Шрифт:
Дождж усё не пераставаў, хаця ранейшы напор яго прыкметна слабеў, на дашчэнту прамоклую зямлю з неба густа сыпаліся дробныя кроплі, вецер быццам прыціх, і было ўвогуле не сцюдзёна. Слухаючы невясёлы Сямёнаў успамін, Агееў некалькі разоў з непакоем падумаў пра кар'ер: хаця б не заліло. Залье, што тады рабіць? Чакаць, пакуль высахне? Ці калі сыдзе куды вада? Сямён, чуўна ўлавіўшы прыхаваную трывогу Агеева, дакрануўся да яго пляча.
— Слыш? Хачу пацікавіцца? Чаго там капаеш? Ну, у кар'еры?
— Ды так. Што-колечы трэба паглядзець.
— Згубіў што?
— Бадай што. Жыццё ледзь не згубіў, — сказаў Агееў і пашкадаваў, што сказаў нешта многа.
— А-а, — нешта зразумеў Сямён. — Ну, ладна, больш не пытаюся. У кожнага чалавека павінны быць свае сакрэты.
Агееў вінавата зірнуў на яго хмурны твар, і яму зрабілася трохі ніякавата за сваю няшчырасць.
— Можа, і так. Ну, а ў цябе як — тожа сакрэты ёсць?
— Я сакрэтаў пры сабе не трымаю. Я іх усе растрапаў. Усе пра мяне ўсё ведаюць. Можа, і кепска гэта. Можа, я таму і непуцёвы такі. Ну, ды годзе. Годзе балтаць.
Сямён стукнуў кулаком па калене і, зачапіўшы плячом стойку, ледзь не паваліўшы тым усю палатку, вылез на двор. Агееў здагадаўся, чаго яму не сядзелася тут, але пярэчыць не стаў. Няхай ідзе чалавек, можа, лаўка яшчэ не зачынілася, знойдзе чым спатоліць сваю мужчынскую прагу.
— Як-небудзь падыду. Раскажу яшчэ што-нішто, — пачулася здалёку, і па мокрай зямлі, аддаляючыся, зашлёпалі размашыста яго даўгія ногі.
Агееў нядоўга пасядзеў у палатцы, пасля пераклаў мокрае адзенне ў правы, болей сухі бок — усё парусінавае дно было мокрае. Ад вопраткі, спальніка дужа патыхала сырасцю, парная волкасць вісела і ў паветры знадворку, калі ён вылез з палаткі, занепакоены думкай аб кар'еры.
Дожджык ціхенька сыпаўся на мокрую траву, сцежку, палатку, туман мяккай кісяёй заслаў наваколле, бліжні лясок, дальнія хаты пасёлка. Але могілкі і кар'ер паблізу бачны былі ва ўсіх драбніцах, і калі ён зірнуў з абрыву, дык ледзь не вылаяўся ад злосці: у самым глыбокім месцы на дне кар'ера цьмяна блішчэлі дзве аграмадныя лужыны. Якраз там, дзе ён капаў гэтыя дні і дзе, як здавалася яму, была найбольшая магчымасць нешта знайсці. Але самае горшае адкрылася яму пасля, калі ён ступіў на край абрыву, — з круцізны яго да самага нізу абрынуўся вялізны пласт гліны, дашчэнту пахаваўшы пад сабой сённяшняе месца яго раскопак.
Хвіліну Агееў разгублена пазіраў уніз, не ведаючы, што цяпер рабіць, што думаць. Ясна, што капаць тут ужо будзе нельга, ваду адвесці няма куды, вычарпаць яе немагчыма. Заставалася не самае лепшае — чакаць, пакуль высахне. Ну, а калі задажджыцца на некалькі дзён? Ілья сапраўды можа нарабіць гнілля да восені. Што тады рабіць? Чаго ён даб'ецца тут?
Каторы ўжо раз Агееў ставіў перад сабой гэтае пытанне і не знаходзіў на яго адказу. Сапраўды, што ён мог зрабіць? Звярнуцца да кіраўніцтва? Але што ён ім скажа? Якія ў яго доказы, што яна там? Што яе расстралялі разам з усімі? Ён і сам нічога пэўна не ведаў. Ён і самому сабе найперш хацеў даказаць, што яе там няма. Што яна там не засталася. Што той раз, можа, яна ўцалела. Бо калі ў сорак чацвёртым адкапалі целы расстраляных, яе сярод іх не знайшлі. Ну, але ж яе і не шукалі. Яна ж не была ў іх тройцы і апынулася з імі выпадкам. Гэта ён і расстраляныя ведалі, за што яе ўзялі, а болей нікому пра тое не было вядома. Дык што ж бы ён мог растлумачыць на гэты конт, калі б звярнуўся па дапамогу? Дапамажыце, маўляў, пераканацца, што там нічога няма? У тым, што там нікога не засталося, і без яго ўсе былі ўпэўнены.
Не быў упэўнены толькі ён адзін.
Нямала апанураны, Агееў вярнуўся да свае палаткі, перасмыкнуў плячыма ад дажджлівай прахалоды. Дождж усё сыпаў, і ён, залезшы ў палатку, запаліў на парозе маленькі бляшаны вогнік на сухім спірце. Хацелася сагрэцца, абсохнуць, але, мабыць, абсохнуць да заўтра ўжо не ўдасца, прыйдзецца бавіць ноч сярод зябкай сырасці. Зрэшты, гэты невялікі дыскамфорт, прынесены нечаканым дажджом, не надта назаляў Агееву, у якім пад старасць усё настойлівей заяўляла аб сабе неўтаймаваная цяга да прымітыўнасці быту, мабыць, не задаволеная ў маладыя гады, усё болей вабіла да сябе прырода. Тое, ад чаго за доўгія гады вучобы, службы, работы адвыкла яго душа, пачало з усё большай уладай авалодваць ягонай свядомасцю. Гарадская кватэра, упарадкаванне якой некалі каштавала яму немалых намаганняў і шмат год прыносіла задавальненне не без прэтэнзій наладжаным утулкам, чамусьці цяпер пераставала вабіць яго, у вольны час пачала цягнуць да сябе несамавітая прырода загарадных мясцін, які-небудзь бярозавы гаёк над ціхай рачулкай, палявая дарожка, яшчэ не разбітая коламі магутнай тэхнікі. Аўтамабіль Агееў сабе не купіў — у маладосці гэта не было прынята, ды і не было на тое магчымасці, а пасля стала позна. Сын часам падвозіў яго на прыроду, у выхадныя — на рыбу, якой захапляўся з дзяцінства і адным часам захапіў бацьку. Але ад рыбы Агееў хутка адвык, а сынава машына, хоць ён і ўклаў у яе пакупку немалую суму, усё ж належала не бацьку-пасажыру, а шафёру-сыну. Зноў жа, ён не хацеў аказацца назойлівым, у маладых былі свае, маладыя інтарэсы, у кола якіх уваходзілі пясчаныя берагі рэк, пляжы, купанне, грыбныя і ягадныя мясціны. Дзе-небудзь на баравым узлеску пад соснамі ім было сумна і не было чым заняцца. Да таго ж яны захапляліся далёкімі паездкамі па райцэнтрах у пагоні за шырспажывам, якога не хапала ў горадзе. Для яго ж усякі набытак неяк неўпрыкмет з гадамі сышоў да мінімуму, і ў гэтым сэнсе ён задавальняў сябе тым, што было неабходна для жыцця на кожны дзень.
Глытаючы гарачы чай з алюмініевай кварты, Агееў падумаў пра Сямёна — той, канечне, недзе ўжо зноў адзначае святога Ілью, мабыць, апавядаючы пра свае прыгоды. Хаця гэтых прыгод не дай бог нікому, і ўспамінаць іх гэтак спакойна можна толькі перажыўшы дарэшты ў душы, захаваўшы былое хіба што ў памяці. Агееў ведаў нямала людзей, якія аб сваім ваенным мінулым, часта цяжкім і нават трагічным, мелі звычай расказваць з гумарам, пасмейваючыся з таго, ад чаго ў свой час станавіліся дыбам валасы на галаве, знаходзілі ў жахлівым вясёлае. Калі ў адносінах да самога сябе гэта яшчэ можна было зразумець, дык у адносінах да другіх, асабліва забітых, замучаных, расстраляных, усё гэта межавала з дурнотай, калі не са злачынствам.
Як гэта ні дзіўна, пра сваё ваеннае мінулае ён амаль не расказваў нікому — хіба што так, збольшага, у агульных рысах. Зрэшты, хваліцца яму асабліва не было чым. Пра страшны сорак першы год і ўсё, што звязана з гэтым мястэчкам, ён доўгія гады стараўся не прыпамінаць нават — міжвольныя ўспаміны не прыносілі радасці, толькі вярэдзілі душу цяжарам смерцяў, крыві і памылак. Жонка яго была родам з Волгі; вайны амаль што не бачыла і, пакуль была жывая, наогул адмахвалася ад яе жахаў. Пра яго ж яна ведала хіба, што ў пачатку вайны ён быў цяжка паранены, ваяваў у партызанах, пасля вучыўся і працаваў у народнай гаспадарцы, пакуль не перайшоў на выкладчыцкую работу ў ВНУ. Сын неяк пацікавіўся яго ўзнагародамі і, калі бацька паказаў яму ордэн Чырвонай Зоркі, зняважліва хмыкнуў: у бацькі ягонага сябра, які праслужыў вайну ў высокім штабе, было пяць ордэнаў, куча медалёў за ўзяцце гарадоў і юбілейных. Агееў зразумеў, што ягоны вайсковы аўтарытэт назаўжды ўпаў у вачах сына, і ніколі не пачынаў з ім гаворкі аб вайне.