай і падсвядома, разумеў ужо: не хопіць, калі не ашчаджаць. Таму ў аповесці адчуваецца не толькі радасць ад адзінства з прыродай, але і затоеная трывога за яе лёс. За лёс кожнай траўкі, кожнай птушкі і нават экзатычнай афрыканскай змяі лаў.
Такая ж трывога, толькі, можа, больш выразна, палемічна выражаная, агортвае Уладзіслава Берасневіча, калі ён думае ці разважае пра гістарычную памяць народа, пра яе зберажэнне і памнажэнне. Тады, калі пісалася аповесць, нямала было дзеячаў, якія лічылі, што сапраўдная гісторыя пачынаецца толькі з іх, а ўсё ранейшае не варта асаблівай увагі або нават і шкодна. У аповесці ж Караткевіча настойліва праводзіцца думка аб жывой повязі пакаленняў. Берасневіч ганарыцца, што яго продкі актыўна ўдзельнічалі ў рэвалюцыйна-вызваленчай барацьбе. Яму блізкі стары дэкан Грушэвіч, які ў вольныя хвіліны расказваў "пра свае сустрэчы з Горкім, пра тое, як яму давялося працаваць некаторы час з Леніным". Ідэал Берасневіча — выкладчык філасофіі Маркевіч, чыё "цела ўсё пасечана ў вайну". Так што ў аповесці і блізка няма таго сурпрацьпастаўлення розных пакаленняў, якое не-не дый сустрэнецца сярод сённяшняй моладзі. Наадварот, ёсць глыбокае разуменне іх пераемнасці, разуменне таго, што трэба зберагаць і памнажаць нашу гістарычную спадчыну, захоўваць памяць пра важныя падзеі і вялікіх людзей. І гэтым, сваім гістарычным мысленнем, Берасневіч блізкі і нам, людзям іншай, але сугучнай эпохі.
І яшчэ адна вельмі істотная рыса прываблівае нас у галоўным героі аповесці. Уладзіслаў Берасневіч — чалавек дзейсны, сацыяльна актыўны. Праца дзеля іншых, дзеля грамадства — ці то на суботніку, ці то ў вясковым клубе — спараджае ў ім глыбокае, унутранае задавальненне, пачуццё выкананага абавязку. Берасневічу блізкая і дарагая родная Беларусь, яе мова, гісторыя, фальклор — і адначасова ён сапраўдны інтэнрацыяналіст, бо паважае "другія народы", ведае іх культурныя здабыткі. Ён адданы сваёй сацыялістычнай айчыне, нават у самыя цяжкія хвіліны не аддзяляе сябе ад камсамола. І таму ў адказ на дэмагагічныя абвінавачванні можа з поўным правам і адкрыта, нібы на споведзі, сказаць на студэнцкім сходзе: "І вы ведаеце мяне, вы ведаеце, я не зрабіў ніводнага ўчынку, які можна было б назваць варожым учынкам, учынкам чалавека, які ненавідзіць нашу рэчаіснасць. Маё жыццё чыстае перад камсамолам, перад дзяржавай. Калі я думаю, што ёсць у нас яшчэ цемрашалы, якія імкнуцца парушыць еднасць нашых народаў — я кажу гэта проста ў вочы і гэта не азначае, што я лічу цемрашаламі ўсіх. Калі я люблю сваю радзіму — гэта яшчэ не нацыяналізм. Я кажу адверта, што люблю".
Драматычны сход, на якім прагучалі працытаваныя словы, з'яўляецца ў аповесці кульмінацыяй усяго дзеяння. Ён істотна заважыў на лёсе галоўнага героя: яму давялося пакінуць універсітэт, адмовіцца ад аспірантуры. На доўгі час адцуралася ад яго нават Алёнка, натура тонкая і ўражлівая. Але Берасневіч свядома і мужна робіць свой выбар, ідзе на канфлікт з Маркічам і Холадавым. Мог пайсці на кампраміс, мог пакаяцца ва ўяўных грахах і, у выніку, атрымаць меншае пакаранне. Але такое не ў натуры Берасневіча. Маркічаўшчына здавалася яму небяспечным адступленнем ад ленінскіх прынцыпаў, якія для яго, як і для ягонага бацькі, свяшчэнныя. Таму ён і ідзе на подзвіг, не меншы, чым выратаванне Сяляўкі ад пэўнай смерці пад бетоннай плітой. Гэты подзвіг патрэбны не толькі Берасневічу, але і яго сябрам, бо адкрыў вочы на праўду, дазволіў ім, таму ж Сяляўку, духойна выпрастацца, скінуць з сябе цяжар "маркічаўшчыны". А калі мы прыгадаем, што тады яшчэ быў 1952 год, а "маркічаўшчына" — даволі распаўсюджанай з'явай (аналагічныя сходы перажыў Караткевіч, памятаюцца яны і мне па Беларускаму універсітэту), то становіцца зразумелай уся значнасць учынку Берасневіча. Ён пратэставаў супраць мёртвага дагматызму сталінскай "зімы", выступаў за веснавое абнаўленне грамадства.
І Берасневіч дачакаўся гэтага абнаўлення, прыняў яго арганічна і радасна, бо, як кажа Алёнка, "інстынктам, сумленным сэрцам прадбачыў гэта наперад".
Як і сам Караткевіч.
Аповесць "У снягах драмае вясна" — павучальная гісторыя адной маладосці, у якой праглядваецца лёс цэлага пакалення. Пакалення, што выступала тады за адзінства слова і справы, за шырокую галоснасць, супраць "забароненых" тэм і твораў (прыгадаем, як Берасневіч абараняе "рэакцыянера Дастаеўскага"). І ў гэтым — пазнавальнае і выхаваўчае значэнне аповесці, яе актуальнасць. Многія старонкі яе (асабліва пра важнасць маральных прынцыпаў, працоўнага выхавання, неабходнасць адрозніваць здаровую крытыку ад дэмагогіі, патрыятызм — ад нацыяналізму) нібы спецыяльна адрасаваны сённяшняй моладзі, наглядна вучаць яе таму, што жыццё развіваецца дыялектычна, праз адмаўленне адмаўлення. Вучаць аптымізму.
"У снягах драмае вясна" ўяўляецца мне маладым і свежым парасткам, з якога потым вырасла ўся проза Уладзіміра Караткевіча. Парасткам, у якім ужо былі яе многія вызначальныя рысы. І ўменне бачыць у звычайным, будзённым узнёслае і рамантычнае. І незвычайнасць, неардынарнасць учынкаў. І яркая вобразнасць, спалучэнне неспалучальнага. І непаўторная, насычаная новаўтварэннямі лексіка. Праўда, у аповесці яшчэ няма так характэрнага для Караткевіча напружання дзеяння (хаця і яно з'яўляецца ў апісанні сходу). Сюжэт яшчэ не заблытаны, не "закручаны", як у пазнейшых творах — скажам, у "Чорным замку Альшанскім". Чытача яшчэ не інтрыгуюць ніякія таямніцы. Але, зрэшты, гэта і не вымагалася матэрыялам аповесці. У ёй усё проста і ясна. А ў некаторых мясцінах — і прамалінейна. Пры жаданні ў аповесці можна знайсці і іншыя пралікі (напрыклад, недастатковую індывідуалізаванасць некаторых постацей, псіхалагічную нематываванасць некаторых учынкаў), што найперш тлумачыцца маладосцю аўтара. Але напісана яна па-караткевічаўску насычана, "густа" — у ёй няма нічога неабавязковага, лішняга. І галоўнае, напісана таленавіта.
Яшчэ адным незабыўным адкрыццём для мяне (і, спадзяюся, для чытача) сталі запісныя кніжкі Уладзіміра Караткевіча, з якімі я, побач з іншымі членамі камісіі па спадчыне пісьменніка, пазнаёміўся раней, чым аддаць іх Язэпу Янушкевічу для падрыхтоўкі да друку.
На першы погляд у гэтых кніжках пераважаюць паўсядзённыя запісы: дзе быў, што бачыў, што чытаў. Да таго ж вяліся яны нерэгулярна, як правіла, у час падарожжаў — па Бярэзінскім запаведніку, Палессю, Чорнаму мору (на цеплаходзе ў 1970 годзе), Чэхаславакіі. Гэта — беглыя занатоўкі са штамлікімі скарачэннямі слоў (часам іх цяжка або і немагчыма расшыфраваць), якія, відаць, прызначаліся для будучых нарысаў і эсэ (а можа, і ўспамінаў). І толькі запісы за 1982 год маюць сістэматычны характар, набліжаюцца да дзённіка. Тут рэгулярна, дзень за днём, адзначаецца, якое было надвор'е (нават тэмпература за акном) і якім — настрой.