Караткевіч Уладзімір Сямёнавіч
Шрифт:
Наіўным і недалёкім, толькі напалову добрым, выглядае тут "бог", асцярожным бюракратам выглядае Мікола. У гэтай легендзе ёсць толькі адзін герой, народ, які прыдумаў яе. Жывы, разумны і вольналюбівы. Так ён глядзеў на сябе сам, так павінны глядзець на ягоны тагачасны воблік і мы.
Ён давёў гэтае вальналюбства і, хай сабе не заўсёды спалучаную з зухаватасцю, спакойную смеласць і ў бясконцых паўстаннях супраць прыгнятальнікаў, і ў пераможных войнах з татарамі і крыжаносцамі, і ў вялікай мужыцкай вайне XVII ст., і, урэшце, у апошняй вайне з фашызмам.
Як было відаць з той легенды, якую я вам толькі што расказаў, зямляк наш вызначаецца і ўтрапёнай любоўю да працы. Я нават сказаў бы: валовай упартасцю ў ёй. Гэта таксама добра тлумачыцца. Скупая зямля ой як нялёгка давала хлеб. Для новага поля даводзілася (а часам і зараз даводзіцца) карчаваць "ляду". Сячы лес, выдзіраць з зямлі карчы, зносіць на межы камяні.
Упартасць гэтая ва ўсім. У досыць бязлеснай мясцовасці пад Карэлічамі жанчына надумала сама, адна насадзіць цэлы лес. І насадзіла. Адусюль цягала саджанцы бярозы, дуба, клена. Старалася некалькі год. Цяпер на гэтым месцы шуміць густы, досыць ужо высокі, паверхі на чатыры, лес.
Мабыць, з-за гэтага працалюбства і кранальнай сваяцкай, кроўнай любові да зямлі — беларус і дагэтуль пераважна аратай, земляроб. У сельскай гаспадарцы занята 57 працэнтаў насельніцтва. Але агульная урбанізацыя ідзе і ў нас. У 1960 годзе сялян было 68 працэнтаў, у 1965 — 62,8 працэнта, цяпер, як ужо сказана, 57 працэнтаў. Тут трэба ўлічыць яшчэ і тое, што многа сялян з Палесся і іншых мясцін, дзе досыць цесна з зямлёй, выехалі на Алтай, у Барабінскі лесастэп, Хабараўскі край і асабліва Прымор'е, дзе ёсць мноства беларускіх вёсак.
Тая самая няшчодрая зямля прывучыла калісьці беларуса да разліку ў вядзенні гаспадаркі, да ашчаднасці, да таго, што "нішто не прападае", усё ідзе ў справу, нават падабраны цвік, нават лясіна ці калода, прыплаўленая ракой, і, аднак, дужа памыліўся б той, хто назваў бы яго скупым.
Беларус якраз адрозніваецца шчодрасцю, заўсёднай гатоўнасцю прыйсці на дапамогу ў бядзе. Калі раней у каго на вёсцы здараўся пажар — вёска талакою ішла красці панскі лес, калі не было свайго, за пару дзён ставіла пагарэльцу новую хату, дзялілася з ім жытам: кожны адсыпаў са сваіх засекаў колькі мог, каб чалавек дажыў да вясны і абсеяўся. Потым з кожнай хаты неслі рэчы: хто посцілку, хто падушку, хто палатно, хто гаршкі. Памагалі рабіць тыя рэчы, што селянін звычайна рабіў сам: хадакі, лыжкі, балеі і г.д. Гэта не таму, што былі такія ўжо добрыя. Без гэтага было не выжыць. Дужа добра сказаў пра гэта адзін з лепшых нашых паэтаў, вялікі Максім Багдановіч:
Зноў змяшай муку з карой таўчонай, Бо памерзла ніва у суседа.Раней падчас голаду іншым разам людзі з больш багатых мясцін прыходзілі на Беларусь за дапамогай (у нас вымачыць дажджамі жыта — уродзіцца бульба на пяску і авёс, не будзе бульбы — будуць грыбы, рыба, не будзе й таго — паляванне выручыць): сапраўднага голаду не бывала, калі не вымятала ўсяго вайна або ліхі пан ці чыноўнік, дый то заўсёды ўмелі людзі выкруціцца, прыхаваць, скамбінаваць — на гэтыя выпадкі яна і была, беларуская ашчаднасць. То вось я, прынамсі, не чуў, каб галадаючага адпусцілі з хаты з пустымі рукамі.
Часам праходзіла нейкай вёскай па пяцьдзесят на дзень і не бывала так, каб кожнаму не далі хаця вядзерца бульбы, хаця лусты хлеба ці жмені гароху і не пакармілі. Сабе пакідалі толькі, каб самім пратрымацца да вясны, да шчаўя, маладой крапівы, да першай рыбы, да "грыба бедных" майскага смаржка.
Гэта ў час бяды. Але і ў звычайныя добрыя часы ўсе, хто прыязджае да нас, адзначаюць як адну з галоўных рыс — гасціннасць, почасту досыць цяжкую для госця. "Госць у хаце — бог у хаце" — і ганьба таму дому, дзе не зробяць усяго, нават немагчымага, каб госць быў задаволены. "Белорус отличается гостеприимством, склонностью к веселию и доверчивостью, хотя её можно и не сразу снискать. Отсутствие злопамятности в белорусе резко бросается в глаза всякому, кто с ним сталкивается. Вообще он обладает кроткой натурой" [10] .
10
Россия. Полное географическое описание нашего Отечества. СПб., 1905 г., т. ІХ, стар. 156.
На гэтую "рахманасць натуры" часта разлічваў вораг нашай зямлі. Ворагі, бо іх за нашу гісторыю бывала досыць. Адзін з членаў нацысцкага ўрада так проста і пісаў, што беларусы, як народ інертны і мяккі, добры, бязвольны і рахманы, павінны быць вынішчаны або выселены раней за ўсіх і што гэта будзе досыць лёгкай акцыяй, бо на якое-небудзь больш-менш арганізаванае і зацятае супраціўленне разлічваць не даводзіцца. Тут ён трохі-трохі памыліўся, крыху недаацаніў рахманага чалавека, які за гады акупацыі забіў цэлую кучу людзей дзейных, прадпрымальных, цвёрдых, жорсткіх, валявых і здатных на ўсё, апранутых у ваенныя мундзіры, у мундзіры СС, фельджандармерыі і гэтак далей, узброеных бязмерна лепшай зброяй. Сярод гэтых "людзей, якія пройдуць паўсюль", было 47 генералаў, шмат вышэйшых чыноў адміністрацыі, нават гаўляйтар Беларусі. Я скажу аб гэтым у другім месцы, а тут дабаўлю толькі, што "інертны" і "бязвольны" мясцовы чалавек пусціў пад адхон 11 128 саставаў з надпісам "Deutsche Reichsbahn". Так што рахманасць беларуса таксама да пары да часу. Пяройдзеш мяжу — і тваім ворагам будзе страшны чалавек. Страшны асабліва тады, калі гнеў яго спакойны і разлічаны.
Што ж датычыцца такiх абставiн, калi не чапляюць кiпцем за сэрца, то тут аўтар "Расii" меў рацыю.
Галоўнае ў нашым характары — гасціннасць добрага да добрых.
Так, многiя старыя гасцiнныя звычаi пакрысе вымiраюць, гарадскi чалавек можа часам не ведаць чалавека з суседняга пад'езда, але i цяпер у нас рэдка знойдзецца хата, у якой не паставiлi б рубам апошняга рубля, калi ў доме госць. Часам гэта бывае нават смешна, i беларус кпiць са сваёй "празмернай" гасцiннасцi досыць злосна: "Госць, як нявольнiк: ляжа, хоць i ў пярыну паложаць", "Добра было ў гасцях, толькi прынукi не было" (не прымушалi настойлiва, ледзь не сiлком, пiць i есцi, а сам саромеўся), "Госць сядзе куды скажуць, хоць на покуць, а гаспадар, як скула, дзе захоча, там i сядзе", "Пры мiлым госцю i гаспадар пажывiцца", "Ноч якая месячная! Каб быў госцем, даўно б дахаты пайшоў". "Госць першы тыдзень — золата, другi — серабро, а трэцi — медзь, хоць i дадому едзь: "