Караткевіч Уладзімір Сямёнавіч
Шрифт:
У прыватнасці курганы, гарадзішча, трохсотгадовая драўляная царква (раней яна была касцёлам, і гэта ў ёй, згодна паданню, вянчаўся з Зосяю Міцкевічаў пан Тадэвуш), а ў ёй іконы работы… В. М. Вясняцова. Так-так, вывезеныя калісьці з Варшавы ў Баранавічы і ў некалькі вёсак. У прыватнасці, у Валеўку… Тут багатыя фермы і будынкі, школа з музеем, ледзь не самым багатым сярод усіх школьных музеяў на Беларусі: ад палеаліта да нашых дзён. У школе ёсць і свой цікавы батанічны сад з мноствам экзатычных раслін. А ў садзе невялікія сажалкі, у якіх дзеці разводзяць рыбу і куды яны выпусцілі чарапах.
Варонча. Вёска амаль гарадскога тыпу. Тут некалькі прадпрыемстваў. Але і гэта — вёска-музей. Тут, над запруджанай рачулкай, у гушчары, стаяў — а можа, і цяпер стаіць — васьмісотгадовы дуб, звязаны з імем Міцкевіча. Унутры — дупло, у якім могуць паснедаць вакол стала чалавек дзесяць. Нават акенца ёсць, на другі бок. Можна высунуць галаву і глядзець проста з дрэва, як лясны дух. Наводдаль — руіны дужа даўняга касцёла і могілкі з цудоўнымі помнікамі з італьянскага мармуру. Тут пахаваны бацькі польска-беларускага паэта і фалькларыста Яна Чачота, блізкага сябра Адама Міцкевіча, а таксама — Верашчакі, сваяка Марылі Верашчакі, першага кахання паэта. Маёнтак Верашчакаў, Туганавічы, быў некалі побач. На яго месцы застаўся парк і "альтанка Марылі", некалькі ліп, пасаджаных кругам. Яны так зрасліся, што, каб адна не ўпала — унутр гэтага драўлянага круга нельга было б трапіць.
Як бачыце, амаль у кожнай беларускай вёсцы ёсць што паглядзець. Толькі трэба ведаць, што глядзець.
Пра воблік новага беларускага сяла, пра саўгасы і калгасы я раскажу крыху далей.
Просiм у хату, госцейкi нашы!
Але зойдзем у хату, якой яна была яшчэ не так даўно, а часам сустракаецца і зараз. Спачатку трапляем у сенцы. Яны і зараз служаць для гаспадарчых мэт. Тут вёдры, цэбры з рознай рознасцю, маслабойкі (цяпер часта сепаратар) і г.д. Дзверы насупраць вядуць у камору, дзе таксама рэчы для гаспадаркі і на паліцах розныя прыпасы. Другія дзверы вядуць у халодныя пакоі. Іх адзін ці два. Раней гаспадыня ўлетку выносіла сюды кросны, ткацкі станок, бо ў самой хаце горача. Тут жа ўлетку спалі старэйшыя (для маладых служыла і служыць адрына з сенам). Тут узімку ляжаць на аўсянай саломе яблыкі, рассыпаныя тоўстым пластам жалуды для свіней, іншыя прыпасы. Раней зрэдку, а цяпер досыць часта ў халоднай палове ёсць і грубка, так што пры выпадку (наезд гасцей ці яшчэ нешта) можна размясціць процьму людзей. У мінулым стагоддзі, калі шафаў, вядома, не было, а ў куфры (скрыні) не ўсё змяшчалася, тут стаялі і "кублы" з лішнім адзеннем і іншым дабром.
У некаторых хатах да халоднай паловы была прыбудова, у якой спалі ў зусім нясцерпную спёку тыя, хто не хацеў ісці проста ў садок, пад дрэвы. Часам яе можна ўбачыць і зараз. Я аглядаў некалькі такіх, і "абстаноўка" іх заўсёды была аднолькавая: нізкая, дужа шырокая і доўгая, "скрыня" на ножках, у ёй сяннік, набіты сенам, мякенькай аўсянай саломай ці гарахавіннем, радно, падушкі і полаг. Абавязкова. Ад камароў. Зроблены з радзіны, падобнай на марлю.
Вернемся ў сенцы. Ага, мы забылі яшчэ вось што. Лесвіцу, "драбіны", або проста бервяно з засечкамі, якое вядзе на гару, дзе вісяць шынкі і летнія каўбасы (зімнія каўбасы, залітыя салам, і само сала — у дзежках і гарлачах, у сенцах ці ў каморы).
Цяпер — у хату. Выгляд яе для кожнай мясцовасці быў розны. У даўніну бывалі хаты з комінам (цяпер комінам завецца пячны дымаход), плеценым і абмазаным глінаю конусам, пад якім на жароўні ці ў свечніку гарэла лучына, а дым ішоў комінам праз столь і страху. Бывалі хаты з вялізным, таксама абмазаным, каўпаком ля ачага, дзе ў зімнія ночы (там было цяплей) збіралася прасці і майстраваць уся сям'я. Ды і ў розных мясцовасцях хаты былі розныя. На два пакоі (трысцен і ўласна хата), на два пакоі з прыбудовамі і г.д. Але найбольш тыповы выгляд быў такі. З трысцена, дзе елі летам і, хто хацеў, спалі зімой, і куды ўзімку бралі маладняк быдла, быў уваход у хату. Ля ўвахода, справа, мыцельнік, месца для мыцця посуду і кухонных рэчаў. Пасля печ. За печчу, па правай сцяне пол (нары). Пад полам складалі розныя рэчы. Але ўжо тады замест пола часта стаялі шырокія ложкі, адзін з завескаю, для гаспадара. Уздоўж астатніх дзвюх сцен ішлі шырокія лавы, часам з тканымі налаўнікамі. На іх сядзелі і ноччу маглі спаць, асабліва калі бывалі госці. Часам гасцей клалі і пад лаўкі, залежна ад стану. У беларускай ананімнай паэме XIX ст. "Тарас на Парнасе", дзе іранічна апісваецца гулянка "грэчаскіх" багоў, ёсць такія радкі:
І кожны бог так разгуляўся, Што аж не можна удзяржаць, А хто гарэлкі насцябаўся, Таго пад лаўку клалі спаць.Перад лаўкамі — стол. Заўсёды дужа белы, бо яго часта скрэблі нажом. Стол і лаўкі часцей за ўсё былі з тоўстых дубовых дошак. Ля той сценкі, дзе дзверы, стаялі куфры і — узімку — гаспадыніны кросны.
З упрыгожанняў былі — абразы на покуце. Бывалі сярод іх і лубачныя, але здараліся й дужа цікавыя. Ці старажытныя, ці наіўныя, уніяцкіх яшчэ часоў, дзе святыя былі ў беларускіх народных вопратках. Асаблівым поспехам карыстаўся святы Юры, які забівае дракона, і святы Мікола за сваё сялянскае паходжанне і за тое, што (па беларускай легендзе) аднойчы ўратаваў адзіную кабылку беднага мужыка, якая заблукала ў лесе. Не даў раздзерці ваўкам і памог ажарабіцца, а пасля прывёў гаспадару. Згодна павер'ю, калі жарабятка падрасце, то на ім паедзе той, хто дасць волю народу.
І яшчэ адно ўпрыгожанне — тканыя посцілкі (у шашачкі, у шэсць, дванаццаць і дваццаць чатыры "ніты", чынаватыя і інш.).
І, вядома ж, ручнікі. Мноства. Раней вакол абразоў і акон. Цяпер каля карцін і партрэтаў. Ручнікі ў нас на Беларусі таксама розныя, па мясцовасці, і дужа разнастайныя. Узоры іншыя, чым у суседзяў, хаця ёсць і падобныя. Галоўная розніца — менш "раслін і кветак". Арнамент часцей геаметрычны. Меней чорнага колеру. Пераважае "вясёлка", жоўты, чырвоны, сіні, блакітны і іншыя такія колеры.
Ну вось. А цяпер паколькi я кепскаваты танцор, то пайду танцаваць ад печы. Печ — гэта цеплыня. Печ — гэта здароўе застуджанаму. Печ — гэта i гарачая, смачная ежа. На поўначы печ дужа вялiкая i простая, хiба што з "пячуркамi" для запалак i лучыны на распал. Затое на поўднi яна меншая i часам нагадвае архiтэктурную спаруду. Дзесяткi выступаў i нiш, у якiх глiняныя збанкi, лiверы (пасудзiнка з дзвюма дзiрачкамi, "цякло, бы з лiвера, з вачэй"). Тут ёсць дзе ўстанавiць спарыш (два гаршкi, злучаныя ручкай, каб насiць на поле абед), паставiць i "ўдаву" — гаршчок, падобны на абаранак. Печ уся распiсана кветкамi, дзяўчаткамi з каромысламi i коннiкамi — улюбёны матыў. Зараз у наш час печ выцясняецца плiтамi i плiтамi газавымi, але пакуль ёсць у многiх хатах.