Быков Василь
Шрифт:
Міцяеў ля конавязі спаў так моцна, што нічога не ўчуў, а хлопцы высушыліся на пагорачку і да вечара ўжо былі дома. Назаўтра, ведама, пачаліся пошукі прапажы, аказалася, што хтось бачыў паблізу ад купальні местачковага распусніка Цёмкіна, на якога тут жа і склалі пратакол. Спрабавалі дапрасіць таксама і Ігара, які з раніцы быў ля коней, але дзяжурны Міцяеў не мог нават уявіць свайго памагатага ў ролі злодзея і паручыўся ў яго невіноўнасці. І калі праз дзень Ігар усё ж прызнаўся Міцяеву ў сваёй віне, той спярша не паверыў. Давялося паказаць месца на возеры, дзе неглыбока на ілістым дне затанула лодка, якую хутка паднялі і прыцягнулі на бераг. Убачыўшы яе, Міцяеў толькі плюнуў у пясок і адышоўся ўбок, нават не зірнуўшы на свайго памочніка. Іх двухгадовае сяброўства на тым і скончылася. Да самай дэмабілізацыі Міцяеў не сказаў хлопцу ніводнага слова, быццам не заўважаў яго, не адказваў на яго прывітанне, пры сустрэчы праходзіў міма, нават не пазіраючы ў яго бок. Ігар не крыўдаваў, ён ведаў: гэтая пагарда была ім заслужана.
На іхнім шляху неўзабаве аказаўся рэдзенькі малады хвойнік — пасадка, яны хутка прайшлі яго між роўных радоў падросту, і раптам абодва спыніліся. На самым узлеску, пэўна, была дарога, па якой цяпер некуды ўбок марудна, віхляючы на выбоінах, паўзлі ў цемры машыны. Спачатку Іваноўскаму здалося, што ён зблытаў напрамак і выйшаў да той самай шашы. Але хутка ён зразумеў, што гэта зусім не шаша, а, напэўна, якая паваротка з яе ўбок. Але чаму на гэтай паваротцы машыны?
Стаіўшыся, ён нядоўга пастаяў на ўзлеску. Машыны паўзлі зусім блізка, пярэдняя ішла з уключанымі фарамі, віхляючы па калдобінах крытым высокім кузавам. Тры іншыя машыны, што ішлі следам, былі таксама высокія і крытыя, — што яны везлі, немагчыма было зразумець. Але той факт, што машыны з'язджалі ўбок з галоўнай магістралі, наводзіў лейтэнанта на некаторыя прыемныя думкі. Болей не пад'язджаючы да гэтай дарогі, ён павярнуў на ўзлеску ўслед за машынамі.
Цяпер ён ішоў вельмі марудна, часта спыняўся і слухаў. Далёкі нутраны гул дызеляў нейкі час яшчэ быў чуваць, пасля, заглушаны павевам ветру, неяк адразу сціх. Іваноўскі паправіў на сабе дзягу з цяжкой гранатай, азірнуўся на Піваварава. Той быў побач; прыціхлы ў прадчуванні небяспекі, ён ледзьве спраўляўся са сваім дыханнем.
— Ану, паглядзім, што там. Ты адстань трошкі…
Півавараў кіўнуў, таўхануў локцем вінтоўку, рэмень ад якой наўкось перарэзаў яго белыя ў маскхалаце, вузкія грудзі. Ведама, трохі слабаваты аказаўся яго памочнік, але тут і дужы напэўна не вытрываў бы. Зашорхаўшы па снезе лыжамі, Іваноўскі пайшоў па ўзлеску.
Хвойнічак хутка скончыўся, наперадзе быў ручай або рэчка з кустоўем па берагах, Іваноўскі з прыкметнай натугай зморанага чалавека перабраўся цераз яе і яшчэ прайшоў полем. Нечакана для сябе ён убачыў дарогу — дзве глыбока прарэзаныя ў снезе аўтамабільныя каляіны. Каб не пераходзіць яе і не згубіць у цемры, ён вярнуўся назад і на некаторай адлегласці пайшоў полем.
Вёска паявілася нечакана хутка — без адзінага гуку, без бляску святла, з шэрага паўзмроку перад ім раптам вынікла страха хлеўчука, за ёю другая, і лейтэнант тут жа ў думках вылаяў сябе за неасцярожнасць — ад вёскі трэба было трымацца далей. Толькі ён наважыў павярнуць у поле, як перад ягоным позіркам за вуглом хлеўчука мільгануў характэрны абрыс гусенічнага ўсюдыхода. Тут жа было і яшчэ нешта, незразумела грувасткае ў паўзмроку. Тонкая патарчака ад яго высілася ў небе, і, паўзіраўшыся крыху, лейтэнант зразумеў, што гэта антэна. Вядома, у вёсцы не магло быць ніякае базы, затое магло размясціцца на ноч якое тылавое ці маршавае падраздзяленне немцаў.
