Вход/Регистрация
Зямля пад белымі крыламі
вернуться

Караткевіч Уладзімір Сямёнавіч

Шрифт:

І тое, што надае мясцовасці асабліва рамантычны характар: замкі, што збольшага ляжаць у руінах. На ўзгорках, на берагах рэк, на астравах. Яны дужа розныя, гэтыя старажытныя будовы. То гэта проста нібы каменныя загоны для быдла: квадрат высачэзных муроў метры ў тры таўшчынёй (Ліда). То як быццам нейкая пахаваная пачвара высунула з зямлі сточаныя часам зубы вышынёй з вялізны дом (Наваградак, Крэва). А часам гэта велічныя бела-чырвоныя вежы, муры, што злучаюць іх, багаты палац пад чарапіцай — прыкладзі крыху працы і маеш цудоўны дом адпачынку (Мір).

…УСХОД. Часам марэнныя грады, часам раўніны. На водападзелах тарфяныя і мохавыя балоты. Дурманіць там галаву багун, а журавіны ўвосень збіраюць саўкамі. Тут трапляюцца бадай што найлепшыя на Беларусі сасновыя бары. Нацэленыя ў неба, звонкія, прапахлыя жывіцай. Грыбоў — хоць касой касі. На поўдні ўсё часцей і часцей трапляюцца дубровы з іхнім шырокалістоўным холадам. Шмат старых паркаў. У прыватнасці, парк пры Горацкай сельскагаспадарчай акадэміі, самы стары батанічны сад рэспублікі.

І паўсюль яры, поймы, паплавы, што шумяць разнаквеццем, сады.

…ПОЎДЗЕНЬ, АБО ПАЛЕССЕ дарэмна лічаць адной суцэльнай забалочанай нізінай. Ёсць, вядома, і гэта. Некаторыя балоты цягнуцца на дзесяткі кіламетраў і толькі сям-там вытыркаюцца з іх “выспы”, гэта значыць, астравы, парослыя першабытным лесам. Калісьці на такія астравы можна было прайсці толькі ў люты мароз або вялікую засуш. Калі наступала раптоўная адліга або ішлі залевы, то чалавек, які зайшоў на выспу, мог застацца там і на год і на два. На пачатку XIX ст. была засуш. Некалькі паляўнічых зайшлі на адну такую выспу і ўбачылі на ёй зрубы, сляды зямлянак, а на галіне дуба вялізны звон, што аж урос верхавінаю ў дрэва. Выявілася, што жыхары бліжэйшай вёскі хаваліся тут ад шведаў. Пасля зарадзілі дажджы. Людзям удалося выбрацца, а маёмасць засталася. Звон правісеў на дубе больш за сто год.

Цяпер, вядома, такая недаступнасць здараецца дужа і дужа рэдка. На гарадзішча-схоў, каля вёскі Гарадное, куды перабіраліся ў вайну тысячы паўтары год назад жыхары, цяпер можна свабодна праехаць гаццю.

Але ж і раздолле на выспах! Хвоі, бярозы, зараснікі маліны, паветра звініць ад птушак, на кожным кроку барсучыныя і лісіныя норы.

А вакол, вядома, балоты. Часам небяспечныя, зарослыя незабудкамі, сіўцом, белакапытнікам, а часам і звычайныя, на якіх танцуюць, падскакваючы ў паветра, жураўлі.

На сухіх месцах саснова-лішайнікавыя бары: зямля аж сівая. І яшчэ дубровы. Велічэзныя. Часам з дубоў, якім пяцьсот — шэсцьсот, нават тысячу год. Амаль равеснікаў Полацка або Віцебска. Колькі б яны маглі расказаць, каб умелі гаварыць! У такіх лясах заўсёды змрок, крыху паплямаваны сонцам; курыцца, як з кадзільніц, зямля, і ў гэтых выпарэннях стаяць стрункія, як калоны, амаль белыя ствалы волатаў. Тут ёсць ласі, козы, дзікі, рысі, бабры, а на захадзе, у Белавежы, першабытныя зубры.

Ёсць тут і малыя пустыні. Высеклі лес, панізіўся ад асушэння ўзровень грунтавых вод, і вось пяскі вырваліся на волю, пачалі крочыць, утвараць барханы, насоўвацца на палі, часам засыпаць балоты (і гэта страшней за балота, бо чалавек можа, даверыўшыся пяску, ступіць і праваліцца, і ніхто нават не даведаецца, дзе ён знік). Менавіта таму з павалам лесу і асушэннем трэба быць дужа-дужа асцярожным.

