Быков Василь
Шрифт:
— Пэўна, пасля вайны.
— Я, ведаеце, я нічога. Я не надта: заб'юць, ну і што ж! Маці шкада…
Маці, вядома, шкада, моўчкі пагадзіўся Іваноўскі. Зрэшты, шкада і бацьку таксама. Нават такога, якім быў яго, ветэрынар Іваноўскі. Не вельмі каб добры і не надта разумны, аматар пагутарыць з мужыкамі і нават выпіць з выпадку, ён часам здаваўся занядбаным, патрапаным у жыцці няўдакам. Сапраўды, ва ўсіх былі жонкі, якія клапаціліся пра харчаванне, быт, сямейныя зручнасці, у рознай ступені, але нязменна паважалі сваіх мужоў-камандзіраў, а яны з бацькам, колькі памятаў Ігар, заўсёды жылі ў нейкіх каморках, кутках, на прыватных жыдоўскіх кватэрах, абедалі калі і чым давядзецца: кавалкам сала, міскай капусты, кансервамі, абходзіліся адной на двух алюмініевай лыжкай. Маці сваю Ігар не памятаў і амаль ніколі не пытаўся пра яе ў бацькі; ён ведаў: варта толькі пачаць пра яе размову, як бацька не ўтрымаецца ад слёз. З вобразам маці была звязана нейкая сямейная драма Іваноўскіх, і сын нават не ведаў, ці была яна дзе жывая, ці даўно, можа, памерла. Зрэшты, як высветлілася потым, бацька таксама пра гэта не ведаў.
Пра бацьку Іваноўскага знаёмыя гаварылі рознае, па-рознаму адносіўся да яго сын, але ўсё роўна гэта быў бацька, які па-свойму любіў адзінага свайго сына, жадаў яму толькі добрага, радаваўся яго вайсковай будучыні. І вось дарадаваўся. Апошняе пісьмо ад яго Іваноўскі атрымаў у вучылішчы, перад выпускам, у пачатку чэрвеня; бацька тады быў пад Беластокам усё ў тым жа пагранатрадзе, Ігар жа атрымаў назначэнне ў Горадню, у распараджэнне армейскага аддзела кадраў, і думаў, што яны неўзабаве ўбачацца. Ён нават не адказаў бацьку на яго пісьмо, а пасля ўжо і адказваць не стала куды; дзе ён, жывы ці не — ніхто яму дакладна сказаць не мог, ды і запытацца не было ў каго. Відаць па ўсім, з бацькам у Іваноўскага ўсё назаўжды скончылася, надзеі на сустрэчу не засталося ніякай.
Таксама як і з яго Янінкай.
Дзіўна, але тое страшнае расстанне з дзяўчынай ён перажываў куды даўжэй і пакутней, чым, па ўсёй верагоднасці, навечную разлуку з бацькам. Праўда, пасля, у баях, у крывавай мітусні франтавых будняў, часта забываўся пра яе, каб зусім нечакана дзе-небудзь у часе начлегу, у ціхую хвіліну, перад самотнай невядомасцю бою раптам прыпомніць да пранізлівага болю ў сэрцы. Ён нікому не расказваў пра гэтае сваё першае і, напэўна, апошняе, зусім кароценькае каханне. Ведаў — у іншых было не лепш. Хто ў вайну не перажывае, не сохне, не пакутуе ад разлук з каханай, маці, жонкай або дзецьмі… Разлукі тамілі, пяклі, болем тачылі салдацкія сэрцы, і ніхто не мог нічога зрабіць, каб як палегчыць гэты іх боль.
…Здаецца, ён зноў забыўся — заснуў або проста заціх на пакутным рубяжы між жыццём і смерцю, і калі ачнуўся, лазня амаль патанула ў змроку. Ён ужо не глядзеў на гадзіннік, час для яго цяпер страціў свой пачатковы сэнс, адчуванне Іваноўскага быццам і яшчэ пагоршала. Ён дробна і часта дыхаў, ледзьве адольваючы дыхавіцу, ранішнія дрыжыкі змяніліся патлівай гарачкай. Ачнуўшыся, ён пашукаў вакол позіркам і ўбачыў Піваварава, які сядзеў на перакуленым драўляным вядзерцы ля акна і грыз сухар. Акно, мабыць, пацела ад яго дыхання, і баец рукавіцай усё цёр шыбы.
— Што там? — адкрыўшы і зноў закрываючы вочы, запытаўся лейтэнант.
— Усё тое ж. Не ідуць, сволачы.
Не ідуць — значыць, у вёску не сунешся. Але куды ж, апроч вёскі, цяпер можна сунуцца? У полі будзе горай, чым у гэтай лазні, у полі яго даканае мароз. Але і ў лазні наўрад ці яны дачакаюцца чаго добрага.
Чорт, патрэбны былі лыжы, дарма ён кінуў іх у той вёсцы. Хаця там, пад агнём, было не да лыжаў — там трэба было ратаваць галовы. Але цяпер вось без лыжаў яны проста не маглі нікуды паткнуцца з гэтае лазні.
Зрэшты, яму ўжо ўсё роўна, лыжы яму не спатрэбяцца. Але Півавараву яны неабходны. Без лыжаў хлопцу ніяк не дабрацца да лініі фронту — на першым жа кіламетры дарогі яго схопяць немцы.
— Слухай, як думаеш, да той вёскі далёка?
— Якой вёскі?
— Ну той, учарашняй.
— Можа, кіламетры два.
Аказваецца, так блізка, а яму ноччу здавалася, што яны ўцяклі ад яе, можа, кіламетраў на пяць, не меней. Хаця мера адлегласці часу, відаць, страціла для яго сапраўднае сваё значэнне, кожны метр шляху і кожная хвіліна жыцця неймаверна расцягваліся ягонай пакутай, скажаючы нармальнае чалавечае ўспрыняцце іх. Напэўна, цяпер яму трэба будзе больш спадзявацца на Піваварава.
— А што трэба, таварыш лейтэнант? — запытаўся баец.
— Схадзіць па лыжы. Ноччу. Можа, не падабралі немцы.
Півавараў хвіліну маўчаў, нешта прыкідваючы, пасля з уздыхам сказаў:
— Што ж, я схаджу. Хай прыцямнее толькі.
— Ага. Трэба, ведаеш…
— Ну. Толькі вы… Як вы тут?..
— Як-небудзь. Я пачакаю.
Яшчэ не зусім змерклася, але Півавараў падняўся і пачаў збірацца ў дарогу. Перш за ўсё ён сцягнуў з нагі кірзавы бот і пераматаў анучу. Пасля выняў з рэчмяшка два сухары, сунуў у кішэню штаноў, рэчмяшок пераставіў бліжэй да Іваноўскага.
– І гэта… я аўтамат вазьму — ладна?
— Вазьмі.
— З аўтаматам, ведаеце… Неяк больш смеласці.
Лейтэнант бачыў: баец не мог стрымаць радасці, займеўшы такую зброю, пра якую марыў кожны баец на фронце. Аўтаматы яшчэ толькі паступалі ў войска, пяхота амаль скрозь была ўзброена вінтоўкамі. Іваноўскі сам атрымаў гэты ППД напярэдадні выхаду, калі генерал, раздобрыўшыся, загадаў свайму канаводу перадаць аўтамат лейтэнанту. Вядома, у іхнім становішчы зброя вырашала многае, на спрадвечнае сіле зброі цяпер трымаліся мізэрныя іх магчымасці.