Шрифт:
— Там іх многа. А ля нашай Малой Багацькаўкі скрозь яны.
— Сердзюкоў вось змагаўся з імі. Мабыць, не атрымалася.
— А я нічога не мог. Іх увогуле не трэба засыпаць, хай так і будуць.
— Але ж… Вось механізатары.
– І ім, калі разабрацца, не трэба. Вадзе ж некуды падзецца трэба, а мясцовасць роўная. Вось яна і робіць
сама сабе сцёк.
— Дык што ж іх, так і кінуць без карысці?
— Чаму? Яны могуць быць вельмі карысныя. Для вадаплаўнай птушкі. Хатняй, а пры ёй і дзікай. Качак
там трэба разводзіць, гусей. Яны ж так любяць гам. Вось няхай і пасвяцца. Вялікімі чародамі.
Дарэчы, калі ўжо зайшла размова пра Сердзюкова, ягоную работу па ўпарадкаванню зямлі і, у прыватнасці, па расцяробу аборак, то мы якраз едзем праз вёску, у якой ён амаль паўтара стагоддзя назад гаспадарыў, праз Кудрычы.
…Дзіўнай прыгажосці краявіды вакол. Чысцюткая Віхра, нічым яшчэ не засмечаны Сож, у які яна ўпадае. У плынях брохае рыба. А за Сожам, дзе ўжо Смаленшчына, цёмная лясная града аж да Бранскіх лясоў (там і ў Чавускім раёне лясы, а на Мсціслаўшчыне, за рэдкім выключэннем, толькі пералескі).
…Бязмежная пойма Сожа. Пералескі і высокія аблокі над імі. За кіламетр ад Крычаўскага раёна, над Чорнай Натапай, непадалёк ад яе ўпадзення ў Сож, патанае пад высокімі дрэўнымі шатамі вёска Ануфрыева. І яшчэ здалёк відаць над ёю волатаву, стройную і зграбную, як сасновы ствол, пяціярусную званіцу.
Ануфрыеўскі манастыр заснаваны за тры гады да Грунвальда (1407) ягоным героем Лугвенам Сямёнам Мсціслаўскім. З тых часоў тут нічога не засталося. Але званіца і сабор гэта ўзорны класіцызм і ці не пачатак ХІХ стагоддзя. Будынкаў гэтага часу таксама мала. А будыніна гэтая велічная і прыгожая, і хаця моцна пабітая ў вайну кулямі і асколкамі — прыдатная для аднаўленя можа, нават, лягчэй, чым Мсціслаўскі Кармяліцкі касцёл.
О, дзіўная і праз меру небам прыўкрашаная мсціслаўская зямля! З далёкімі званіцамі і звонам каласоў, са светлымі рэкамі і светлымі людзьмі, з гарачым блакітам улетку і блякла-шафранавым, з палосамі колеру прускага блакіту, заходам узімку. З трапяткімі і шаўковымі бярозавымі гаямі — і пахмурным заснежаным яловым лесам (на грані прыцемку і ночы), над якім безнадзейна змірылася глухое неба. З залатым россыпам вясновай лотаці і крывавым асеннім лістападам.
Услаўленая будзь і шчаслівая будзь!
Той, хто пакідае цябе, з першага ж моманту ўносіць у сэрцы тугу па табе. Тугу і жаданне калі-небудзь вярнуцца. Да калыскі продкаў сваіх.
…Машыну трасе і кідае. Паволі адступае ад горада навальнічная хмара. Ад яе і ад старых дрэў у старадаўнім доме, што згубіўся ў гэтых дрэвах, цёмна, і нехта няўчасна запаліў там святло.
Хто? Можна ўявіць каго хочаш. Хаця б таго ж Насовіча, які запаўняе картку на чарговае слова для неўміручай сваёй працы.
Якое слова? А хоць бы — давайце на развітанне ўсміхнёмся — і такое:
"Недаська" — насмешлівае названне ўраджэнца горада Мсціслава. Мсціслаўцы недаські. Хітры недаська!
А можа, за гэтым акном гуляе з цацкамі нейкі малы, які праславіць свой горад на ўвесь свет, як праславілі яго ўжо многія.
…Аддаляецца горад, меншаюць сады і званіцы. Але не меншае над ім ліловая хмара і на гэтай хмары вялізная і празрыстая, прамытая вясёлка.
Можа, не ўсім пашанцуе ўбачыць гэты горад такім дыяментавым, якім убачыў яго я, і сказаць яму "бывай" пад такой яскравай вясёлкай.
Можа, нехта гляне на яго і ўбачыць усяго маленькі закінуты ў палях і лясях гарадок, узімку ў гурбах, улетку ў разлівах кветак.
Але мне ён зрабіў ласку, адкрыўся вось такім, зіхотным і вясёлкавым, і такім я й падношу яго вам у гасцінец.
Вазьміце яго, як мой малы вам дар.
Светлай табе раніцы, руплівага табе дня, спакойнага і аранжавага табе вечара пад дыяментавай вясёлкай.
І будуць людзі на зямлі
Калі гэта было — дальбог, не ведаю.
Ва ўсякім разе даўно… Даўно, калі мераць час меркай аднаго жыцця.
Наш дом стаяў на крутаяры над Дняпром, аддзелены ад яго алеяй старадаўніх ялін. За домам быў вялікі сад, увесь зарослы і цяністы. А за садам стаяў вельмі стары, урослы ў зямлю дом, які належаў гаспадарам з дзіўным прозвішчам: Косця. У доме былі печы з маляванымі галандскімі кафлямі і бронзавымі круглымі аддушынамі.
У гэтым доме спыняўся Напалеон, калі ішоў у паход, які яго загубіў. I таму дом здаваўся мне прывабным і страшнаватым, не такім, як усе астатнія аршанскія дамы.