Быков Василь
Шрифт:
Суднік прываліўся спіной да снежнай сцяны, трымаючы на каленях набіты пілавіннем рэчмяшок са сваім далікатным грузам. Было падобна на тое, што ён спаў. Галава яго ў мокрым капюшоне была звешана долу, вочы прыкрыты.
— Суднік! — зноў гукнуў лейтэнант.
— Зараз, зараз…
Яшчэ трохі счакаўшы, баец рыўком выпраміўся, сеў раўней. Пасля абапёрся на рукі, устаў і, рэзка хіснуўшыся, ледзьве не паваліўся зноў.
— Ціха! Бутэлькі! — спалохаўся лейтэнант, і гэты спалох разам вывеў яго са стану неадчэпнай санлівасці.
Пакінуўшы лыжы ўнізе, Суднік узлез на высокі крутаваты бруствер трошкі збоч ад байцоў і залёг за ім — белым пластом на свежым снезе.
— Як там? Ідуць?
– Ідуць. І канца не відно.
Ну вядома, яны будуць ісці, не чакаць жа ім, калі ён пярэйдзе на той бок шашы, каб знішчыць іх базу. У іх свае мэты і свае задачы, напэўна, супрацьлеглыя ягоным задачам, і ён падумаў: добра яшчэ, што паблізу няма іх стаянак, інакш бы ён нядоўга праседзеў у гэтым сховішчы.
Напэўна, мінула каля гадзіны, і Іваноўскі прахапіўся ад сцюжы — разгарачанае цела пачаў прабіраць мароз. Усе, апроч Судніка на брустверы, нерухома ляжалі, бы нежывыя, і ён, падумаўшы, што так лёгка можна памерзнуць, крыкнуў:
— Не спаць! Ану, сесці ўсім!
Сёй-той заварушыўся, Лукашоў сеў, мутным ад знямогі поглядам абвёў снежнае сховішча. Півавараў не крануўся нават са зручнага снегавога месца — ён спаў. І тады лейтэнант рашыў, што, мабыць, трэба ўсё ж даць некалькі хвілін паспаць, іначай іх проста не скранеш з месца. Можа, за трыццаць — сорак хвілін не замерзнуць. Праўда, у такім выпадку сам ён заснуць ужо не меў права.
Немалым намаганнем, выкліканым блізкай, навіслай над імі небяспекай, Іваноўскі адагнаў ад сябе цягучую дрымоту і ўстаў. Яго даўно непакоіў Хакімаў, але толькі цяпер з'явілася магчымасць агледзець байца, і лейтэнант, хістаючыся, падышоў да параненага. Як ён і баяўся, байцу было кепска. Мабыць, усё яшчэ непрытомны, ён нерухома ляжаў на лыжах, туга загорнуты ў абсыпаную снегам палатку, праз цесную адтуліну ў якой праглядваў яго белы, з сінім адценнем твар. Ад частага кароткага дыхання краі адтуліны густа заінелі, і дробныя сняжынкі, абсыпаючыся з іх, адразу ж раставалі на мокрых шчоках Хакімава — ён быў у гарачцы. Схіліўшыся над байцом, лейтэнант ціхенька паклікаў яго, але той ніяк не рэагаваў на ягоны голас, толькі часта напружана дыхаў.
Некалькі хвілін ён сядзеў над параненым і сумняваўся ў правільнасці свайго рашэння, якое асуджала Хакімава на гэты пакутны шлях. Можа, сапраўды лепш было пакінуць яго ў якім-небудзь стажку пачакаць, калі вернецца група. Але тады з параненым трэба было б пакінуць і яшчэ кагосьці, а на гэта лейтэнант згадзіцца не мог: і без таго з дзесяці чалавек іх засталося ўсяго пяцёра. І перад гэтымі пяццю ўсё ўскладнялася іх галоўная баявая задача, дзеля якой яны хоць і са спазненнем даклыпалі сюды. Цяпер трэба было перайсці шашу, але як гэта зрабіць на вачах у немцаў, лейтэнант проста не мог даўмецца.
Думка аб гэтай шашы не выходзіла ў яго з галавы, і ён хутка ўстаў. Хакімаву ён нічым не мог памагчы, а пра задачу ён проста не мог не думаць. Ён уваткнуў у гурбіну лыжы і, хістка ступаючы ў снезе, палез на бруствер да Судніка.
Тут было ветрана і халадней, чым у рове, затое адкрываўся шырокі кругагляд на поле з абодвума канцамі шашы, сярэдзіна якой хавалася за вяршыняй пагорка. Там жа знікаў і роў. Па той бок шашы, месцамі блізка падступаючы да дарогі, шырока разбегліся хмызнякі і пералескі, а трошкі ўбаку ад прырэчнай лагчыны цямнеў знаёмы хвойны лясок, які так вераломна сустрэў іх аднойчы.
Лейтэнант выняў з запазухі карту, зарыентаваўся. База наўмысля не была пазначана на яго карце, але ён і без таго цвёрда памятаў яе месца на паўночным мыску невялікага надрэчнага лесу. Цяпер, знайшоўшы на карце гэты пагорак, лейтэнант убачыў, што базу і яго раздзяляла ўсяго якіх паўтара кіламетра, не больш. Зноў стала да болю крыўдна: так гэта было блізка — і так недаступна. Праз гэтую праклятую шашу ён мусіў марнаваць увесь дзень — цэлы дзень пакутаваць ад няпэўнасці і сцюжы.
Разам з Суднікам Іваноўскі пачаў назіраць за шашой, на якой на працягу нядоўгага часу выпадалі невялікія перапынкі ў руху. Ішлі ў асноўным грузавыя — крытыя і з адкрытымі кузавамі машыны самых розных марак, відаць, сабраныя з усіх краін Эўропы. Большасць іх імчалася на ўсход, да Масквы. І раптам лейтэнант падумаў, што калі і не ўсім і не з параненым, то, напэўна, хоць бы з адным-двума варта паспрабаваць, скарыстаўшы роў, перабрацца цераз шашу. Ва ўсякім выпадку за дзень ён бы там нешта выгледзеў, разведаў, склаў бы план дзеяння, а як сцямнела, перавёў бы на той бок і ўсю групу.
Гэтая думка адразу надала яму бадзёрасці і выклікала дадатковыя сілы для дзеяння. Ён споўз з бруствера, нягучна, але энергічна гукнуў лыжнікам:
— Пад'ём! Паскакаць, пагрэцца ўсім! Ну!
Краснакуцкі, Лукашоў адразу падняліся, ляскаючы сябе па сцёгнах, замахалі рукамі. Лукашоў расштурхаў асалавелага са сну Піваварава.
— Грэцца, грэцца! Смялей! — настойваў лейтэнант і тут жа прыпомніў найлепшую для пад'ёму каманду: — Ану, снедаць! Лукашоў, даставайце кансервы! Усім па два сухары.
Лукашоў, санліва ўздрыгваючы, дастаў з сумкі некалькі сухароў і банку рыбных кансерваў. Лейтэнант са скрыпам распароў нажом яе бляшанае дно, і яны нажамі і лыжкамі ўзяліся выскрэбваць мёрзлыя кавалкі рыбы.
— Ну як, Піваварчык, наспаўся? — штучна ўзбадзёраным тонам запытаўся лейтэнант.
— Ды так, кімарнуў трохі.
— Што ж ты прыстаў быў, га?
— Прытаміўся, таварыш лейтэнант, — проста адказаў баец.
— А я думаў, ты мацачок, — з лёгкай жартоўнасцю заўважыў лейтэнант. — А ты вунь які!