Мальдис Адам Иосифович
Шрифт:
— Хто яе ведае, можа, і падобна, — Гармаш павёў вачыма па твары Грывы, нібы бачыў яго ў першы раз. Спыніўся поглядам на яго доўгім носе, насупленых чорных брывах. — Я толькі раз ці два яе відзеў, да і не прыглядаўся… Можа, і падобна з брывей.
— З брывей, кажаш…
— Хаця не. Адкуль. Яна з Аршавы, здалёку, а сват… Касінскай, пэўна, падалося. Ёй абы языком трапаць.
— Няўжо ж. Таму і трапачкай яе празвалі… Трэпле абы-што… Хаця часам і цаляе. Праўду рэжа… Цікава было б, аднак, на тую дзеўчынёху глянуць. Проста так, каб потым Касінскай губу заткнуць. — Грыва на момант супыніўся, нібы чакаючы нейкага памыснага, выратавальнага слова. Потым адчайна кінуўся нацянькі: — То выпіць, сват, хочаш?
— Не магу, — заўпарціўся Гармаш, нутром адчуўшы, што цяпер ад яго нешта залежыць і таму ён можа нават патаргавацца. — Трэба ісці грубы паліць!
— То я пайду за цябе! А ты ідзі ў карчму, во табе рубель! — Грыва дастаў з-за пазухі капшук, развязаў зашмаржку і выцягнуў новы рубель. Пакруціў яго ў пальцах на мутным сонечным сяйве, што ледзь прабівалася скрозь бычыны пухір, нацягнуты на аконную рамачку. Рубель прынадліва бліснуў, заззяў.
— Сват жа не ведаеш, дзе грубкі, дзе дровы…
— Ведаю! Усё ведаю. Я сам тыя грубкі калісьці клаў. Дапамагаў брату класці, калі яшчэ жыў стары пан.
— Але што сват скажа, прыйшоўшы ў пакоі?!
— Эт, тое і скажу. Скажу, што сват захварэў і мяне наняў.
— Захварэў! А ў карчме мяне-то не ўгледзяць? Высеча заўтра Талочка розгамі — як піць даць.
— Не высеча! Не той час. Не тое права. Вольную нам цар даў, разумееш, сват, вольную! Няможна нас цяпер ані купляць, ані прадаваць, ані біць, ані… Да і ніхто свата не ўгледзіць. Не ідзі, сват, да Сімы, ідзі ў Лошу. Там і сівуху не так разбаўляюць.
— Да Бастомскага! А як Сіма даведаецца, нігды не дасць мне напавер болей. І яшчэ Талочку данясе, што з чужога бровара п’ю.
Прыкінуўшыся спакойным, Грыва ўсунуў рубель назад у капшук. Усярэдзіне нешта бразнула.
— Не хочаш, сват, — то не трэба. Я і так на дзеўчынёху пагляджу. Нашто яна мне здалася!
— Давай, сватачка, заўтра, — спалохаўся Гармаш. — Заўтра памяняемся, а сягонпя не магу. Сягоння госці збяруцца, і мне кропля перападзе. Сягоння паны нейкую кумедзь збіраюцца ламаць…
— Кумедзь?
— Няўжо, сваточак, кумедзь. Кагосьці важнага здалёку чакаюць. Самога Талочку конна некуды пад Вільню ці, можа, нават у Вільню паслалі. Потым у Астравец, за ксяндзом, паедзе. Пакоі ўсе прыбіраюць, веранды шаруюць. Ахвота паглядзець, што паны будуць вытвараць. А можа, і тайну іхнюю разгадаю.
— Няўжо — тайну?
— Пэўна ж, тайну! — тут Гармаш спахапіўся, што, можа, сказануў лішняе. Але, каб набіць сабе цану, упэўнена дадаў: — У той вечар, калі яны ўсе з Аршавы прыехалі, я на свае вочы выследзіў, як пані нешта ў стары каранік да пчол закладвала. Паперы нейкія, ці што…
— У каторы — каранік?
— Такі я ўжо дурань, каб свату сказаць. Мне, можа быць, за тую тайну добра заплацяць.
— Або добра ўлупяць! Паны ой як гладзяць тых, хто за імі віжуе.
Гармаш пакутліва памешваў у цяпельцы пашарэлае вуголле. Выходзіла, што над яго верхам узяў верх Грыва і цяпер на тое няма ніякай рады.
— Ну, вось што, сват, — цвёрда сказаў Грыва, зноў развязваючы капшук. — Бяры два рублі і ідзі да Бастомскага. Сягоння або нігды!
У Гармашовай галаве мільганула, што за другі рубель ён змог бы заўтра выкупіць у Сімы свой ячмень. І тады, усыпаўшы ў кадушку, дакажа жонцы, што збожжа ніхто і не краў, што ўсё ёй падалося ці ўсё яна прыдумала па вечнай звяглівасці. Ото тады яна стане лыпаць вачыма! Не, пазбавіць сябе такой прыемнасці Гармаш проста не мог. Падняўшыся на поўны рост, ён выдыхнуў:
— Ліха яго матары, давай! Толькі ідзі проста ў Аняліну!
Грыва маўкліва зашпіліў біркі, нацягнуў аблавушку.
— Дровы ляжаць пад паветкай. Вазьмі, сват, палавіну бярозавых і палавіну сасновых. Яловых не чапай — занадта страляюць. І грубкі з раніцы не палі ўсе. Толькі круглыя. А вечарам — вялікія, што ў сені выходзяць. Вечарам, калі госці збяруцца, па пакоях сказалі не хадзіць.
Але Грыва быў ужо за дзвярыма, ужо подбегам ішоў да варотцаў. Галаву свідравала думка:
«За кім жа гэта Талочка паджгаў? Не з Мальдзёў каторы, не Касінскі, а сам Талочка! Ото, мусіць, важны чалавек прыедзе! Нейкі вялікі наўмысцік! Усе яны, паны, вялікія зламыснікі! Усе супраць цара і супраць мужыкоў! Нябось, зноў нешта благое задумалі. Бо што добрае могуць яны прыдумаць…»
Паступова ўзнікала адчуванне важнасці і патрэбнасці сябе самога ў гэтым свеце. Ён — адзін супраць усіх зламыснікаў. Ён адзін — і толькі, можа, яшчэ тая дзеўчынёха… Яго родная крывіначка… О, разам яны адпомсцяць ім за ўсё чыста на свеце!
Талочка між тым, спытаўшыся пра Барэйкаўшчыну ў сустрэчнага лесніка, павярнуў з Ашмянскага тракту на палявую дарогу. Успацелы конь нехаця абыходзіў выбоіны, напоўненыя талай вадой. Вада была зацягнута тонкім лёдам, які з трэскам крышыўся пад неасцярожным конскім капытом.