Вход/Регистрация
Кар'ер
вернуться

Быкаў Васіль

Шрифт:

Еўсцігнееў, здавалася, шчыра здзівіўся.

— Як я мог яму даць? Ён з забягалаўкі не вылазіў, скандаліў з жонкай. На грамадскасць не рэагаваў, а яму — рэкамендацыю?

— Э, гэта пасля ўжо — забягалаўка і ўсё іншае, — сказаў Жалудкоў. — А тады ж ён яшчэ і не піў. Тады ён хату стаўляў, во гэтую самую. І ты не даў таму, што ў яго там, у дзеле, нешта значылася. З вайны.

— Ну, хоць бы і так. Хоць бы і значылася. Тым болей я не мог даць.

— Надта пільны!

— А як жа! Як жа інакш? Гэта мой абавязак.

— Аднак жа Шаравараву даў. Малады, актыўны. Пад судом і следствам не быў, на акупіраванай тэрыторыі не пражываў. Не п'е, не курыць. Ліха камандуе райзагам. А што ён ужо тады спекуляцыяй займаўся — пра гэта ж у дзеле не напісана. Во ты і даў. А праз год яго выключылі і судзілі. І што ты? Счырванеўся?

— Ведаеце, таварыш Жалудкоў, вам болей піць сёння нельга. Я забараняю, — падумаўшы, холадна сказаў Еўсцігнееў і рашуча згроб бутэльку з рэштай гарэлкі. — Хопіць! Вы шальмуеце старшага афіцэра. Усё ж я падпалкоўнік, а вы — капітан.

— Ужо зняты з уліку, — нечакана ўсміхнуўся Жалудкоў. — Так што спазніўся.

— З чым спазніўся?

— З павучаннем!

— Во дае! — шчыра рагатнуў Хаміч. — Во дае!

— Нічога падобнага! Гэта ўжо п'янка. Вы забыліся, нашто сышліся.

Сказаўшы тое, Еўсцігнееў з натугай падняўся на ногі і з бутэлькай у руках патупаў да плота.

— Пакінь хоць бутэльку, будзь чалавек! — крыкнуў Жалудкоў, але Еўсцігнееў не азірнуўся нават. Трохі пасядзеўшы, моўчкі ўскочыў і Скараход, пабег за падпалкоўнікам. Жалудкоў паморшчыўся і перасеў на яго, мабыць, болей зручнае месца.

— Ну, і чорт з імі! Пакурым на прыродзе. Прахарэнка, дай цыгарэту, — сказаў ён амаль спакойна.

Яны закурылі ўтрох, памаўчалі. Хаваючы ў кішэню цыгарэты, Прахарэнка памяркоўна заўважыў:

— Не трэба было яго чапаць. Даваў, не даваў, каму даваў — якое нам дзела.

— Яму ж да ўсяго ёсць дзела. Надта актыўны.

— Ды ён няшкодны, — уставіў дабрадушна Хаміч. — Шабуршыць, ды ўсё без толку. Цяпер сядуць са Скараходам у шахмацікі.

— Ды ну іх, гэтых шчалкапёраў, — зноў нервова загаманіў Жалудкоў. — Не паважаю такіх! І на вайне не паважаў. За што іх паважаць? Бывала, калі якая аперацыя намячаецца, тэрміны ж заўсёды малыя, дык гэтыя штабы ўвесь час на сябе і сцягнуць. Месяц з паперамі возяцца, графікі малююць, перарабляюць, утрасаюць і ўзгадняюць. Пасля ніжэй спускаюць, зноў чэрцяць і малююць, дакладваюць і ўзгадняюць. А прыйдзе нарэшце такі план да таго, каму яго крывёю выконваць — у полк, батальён, — тэрмін і скончыўся. Камбату няма калі на мясцовасць зірнуць, дзе наступаць будзе, — да атакі гадзіна засталася. Ну, гэта правільна?

— Паперы, яны і на вайне — немалаважнае дзела, — задумліва сказаў Прахарэнка.

— Яны, аднак, супакойваліся. Жалудкоў ужо не зыркаў вакол напружаным паглядам. Прахарэнка быў наогул спакойны, а на старэчым, у зморшчынах твары Хаміча раз за разам з'яўлялася амаль дураслівая дзіцячая ўсмешка.

— І гэты Скараход, ужо два гады на пенсіі, а глядзі ты, гонару колькі! У паветранай арміі ваяваў! — успомніў Жалудкоў.

Прахарэнка сказаў:

— Цяпер што! А во паглядзеў бы ты на яго, як ён дэмабілізаваўся ў пяцьдзесят пятым! Блакітны кант, фуражка з крабам над казырком, усё лётчыкам называўся. Аўтарытэт быў, ого! На ўсё мястэчка адзін лётчык. Уладкаваўся ў абласную газету сабкорам. Усё пра дасягненні пісаў. І загалоўкі якія: «На фронце ўборачнай страды», «Бітва за ўраджай», «Атака на безгаспадарчасць»… Ці бачыў ён хоць раз за вайну атаку…

— Ладна, ну іх! — махнуў рукою Хаміч.

Але цяпер, хоць і спазнела, мабыць, захацелася выказацца і Прахарэнку.

— На фронце пад Сандамірам адзін такі прыехаў у брыгаду. Далі яму ў штабе спісы перадавікоў, і ён кажа: «Хачу сам у танку паехаць». У атаку, значыць. Ну, камбат кажа: «Прахарэнка, возьмеш карэспандэнта». А ў нас быў некамплект, радыста параніла. Праўда, і рацыя не працавала, толькі кулямёт. Так што вольнае месца. Надзеў ён шлем, усеўся, паехалі. Немцы як пачалі балванкамі лупіць, толькі акаліна ад сцен ляціць, пасажыр наш сцяўся, разгубіўся, бадай што «мамачка» закрычыць. А пасля нас падбілі на мінным полі, каля першай траншэі. Добра, не загарэліся, але маторную групу раскурочыла здорава. І гэты друг першы — у ніжні люк. Лейтэнант Агурцоў крычыць: «Стой, сядзі!» Бо куды ж лезці, з траншэі адразу падстрэляць. А так, можа, яшчэ што-небудзь і выседзім… Яшчэ па нас некалькі разоў балванкамі ўрэзалі, праламалі браню, здорава брашнёра ранілі. Брашнёр крывёю сплывае, а мы сядзім. Таму што няма куды лезці — верная смерць пад такім агнём, ды і гэтага друга ледзь стрымліваем. Башнёр надвячоркам памёр. Дасядзелі да ночы, па адным выбраліся, з горам напалам дапаўзлі да сваіх, і пасажыр наш наўпрасткі ў санбат — нервовае патрасенне. А мяне ранічкай у другую «трыццацьчацвёрку» перасадзілі, зноў рычагі ў рукі і — упярод, за Радзіму.

— Гэта што, танк — усё ж браня, — паказваючы нездаровыя зубы і зганяючы з твару наіўную ўсмешку, пачаў Хаміч. — А во як у нас, у партызанах… Вясной сорак чацвёртага, як прарыў быў, ага… Вырваліся, ды на ўсе. Некаторыя не паспелі — захлопнуў ён той калідор. І ўзяў у кальцо. Ды як пачаў па пушчы ганяць, разрыўнымі хрысціць, толькі трэск стаіць. Ну, адстрэльваліся, бегалі, кідаліся сюды-туды, і засталося нас з гулькін нос, два дзесяткі хлопцаў, амаль усе параненыя. Ноччу, як трохі ўціхла, перасядзелі ў балоце, раніцай вылезлі — куды дзявацца? А ён ланцугамі пушчу прачэсвае, усё абстрэльвае, куды не дастане — аганьком! Ну, знайшліся ў нас некаторыя, кажуць: на елку ўзлезці. Елкі густыя, знізу нічарта не відаць, во хлопцы і паўзлазілі, дзягамі да ствалоў папрывязваліся, каб не зваліцца, значыць, — доўга сядзець сабраліся. Я тожа ўзлез высока, прывязаўся, сяджу, гойдаюся на ветры — любата! Але чую: ужо затрашчала, ідзе ланцуг, значыць. І тут чую — аўчаркі! Э не, думаю, ад гэтых не схаваешся. Каменем уніз, яшчэ бок да крыві абадраў, і — дай бог ногі! Бегаў ад тых ланцугоў і так і сяк, зноў ноч на балоце адседзеў, пад выварацінай хаваўся, ля дарогі ў пыльнай канаве паўдня праляжаў, усё ж неяк выкараскаўся. Калі ачапленне знялі. Затым на фронт трапіў, ва Ўсходняй Прусіі адваяваўся. Восенню сорак пятага па першай дэмабілізацыі прыходжу дамоў (я ж з Ушацкага раёна), чую, нехта расказвае: у Селіцкай пушчы шкілеты на елках вісяць. Неяк выпадкам заехаў. Сапраўды, вараннё каркае, кружыць, прыгледзеўся, знаёмыя мясціны. А на елках белыя костачкі праз голле блішчаць, рамянямі папрывязваныя, некаторыя з вінтоўкамі нават. Знімалі пасля, хавалі…

— Ну, а як жа ён іх усё ж згледзеў — на елках? — запытаўся Агееў.

— У тым-та і справа, што ён нічарта не згледзеў — аўчаркі! Тая сцерва ўчуе, падбягае да елкі і брэша. Ну, аўтаматчык падыходзіць і — чаргой угару, па голлі. Ну, і крышка! Каторыя адразу забітыя, каторыя параненыя, самі пасля даходзяць. Але ж прывязаны, не ўпадуць. За паўтара года вараннё абгладала…

— Да-а, — сказаў Жалудкоў. — Было дзела! Ды ну яго к д'яблу! Во нахлынула праз Сямёна гэтага. А так я і ўспамінаць не хачу… Харошае надвор'е, рыбалка. Хутка грыбы пачнуцца.

  • Читать дальше
  • 1
  • ...
  • 74
  • 75
  • 76
  • 77
  • 78
  • 79
  • 80
  • 81
  • 82
  • 83
  • 84
  • ...

Ебукер (ebooker) – онлайн-библиотека на русском языке. Книги доступны онлайн, без утомительной регистрации. Огромный выбор и удобный дизайн, позволяющий читать без проблем. Добавляйте сайт в закладки! Все произведения загружаются пользователями: если считаете, что ваши авторские права нарушены – используйте форму обратной связи.

Полезные ссылки

  • Моя полка

Контакты

  • chitat.ebooker@gmail.com

Подпишитесь на рассылку: