Шрифт:
Нівеліруюць, праводзяць земляныя работы, засыпаюць скінутай з пляцоўкі акольнага горада зямлёй равы (1903–1906), пракладаюць праз гарадзішча дарогу на вёску Запясочча, будуюць на дзяцінцы земскую бальніцу з гаспадарчымі пабудовамі (пачатак XX стагоддзя). Пасля вайны буртуюць бульбу на тэрыторыі дзяцінца.
I археолагі, якія часам праводзяць на гарадзішчы раскопы, знаходзячы то муры, то пілястры нейкага будынка, то шыферны княскі (ці біскупскі) саркафаг, ці рэшткі шасцістоўпнага трохапсіднага храма, не могуць паспець за так званай гаспадарчай дзейнасцю чалавека (мала для яе месца па суседству!) або проста за адміністрацыйным свербам неразумных людзей, якія пагарджаюць нашымі законамі, бо нікога яшчэ не каралі за непавагу да роднай гісторыі.
I археалогія, толькі раскрыўшы рот, вымушана часам навекі замаўчаць "дбаннем" гэтых людзей. А за яе, у большасці выпадкаў, не скажа ніхто.
А ёсць жа, мабыць, артыкул закона, які прадугледжвае нейкае пакаранне таму, хто прыбраў адзінага сведку нейкай важлівай справы? I тэрмін, пэўна, нейкі даюць? Пішучы гэта, пазваніў, нягледзячы на тое, што ўжо амаль поўнач, добраму прыяцелю, палкоўніку міліцыі. Той, на жаль, у камандзіроўцы. Але я ўпэўнены, што ёсць такі артыкул. То дазвольце, задаць рытарычнае пытанне: выдаленне сведкі крымінальнай справы і выдаленне сведкі — сучасніка нейкай гістарычнай падзеі — ці не аднаго парадку гэта з'явы? Ці не трэба паставіць паміж гэтымі ўчынкамі знак роўнасці? Хай сабе маральны, пакуль не навучацца, перш чым дзейнічаць, спытацца ў разумнага і ўвогуле браць сабе ў сябры і дарадчыкі разумных людзей…
Мы прывыклі ў гэтыя дні сачыць за захадам, за тым, як сонца спускаецца ў бязмежныя воды. Ці з гарадзішча, ці з чаўноў, што стаяць на прыколе пад ім. Сачыць і думаць, бо не так ужо і многа часу адведзена чалавеку на тое, каб думаць, на гэтыя вячэрнія бяседы з сонцам. I, на жаль, менш ужо часу засталося бяседаваць і думаць, чым адбяседаваў і аддумаў.
А дні — што ж? Дні, калі гэта не вандраванні і не праца, — гэта проста мітусня, і беганіна, і марнасць марнасцяў.
Стаіць проста ў яблыні з фіялетавай квеценню буслянка з буслам — і гэта ўцеха воку і ўспамін на ўсё жыццё. I стаіць ля прычала цеплаход з кіношнікамі, якія круцяць тут фільм, равуць у вольныя гадзіны магнітафонамі, радасна гарлаюць пры сустрэчы — і гэта мітусня.
Мабыць, паўтараюся, але як у Калдуэла было ў апавяданні поўным-поўна шведаў, так у Тураве ў гэтыя дні было поўным-поўна кіношнікаў. А паколькі я сам у пэўнай ступені належу да гэтай пароды людзей, то мне часам бывала не па сабе.
Пабудавалі яны ў затоцы хаты, "па паяс у вадзе" (вясенняй повені ім было мала!), пабудавалі царкву на гарадзішчы (мала ім было сапраўдных драўляных палескіх цэркваў над водамі), укапалі вакол яе ў зямлю векавыя таполі. Сапсавалі ўсім гэтым пейзаж, і ім добра.
Былі, вядома, і тут добрыя сустрэчы. З Барысам, з якім мы калісь "загаралі" на начным ледзяным Карадагу. З актрысай Макаравай, з якой па-братэрску расцалаваліся. Маленькае свядоцтва пра яе. Гэта чалавек, які можа, раннім ранкам ідучы на Камароўку і ўбачыўшы, што клумба на плошчы зарасла, паставіць кошык і, карыстаючыся, што людзей яшчэ няма, пачаць тую клумбу праполваць. Бо нельга запускаць хаця й маленькі лапік зямлі.
Вы самі разумееце, што пасля такога мне глыбока абыякавыя ўсе яе ступені і званні. Хаця, вядома, хай будуць і яны. Толькі — на мой розум — не за майстэрства і іншае такое, а за гэтую незнішчальную ласку да гэтай зямлі, з якой усе мы выйшлі і куды ўсе пойдзем.
Так вось мала ведаеш чалавека, нават жывучы побач, і раптам павернецца ён да цябе нейкім зусім іншым, адметным бокам.
Дзе кіно, там і анекдот. Патрэбныя былі майстрам экрана старыя палескія хаўтуры. Гэткія з доўбленай калодай замест труны. Свайго туды не пакладзеш, адразу відаць, што ён палову жыцця прахадзіў у джынсах. Значыць, трэба было забяспечыць мясцовага "нябожчыка" ("параненыя і забітыя павінны прыйсці заўтра ў адзінаццаць!"). Прасцей простага было б забяспечыць труп на самай справе, але ў такіх выпадках міліцыя — і намеркаваны нябожчык, вядома, перш за ўсё, — начыста пазбаўляюцца пачуцця гумару. Значыць — грошы.
Звычайна здымачны дзень з безліччу дубляў — гэта тры рублі. Ляжыш сабе ў калодзе са свечкай у руках і слухаеш меладычныя спевы свяшчэнніка.
Толькі адно не ўлічылі, што ёсць у Тураве Кондараўка, што ўсе ведаюць адзін аднаго, а калі не ведаюць прозвішча, то ведаюць мянушкі кожнага (скажам, "брахачка", "чомбе"), што згадзіся вось так паляжаць са свечкай, то засмяюць, да самай магілы будзеш агульным смяхоццем.
З дваццаці пяці рублёў — аніхто не хацеў — плата за полег дайшла да сямідзесяці пяці. I паехалі мы, так і не даведаўшыся, ці знайшлі ахвочага.
Зайшлі мы ў той дзень і да дырэктара Прыпяцкага ландшафтна-гідралагічнага запаведніка — Ільі Аляксандравіча Салановіча. Пагаварылі аб планах, транспарце, суправаджальніках, аб становішчы ў запаведніку. Чалавек, як на кароткае знаёмства, дык, па-мойму, сімпатычны, досыць разумны і абазнаны ў тых мэтах, якім павінен служыць гэты кавалак прыпяцкай, "туроўскай" зямлі. Шанцавала б яму толькі ў вырашэнні складаных праблем, якія стаяць перад запаведнікам, усіх гэтых супярэчлівых, почасту навальнічных плыняў, якія будуць — ой будуць! — яшчэ кідаць гэты немалы карабель.