Вход/Регистрация
Мёртвым не баліць
вернуться

Быкаў Васіль

Шрифт:

А на справе, ён заўсёды меў падвойнае дно. Ён не набыў яго ў той адвячорак у трубе або пасля пад уплывам якіх-небудзь асаблівых абставін. Цяпер я разумею: ён такім быў праз усё жыццё. Ён зусім не быў крэменем, якім стараўся здавацца, таму што быў беспрынцыповы і гнуткі. Што ён ні рабіў, ён перш думаў пра сябе — аб сваёй кар’еры і сваёй выгодзе. Астатняе яго не турбавала.

Аднак я ўсё ж прытаміўся. Вочы неўпрыцям заплюшчваюцца, прыцішаная гамана нібы мацнее і нібы засяроджваецца ў галаве. Сну няма, але цела ў нейкім тлумным змярцвенні. Апаноўвае абсалютная нерухомасць. Толькі думкі, вобразы, абрыўкі невыразных фраз рояцца ў галаве.

За вялікім акном насупраць шуміць імпэтны майскі дождж. Нібы зачараваная яго няўрымслівым шумам, узіраецца ў спатнелую шыбу жанчына. Няйначай — з вёскі. Блішчастыя гумавыя боты. Простая спадніца. Цёмны паношаны жакет. На галаве старанна павязана чорная хусцінка ў чырвоныя кветкі. Невясёлы, засяроджаны на чымсьці ўнутраным, яе твар з сеткай зморшчын на лбе выглядае немаладым і стомленым. Мусіць, яна мне равесніца або трохі маладзейшая і, мабыць, адзінокая. Я не ведаю чаму, але нешта няўлоўнае выдае ў ёй шматгадовую горыч жыцця. Зрэшты, адкуль быць шчасцю? Дзе тыя равеснікі і трохі старэйшыя, з кім прамільгнула кароткая яе маладосць? Цяпер бы ім таксама было год па сорак, калі б праклятая вайна не адмерала многім па дваццаць. Вечна маладыя і нежанатыя, маўкліва спяць яны ў тысячах братніх магіл на шырокім прасторы ад Волгі да Эльбы. I вечная самота тлее ў змарнелых на працы і ў клопатах, дачасна састарэлых вачах іхніх былых сябровак.

Так, можа, недзе і Юркава Ліда. Памятаю, з якой нецярплівасцю ў вучылішчы выхопліваў ён з рук днявальнага яе пісьмы, размаляваныя каляровымі алоўкамі. Колькі ў іх было пяшчоты і адданасці! Гэта было яркае і кароткае каханне, якому я зайздросціў і аб якім марыў усю маладосць. Дзе яна цяпер, яго Лідка?

Жанчына ля акна папраўляе на галаве хустку, захінае жакетку. Ля ног у яе невялічкі руды чамаданчык. Адкуль і куды яна едзе? Які лёс кіруе яе, відаць, невясёлым жыццём? Што яе адасоблівае ад людзей у гэтай зале і кліча ў самотную адзіноту бяссоннае ночы?

Не, я не хачу бачыць Юркаву Ліду такой спрацаванай на мужчынскай рабоце, дачасна змарнелай у адзіноце, з абыякавасцю ў вачах. Я не хачу гэта сабе ўявіць. Адмаўляюся зразумець. I не ў стане пазбыцца ў думках верагоднасці яе менавіта такога лёсу.

Эх, Юрка, Юрка! Ты — самы вялікі мой боль у жыцці. Ты — незагойная мая рана. Іншыя ўсе ўжо даўно пазагойваліся, а ты муляеш, крываточыш і баліш, мабыць, таму, што ты — рана ў сэрцы. Сумленне маё падрэзана тваёй пагібеллю, ад якой я не магу ачуняць дваццаць гадоў.

Так, я вінаваты таксама. Вінаваты перад табой і перад тваёй маці, за якую ты найбольш непакоіўся пры жыцці. Я не забыўся на яе адрас. Але што я мог напісаць ёй? Каюся, я доўга вагаўся і недзе гады праз два пасля вайны паслаў ёй паштоўку з паведамленнем, што ты без вестак прапаў пад Кіраваградам. Гэта была маленькая хітрасць, якая мне памагла зрабіць выбар, каб зрабіць як найлепш. Я ведаў тваю маці з яе пісьмаў да цябе, кожнае з якіх было на чатырох лістах пад нумарамі. Я не забыўся, як непакоілася яна пра цябе, пра тваё жыццё. Але я памятаю таксама, што яна ніколі не прасіла цябе, як іншыя, што б там ні стала зберагчы жыццё. Яна заклікала цябе, калі прыйдзе апошні той час, не забыцца, што ты савецкі афіцэр і камсамолец і зрабіць так, як патрабуе ад цябе твой абавязак. На іншае яна не магла пагадзіцца.

I неўзабаве я атрымаў ад яе адказ. Невялікі ліст, некалькі скупых слоў святой мацярынскай хлусні. Не без гонару пісала яна, што ты па-геройску загінуў у няроўным баі.

Ці мог я пасля гэтага паведаміць ёй усю праўду аб тваёй пагібелі?

Што ж, я вінюся перад табой і каюся. Але мы разумнеем з гадамі, а ваяваць нам давялося зялёнымі хлопцамі. Цяпер бы я не зрабіў так. Я б пастараўся не аддаліцца ад цябе, як гэта здарылася ў той дамоўцы на кіраваградскім пераездзе. Цяпер я разумею, што ў адносінах да цябе, параненага, паставіўся амаль па-здрадніцку. Трэба было мне не адыходзіць ад цябе да канца. Мабыць, я раней зразумеў бы тваю роспач, і яна б не абарвалася тым недарэчным стрэлам, на які падбухторыў цябе Сахно. Але тады я быў не цяперашні і на некалькі гадзін сапраўды занядбаў цябе, адзінокага ў сваёй знямогласці.

36

Адчуванне маё то праясняецца, то знікае ў млосных правалах свядомасці. У галаве ўсё кружыцца, плыве і гойдаецца. Аднак я разумею, што мяне валакуць наўскасяк па адхоне ўгару. Пасля мая здаровая нага балюча выцінаецца аб рэйку. Я кранаюся ёй долу і пачынаю скакаць па заснежаных шпалах. Кожны рух суправаджаецца невымернай да атупення пакутай. Другая, мне ўжо непадуладная нага сутаргава падкорчваецца ад болю і ціхенька, аслабела калоціцца.

Усё маё цела ў ліпкім сцюдзёным поце. Часам я расплюшчваю вочы, і тады перад імі плывуць-гойдаюцца прысыпаныя снегам шпалы і дзве чорныя рэйкі з абодвух бакоў. Побач мільгаюць боты. З аднаго боку кірзавыя, пацёртыя на шчыкалатках — Сахновы, з другога тупаносыя скураныя — Энгеля. Ля гэтых скураных раз-пораз паказваецца чорны прыклад карабіна, і я здагадваюся: ім узброіўся мой штрафны канваір. Значыць, яго не расстраляюць. Гэта чамусьці адгукаецца ва мне задавальненнем, якое нараджае надзею: а раптам ён паможа. Калі толькі мне яшчэ можна чым-колечы памагчы.

  • Читать дальше
  • 1
  • ...
  • 74
  • 75
  • 76
  • 77
  • 78
  • 79
  • 80
  • 81
  • 82
  • 83
  • 84

Ебукер (ebooker) – онлайн-библиотека на русском языке. Книги доступны онлайн, без утомительной регистрации. Огромный выбор и удобный дизайн, позволяющий читать без проблем. Добавляйте сайт в закладки! Все произведения загружаются пользователями: если считаете, что ваши авторские права нарушены – используйте форму обратной связи.

Полезные ссылки

  • Моя полка

Контакты

  • chitat.ebooker@gmail.com

Подпишитесь на рассылку: