Шрифт:
— Ну, пазнаеш? Твае рэчы?
Агееў спакойна цепнуў плячмі.
— Гімнасцёрка мая. Дакументы, напэўна, таксама.
Драздзенка пасунуў з-пад стала крэсла і дэманстратыўна прыпадняў з яго злашчасную кашолку з чырвонымі ручкамі.
— А сумачка во гэтая?
Агееў амаль шчыра здзівіўся:
— З якой нагоды? Упершыню бачу.
— Значыць, не прызнаеш?
— Не прызнаю, — сцята сказаў Агееў.
— Добра, добра. Прызнаеш! — лёгка паабяцаў Драздзенка і, схапіўшы сумку, выдраў з яе каляную чорную вокладку, якую Агееў учора паклаў на дно. — А вот гэтую абложку?
Цераз стол ён кінуў яму складзеныя кардонкі вокладкі, Агееў, пра нешта ўжо здагадваючыся, пакруціў іх у руках, разгарнуў, склаў зноў.
— Не!
— Сукін ты сын! — злосна аб'явіў Драздзенка. — Можы, ты і гэтую кнігу тады не прызнаеш? Вось гэтую! З ададраным пераплётам! Во!
Дрыготкімі ад злосці рукамі ён торкаў яму цераз стол трэці том Дзікенса, і Агееў зразумеў, што прапаў. Яны параўналі гэтую вокладку з кніжкамі на гарышчы, і, хоць на вокладцы не значылася ніякае назвы, падабраць да яе кнігу, мабыць, было няцяжка. Трэба было яе ўчора спаліць ці кінуць куды далей з падворка. Але во не дадумаўся. А цяпер…
— Дык што? Будзеш і далей адмаўляцца ці пачнём дзелавы разгавор?
Ён прамаўчаў, і Драздзенка, счакаўшы, уклаў кнігу ў вокладку, кінуў да кучы на гімнасцёрку.
— Чаго вы ад мяне хочаце? — нервова запытаўся Агееў. Здаецца, з кнігай адмаўляцца было бескарысна, але і не прызнавацца ж яму ва ўсім.
— Узрыўчатку Марыі ты даў? — запытаўся Драздзенка і ва ўпор пранізаў яго цяжкім злым позіркам.
— Якую ўзрыўчатку? Якой Марыі?
— Ах, ты не ведаеш, якой Марыі?! Чарамісін! — гаркнуў начальнік паліцыі і, калі дзверы з калідора адчыніліся, загадаў: — Прывядзі тую!
Сэрца ў Агеева па-здрадніцку страпянулася, у вачах прыцьмела, і ён увесь сцяўся ў прадчуванні найгоршага. Аднак Чарамісін марудзіў, мабыць, бегаў куды, і Драздзенка з непадробнаю асабістай крыўдай пачаў лаяць Агеева:
— Эх ты, сука! А я цябе пакрываў! Намеснікам хацеў зрабіць. А цяпер ты здохнеш, і пашкадаваць не будзе каму.
— Гэта магчыма, — марудна авалодваючы сабой, сказаў Агееў. — Калі вы так… без разбору.
— Без разбору? Мы разбярэмся, не думай…
Дзверы ціха адчыніліся, і ў кабінет ціха ўвайшла мілая яго Марыя, адзін толькі позірк на якую прымусіў Агеева ўнутрана здрыгануцца. Цёплай вязанай кофты на ёй ужо не было, з-пад разадранага на спіне сарафаніка востра тырчалі голыя плечы, усе ў драпінах і сіняках ад пабояў, на левай шчацэ пад вокам цямнелася сіняя пляма, распухлыя вусны сачыліся крывёй. Хуткім позіркам яна слізганула па кабінеце, ледзь-ледзь затрымала позірк на Агееве, нічым, аднак, не адзначыўшы свайго да яго пачуцця, і ўставілася ў Драздзенку.
— Ну, пазнаеш? — запытаўся ў яго начальнік паліцыі.
— Не памятаю.
— Не памятаеш!.. А ты? — кіўнуў ён Марыі.
— Я памятаю. Гэта сапожнік, што ў Бараноўскай жыў, — слабым, з дрыготкай голасам сказала Марыя і змоўкла, уся ў насцярожанай пакутнай увазе.
— Сустракаліся?
— Аднойчы рамантавала туфлі. Во гэтыя, — Марыя варухнула запэцканымі ў гразь наскамі яму добра знаёмых лодачак.
— Ну, ці мала каму я рамантаваў! Усіх не прыпомню. Можа, і ёй рамантаваў, — з робленай лёгкасцю сказаў Агееў.
— Рамантаваў і завербаваў! Вот гэтую дуру! — вызверыўся на абаіх Драздзенка. — Толу ёй нагрузіў! Нясі на станцыю. Падумаў, куды пасылаў? На смерць пасылаў!..
— Я нікуды не пасылаў, — спрабаваў пакрыўдзіцца Агееў.
— А хто пасылаў? Хто?
— Я ж вам сказала, — хуценька ўставіла Марыя. — Дзядзька адзін папрасіў на базары аднесці, сказаў — мыла, што я ведала…
— Маўчаць! — зароў Драздзенка.
Але было позна. Агееў ужо зразумеў, да каго былі звернуты гэтыя словы Марыі, і радасна адзначыў сабе ў думках: малайчына, значыць, не выдала!.. Значыць, Марыя не выдала, цяпер гэта для яго было важней за ўсё іншае. Драздзенка тым часам падскочыў да Марыі, дужым вялікім кулаком памахаў перад разбітым тварам дзяўчыны.
— Ты мне памаўчы! З табой мы яшчэ разбярэмся, блядзюшка!
— А са мной няма чаго разбірацца! Будзеце біць, я вам не скажу нічога! — крыкнула яна з нянавісцю і такім гневам у вачах, што Агееў спалохаўся: будзе і горш.
— Скажаш! — проста паабяцаў Драздзенка. — Скажаш!
— Падонак! — толькі і крыкнула яна ў адказ.
— Чарамісін! — роўным голасам паклікаў Драздзенка. — Вядзі!
З дзвярэй выскачыў Чарамісін і ўхапіў Марыю за руку. Агееў бачыў, як яна пахіснулася і, ступіўшы два крокі, схавалася ў калідоры — назаўжды знікла з яго жыцця і, магчыма, з жыцця наогул. Агееў марудна, пакрысе ачуньваў, галоўнае ён ужо зразумеў: Марыя яго не выдала, сталася нешта іншае. Ці выдаў хтось іншы.
— Ну, прадоўжым размову, — нібы нічога не здарылася, спакойна сказаў Драздзенка і зайшоў за стол. — Як салдат з салдатам. Без нерваў і істэрыкі. Скажы, чаму ты мяне вадзіў за нос? Я ж хацеў для цябе дабра. Ці ты, дурная твая башка, не сцяміў! Ці ты прывык за Саветамі адказваць подласцю на дабро? Што маўчыш, гавары!
Агееў маўчаў. Для таго, каб прадаўжаць гэтую размову, трэба было супакоіцца, а ўнутры ў яго ўсё хваравіта трымцела, яго душылі крыўда і гнеў — ад сваёй бездапаможнасці, ад немагчымасці абараніць Марыю. Яны яе білі, калечылі, зневажалі і ганьбілі амаль на яго вачах, а ён павінен быў напускаць на сябе абыякавасць, нічым не могучы памагчы ёй. Усё тое зневажала яго і было падобна на подласць. А гэты канавал яшчэ клікаў на дурную размову пра няўдзячнасць за ўсё добрае.