Аб гэтым цяпер усё больш думаюць, засяваючы пяскі травамі, а пасля лесам. Але аб чым думалі яшчэ год дзесяць назад? Безадказнае асушэнне — таксама шкода. Балота часта не вораг, а захавальнік вільгаці, рэзервуар з’яўлення аблокаў, пачатак крыніцы, ручаіны, ракі.

Ёсць тут і паплавы і ўзвышшы з крутымі абрывамі на берагах. Узвышшы з сухім гонкім морам лясоў.

Яшчэ і зараз падчас паводкі многія вёскі стаяць на астравах або па калена ў вадзе і па вуліцах ходзяць маторкі, на якіх возяць вучняў — у школу, сялян — на работу і г.д. А яшчэ нядаўна (подаўна ўжо не быў на Палессі ў час разліву і таму не ведаю, ці ёсць яшчэ такое цяпер) можна было ўбачыць на гэтай бязмежнай, — у шырыню на некалькі дзесяткаў кіламетраў, у даўжыню — на сотні, — роўнядзі вады, нават плывучы кірмаш. Штук трыццаць дужа вялікіх чаўноў, змацаваных масткамі, сотня меншых, і ўсё гэта плыве ад вёскі да вёскі, а пасля да гарадка, прадаваць і купляць. Коні касавурацца за борт: “Ну вас да д’ябла, яшчэ патонеш з вамі”, мыкаюць каровы, крычаць пеўні, вішчаць парсюкі. Лодачнік, які плыве насустрач і ведае, што вакол — на кіламетры — вада, і раптам чуе з туману такую сімфонію, можа падумаць, што звар’яцеў.

Ды што казаць, у 1969 годзе бачыў я на Прыпяці такое: плывуць дзве вялізныя лайбы, а ў іх стаіць грузавік. Правыя колы ў адной, левыя ў другой. Дзядзька вычэрпвае з чаўноў цёмную і празрыстую прыпяцкую ваду.

Значыць, пераганяюць кудысь. Ёсць два пункты, а дарогі між імі ніякай няма.

Я ўжо казаў, што выдзеліў бы ПРЫДНЯПРОЎЕ ў асобны раён. І хаця ў географаў такое дзяленне не прынята — я паспрабую гаварыць пра землі над Дняпром, як пра асобны край. Бо ўся гэтая мясцовасць створана Дняпром і ніжняй часткай яго прытокаў, уся носіць на сабе яго адбітак. І разлівы, як мора, і паплавы з акіянам кветак (часам чалавек з вудай хаваецца ў іх), з рамонкамі, смолкамі, шалёнай вясёлкай разнатраўя. І старажытныя гарадзішчы са скарлючанымі дубамі на іх. І гарады і вёскі, што ўзніклі на тых гарадзішчах. І сінія старыцы ў цені дубоў на тых жа паплавах. І сотні курганоў, у якіх спачылі продкі. Бары на “родненькім” Дняпровым пясочку, і зарасці шыпшыны і бэзу на месцы былых паселішч. Шумлівыя паркі, броханне вялізнай, з вясло, рыбы, бабёр, што куляецца ў ваду, убачыўшы твой човен, ранішнія слупы пары над ракой, вогнішча касцоў ля будана, брэх сабак у начных вёсках, калі праплываеш паўз іх.

І, галоўнае, далечы, роўных якім не знайсці на зямлі. То снежныя, то шматкаляровыя, то з шаломамі стагоў і качкамі, што ўздымаюцца са “старыкоў”. Як шпакоў, гэтых качак!

Гэта пейзаж. Але неад’емную частку пейзажу складаюць цяпер нівы. Гэта не тыя нівы, што на Украіне, Кубані або цаліне — бяскрайнія абшары пшаніцы і кукурузы. У нас яны па 5 — 10 гектараў на поўначы і крыху большыя на поўдні. Бульбяное, жытняе, ільняное поле. Белыя зорачкі, жоўты сухмень, сіняе азерца. А яшчэ малінавая канюшына, белы россып грэчкі, залатое мора лубіну ці сланечніку, бледна-зялёныя кучары гароху.

  • Читать дальше
  • 1
  • 2
  • 3
  • 4
  • 5
  • 6
  • 7
  • 8
  • ...

Ебукер (ebooker) – онлайн-библиотека на русском языке. Книги доступны онлайн, без утомительной регистрации. Огромный выбор и удобный дизайн, позволяющий читать без проблем. Добавляйте сайт в закладки! Все произведения загружаются пользователями: если считаете, что ваши авторские права нарушены – используйте форму обратной связи.

Полезные ссылки

  • Моя полка

Контакты

  • chitat.ebooker@gmail.com

Подпишитесь на рассылку: