Крывічанін Лявон
Шрифт:
— Завошта яго, цётка, гоніш? Што ўкраў?
— Гад, — крычыць, — нядаўна ячэйкай кіраваў, нас цягнуў у бязбожнікі, а цяпер у сьвятое месца лезе. Прэч!
— Няхай лезе, — кажуць людзі, - што табе, цётка, сьвятога месца ня хопіць? Шкада? Можа чалавек пакаяўся?
Рыжы бязбожнік, якога цётка так упорыста гнала ад царквы, трохі зьбянтэжыўся, але шчэ трымаўся з гонарам:
— А можа я, — кажа, — маскаваўся, калі быў бязбожнікам? І я заўсягды ў Бога ўвяраў!
Справа скончылася тым, што ўпорыстая цётка прагнала-ткі рыжага бязбожніка. І варта: ня трэ быць такім упартым.
1 верасьня. Любоўная праблема ўсё больш хвалюе нашую ваколіцу. На суседняй вуліцы, Берасьцейскай, сяньня муж разыходзіўся із жонкаю, зь якой жыў два гады. Прыйшоў гэта ён забіраць свае рэчы, а жончына сямейка, дасканальна ўзброеная, атакавала яго пры самых дзьвярох. Жонка ізь вілкамі, цешча зь мяшалкаю абышлі з флянгаў, а цесьць зь нейкім адмысловым уруччам зайшоў з тылуь узялі, як кажуць, у мяшок ды так пачалі пыл выбіваць, што небарака-наважон ледзь выратаваўся. Прыходзіць ён да новае жонкі ўвесь у сіньцох. Ажна й тут пры самых дзьвярох ваенная застава — ня прыймае й новая.
— Дзе рэчы? — пытае. — Няма! Ну, то й мяне няма! Мне галандранцаў ня трэба!
Не прыняла. Цяпер мужык ходзіць па суседзях, скардзіцца, асабліва на тое, што новая жонка так празаічна паставіла любоўнае пытаньне:
— Ды я-ж, — кажа, — даводзіў, што шчасьце ня ў рэчах, а ў каханьні, а яна й слухаць ня хоча. Ты мне, — кажа, — вады ня муці! Прыйдзі з усёй маёмасьцяй, тады й каханьне будзе на ўсе сто дваццаць адсоткаў, а бяз гэтага — вэк! цурык! І дзьвярыма бразгае. Гэта мяне горш за ўсё крыўдзіць, што яна цвыркае. І скуль яна гэтага навучылася?
І апынуўся цяпер чалавек пры дзьвюх жонках і бяз хаты. Вось палажэньне!
2 верасьня. Рэзалі — дваццаць адно. Рыгор прайграў дзьве тысячы, Дзюрка з паўтысячы. Выйграў я й Разак.
3 верасьня. Быў у гасьцёх у інжынера Паліханава. Шкадаваў, што пайшоў. Праўда, пачастунак быў адмысловы, але гаспадар мне ледзь душу ня выматаў. Прысукваўся, як з нажом да горла:
— Ну, што будзеш рабіць, як вернуцца? Куды дзенешся?
І так гэта націскае, што быццам ужо й вярнуліся.
— Ды шчэ-ж, кажу, не вярнуліся, чаго мне загадзя думаць… А тады нешта скамбіную.
— Не, ты цяпер скажы!
Я хоць і пжяны быў, але патрапіў сплесьці нешта такое двойчы дубальтовае, што й сам не зразумеў.
— Хітры ты, — кажа, — чалавек, — але ўжо больш не прысукваўся. Ад мяне, браток, і ад соннага нічога ня выцягнеш. Дарэмна!
4 верасьня. Ізноў быў на біржы. Дзівакі! Прапануюць ехаць на торф. А навошта мне іхны торф, калі я дроў назапасіў? А тарфянога заработку мне яшчэ ня трэба.
5 верасьня. Прафэсар Наязноў дастаў працу. Хоць і не па спэцыяльнасьці, але тымчасам гнуць можна. Хай гне на здароўе. Нашы сілы ўмацоўваюцца!
6 верасьня. Сустрэў Ахрэма Авечку:
— Ну, як, — пытаюся, — жыцьцё?
— А нічога, — кажа, — добра. Ворага сьцігуем памысна.
— А як межы?
— Ну, межы цяпер нашыя напэўна. З захаду нашых падваліла. І хлопцы ўсе — адзін у адзін. Сіла!
Трэ будзе бліжэй падысьці да гэтай сілы ды прыгледзецца да яе. Можа на што й прыдасца.
7 верасьня. Сымон працуе ўжо. Прымайстраваўся возьнікам да нейкай ці то ўстановы, ці то фабрыкі — не разьбярэш.
— Я й сам добра ня ведаю, што шчэ з гэтага выйдзе. Нешта калупаюцца. Аднаўляць, кажуць, будзем. Хай аднаўляюць. Мне клопат не вялікі: дзьве гадзіны на дзень — і ўся работа, а малясу каню даюць. Знацца, самагонку ў мяне цяпер конь дастае. Наагул добра, бо дырэктар — боўтка. Як толькі расшыфраваў яго, то цяпер раблю што хачу. Прыйду гэта да яго, шапку скіну й грымну: Гаспадзін Піпікаў! (яго Піпікам завуць), то што ні прасі — зробіць. Надта любіць, каб гаспадзінам звалі. А мне што, шкада? Ды я цябе хоць чортам, — кажа, — назаву, абы рабіў, што мне трэба. Яму, былому парцейнаму, гэта, можа, і цікава, а мне — плюваць, мне языка не шкада, абы малясу даваў.
Наагул, кажу, каб ня было дурных, то разумнаму надта цяжка было-б жыць.
8 верасьня. Хадзілі із Сымонам аглядаць гароды. Сымон кажа, што кажную справу трэба пачынаць загадзя, каб пасьля ня было мітусьні й хапаніны. Намацалі два ладныя гароды. Былыя гаспадары недзе зьніклі, а бульбы тымчасам шмат.
— На булён хопіць, — сказаў Сымон, — абы скварка.
Хутка пачнем капаць.
9 верасьня. А Фэцкі зноў лічыць. Гэтым разам вылічае, калі скончыцца вайна. Паводле ягоных табліцаў выходзіць, што вайна скончыцца, а калі — шчэ не падрахаваў. Нешта ў яго ў інтэгралах заела: атрымліваюцца вялічыні то бясконца малыя, то бясконца вялікія, так ён і ня можа схапіць за хвост канца вайны. Сымон раіў, каб ён лавіў гэны канец на дарозе, бо ад вялікага да малога ня так многа.