Вход/Регистрация
Пад сінім небам
вернуться

Арсеньева Наталья

Шрифт:

II. Абразкі

Вясна

З кажнай хмаркі ў небе празрыстым, з кажнай лужынкі сьветлай і чыстай усьміхаецца ясна вясна! Надзяць сіняй нябёсныя далі, ручаі звон і грукат узьнялі, запраўды, надыходзіць вясна! Сьнег ляжыць яшчэ коўдрай ваўнянай пад узгоркам, а вецер вясьняны ўжо прымчаўся ні згэтуль, ні стуль, абсыхаюць у садзе сьцяжыны, і набраклыя яблын галіны прагна йрвуцца да сонца касуль. Сэрца б’ецца трывожна, няроўна, мне і сумна, й вясёла-чароўна, вусны ціха шапочуць: «Вясна…» Недзе радасьці дзіўнай падзецца, ўсё сягоньня зрабіла б, здаецца, бо папраўдзе на сьвеце вясна!

*** Сьветла спакойна лёгка бяз конца…

Пасьвячаецца маім таварышкам Оле, Лідцы і Галі.

Сьветла, спакойна, лёгка бяз конца, Грэе і лашчыць вясеньняе сонца. Сінія далі ў імгле нягустой, Лес прад вачмі вырастае сьцяной. Сьнег між кустамі, між пнямі бялее, Ветрык вясеньні, жартуючы, вее З поля, дзе густа чарнее зямля, З поля, дзе сёньня пануе вясна. Там, дзе з блакітам зьліваюцца далі, Горы палоскаю сіняю ўсталі, Места там недзе, між гор залягло, Ў дымцы хавае сваё хараство. Звоняць у Вільні ледзь чутна і гукі Сэрца чапаюць знаёмаю мукай. Ціха… а тут, паміж соснаў старых, Ўецца дарога да елак густых, Ўецца, зьнікае, ізноў выбягае, Поле і сьнег у кустох агібае, Ўецца лагчынкай, дзе цені ляжаць, Сосны дзе ў сіняе неба глядзяць. Ціха, ўсё ціха… Заплюшчыўшы вочы, Тут-бы, на сонцы, сядзела да ночы, Твар прылажыла-б да цёплай зямліцы, Слухала-б грукат вясеньні крыніцы, Слухала-б тое, што ветрык пяе, Ўсё, што гаворыць душы аб вясьне… Сьветла, спакойна, лёгка бяз конца, Грэе й ласкае вясеньняе сонца!

Красавік

Максіму Гарэцкаму

Неба сіняе, сіняе, сіняе… Ані межаў у ім, ані дна. На зямлі ж прыгажуняй-княгіняю пазірае мне ў вочы вясна. Лазьнякі срэбным пухам акрыліся, вецер пыл па-над імі мяце, тут — пралескі ў раўку затаіліся, сірацінай фіялка цьвіце, там — жаўцеюць вяночкі вясновыя красак нейкіх нязнаных яшчэ, там — ізноў — залатыя, ліловыя… Зь іх вясна дываны свае тчэ. Як тут ціха, ні гулу, ні гоману, пачынае нат сум засынаць, ды душою жывою, нястомнаю чую ўсё ж я, што ўсюды вясна. I нічога мне ўжо не жадаецца, ні каханьня, ні сьветлых мінут, у душы маёй штосьці зрываецца, што няўзнак адцьвітае, а тут — тут фіялкі цьвітуць цёмна-сінія, сеюць водар салодкі вясны, што брыдзе прыгажуняй-княгіняю, рассыпае вясновыя сны.

Май

Абляцелі вішні… Пагусьцелі клёны, зашумеў, бы ўлетку, сьвежы, новы гай, праляцеў нячутна красавік зялёны, на зямлі пануе сьветла-пышны май. Пасінела й неба… Ласкай залатою залівае сонца поле і мяне. Пасмаю сівою проста прада мною таюць плямы-горы недзе ў тумане. Сонца шчыра грэе. Хораша у полі, зацьвітаюць краскі між травы густой. Чую ўсёй душою, што я зноў на волі, што узноў у сэрцы — веснавы настрой! Сьцень наклаўся сіні ад бярозаў тонкіх на дыван, заліты залатым сьвятлом. У красе калінаў, у лісткох рамонкаў сьвецяцца расінкі, з маладым лісьцём ветрычак жартуе, а ўгары, ў нябёсах белыя хмарыны заплятаюць сець. Пад гарой палоскі маладых калосьсяў зырка зелянеюць… Хочацца глядзець, заглядаць бясконца у блакіт празрысты, аб нічым ня думаць, толькі сьніць а сьніць, сьніць аб сінім небе, гэткім чыстым-чыстым, і аб сонцы й шчасьці, што мне значаць дні.

Ноч

Загасьлі апошнія косы кароткай маёвай зары. I чыстыя зоры, як росы, як сьлёзы, зазьзялі ўгары. Растаялі лёгкія хмары, і сталася неба — бяз дна. Спавіўшы імглою абшары, там ноч панавала адна. Акрыўшыся хусткай туманаў, ступіла яна на зямлю, над сьветам, паснулым да рана, раскінула ўладу сваю: спляла сіняватыя сьцені між цёмных кляновых камлёў, і месяца косы-праменьні сыпнула у цемру палёў. Збудзіла зноў ночныя змовы, шэпт-шэлех густое травы, ўзьняла з жабім хорам размовы, заплакала ў плачы савы. Да сэрца людскога паволі вужакай сьлізкой падпаўзла, старыя, забытыя болі з прадоньня узноў узьняла. Збудзіла ў адных, не іначай, як важкай крануўшы рукой, найгоршае пекла распачы, а ў іншых — дзіўны супакой.

На сенажаці

Косы зьвіняць… Сьпеўна ўзносяцца зыкі, поўняць жыцьцём жаўтацьвет-сенажаць майстры дзіўныя зь нязнаных музыкаў, косы зьвіняць… Кмена пах цягне па мокрых пракосах, водарыць сенам у пухкіх капах! Дыхае поле у сонцавых косах, кмену йдзе пах… Песьню жанкі запяялі нясьмела, і — звоніць уся сенажаць, з гукамі — ўдалеч, здаецца б, ляцела… Косы зьвіняць…

Улетку

Жамчужнай мглою хмаркі абвязалі Нябёсы, сонца пуць. Па залатых жытох сярэбраныя хвалі Плывуць, плывуць, плывуць… Які прастор кругом! Бязь берагу, бяз краю Калышуцца жыта! Ў ружовым полымі вятраны дзень згарае, — Як цёпла, любата… Шматфарбным дываном, красой-вясной сатканым Лажыцца сенажаць. I ў дзень, і на зары, і ўвечары, і зрана Там жаўранкі зьвіняць. I звонкі іх прызыў, і лёгкія ўздыханьні Красуючых палей, — Нясуцца да нябёс малітвай дзякаваньня Вышэй, вышэй, вышэй…

У лесе

Ф. К.

Лес вітаў нас нячутнымі словамі, нам сьмяялася неба празрыстае, а над намі, ўгары над дуброваю, хмаркі таялі, лёгкія, чыстыя. Па узгорках, па травах уквечаных косы сонца нізкога туляліся, у аўсох запыняліся нечага, адплывалі, ізь ценем зьліваліся… Штось шасьцеў лес… Дубровай зялёнаю слаў ізь ветрам нам шэлехі зводныя, і здавалася дзіўна знаёмаю мова іх, і чужая, і родная…
  • Читать дальше
  • 1
  • 2
  • 3
  • 4
  • 5
  • 6
  • 7
  • ...

Ебукер (ebooker) – онлайн-библиотека на русском языке. Книги доступны онлайн, без утомительной регистрации. Огромный выбор и удобный дизайн, позволяющий читать без проблем. Добавляйте сайт в закладки! Все произведения загружаются пользователями: если считаете, что ваши авторские права нарушены – используйте форму обратной связи.

Полезные ссылки

  • Моя полка

Контакты

  • chitat.ebooker@gmail.com

Подпишитесь на рассылку: