Мальдис Адам Иосифович
Шрифт:
— Дай вось ім усім зямлі столькі, колькі яны могуць абрабляць, і ўсё будзе ў парадку, — гарачыўся Валодзя. — Не прадаваць, а перадаваць на які час. А не справіцца — адбяры назад. — Караткевічу мроілася нешта накшталт сённяшняга замацавання зямлі на доўгае карыстанне.
У Вільнюс мы дабраліся вечарам і амаль без надзеі, на ўсякі выпадак, сунуліся ў новую тады гасцініцу "Нерынга". На наша здзіўленне, адміністратарка прапанавала нам ажно двухпакаёвы нумар (было перад святам). Цана ў шэсць рублёў за суткі кусалася, але Караткевіч не мог не паказаць гонар і рашуча сказаў:
— Вядома ж, бярэм!
Ноччу, вярнуўшыся ад Бронюса Мацкявічуса, ён ціха ўлёгся. Але праз колькі часу разбудзіў мяне гучным трызненнем:
— Вясёлку мне! Хоць кавалачак вясёлкі! Ну, калі ласачка… А то ўсё загіне.
Назаўтра аказалася, што яму снілася, нібы свет складваецца ў "столкі". І каб выратаваць яго, для распоркі, патрэбен быў кавалачак вясёлкі.
Праз пару дзён выявілася, што "Нерынга" нам яўна не па кішэні, і мы перасяліліся спачатку ў халодны "Наруціс", вокны якога ўпіраліся ў змрочныя Святаянскія муры, потым, з дапамогай Юозаса Мацявічуса, у гасцінічныя пакоі пры Саюзе пісьменнікаў Літвы — у былыя людскія, здаецца, Агінскіх. На новым месцы Валодзя адразу знайшоў аднадумца ў асобе празаіка Вітаўтаса Пяткявічуса, які прыехаў у Вільнюс са сваёй "глыбінкі". Абодва яны з запалам даказвалі ўзаемна, што чалавек сам сабе найгоршы вораг, бо знішчае тое, адкуль выйшаў, — прыроду. Розныя там лысенкі думаюць, што яны ўхапілі за бараду самога пана бога. Але ў адказ атрымліваюць вялізную хвігу.
У Вільнюсе мы найперш пайшлі да Генадзя Кісялёва, які жыў тады з маці ў старым, ледзь не рэнесансным дворыку па вуліцы Гедрыса. Амаль насупраць было кафэ "Бочу", якое Валодзя тут жа зарыфмаваў:
Па дарозе ў "Бочу" Нікуды не збочу.А чуць далей — Дамініканскія муры, дзе Каліноўскі сядзеў у вязніцы, і Святаянскія муры, дзе яго арыштавалі.
Аднапакаёвая кватэра Кісялёвых, вялікая, але цемнаватая і халаднаватая, таксама нагадвала не то турэмную камеру, не то манастырскую келлю. Казалі, што раней тут жыла самая вучоная віленская манашка, а ўсе сцены пакоя былі абстаўлены кнігамі. Кніг хапала і цяпер, асабліва пра паўстанне 1863 года. І Караткевіч, ледзь увайшоўшы і павітаўшыся, ужо ўхапіў нешта — ажно не адарваць, нават у час вячэры.
Назаўтра Кісялёў і яго сябар, гісторык Бікуліч, павялі нас у Святаянскія муры шукаць той дом і тыя сходы, на якіх здраджаны Кастусь Каліноўскі спакойна сустрэў са свечкаю ў руцэ царскіх жандараў, кажучы ім, што ён Вітажэнец. Апісанні сучаснікаў доўга не сходзіліся з рэальнасцю, бо прайшоў не адзін капітальны рамонт. Але нарэшце ў "дворыку Міцкевіча" канчаткова і цвёрда ўстанавілі: гэта было тут, у двухпавярховым флігелі справа. Усцешаны Караткевіч прапанаваў усім пайсці ў "Дайнаву", вялікі і мадэрновы рэстаран, упрыгожаны паганскімі ідаламі, пляцёнкай і свяцільнікамі-"павукамі". Валодзя жартам прасіў абмяняць яму ну хоць куточак з "Дайнавы" на які літоўскі па назве горад — Ашмяны ці Ліду.
Яшчэ праз дзень мы пайшлі ў Карцінную галерэю, якая знаходзілася ў кафедральным саборы на плошчы Гедымінаса, каб знайсці яе вартаўніка, колішняга рэдактара віленскіх беларускіх выданняў Янку Шутовіча. Але ў адміністрацыі сказалі, што ён прыходзіць дзяжурыць толькі на ноч, і мы рашылі, карыстаючыся выпадкам, паглядзець экспазіцыю. Валодзя доўга стаяў ля партрэта Уладзіслава Сыракомлі, усё вызначаючы, якія ж у яго вочы.
— Мусіць, колеру табакі, — зрабіў заключэнне.
Асабліва Караткевічу спадабаліся падзямелле, дзе пахаваны польскія каралі і вялікія літоўскія князі, багата аздобленая капліца з металічнай труной святога Казіміра, звезеныя з прыдарожжаў драўляныя скульптуры-"смуткялісы" і часовая выстаўка, прысвечаная гадавіне вызваленчага паўстання 1863 — 1864 гадоў. Экспанаваныя там творы прываблівалі смеласцю, наватарствам пошукаў у нацыянальным рэчышчы.
— Не дай бог, каб гэта пабачыў Мікіта Сяргеевіч, — уздыхнуў Валодзя. — Разнёс бы ўшчэнт — як аднаўленне Тракайскага замка…
Шукаючы Шутовіча, мы зайшлі да яго на кватэру па вуліцы Антакальнё, дзе нас сустрэла яго жонка, літоўская паэтэса і перакладчыца Она Міцюце (яна дзесяць год чакала з турмы рэпрэсіраванага мужа, хоць ёй і прапаноўвалі адмовіцца ад яго). Гаспадара дома не аказалася — паехаў на нейкі засценак. Але затое гаспадыня расказала нам многа цікавага — пра сумесныя даваенныя беларуска-літоўскія вечары, пра свае пераклады вершаў Максіма Танка.
— Пад уплывам Янкі я і сама спрабавала пісаць па-беларуску, — прызналася Она Міцюце. — У акадэмічнай бібліятэцы вы можаце знайсці маю рукапісную п'еску "Чароўная скрыначка", прызначаную для беларускага школьнага тэатра.
У тым жа двухпавярховым доме, што і Шутовіч, жыў таленавіты беларускі мастак Пятро Сергіевіч. Мы не прамінулі аказіі зайсці да яго ў майстэрню. Дзядзька Пятро, як яго называў Караткевіч, аказаўся нездаровы, але, даведаўшыся, што прыйшлі госці з Мінска, хутка падняўся, выйшаў у прадпакой, сардэчна павітаўся і павёў далей. У майстэрні якраз вісела ў рабоце карціна пра Паўлюка Багрыма. Юны паэт стаяў перад высокім начальствам са сшыткам у руках, а на ўсё са страхам пазіралі маці і сястра. У вачах, усёй постаці галоўнага героя былі выклік, дзёрзкасць.
— Якраз такім я ўяўляў яго, калі пісаў свайго "Паўлюка Багрыма", — пахваліў карціну Караткевіч.
Потым Сергіевіч паказаў нам увесь свой запаснік. А таксама дзівосныя карціны Язэпа Драздовіча, амаль невядомага яшчэ ў Мінску. Асабліва ўразіла фантастычнае "Вітанне вясны на Сатурне": сотні зусім аднолькавых незямных істот стаялі ў строгіх шарэнгах і чагосьці чакалі.
— Глядзі ты, прадбачыў! — адрэагаваў Валодзя, думаючы пра нешта сваё.
Ну і вядома ж, мы многа сядзелі ў гістарычным архіве на Добрай Радзе. Кісялёў прыносіў Караткевічу, здаецца, нават без належнага афармлення, дакументы пра паўстанне 1863 года, Кастуся Каліноўскага. Валодзю было цікава ўсё: і папера, і подпісы, і паўстанцкія пячаткі. Здавалася, што ён бачыць тых, хто іх ставіў, і нават размаўляе з імі, варушачы засмяглымі ад курэння губамі.