Быков Василь
Шрифт:
– Ідзіце да капітана Зімянькова і атрымайце людзей. Заўтра ў трынаццаць ноль-ноль генерал чакае з дакладам аб гатоўнасці групы.
— Ёсць! — сказаў Іваноўскі.
Ён не запытаўся нават, хто гэты капітан Зімянькоў і дзе шукаць яго, — давялося пытацца пра тое ў канаводаў на вуліцы. І сапраўды, пад вечар у яго ўжо быў на руках спіс з васьмі байцоў і аднаго старшыны; дзесятым у гэтым спісе значыўся ён сам.
І лейтэнант пачаў рыхтавацца.
Апроч людзей, трэба было атрымаць боепрыпасы, бутэлькі КС, узрыўчатку, два метры бікфордава шнура. Чацвёра байцоў былі ў абтрэпаных шыняльках без ватовак, трэба было іх пераабмундзіраваць. Хтось доўга не хацеў выдаваць маскхалаты (на накладной не было подпісі старшага начальніка), за лыжамі ён ездзіў у тылавую, за пятнаццаць кіламетраў, вёску. Апошнюю ноч перад выхадам ледзьве прыдрамнуў пару гадзін, паеў толькі раз за дзень, выстаяў на трох інструктажах, але ў трынаццаць усё ж прывёў групу ў двор высокага, з прыгожымі аканіцамі дома. На гэты раз яго адразу ж прапусцілі ў пакой, і ён з трапяткім гонарам далажыў аб гатоўнасці выканаць баявы загад.
Генерал скончыў тэлефонную размову і паклаў трубку. Як быў у футравым на гімнасцёрцы жылеце, моўчкі выйшаў у двор, дзе, пастроеныя па камандзе «смірна», чакалі дзевяць байцоў з Дзюбіным на чале. Генерал моўчкі абышоў гэты строй, агледзеў усіх, і на яго немаладым, у зморшчынах, з запалымі шчокамі твары ўпершыню за ўвесь час свайго прабывання ў штабе Іваноўскі не знайшоў і следу начальніцкай строгасці. Цяпер гэта быў проста зморшчаны твар абцяжаранага шматлікімі турботамі, зморанага, даўно не маладога ўжо чалавека.
— Сынкі! — сказаў генерал, і штось у душы лейтэнанта жаласна ўздрыгнула. — Вы ведаеце, куды ідзяце? Ведаеце, што будзе цяжка? Але трэба. Бачыце: мяце, — паказаў ён у нізка аселае хмарнае неба, з якога падаў лёгкі сняжок. — Авіяцыя на прыколе. На вас уся надзея…
Ён і яшчэ гаварыў, раячы, як трэба паводзіць сябе ў трудную хвіліну ў тыле ворага, дзе ўжо ніхто, апроч хіба таварыша, табе не паможа. Але ён мог бы і не рабіць гэтага — лейтэнант ужо меў некаторы вопыт баявых дзеянняў у нямецкім тыле, накоплены за час яго двухтыднёвых блуканняў па смаленскіх лясах. А вось яго зусім не начальніцкі, амаль што сяброўскі тон і яго ўвага да іх поўных невядомасці лёсаў кранулі лейтэнанта, які з гэтай хвіліны гатовы быў на ўсё, абы толькі выканаць баявую задачу. Нават смерць у гэты час не здавалася яму чымсьці жахлівым — ён гатовы быў рызыкаваць жыццём, калі гэта спатрэбіцца для Радзімы.
Напэўна, так адчуваў сябе не адзін ён, а і астатнія ў гэтым кароценькім страі на двары, поўныя маўклівай увагі і рашучасці. І калі Іваноўскі, аддаўшы чэсць, павярнуў групу на выхад, у ягонай душы гучалі фанфары. Ён ведаў, што выканае ўсё, на што пасланы, іншага не павінна, а таму і не магло быць…
6
Як лейтэнант ні падганяў байцоў на апошніх кіламетрах шляху, усё ж світанак застаў іх у голым, беласнежным пасля начной мяцеліцы полі, непадалёк ад шашы.
Карыстаючыся апошнім прыцемкам, Іваноўскі прайшоў яшчэ кіламетр. З усё большай рызыкай ён набліжаўся да ледзьве прыкметнай здаля ніткі дарогі, як раптам убачыў на ёй машыны. Лейтэнант ледзь не крыкнуў ад прыкрасці — не хапіла якіх пятнаццаці хвілін, каб праскочыць на той бок шашы! Для суцяшэння сябе ён спярша падумаў, што машыны неўзабаве пройдуць, і яны сапраўды хутка схаваліся ўдалечыні, але следам за імі паявіўся нейкі марудлівы конны абоз, у абгон яго з-за пагорка выскачылі дзве чорныя прыземістыя легкавушкі. Стала відавочна: пачынаўся дзень і большаў рух, перайсці шашу незаўважанымі з іх валакушай, мабыць, не было чаго і думаць.
Тады Іваноўскі, не набліжаючыся да шашы, але і не аддаляючыся ад яе, крута ўзяў убок, на недалёкі пагорак з рэдзенькай грыўкай кустоўя. Сховішча там, мяркуючы па ўсім, было нікудышняе, але і чакаць у лагчыне паблізу ад шашы таксама не выпадала — хутка віднела, і кожную хвіліну іх маглі згледзець немцы.
З апошняе сілы лыжнікі ўскараскаліся на пагорак, ледзьве не вывалілі з валакушы параненага, і лейтэнант, перасільваючы звыклы боль у назе, зморана пасунуўся да недалёкага ўжо хмызняку. Аднак на паўшляху да яго перад Іваноўскім вырас са снегу нейкі даволі высокі вал, які роўна пераразаў пагорак і збягаў да шашы. Спярша лейтэнант здзівіўся, а пасля ўсё зразумеў і ўзрадавана замахаў рукою таварышам, якія ледзьве брылі за ім, — маўляў, давайце хутчэй.
Гэта быў напаўзамецены снегам супрацьтанкавы роў, адно з тых шматкіламетровых палявых умацаванняў, якія з пачатку вайны ва ўсіх кірунках парэзалі тутэйшыя землі. Цяпер роў трапіўся ім вельмі дарэчы на гэтым адкрытым пагорку, і лейтэнант наўскос ціха з'ехаў на яго шырокае, перамеценае снегавою хрыбцінай дно. Тут было зацішна і даволі глыбока, вецер з аднаго боку намёў прыгожы фігурны застрэшак, які ўтварыў некаторае сховішча зверху. Напэўна, нейкі нядоўгі час тут можна было адседзецца.
Адзін за адным яны ўваліліся ў гэтае сховішча і тут жа пападалі на мяккія выгібы гурбаў. Ён таксама ўпаў — як упаяўся задам у шчыльна спрасаваны завеяй снег — і, горача дыхаючы, доўга невідушча глядзеў, як снегавым пылам курыцца на ветры грабеньчык застрэшка. Іваноўскі не ведаў, як яму быць далей, дзе і як перабрацца цераз злашчасную гэту шашу, не ўяўляў сабе, што рабіць з параненым. Ён толькі адчуваў, што з мінулай ночы ўсё пайшло не так, як ён на гэта разлічваў, усё выходзіла горш, а можа стацца, што скончыцца і зусім кепска. Але ён не мог дапусціць, каб пасля столькіх пакут і намаганняў усё скончылася няўдачай, ён адчуваў, што павінен да апошняй магчымасці супрацьстаяць абставінам так, як бы ён супрацьстаяў немцам. Не падвялі б сілы, а рашучасці ў яго хопіць.
Хвілін дваццаць яны ляжалі ў рове, не сказаўшы ніводнага слова, і ён не мог знайсці ў сабе сілы, каб загаварыць і назначыць назіральніка. Ён толькі ў думках паўтараў сабе, што зараз, зараз трэба кагосьці назваць. Хоць усе яны былі дарэшты знясілены, але адзін нехта павінен быў ахвяраваць адпачынкам і вылезці наверх, на вецер і сцюжу, каб не даць ворагу засцігнуць знянацку астатніх.
— Трэба паназіраць, — нарэшце сонна вымавіў Іваноўскі і перачакаў нямое маўчанне лыжнікаў. — Суднік, вы.