Вход/Регистрация
Зямля пад белымі крыламі
вернуться

Караткевіч Уладзімір Сямёнавіч

Шрифт:

Далей ідзе двор задні, для жывёлы. Яго абкружаюць хлявы, у якіх стаіць жывёла. Тут жа павець або дрывотня — крытае памяшканне, з трох бакоў запушчанае сценкамі. Тут складзены дровы, раней стаялі вазы, санкі, плугі, а цяпер абгоннік, каб, узяўшы ў калгасе каня, абагнаць бульбу.

Замыкаецца двор вялiкаю клуняю (свiрнам). У стараннага чалавека ёсць яшчэ капцiльня.

Раней пры кожнай хаце на задворках было гумно, а то і два з "еўняю" (сушыльняй) — земляным, гладка ўбітым токам. Адсюль вымалачаны хлеб ішоў у засекі клуні. Гумно было нібы сімвалам гадавой працы селяніна. І я ўспамінаю адзін з самых сумных і, аднак, самых аптымістычных беларускіх анекдотаў.

Згарэла гумно, поўнае снапоў. Згарэла праца за цэлы год. Гаспадар стаіць на папялішчы і бядуе: "Ой, і пагарэў ты, Яўхім! Вой, і пагарэў жа!! Ну й пагарэў!!! — і раптам. — Але ж затое і мы-шэй ляснула!!!"

Многа ляснула мышэй!.. Яшчэ адна рыса характару. Самасуцяшэнне, спалучанае з гумарам і стойкасцю. Знаходзіць выхад, хай маральны, з самага, здавалася б, безнадзейнага становішча.

Пры калектыўнай гаспадарцы патрэба ў гумнах адпала, і яны яшчэ толькі сям-там дажываюць на задворках свой век.

…Затое значна павялічылася колькасць лазняў. Іх і раней было нямала, а цяпер там, дзе няма агульнавясковай лазні, такія ёсць ледзь не ў кожным двары або, калі суседзі жывуць добра, на чатыры-пяць двароў.

Пары на каменку часта паддаюць разведзеным бярозавікам, квасам або вадою, у якой распарана мята ці іншыя пахучыя травы.

Парацца да знемажэння, а пасля бягуць акунацца ў рэчку або качаюцца ў снезе.

За дваром гарод і сад. Садоў намнога пабольшала за апошнія дзесяцігоддзі. Акрамя агульных гатункаў, ёсць і свае, мясцовыя. Па-першае, лепшая ў свеце антонаўка, вялізная, жоўта-празрыстая. Ідзеш восенню садам, убачыш забыты яблык, адкусіш ад яго, халоднага, укрытага сцюдзёнай расою, — нібы дзесяць год скінеш з плячэй. Ну і потым такія славутыя грушы, як слуцкая бэра, ур'янтоўка, сапяжанка. Або духмяная лошыцкая вішня, што выспявае ў чэрвені.

Над гародам і садам — сонца. Віецца матавы гарох, пахне кропам і каноплямі, матылямі чырванее на градах мак, гудуць, вылятаючы з вулляў, пчолы. Лапушацца вялізныя, на чырвона-зялёных ножках-сцяблінках, лісты рэвеня, "беларускага апельсіна". А ўначы, калі ляжыш на посцілцы пад дрэвам, часам чуеш, як глуха, нібы гіры, падаюць на дах антонаўкі, і бубняць, ракочуць, скочваючыся па ім.

На ўскраіне вёскі вадзяны млын. Уздыхае, ходзячы, кола, зелянеюць тванню латкі. У люстры сажалкі адбіваецца жоўтая вячэрняя зара і цені соснаў на тым беразе. Ластаўкі часам чапляюць крылом ваду, брохае рыба. Вечарамі на вадзяным млыне неяк таямніча і крыху трывожна. Нездарма млынароў некалі лічылі ведзьмакамі.

Ветракі ў нас досыць рэдкая рэч, хіба на Случчыне і пад Клецкам. Мне здаралася бачыць там стопяцідзесяцігадовыя ветракі, у механізме якіх не было ніводнай металічнай часткі. Усё дрэва. І, ясна ж, цяпер не ім належыць першае месца ў пачэснай хлебнай справе. Элеватары, паравыя млыны, млынзаводы — куды ўжо цягацца з імі?!

За вёскаю разлiвы каласоў

За вёскамі палі. Зноў жа розныя. Поўнач. Мядзельшчына з яе азёрамі і перакатамі ўзгоркаў. Гэта менавіта тут склалася загадка: "Поле ў паясках, поле ў піражках, поле ў дзірачках". Ты ломіш галаву над тым, што гэта такое, а адказ нечаканы: "поле". Паяскі — межы, піражкі — камяні, дзірачкі — дзірачкі сцяблін на іржышчы. Палі не дужа вялікія. Валуны значнага памеру сцягваюць на межы трактарамі ці спіхваюць бульдозерамі, і таму на межах цэлыя каменныя валы, крэпасці. З валуноў, расколатых берталетавай соллю, будавалі і часам будуюць і цяпер стайні, свірны, пуні.

Чаго-чаго, а каменя тут хопіць. Як сказаў паэт П. Панчанка: "Аматар трымаць чорны камень за пазухай тут мог бы набраць іх на дзесяць вякоў". Здавалася — прыбралі. Не, пасля кожнага ворыва лезуць з зямлі, кожны дождж выбівае іх наверх.

На гэтых палетках лілавее канюшына, варушыцца вусаты ячмень, цягнецца, чапляе за ногі вільготнае і сакавітае сіло гароху.

Лубіну менш, затое сінія хвалі ільноў літаральна бясконцыя.

Сярэдняя паласа. Тут разнастайнейшы рэльеф і такія ж палі. На Навагрудчыне з яе высачэзнымі ўзгоркамі — меншыя, на раўніннай багатай Случчыне — шырокія і раздольныя. Паўдзённы ўсход шмат займаецца гародніцтвам: капуста, цыбуля, радыс, морква, памідоры, гуркі, часнок, салата. Тут буйныя парнікова-цяплічныя камбінаты, якія працуюць не толькі на Беларусь.

Поўдзень. Палескае роўнае поле. То спрадвечнае, то нядаўна асушанае. На гарызонце зубчасты сілуэт лесу. На дрэвах пасярод поля па адной, па тры, па пяць пчаліных калод на кожным. Тут іх называюць "свепет". І зусім няма камення. Захацеў бы ў ворага кінуць, і то не знайшоў бы.

І ячменю мала. Яго, мужыка, нягледзячы на вусы, перамаглі грэчка і проса. І тут жа да іх у хаўрус уціснулася салодкая кампанія: кармавы лубін (паўсюль), цукровы бурак (на паўднёвым захадзе) і нязлічаныя каноплі (на паўднёвым усходзе). Ну і яшчэ тытунь. А раз так, то ясна, што ёсць цукровыя заводы і тытунёвыя фабрыкі.

Гэта мы ўсё займаліся пакуль што паважанай, але не самай важнай кампаніяй. Цяпер пра галоўнае.

Бульба. Яна паўсюль, яна — універсал. За выключэннем некаторых паўночных раёнаў, дзе яе пасевы складаюць 15,8 працэнта ад пасяўной плошчы, — паўсюль яе да 20 працэнтаў. А значыць, тут жа працуюць заводы спіртавыя і крухмальныя.

33,3 працэнта плошчы збожжавых захапiла i самаўладна размясцiлася там асноўная культура — азiмае жыта. Падцяснiла менш ураджайную ярыну, а пшанiцу, разлiвы якой так шырока расцяклiся па Сiбiры, Кубанi, Украiне, увогуле трымае ў чорным целе — усяго 17,4 %, хаця сеюць пшанiцу па ўсёй рэспублiцы.

  • Читать дальше
  • 1
  • ...
  • 7
  • 8
  • 9
  • 10
  • 11
  • 12
  • 13
  • 14
  • 15
  • 16
  • 17
  • ...

Ебукер (ebooker) – онлайн-библиотека на русском языке. Книги доступны онлайн, без утомительной регистрации. Огромный выбор и удобный дизайн, позволяющий читать без проблем. Добавляйте сайт в закладки! Все произведения загружаются пользователями: если считаете, что ваши авторские права нарушены – используйте форму обратной связи.

Полезные ссылки

  • Моя полка

Контакты

  • chitat.ebooker@gmail.com

Подпишитесь на рассылку: