Вход/Регистрация
Беларусізацыя пад №...
вернуться

Крывічанін Лявон

Шрифт:

Але хутка Юрэц вярнуўся без аварыі, і ўсе супакоіліся. Назаўтра Бладук пайшоў упрочкі, але хутка вярнуўся. Бо ўсё-ж, як той казаў, жонка не балалайка — пайграўшы, на сьценку не павесіш.

12 сакавіка. Хадзілі з Сымонам у тэатар слухаць пра новы зямельны закон.

— Хвалю такія парадкі, - цешыўся Сымон. — Свая зямля — гэта ўсё. Шчэ мой дзед казаў: лепш свае тры аршыны, чымся чужая валока. І гэта сьвятая праўда. Калі мой швагра жыў на сваіх трох дзесяцінах, дык ня тое, што хлеба на пяць душ хапала, а й скварка ня выводзілася, а як загналі дабравольна ў калгас, дык ажна з Лагойшчыны ў Менск дыбаў па кілю хлеба. Зямлі ў калгасе было па тры дзесяціны на душу, хлеб-жа, што калгасьнікі рабілі, улада забірала на рублі, а ім прадавала па рублю за кілю.

А мне гэты закон абы-што, бо зямлю рабіць мне не да твару, і хлеба на мой век хопіць.

14 сакавіка. Што на сьвеце дзеецца — чысты сьмех. Настаўнік Дзівак разжаніўся з жонкаю. А жылі разам 45 год. Ці-то надворже на іх паўплывала, ці вайна — невядома. Толькі старыя не захацелі жыць супольна. Падзялілі свой пакой папалам, перацягнулі ў куты кажны свае рэчы, а пасьля ўзяліся агульнае дабро дзяліць. Праўда, дабра гэтага ў іх небагата — усяго адна бочка агуркоў. Як яны перахаваліся ў старых — невядома. Але гэты скарб старыя, як людзі старой загартоўкі, мусілі падзяліць сумесна. Толькі нешта ня выйшла ў іх сумленна — пасварыліся ў час дзяльбы. Ці то старая хацела старога на агурочках абжехаць, ці можа й стары перасморгнуў агурком — пра гэта не хваліліся. Паклікалі на дапамогу суседзяў. Людзей прыйшло шмат. Ведама, кажнаму хочацца на такую рэч паглядзець. Ну, стаўпіліся суседзі й раяцца, як такую справу найлепей абстругаць. Адны раілі расьпілаваць бочку напал, але іншыя запяэрчылі, бо гуркі папілуеш, дый расол выльлецца. Хацелі раскласьці гуркі па штуках: табе, бабка, табе, дзедка, але зноў бяда: другое судзіны ў старых няма. Нарэшце наважылі на месцы агледзець справу й там памеркаваць. Рушылі да бочкі з гуркамі, адчынілі яе, дзівяцца. Ну й гуркі!

Узяў адзін сусед агурок на зуб — хрумшчыць. Другі таксама паспытаў — добра. Трэйці — таксама. Старыя толькі вачыма лыпаюць. І пайшла спроба, як іхныя гуркі хрумшчаць.

— Эх, — кажа нарэшце адзін знаўца на агуркох, — грэх такую закусь усухамятку хрумстаць, сьмяротны грэх.

І неўзабаве джгануў за дзьверы. Праз колькі часінаў вярнуўся з паўлітрам, якое тут-жа й разьмеркавалі. Вядома, не абмінулі й старых. Пасьля сігануў другі сусед, трэйці. І пачалося. Як скончылася гэтая спроба — старыя ня памяталі. Але калі назаўтра зірнулі ў бочку, дык дзяліць ужо ня было чаго. Толькі на дне нейкім цудам захавалася колькі шаптуноў. Вось табе й параілі суседзі. І сядзяць цяпер старыя ў розных куткох ды пазіраюць ваўкамі адзін на аднаго.

Ну, ці ня грэх? А хто ў гэтым вінаваты? Хіба-ж не старыя?

18 сакавіка. У Фэцкага зноў няўдача. Быў апёкся на пісклях, а цяпер на трыбухох скруціла. Купіў ён іх ля бойні ажна мяшок, прывалок дахаты й пачаў вылічваць, колькі на іх заробіць. Але пакуль ён калькуляваў ды вылічваў найвышэйшы прыбытак, трыбухі не марудзілі, узялі дый сквасіліся. Дух ад іх пайшоў па ўсёй кватэры такі цяжкі, што ня толькі на рынак, але й на сьметнік выкінуць небясьпечна. Мусіў збыць за бясцэньне. Каб ня зусім страціцца, завалок гэты злаякасны прадукт Адбіткоўскаму на мыла, па марцы ад трыбуха. Але ашукаўся й Адбіткоўскі. Варыў ён гэтую квашаніну паўдня, але, не ўважаючы на ўжытую ім розную хэмію, мыла з трыбухой ня выйшла, а толькі адна пена.

Цяпер прафэсар ды інжынер, як кажуць, на нажах, бо паміж іхным старым сяброўствам грозным сьценем сталі квашаныя трыбухі. Так, бывае, дробная рэч псуе вялікія дачыненьні вялікіх людзей.

19 сакавіка. Сяньня на зборцы ў Рыгора быў вялікі палітычны дыспут. Справа йшла пра ўладу, чаму яна й навошта. Напачатку населі ўсе на прафэсара Наязнова.

— Вось Вы, — кажам, — прафэсару, акуляры носіце, можна сказаць, зубы зьелі на розных пытаньнях, дык скажэце нам на ласку, што такое ўлада.

– І чаму яна, — дадаў Мікіта Гузак, — не такая, як хачу я, а наадварот?

Наязноў нешта пачаў мармытаць, але такое нявыразнае, што Сымон яго перапыніў:

— Ня ведаеце, шаноўны? Ськідайце акуляры!

Гэтае каведнае пытаньне ўзяўся разьвязаць Мікіта Гузак.

— Я скажу, чаму такое дзеецца на сьвеце. Вось, скажам, так: адзін чалавек хоча туды, а другі хоча сюды. А каб людзі былі ні туды, ні сюды, дык усё было-б добра, і нічога гэтага ня было-б.

— Правільна, — падтрымаў яго Сымон, — людзі ёсьць розныя: адны далікатныя, другія працавітыя, а паміж імі йдзе нясупыннае змаганьне. І вось, знацца, якія людзі перасіляць, такая і улада будзе. Быў у мяне за саветамі знаёмы. Чалавек так сабе — недалуга. Меў ён невялічкую пасаду, быў ціхі, сарамлівы й заўжды выглядаў такім прыбітым, нібы ў яго за каўняром паліцыянт сядзеў. Так. Але аднойчы фракцыя ягонага начальніка перамагае, бярэ, знацца, верх, і той трапляе ў вялікія чыны. Натуральна й гэты недалуга за хвастом чына таксама прыціснуўся да ўлады. І што вы скажаце? Чалавек раптам зьмяніўся: ня той, а зусім новы, ну, проста — арол. Толькі адно й не зьмянілася: як быў гультай, так ім і застаўся. Дык вось што такое ўлада.

Такі нечаканы вывад нас усіх вельмі зьдзівіў, але як мы ведалі, што Сымон — філёзаф, дык і не спрачаліся. А што-ж такое, урэшце, улада, так і не даведаліся.

— Дыспут наш, — як урэзюмаваў Апанас Дзюрка, — быў угрунтаваны на пяску, а таму й вынікаў ня даў.

Можа так, а можа й не…

21 сакавіка. Ловяць безаўсвайсных. Пахапілі на рынку Гузачыху й Загржэмбіцкую — тыя ледзь выцерабіліся. Трапіў у паліцыйныя абыймы й Разак Яська — з самагонам залавілі. Але хоць ён і на мокрай справе пасьлізнуўся, а падняўся сухім, бо Яська добра ведае, што ў такіх выпадках рабіць.

— Я, — казаў, - ўсё роўна сваё наганю.

Пасьля гэтага ўвесь наш мурашнік заварушыўся й пачаў перакоўвацца. Мусіў і я перагледзець свае грамадзкія пагляды й падаўся здабываць аўсвайс. Зразумела, можна было-б і так жыць, бо матаржяльная база яшчэ ёсьць, але палітычныя крыгавіды штораз звужаюцца. Пасьля нядоўгіх меркаваньняў падаўся да Ўправы. Бо як ні кажыце, а ўсё-ж праўда, што толькі на дзяржаўнай пасадзе пазнаеш ісьціну.

22 сакавіка. Неспадзявана сустрэў Маржю Іванаўну. Трапіў у адну вясёлую кумпанію, ажна гляджу — і яна там. Я й вокам не міргнуў, што мы знаёмыя. Яна таксама трымалася тактоўна. Але, як пасьля ўсяго пачалі гуляць у флірт кветак, я-ткі разы тры добра калупнуў яе.

  • Читать дальше
  • 1
  • ...
  • 37
  • 38
  • 39
  • 40
  • 41
  • 42
  • 43
  • 44
  • 45
  • 46
  • 47
  • ...

Ебукер (ebooker) – онлайн-библиотека на русском языке. Книги доступны онлайн, без утомительной регистрации. Огромный выбор и удобный дизайн, позволяющий читать без проблем. Добавляйте сайт в закладки! Все произведения загружаются пользователями: если считаете, что ваши авторские права нарушены – используйте форму обратной связи.

Полезные ссылки

  • Моя полка

Контакты

  • chitat.ebooker@gmail.com

Подпишитесь на рассылку: