Мальдис Адам Иосифович
Шрифт:
Нанава раман "Нельга забыць" быў набраны і, на гэты раз, аддрукаваны толькі праз дваццаць год. І аказалася, што ён не састарэў, вытрымаў выпрабаванне часам. Рэцэнзія Міхася Тычыны на кніжнае выданне рамана так і называлася: "Выпрабаванне часам" (Полымя. 1983. № 11). Тое, што раней лічылася скажэннем рэчаіснасці, цяпер называлася яе рамантызацыяй, якая адпавядае спрадвечнай і заўсёды актуальнай патрэбе "ў ідэальным, высокім, вечным". Падкрэслівалася, што раману ўласцівы "высокі грамадзянскі і гуманістычны пафас, бязмежная вера ў магчымасці ўдасканалення чалавека, у магутнасць яго розуму". Андрэй Грынкевіч, ахарактарызаваны Я. Герцовічам як адарваны ад жыцця фармаліст, цяпер называўся "беларускім чалавекам на рандэву", які паказаў сябе "вартым кахання", сцвердзіў у сабе чалавечы, духоўны пачатак.
Час, гэты мудры і справядлівы суддзя, усё паставіў на сваё месца. Раман "Нельга забыць" быў нарэшце ацэнены як буйное мастацкае дасягненне, удастоены ў 1983 годзе Літаратурнай прэміі імя Івана Мележа. Адказваючы на пытанні карэспандэнта газеты "Літаратура і мастацтва" Уладзіміра Ягоўдзіка, Уладзімір Караткевіч растлумачыў тады, у чым была прычына ранейшага непрыняцця рамана і сакрэт яго шчаслівага вяртання: "Твор гэты — шматпланавы, у пэўнай меры эксперыментальны. Гісторыя тут суседнічае з сучаснасцю, проза — з паэзіяй, лірыка — з жыццёвым сухім рэалізмам. Такое спалучэнне было тады навіной у нашай літаратуры, дый цяпер яшчэ рэдка сустракаецца. Мабыць, у гэтым адна з прычын, што раман чытаецца… Адна з прычын — але не галоўная, бо, акрамя чыста літаратурных прыёмаў і формаў, чалавек у творы заўсёды знаходзіць яшчэ штосьці сваё, глыбока асабістае…"
Аднак зноў вернемся ў першую палову шасцідзесятых. Прыкладна праз два гады пасля з'яўлення палымянскага варыянта рамана "Нельга забыць" у часопісе "Маладосць" была апублікавана гістарычна-дэтэктыўная аповесць Уладзіміра Караткевіча "Дзікае паляванне караля Стаха", якая і да сённяшняга часу цешыцца вялікай папулярнасцю. Напісана ж яна была нават раней першага рамана — яшчэ да вучобы аўтара ў Маскве.
У аповесці "Дзікае паляванне караля Стаха" Уладзімір Караткевіч упершыню паказаў сябе як майстар напружанага, "закручанага" сюжэта. Упершыню тут з'яўляецца яе вялікасць Таямніца. І не адна, а некалькі. Што гэта за "дзікае паляванне", якое, гойсаючы па наваколлі, наводзіць жах на гаспадыню Балотных Ялін Надзею Яноўскую, забівае сумленных людзей, здзекуецца з бедных сялян? І хто ж той Малы Чалавек, які ноччу з'яўляецца ў самых нечаканых мясцінах старога палаца? Хто хаваецца пад воблікам Блакітнай Жанчыны, так падобнай да той, што намалявана на старым партрэце? І якое пракляцце вісіць над Балотнымі Ялінамі? На гэтыя і многія іншыя пытанні трэба даць адказ Андрэю Беларэцкаму, маладому вучонаму-фалькларысту, які дзесьці на пачатку васьмідзесятых гадоў мінулага стагоддзя выпадкова трапіў у закінуты старашляхецкі палац. Не раз абставіны ставілі яго, галоўнага героя, у складанае, здавалася б, безвыходнае становішча. Але ён, мужны і кемлівы, заўсёды знаходзіў выхад.
Як і належыць прыгодніцка-дэтэктыўнай аповесці, "Дзікае паляванне…" увесь час трымае чытача ў напружанні. Тут ёсць абавязковыя для твораў такога жанру жахлівыя забойствы, небяспечныя пагоні, старыя рукапісы і нават прывіды. Сапраўдны злачынца ў пачатку дзеяння не выклікае асаблівых падазрэнняў, больш таго, нават здаецца сімпатычным, і чытач амаль да канца застаецца ў няведанні, хто ж гэта і дзеля чаго наладжвае "дзікае паляванне".
Аднак "Дзікае паляванне…" успрымаецца не толькі як прыгодніцка-дэтэктыўны твор, што, звычайна, не выклікае асаблівых эмоцый ці разважанняў: прачытаў, разблытаў разам з аўтарам таямнічую гісторыю — і забыў, выкінуў усё з памяці. Аповесць Караткевіча абуджае роздум аб прызначэнні чалавека, лёсе беларускага народа, узаемасувязі розных гістарычных эпох. Многія разважанні Андрэя Беларэцкага, крыштальнага гуманіста і нарадалюбца, які пакутліва шукае адказы на пытанні, хто ж ён і якім "багам" павінен "маліцца", здаюцца мне вельмі сучаснымі, актуальнымі і для сённяшняга чалавека. Такім чынам, "Дзікае паляванне караля Стаха" — не толькі дэтэктыў у традыцыйным сэнсе гэтага слова. Дакладней — больш чым дэтэктыў. Многімі сваімі рысамі аповесць набліжаецца да твораў сацыяльна-філасофскіх. Яна не толькі забаўляе сваёй складанай інтрыгай, але і павучае, выхоўвае.
На жаль, як і ў выпадку з раманам "Нельга забыць", аповесць "Дзікае паляванне караля Стаха" не адразу была належным чынам ацэнена тагачаснай крытыкай. Той жа Я. Герцовіч убачыў у ёй і прыхарошванне, ідэалізацыю гісторыі, і элементарнае эпігонства — маўляў, аналагічная сюжэтная схема ўжо выкарыстана ў вядомай аповесці А. Конан Дойла "Сабака Баскервіляў". Аднак ідэалізацыяй лічылася звычайная вернасць напаўлегендарнага караля Стаха Горскага сваёй айчыне і свайму народу, яго непрыняцце ўлады польскага караля. Што ж датычыцца эпігонства, то тут Я. Герцовіч міжвольна ці свядома не прыкмеціў галоўнага — таго, што Караткевіч напоўніў распаўсюджаную сюжэтную схему новым, арыгінальным зместам. Такое выкарыстанне сюжэтаў ці фармальных прыёмаў — звычайная з'ява ў творчым працэсе. Для доказу спашлюся тут на выказванне класіка польскай літаратуры Юльяна Тувіма: "Нечы чужы рытм, мелодыя, вобраз або склад слова па невядомых прычынах пранікае ў памяць паэта, засынае там, спіць доўга, пакуль раптам, невядома чаму, без удзелу волі і творчай свядомасці, прачынаецца, як нешта быццам бы сваё. Толькі той, хто ніколі не падпарадкоўваўся складаным працэсам мастацкай творчасці, можа сказаць, што сходнасць, нават здзіўляючая, двух паэтычных твораў або іх фрагментаў заўсёды "спісана", што гэта плагіят або свядомае перайманне". Словы Юльяна Тувіма пераканальна тлумачаць тую падобнасць, якая несумненна існуе паміж аповесцю Конан Дойла і аповесцю Караткевіча.
Нягледзячы, аднак, на рэцэнзію Я. Герцовіча, а то і наперакор ёй, "Дзікае паляванне…" карысталася вялікай папулярнасцю сярод чытачоў, якім прыелася прэсная "вытворчая" проза. Асабліва палюбілі аповесць падлеткі. Расказвалі пра выпадкі, калі, схаваўшы пад коўдру ліхтарык, хлапчук адолеў яе за адну ноч, калі за яе браліся школьнікі, вызваленыя ад вывучэння беларускай мовы (тады гэта рабілася модным), зусім не абазнаныя з ёю. Аповесць рабіла справу сваю куды лепш, чым заклікі.
Поспех "Дзікага палявання караля Стаха" крыху акрыліў Уладзіміра Караткевіча, "спляжанага" забаронай рамана "Нельга забыць", і ён, адкінуўшы ўсё іншае, стаў рыхтаваць да друку раман "Каласы пад сярпом тваім" (пачатак рамана, занатаваў Валодзя ў сваёй запісной кніжцы, прыйшоў у галаву 7 жніўня 1959 года ў Азярышчы над Дняпром, дзе ўзвышалася над кручай пахілая груша). Абвінавачванні Герцовіча і яго аднадумцаў у адрыве ад рэальнасці, у скажэнні гістарычнай праўды прымусілі пісьменніка нанава перагледзець некаторыя дакументы, выкарыстаць дадатковыя архіўныя крыніцы. І Караткевіч стаў угаворваць мяне, каб мы разам паехалі ў Вільнюс, дзе я ўжо не раз працаваў над рукапісамі.
— У выпадку чаго, калі не будзе гатэлю, у мяне там ёсць аднакашнікі па Маскве — Бронюс Мацкявічус, Юозас Мацявічус, Юдзіта Вайчунайце, яшчэ колькі паэтаў. Бронюса я нават выратаваў аднойчы ад смерці — затрымаў за крысо на вышыні дванаццатага паверха… У цябе ж, казаў, там таксама ёсць сваякі. Кісялевічуса знойдзем, — Караткевіч любіў "перарабляць" прозвішчы: я ў яго часта бываў Мальдзісевічам або Адасевічам, літаратуразнавец Мікола Прашковіч — "слаўным сынам літоўскага народа Мікалоюсам Прашкявічусам", а Мікола Грынчык — "містэрам Грынчыгзам". Звычайная скумбрыя ў яго ўрачыста менавалася скумбрыевічам, а густы грыбны суп — супешнікам. І словы пры гэтай гульні набывалі незвычайны, ледзь не магічны сэнс.
Аргументы здаліся мне пераканальнымі, і мы двойчы, у 1964 і 1966 гадах, папрацавалі разам у вільнюскіх архівах. У першую паездку сышлі па дарозе на маёй станцыі Гудагай, зайшлі да сваякоў. Вечарам была сустрэча з чытачамі ў Астравецкай раённай бібліятэцы. А назаўтра, чакаючы цягніка на Вільнюс, сядзелі мы ў паўпустым станцыйным буфеце і ля распаленай печкі пацягвалі піва (яго потым Валодзя ўспомніў у вершы, прысвечаным 500-годдзю Астраўца). Гледзячы на групку калгаснікаў, якія прывезлі на станцыю з-пад Свіра здаваць ільновалакно, разгаварыліся пра вёску, пра тое, чаму з яе ўцякае моладзь, чаму знікае любоў да зямлі. Пагадзіліся: таму што чалавек не адчувае сябе яе гаспадаром.