— Бачыў? — ціха запытаўся Іваноўскі ў напарніка.
— Ну.
— Што гэта, як думаеш?
Півавараў толькі цепнуў плячом, ён не ведаў, што гэта, як не ведаў таго і лейтэнант, які цяпер звяртаўся да яго, як да роўнага. Калі б было ў яго пяць або дзесяць байцоў, Іваноўскі нізашто б не дазволіў сабе такога ў адносінах да іх панібрацтва, але цяпер для яго гэты Півавараў быў больш чым баец. Ён быў першы яго памочнік, ягоны намеснік, галоўны яго дарадца — іншага тут узяць не было дзе.
Выкінуўшы ўбок лыжу, Іваноўскі развярнуўся ў поле, Півавараў павярнуў таксама, яны крута ўзялі ў абход вёскі. Але, крыху прайшоўшы па снежным полі, лейтэнант спыніўся пры думцы: а раптам гэта які-небудзь буйны штаб немцаў? Штаб ім спатрэбіўся б нават болей, чым тая злашчасная база, якую немаведама дзе было шукаць уначы.
Хвіліну ён пастаяў на ветры ў роздуме, згадваў, што можна было зрабіць. Побач чакаў Півавараў. Баец разумеў, мабыць, што камандзір рашаў штосьці важнае для абодвух, і чакаў гэтага рашэння са спакойнай салдацкай вытрымкай. А Іваноўскі думаў, што, ведама, лепей бы абысці гэта асінае гняздо, але, можа, спачатку варта было падкрасціся бліжэй, разведаць — авось надарыцца што-небудзь зручнае і ім пашанцуе болей, чым з той базай.
Пакуль яны стаялі так у нерашучасці, дзесьці ў вёсцы бліснула плямка святла, штось асвяціла на снезе і тут жа пагасла. Гэты выпадковы пробліск нічога не вытлумачыў ім, але паказаў у цемры напрамак, пэўнае месца. Мабыць, там была вуліца, і лейтэнант урэшце наважыўся падысці да яе бліжэй, каб зразумець, што там адбываецца.
— Так, Піваварчык, прыадстань. І паціхеньку — за мной!
Півавараў згодна кіўнуў, Іваноўскі рашуча адштурхнуўся палкамі і пайшоў да вёскі.
Спярша на ягоным шляху паявіўся стары паламаны плот, праз дзірку ў якім ён выйшаў на гарод і ў начным паўзмроку наткнуўся на тонкія дрэўцы з кустоўем — падобна, на мяжы двух гародаў. Ён павярнуў крыху ўбок і пад прыкрыццём гэтых дрэўцаў пайшоў па неглыбокім снезе да цемнаватых сілуэтаў будынін. Вакол па-ранейшаму было ціха, халаднавата, парывамі дзьмуў вецер, у паветры коса несліся негустыя сняжынкі. Ніякіх пэўных гукаў сюды не далятала, але ўсё ж па якіхсьці невыразных прыкметах Іваноўскі ўгадваў прысутнасць у вёсцы чужых, якімі цяпер маглі быць толькі немцы. Адчуваючы, што вось-вось нешта для яго адкрыецца, ён асцярожна ішоў да будынкаў.
Зусім ужо блізка горбілася заснежаная страха хлява, ля якога крывабока тырчэў падскубаны з аднаго боку і падпёрты жардзём стажок. Дрэўцы межавай пасадкі тут разам канчаліся, крайняй у радзе была раскідзістая грушка з таўставатым, прыкметным сярод танканогага вішняку камлём. Убачыўшы яе зводдаль, Іваноўскі падумаў, што за гэтым грушавым камяльком, мабыць, трэба прысесці, перачакаць. Але ён яшчэ не дайшоў да грушкі, як зусім невядома адкуль ля стажка паявілася нейкая постаць у расшпіленай даўгаполай вопратцы, і ён, скалануўшыся, сцяміў: немец! Немец ад нечаканасці на секунду знерухомеў, пільна ўгледзеўся ў яго, але тут жа, мабыць, спакайнеючы, пракартавіў здаля: