Быкаў Васіль
Шрифт:
— Швейгг!
Сахно сядае. Ціха сам сабе лаецца. Немец на тое не зважае. Ён слухае. Я ўслухоўваюся таксама.
Навокал усё ціха. Але зводдаль усё ж даносяцца гукі. Іх не адразу і зразумееш нават. Не то крыкі, не то тупат мноства ног. Коні ці людзі? Але стрэлаў няма. Бахае недзе артылерыя. Толькі гэта ў іншым баку і далёка. А гэты перапалох дзесьці за сялом. Праз кіламетр-два.
Разліваючы з кацялка ваду, у двор уваходзіць Энгель. Значыць, усё ж чалавек, думаю я. Маё ўяўленне аб немцах трохі пахіснута. Я ўжо згодны думаць, што сярод іх бываюць розныя. I так сабе. I нішто. I сволачы. Зрэшты, як і ў нас. I, мусіць, як і ўсюды. Людзі ёсць людзі. У агульнай масе сваёй не благія і не добрыя — розныя. Ён працягвае мне кацялок. Я прыўзнімаюся. Адной рукой сціскаю яго за бок. У галаве шалёная хісткая карусель.
I тут за спіной — цяжкі змораны тупат. Нешта здарылася, але я не зважаю. П’ю. Хоць бы выбух — раней, чым памерці, я ўсё ж нап’юся. Але раздаецца нямецкая лаянка. Шалёны ўдар ботам выбівае ў мяне кацялок. З бразгатам той коціцца па падворку. Другі ўдар, у вуха, атрымлівае Энгель. У двары шалее яфрэйтар. Захлынаючыся словамі, ён лаецца.
Гняўліва-крыўдная хмара засцілае маю свядомасць. Я хачу піць. Але, здаецца, ужо не нап’ешся. Энгель вінавата лыпае падслепаватымі вачыма. Яфрэйтар нешта крычыць, размахваючы перад ім кулаком. Акулярык бярэцца за скрынку. Сэрца маё рвецца з грудзей: я адчуваю — зараз нешта адбудзецца.
Неўзабаве яны ўсе хапаюцца за рамяні скрынак. Яфрэйтар, лаючыся, трухае да хлеўчыка за сваім кацялком. Акулярык адну скрынку ўзвальвае на спіну, другую — прадаўгаватую і меншую — бярэ за почапку. Самай вялікай нагружаецца Энгель. Таропка чапляе на сябе амаль кубовую зялёную яфрэйтар. Але на снезе застаецца яшчэ дзве. Яфрэйтар запыхана азіраецца на нас. I тады — о, цуд і подласць! — з прызбы падхопліваецца Сахно. Я нават не разумею, куды? Мабыць, не разумеюць гэта і немцы. А ён без адзінага слова хапае скрынку, другую і абедзве ўскідвае за рамяні на сваё правае, здаровае плячо. Яфрэйтар збянтэжана разяўляе рот, а пасля з сілай ляпае па гэтым яго ўгнутым ад рамня плячы. — Гут, капітан! -I рагоча.
А я выдыхаю ўсё, што ў мяне было ў лёгкіх, і пераводжу позірк угору. Я не здзіўляюся і не абураюся. Мае пачуцці ўжо мала што ўспрымаюць. Я ўжо ўсё перажыў. Я толькі гляджу ў неба.
Там прарэзалася і блішчыць маленькая адзінокая зорка. Яна, мабыць, якраз над Кіраваградам, у які я не дайшоў. Як не дайшлі многія. Цікава, колькі тысяч жыхароў у тым горадзе? Ці атрымаецца хоць па адным на забітага? Было б здорава хоць на хвілінку зірнуць на яго вуліцы. Напэўна, калі-небудзь там будуць цвісці кветкі, зелянець таполі і акацыі. I хадзіць хлопцы з дзяўчатамі. Людзі будуць глядзець кіно, піць піва і есці марожанае. Зорка ў небе гойдаецца і расколваецца на дзве і тры. Смугой зацягвае позірк. Гэта мароз. Ён, здаецца, мяне дабівае. Мабыць, хутка мяне не стане. А той будзе жыць. Будзе. Ён пераадолеў ужо свой шок. I я думаю: недарма кажуць, што вайна любіць кемлівасць. Хто раней здагадаецца, той і пераможа. Ён здагадаўся ў час. Там ён быў узорны штабіст. Тут будзе ўзорны палонны.
Усё іншае даходзіць да мяне нібы з другога свету. Немцы ямчэй ладзяць на сябе скрынкі. Затым таропка закурваюць і выходзяць у варотцы. Я ўсё гэта чую. Але я бачу толькі тую дробненькую зорачку ў зеленаватым блакіце. Яна мільгае, скача, пераліваецца водбліскамі, рассыпаецца на дзве, чатыры і калючымі асколкамі мітусіцца ў вышыні. Вейкі змярзаюцца, і я заплюшчваю вочы.
Здаецца, немцы мяне пакідаюць.
Аднак у варотцах яны раптам спыняюцца. Мне чуваць голас яфрэйтара. Спачатку ціхі, пасля з уладарнаю ноткай загаду. I зараз жа рэзкі скрып ботаў па снезе. Гэты прарэзлівы скрып болем пранізвае маю галаву і спыняецца. Я расплюшчваю вочы.
Згорбіўшыся пад скрынкай на спіне, перада мной стаіць Энгель. Ён нерашуча, нібы баючыся, зазірае ў мой твар. У яго напружана-затоены позірк. I я раптам здагадваюся, чаго ён вярнуўся. Я ведаю. Іншага я і не чакаў.
Але чаму Энгель?
На руках я адкідваюся да прызбы. Упёршыся ў дол абцасам, паварочваюся да яго тварам.
— Ты?
Энгель адступае на крок і дрыготкімі пальцамі бярэцца за рукаятку затвора. Ён з натугай дасылае ў патроннік патрон і мармыча:
— Эс тут мір зэр ляйт.
Я разумею. Ён просіць прабачэння. Гэта няўцямна. I няўяўна. Гэта жахліва. Ці бачылі вы такіх забойцаў? Ці чыталі пра іх у кніжках?
— Эс тут мір зэр ляйт. Абер іх габе бефёль! [15]
Ну, вядома, ён мае загад! Гэта ўжо знаёма. Гэта безумоўна.
Ну, але што ж! Трэба канчаць. Мне няма чаго плакаць. Дарма таксама прасіць. Рукамі я раздзіраю на грудзях шынель. На, страляй, гад! Цаляй у самае сэрца. Каб доўга не пакутаваў! Мне неўмагату.
— Бэайльт айх! [16] — крычыць з вуліцы яфрэйтар.
15
Я вельмі шкадую. Але я маю загад! (ням.)
16
Спяшайся! (ням.)
Аказваецца, яны пайшлі. Яму цяпер іх даганяць. Яны спяшаюцца. Можа, праз гадзіну тут будуць нашы? Гэтая думка пераварочвае ва мне ўсе пачуцці. Мне да слёз робіцца крыўдна.
— I ты мяне заб’еш? — крычу я ў разгубленыя, падслепаватыя Энгелевы вочы. — Ты ў мяне стрэліш?
У маёй душы раптам узгараецца маленькая зорачка надзеі. Я ж яго не забіў. Я яго бараніў. Няўжо ён не ўспомніць таго?
На адным калене я падаюся ад прызбы да Энгеля. Ён на крок адступае. Падобна, ён баіцца мяне і чамусь азіраецца. Вочы яго ўсё акругляюцца ў збянтэжанасці. Рукою зноў тузае рукаятку затвора. З карабіна туга выпстрыквае патрон і падае ў снег.