Вход/Регистрация
Кар'ер
вернуться

Быкаў Васіль

Шрифт:

Агееў нерухома ляжаў на спіне, калі расчыніліся дзверы і цётка Бараноўская прынесла яму абед — чыгунок маладой бульбачкі, вялікую кварту малака. Паставіла ўсё на скрынку, уздыхнула.

— Во паесці. Каб хутчэй паправіліся.

— Дзякуй, хазяюшка, — крануты яе клопатам, сказаў Агееў і, зірнуўшы на малако, запытаў: — А ў вас хіба ёсць карова?

— Няма каровы. Гэта суседка, дзякуй ёй, прынесла. Я ў мяне нічога няма. Апроч курачкі. Для разводу. Ды вунь яшчэ кот Гультай.

— Там мне прынеслі сала і гэта… Дык вазьміце, падзелімся.

— Не, што вы! — страпянулася гаспадыня. — Гэта вам. Вы хворыя, вам трэба папраўляцца.

— Скажыце, а яшчэ хто-небудзь ведае, што я ў вас? — запытаўся Агееў і насцярожыўся, чакаючы адказу. Бараноўская з-пад цёмнай, нізка завязанай хусцінкі здзіўлена зірнула на яго.

— Ну што вы! Як можна! Я нікому — нічога. У такі час, што вы…

— Ну, дзякуй, — з палёгкай сказаў Агееў. — Вы ўжо прабачце за мяне такога. Можа, хутка папраўлюся. Я вас пастараюся не падвесці, цётка.

— Ды я нічога, ляжыце. Я ж разумею. У мяне ж таксама сын быў, зрэшты, вельмі на вас падобны. Такі вось чубаценькі. Дваццаць шосты гадок…

— Быў?

Бараноўская журботна патупілася, ражкамі хусткі дакранулася да вачэй. Агееў сцяўся ў прадчуванні кепскага і пашкадаваў, што задаў гэтае пытанне.

— Быў. Загінуў Алежка.

Яна ўсхліпнула адзін толькі раз, тут жа, аднак, перасіліла сябе, уздыхнула і загаварыла спакайней, усё стоячы ля парога:

— У Заходняй працаваў. Ён жа чыгуначны інжынер быў, інстытут скончыў. Толькі гадок папрацаваў у Вайкавыску, усё мяне клікаў, збіралася, праўда, хоць паглядзець, як ён там. У мяне ж, апроч яго, нікога не засталося. І во не паспела, усё гарод парадкавала. А як усчалася вайна — ні слуху ні духу. Тыя, каго не мабілізавалі ў армію, дадому вярталіся, а Алега ўсё няма і няма. Чакала, чакала яго, ужо прадчувала нядобрае. Аж і праўда, тыдзень назад жанчына адна прыйшла са станцыі, да маці вярнулася, тожа ў Заходняй рабіла, дык кажа: няма вашага Бараноўскага, на дарозе самалёт бомбамі накрыў, раніла яго ў грудзі і памёр у яе на руках. Партфель яго перадала, я адразу пазнала, той самы, з якім некалі дамоў прыязджаў, колькі разоў харчы туды пакавала. Адкрываю, а там яго сарочкі, — трохі збянтэжана Бараноўская зірнула на Агеева, і той ураз сцяміў, чыя гэта кашуля на ім. — Дзве сарочкі, ну, і бялізна там, кніжкі, дакументы. Аказваецца, разам яны ішлі, ад немцаў ратаваліся, і вось папаў пад бамбёжку.

— Да, шмат людзей пагінула, — памаўчаўшы сказаў Агееў, каб неяк парушыць тужлівую паўзу. — І ваенных, і цывільных.

— Пагінула. І яшчэ гінуць. Во ў нас у мястэчку… Ненасытная яна, гэтая вайна, мусіць, такой яшчэ не было.

Агееў маўчаў. Што ён мог сказаць ёй, чым памагчы яе гору? Страціць дарослага сына — што можа быць горай для маці? Нават уласную пагібель нельга параўнаць з такой стратай — ён ужо бачыў што-колечы на вайне, ды і да вайны ведаў, як гэта жахліва наогул. Цяпер ён зразумеў, чаму ў яе такі жалобны выгляд і такі спакутаваны голас. Сапраўды, нібы ў манашкі.

— Вось тут хачу вам паказаць, — сказала Бараноўская, трохі спакайнеючы, і палезла кудысь за сена. — Во, калі што, тут адна дошачка паднімаецца. Во, ад самага нізу. А там за сцяной маліннік, гарод і бульбоўнік да самага рова. Раптам калі што… Час такі, самі разумееце. Вы ўжо прабачце…

— Усё зразумела. Дзякуй вам, цётачка, — амаль расчулена сказаў Агееў.

Яны ціхенька выйшла — выслізнула з ягонай нары, і ён з горкай усмешкай падумаў: сапраўды настала часіна! Замест таго каб ён, камандзір Чырвонай Арміі, бараніў ад ворага гэтую цётку, аберагаў яе спакой і жыццё, дык яна сама мусіць аберагаць ягонае жыццё і клапаціцца пра яго бяспеку. Цяпер ён цалкам пад яе ўладай і залежыць ад яе ласкі і клопату. Вядома, ён вельмі ўдзячны ёй, і ўсё ж… Не проста было яму прыняць як належнае яе клопат і адолець пачуццё ўласнай ніякаватасці, невыразнага сораму нават.

Ён адразу пазнаў гэтае добра знаёмае яму водгулле нямецкіх дызельных рухавікоў, якое аднекуль выплыла ў ранішняй цішыні над мястэчкам, прагырчэла здалёку і змоўкла, мабыць, у цэнтры, на плошчы. Зараз жа прагнаўшы рэшту дрымоты, Агееў напружыў слых — усё ж хата Бараноўскай была бліжэй да ўскраіны, і водгукі таго, што рабілася ў цэнтры мястэчка, не адразу дасягалі яе. А там сапраўды рабілася штось незвычайнае, данёсся якійсьці прыглушаны вокрык, можа, каманда, невыразная гамана людскіх галасоў, якую часам заглушаў рыклівы роў аўтамабіляў. І раптам рэзка і выразна ў цішыні прагучаў лямант жанчыны паблізу, можа, нават у канцы гэтай вуліцы. Ён яшчэ не заціх, гэты голас роспачны, як там жа раздаўся тоненькі дзіцячы крык: «Мама! Мама!! Мамачка!!!» Агееў павярнуўся на бок, сеў на тапчане, асцярожна, каб не прычыніць сабе болю, выцяг параненую нагу. Праз шчыліны сцен ледзьве прабіваўся сіняваты водбліск світанку, на дварэ стала ўжо віднець. І тады аднекуль справа, з дальняга канца мястэчка, пачаў наплываць шматгалосы трывожны гул — Агееў не адразу сцяміў, што гэта — плач, гоман ці, можа, суладная малітва сотняў людзей. Але тое, што гэты гул утварала мноства галасоў, не выклікала сумнення: глухое рознагалоссе, аб'яднанае рытмам і тонам, здалося, злівалася ў адзін прыглушаны адлегласцю стогн, які то заціхаў трохі, то мацнеў, паволі сунучыся ў прасторы справа налева. Агееў, аднак, здагадаўся, што там адбывалася, гэта было падобна на жах — масавы здзек ці забойства, калі сотні людзей, паднятых бязлітаснай злой воляй з наседжаных спрадвеку гнёздаў, некуды ішлі — куды іх гналі пад страхам, без веры і надзеі. Са скамянелым тварам ён слухаў, стараючыся не прамінуць ніводнага гуку, які далятаў да ягонага сховішча, каб зразумець і запомніць усё. У думках яго з глыбінь пачуцця з'явілася і пульсавала адно толькі слова: «Гады, ах гады!..» І ў гэтым слове-праклёне сканцэнтравалася яго нянавісць і яго разгубленасць перад злом, якое абрынулася на мястэчка.

Мінула, мабыць, не надта шмат часу, але ўжо добра развіднела, і мястэчка, чутна было, стала нібы растрывожаны пчэльнік. Ужо цяжка было вылучыць асобныя гукі ў гэтым жалобным працяжным хоры, які складаўся з ляманту і стогну, што быццам мацнеў, то часам цішэў, то рассыпаўся на асобныя гнёзды гора і роспачы. І тут зусім побач, мабыць, на гэтай вуліцы, прагучала чутна і выразна:

— Шнэль, шнэль…

— Не штурхай, гніда, сам пайду!..

— Ідзі быстра, шнэль, чаво стала?..

— Пан паліцэйскі, нельга ж так хутка, я стары чалавек…

— Шнэль, юда паршывая!..

— О божа, о святы заступнік…

Зноў паблізу ўсё сціхла, напэўна, людзі павалакліся на сваю апошнюю галгофу, змоўк і канваір. І раптам, як маланка ўначы, узляцеў да самага неба крык малення і роспачы:

— Мама! Мама!! Мамачка!!!

І — ціхла. Ні слова ў адказ, ні крыку. Агееў увесь сцяўся на тапчане ў абсалютным зняменні — што там? Што там здарылася — гукі не вытлумачылі яму нічога. Але трагедыя навокал прадаўжалася, і ён быў яе нябачным сведкам, бяссільным яе ўдзельнікам. Або няўдзельнікам, што, зрэшты, азначала адно і тое ж, таму што было нясцерпна пакутна ўсё гэта чуць і не магчы нічога.

  • Читать дальше
  • 1
  • ...
  • 17
  • 18
  • 19
  • 20
  • 21
  • 22
  • 23
  • 24
  • 25
  • 26
  • 27
  • ...

Ебукер (ebooker) – онлайн-библиотека на русском языке. Книги доступны онлайн, без утомительной регистрации. Огромный выбор и удобный дизайн, позволяющий читать без проблем. Добавляйте сайт в закладки! Все произведения загружаются пользователями: если считаете, что ваши авторские права нарушены – используйте форму обратной связи.

Полезные ссылки

  • Моя полка

Контакты

  • chitat.ebooker@gmail.com

Подпишитесь на рассылку: