Крывічанін Лявон
Шрифт:
Другі інтэлігент, таксама амаль прафэсар, дык сказаў, што ён пагодзіцца на кансалідацыю з намі, але каб усе мы яго слухаліся.
— Як скажу, — кажа, — слова, то й закон, і ніякіх дыскусіяў, бо я, — кажа, — адзін усё ведаю, а ніхто нічога ня ведае.
І калі мы прыгадалі, што ёсьць-жа на сьвеце дэмакратыя, то ён выгнаў з хаты.
А яшчэ адзін інтэлігент казаў нам, што ён можа кансалідавацца толькі на нейкіх парытэтных пачатках. А як мы спыталіся, што гэта такое, то ён адказаў: як вы прыйшлі ўпяцёх, то й я выстаўлю пяцёх. А што ён можа выставіць, спадары рэдакцыя? Увесь народ за намі йдзе, а за ім — нікога.
А ёсьць яшчэ інтэлігенты надта зацятыя. «Не магу з гэтым скансалідавацца! — крычэў адзін такі. — Ён мяне памыямі абліваў і капаў на мяне ў розныя ўстановы. Ніколі не дарую!».
І наагул, некаторыя інтэлігенты вельмі зласьлівыя й ніяк яго не ўгамоніш. «Варагі, - крычыць, — усе варагі!» Ну што з такім рабіць? А як пасварацца іхныя бабы, то тады й мужыкі зацяліся на цэлыя гады. Ня так, як у нас: сяньня пасварыліся, а заўтра ўжо й пагадзіліся.
Так што, спадары рэдакцыя, дайце інструкцыю, што рабіць з такой інтэлігенцыяй і ці браць яе ў кансалідацыю?
А яшчэ, спадары рэдакцыя, просім растлумачыць нам, што такое крывічы й што такое зарубежнікі? Ці гэта асобныя народы, ці можа якія загранічныя партыі, бо на Бацькаўшчыне мы гэтага ня чулі. А як мы хадзілі зь лістою на кансалідацыю, то часьцяком у нас пра іх пыталіся, а мы й самі ня ведаем. Удаваліся мы да нашага прафэсара, каб той нам разьясьніў, дык ён цьвердзіць, што крывічы й зарубежнікі — гэта два асобныя народы. «Крывічы, — кажа, — гэта народ, які за тысячу гадоў жыў на нашай Бацькаўшчыне, а зарубежнікі — гэта народ, які панаехаў на нашую зямлю з-за рубяжу, таму ён і завецца зарубежнікамі».
Але прафэсару мы не даем веры. Бо ў нашым селішчы ёсьць два родныя браты зь вёскі Прудок, што на Заслаўшчыне, дык аднаго зь іх людзі дражняць зарубежнікам, а другога — крывічом. Пасьля ёсьць у нас яшчэ хлапец, якога на пачатку дражнілі зарубежнікам, пасьля крывічом, а цяпер зноў дражняць зарубежнікам. Дык гэта не выглядае, каб былі розныя народы. Просім разьясьніць.
З другога боку, што рабіць з функцыйнымі — ці браць іх у кансалідацыю, ці не? Бо ў нас быў такі функцыйны Грэчка Пятрусь і з намі быў скансалідаваўся, а як у яго функцыю забралі, то сказаў, што пойдзе ў апазыцыю, бо тут, кажа, усе варагі заселі.
Наагул, спадары рэдакцыя, просім акуратна пячатаць інструкцыі, як весьці кансалідацыю, бо ўжо й у нашым пятку можа пайсьці мутаніна. Янка Самасей, прыкладам, пачынае гаварыць, што трэба браць толькі шчырых і нязломных, а рэшту ўсіх гнаць і біць. Ксавэры Шопка дамагаецца, каб на лісту ўпісываць усіх, абы ён быў беларусам, а Піліп Канапельскі кажа, што галоўнае трэба налягаць на маральны бок і браць тых, якія ня пжюць і нават ня кураць, а ў нас такіх няма. Так што, спадары рэдакцыя, яшчэ раз просім дайце нам інструкцыі.
А яшчэ просім: насьвятліце на вашых балонах, як ідзе справа кансалідацыі па іншых селішчах і ці ўсё там гладка? Да нас дайшлі весткі, што і ў Міхайлаўцы няма салідарнасьці, бо як пачалі дзяліць фундуш, дык там паўсталі ажно чатыры франты й абзываюць адзін аднаго варагамі й чорнай сотняй. У Ветрагораўцы ізноў-жа ня зусім гладка. А ў Бродах, хоць там і дыктатура, але ўжо ўтварылася некалькі моцных апазыцыяў. Ды й у вашым Вялікім Двары, як мы дачуліся, ані няма ладу. Талаку сабралі вялікую, а малаціць нечага. Ды й то кажны ў цапы падаваць пнецца, хоць і ня ўмее. Дзе-ж тут будзе парадак і згода ў працы? Апішыце пра гэта ў газэце й дайце нам правільны кірунак. І хай сабе там адзін у вадзін бок цягне, а другі — у другі, а мы й надалей будзем працаваць у дружным сяброўскім спажыцьці, еднасьці, згодзе, салідарнасьці й лучнасьці. Няхай жыве!
А ліст гэты пісалі жыхары беларускага хутару ў мяшаным ДП селішчы Марнэнлёсэн наступныя: Янка Самасей, Тарас Бурбалка, Сьцяпан Кацапаў, Піліп Канапельскі й Шопка Ксавэры.
Заўвага. Зьмяшчаем гэты ліст, па-першае, з гледзішча на ягоную арыгінальнасьць, а па-другое, гэты ліст сьведчыць, што нашае шырокае грамадзянства ўсё яшчэ няправільна разумее пытаньне кансалідацыі й што гэтая справа патрабуе глыбейшага высьвятленьня й далейшага валкаваньня.
Крыжоваю дарогаю (да 20-х угодкаў справы БНЦ)
Сёлета ў ліпені споўніліся 20-ыя ўгодкі справы Беларускага Нацыянальнага Цэнтру.
Гэтая справа — адна із шмат якіх трагічных балонаў у гісторыі нашага нацыянальна-вызвольнага руху, як у сэньсе фізычнага вынішчэньня нацыянальнага актыву, так і ў сэньсе духовага надлому й запавальненьня поступу руху.
20-ыя гады былі найбольш плённымі ў нашым нацыянальным вызваленьні. Разбуджаны адраджэнствам нашаніўскае пары, узьняты на вышэйшую ступень Актам Незалежнасьці, вызвольны рух падняў з народных пластоў такую магутную нацыянальную сілу, якая здолела на працягу дзесяцёх год прарабіць работу стагодзьдзя. У гэтую пару на заходняй дзялянцы Краіны стотысячная народная Грамада сфармавалася ў паважную сілу, якая здольна была кіраваць усім нацыянальным жыцьцём. Ува ўсходняй дзялянцы ўсе пляцоўкі дзяржаўна-гаспадарскага й культурнага жыцьця былі ў нацыянальных руках.