Троепольский Гавриил Николаевич
Шрифт:
Іван Іванавіч ужо страціў надзею трапіць на двор, але ўсё ж сказаў:
— Эх ты! Чалавек, чалавек!.. Аперацыя была. Ад вайны асколак насіў вось тут. Прыехаў, а Бім прапаў.
— Як гэта? Больш за дваццаць год насіў асколак? — Вартаўнік нечакана стаў сам сабою, такім як быў у пачатку сустрэчы. — Ты глядзі! Раскажы каму — не паверыць. То-та ты… — Ён не дагаварыў да канца і мірна запрасіў, адкідваючы завалу: — Заходзь. Ды толькі нікому не кажы.
Іван Іванавіч адпусціў таксі, спадзеючыся, што павядзе Біма на павадку, і пайшоў да фургона. Ішоў ён сапраўды з вялікім спадзяваннем: калі Бім тут, то ён зараз яго ўгледзіць, прылашчыць, калі ж Біма няма, то, значыць, ён жывы, знойдзецца.
— Бім, мой мілы Бімка… Хлопчык… Дурненькі мой Бімка, — шаптаў ён, ідучы па двары.
І вось вартаўнік расчыніў дзверы фургона.
Іван Іванавіч адхіснуўся і акамянеў…
Бім ляжаў носам да дзвярэй. Губы і дзясны параздзіраны аб вострыя бляшаныя краі. Пярэднія лапы ў крыві.
Ён драпаўся ў апошнія свае дзверы доўга. Драпаўся, пакуль мог дыхаць. І так мала ён прасіў! Волі і даверу — больш нічога.
Кудлатка, прытуліўшыся ў кутку, заскуголіў.
Іван Іванавіч паклаў руку на галаву Біма — адданага, вернага сябра, які любіў.
Закружыліся рэдкія сняжынкі. Дзве ўпалі на нос Біму і… не расталі.
…А тым часам Алёша і Толік, яшчэ мацней пасябраваўшы, ішлі па горадзе. Пыталіся яны, пыталіся ды і трапілі на той ветэрынарны ўчастак, куды Толік калісьці вадзіў Біма. Там яны даведаліся ў дзяжурнага, што ніякіх сабак тут няма і што калі сабака прапаў, то яго перш за ўсё трэба шукаць на каранцінным участку, таму што там сабакаловы.
Нашы два хлопчыкі былі зусім не тыя, што могуць напісаць адрас «дзядулю ў вёску». Таму праз гадзіну, не болей, спяшаліся ад аўтобуснага прыпынку па пустцы на каранцінны двор.
Насустрач ім выйшаў з варот Іван Іванавіч. Убачыўшы хлопчыкаў, ён заспяшаўся, а калі падышоў, сказаў:
— І вы сюды?
— Накіравалі нас, — сказаў Алёша.
— Няма тут Біма? — спытаўся Алёша.
— Не было яго тут? — перапытаў Алёша.
— Не, хлопчыкі… Біма тут няма… і не было. — Іван Іванавіч стараўся схаваць цяжар на душы і боль у сэрцы; яму гэта было вельмі цяжка.
І тады Толік, прыпадняўшы густыя чорныя бровы і сабраўшы на лбе маршчынкі, сказаў:
— Іван Іванавіч… не абманвайце нас… калі ласка.
— Біма няма тут, хлопчыкі, — паўтарыў Іван Іванавіч цвярдзей і ўпэўнена. — Шукаць яго трэба. Шукаць.
Снег церусіўся.
Ціхі снег.
Белы снег.
Халодны снег, які штогод прыкрывае зямлю да наступнага, штогодна паўтараючагася пачатку жыцця, да вясны.
Сівы, як снег, чалавек ішоў па белай пустцы. Побач з ім, узяўшыся за рукі, два хлопчыкі ішлі шукаць свайго агульнага сябра. І ў іх было спадзяванне.
І абман бывае святы, як і праўда. Так чалавек, які памірае, гаворыць любімым: «Мне стала зусім добра». Так маці спявае безнадзейна хвораму дзіцяці вясёлую песеньку і ўсміхаецца.
А жыццё працягваецца.
Працягваецца таму, што ёсць надзея, без якое адчай знішчыў бы жыццё.
Увесь дзень хлопчыкі працягвалі шукаць Біма. А вечарам, ужо прыцемкамі, Толік правёў Алёшу да трамвая і да «нашага» аўтобуснага прыпынку.
— А гэта — мой тата, — пазнаёміў Толіка Алёша.
Хрысан Андрэевіч падаў Толіку руку:
— Зразумела: сябра, значыцца, знайшоў. Ты што ж, да Алёшы ў госці? Калі ласка!
За Толіка адказаў Алёша:
— Ён пасля прыедзе. І я прыеду да Івана Іванавіча. Мы яшчэ будзем шукаць.
— Ну, ладна. Добра. Дома раскажаш усё чын-чынам, а зараз — вунь ён! — ідзе наш аўтобус.
Перад пасадкаю Алёша аддаў тату пятнаццаць рублёў.
— Усе цэлыя. Не спатрэбіліся.
— Таксама зразумела, — сумнавата сказаў бацька.
Толік памахаў услед аўтобусу. Было і сумна развітвацца з новым сябрам і радасна таму, што ён ёсць. Цяпер Толік будзе яшчэ жыць і ў чаканні сустрэчы з Алёшам. А гэта ж Бім пакінуў такі выразны след на зямлі.
Дома Толік сказаў упэўнена:
— Бім жа недзе ў горадзе. Абавязкова знойдзем. Мы знойдзем.
— Хто гэта «мы»?
— Алёша, Іван Іванавіч і я… Знойдзем, вось паглядзіш.
— Хто Алёша, хто Іван Іванавіч? — спыталася мама.
— Алёша — хлопчык з вёскі, бацька яго — дзядзька Хрысан, а Іван Іванавіч не знаю хто… добры ён… гаспадар Біма.
— А нашто ж табе Бім, калі знайшоўся гаспадар? — спытаўся тата.
Толік не мог адказаць, ён не разумеў пытання з-за таго, што яно было зусім незвычайнае, катэгарычнае і складанае.
— Не ведаю, — ціха адказаў ён.
А позна вечарам, калі Толік спаў і сніў, як Алёшава карова лізала яго шапку, тата і мама спрачаліся ў дальнім пакоі.