Вход/Регистрация
Пад сінім небам
вернуться

Арсеньева Наталья

Шрифт:

ІІІ. Жыцьцёвае

Мэта жыцьця

Мэта жыцьця, кажуць людзі бязь сілы, мэта жыцьця — дачакацца магілы. Як пражывеш ты, сумленна ці не, ці ня ўсё роўна, — бо сьмерць не міне. Мэта жыцьця, кажуць поўныя сілы, з доляй змагацца да самай магілы, веры ня траціць і страху ня мець, сьмела байцамі памерці, згарэць. Мэта жыцьця, яшчэ кажуць, ня йрвацца ў неба, а толькі зямлі прыглядацца. Зьведаць грахі ўсе, ўсяго спрабаваць, каб ня так горка было паміраць. Мэта жыцьця, ўрэшце кажуць, хавацца з сэрцам ад смутку, зь сьлязіма ня знацца. Думкі аб праўдзе? Дурное — і ўсё! Мэта жыцьця — захаваць жыцьцё!

Жыцьцё

Клічуць вечарам зоры ў сусьвету прасторы… Поўны нейкае зморы ці прыгноблены, хворы — не ідзе чалавек… Ночкай месяц варожа так прынадна, прыгожа… Гэй, паслухаеш, можа, кінеш жыцьце, нябожа? Не, ня йдзе чалавек… Не, ня йдзе, хоць паволі сэрцам рвецца да волі, штодня нудзіцца болей — і жыве мімаволі, несьвядома амаль, Хоць да самага раньня лёс ягоны — змаганьне, сумаваньне па шчасьці ці па долю сяганьне, неакрэсьлены жаль…

Шчасьце

Шчасьце — як сонца: маленькая хмарка пройдзе па небе ціхім сярод дня, — сонца ўжо сьвеціць так жутла, няярка, момант — і сонца няма. Шчасьце — як вішняў вясьняныя краскі: вецер павее, заплача вясна, — сыплюцца сьнегам на дол яны гразкі, момант — і красак няма. Шчасьце — як сьветлыя, ясныя мары: рэзкае слова, заўвага адна, — і дагараюць яны у пажары, момант — і мараў няма.

Нядасяжнае

Мая душа ад скраю і да дна наліта сьветлай нейкай сілай. Мне ўсё здаецца ясным, мілым: і неба сіняе, і хвалі тумана, і ніў далечыня, і залатыя клёны, і хвояў баравых убор чорна-зялёны. Здаецца, шчасьце дзесь каля мяне, так блізка, здаецца, я магу узяць яго рукой. Ды не сягну… Вось так, як над ракой схінаюцца гальлём вярбіны нізка, нізка, а ўсё ня здолеюць напіцца тэй вады, што надзіць іх і дні, і тыдні, і гады.

Чаму?

Чаму у сім жыцьці нямілым Няпраўда, дзе вокам ня кінь, Чаму адным славу і сілу I шчасьце жыцьцё аддзяліла, Другім — толькі гора, хоць згінь Чаму гэта ў полі няроўна Пад сонейкам краскі цьвітуць? Чаму адны вабяць чароўна Сваім хараством нявыслоўным, Другія, схаваўшысь, растуць? Ніхто й ня шукае іх, сьпячых Між мяккай шаўковай травы, Ім ласкаў шкадуе гарачых I сонца і вецер, што плача, Над імі ў васеньнія дні. Чаму нават ніваў палоскі Няроўна на сонца глядзяць? Чаму адны ліпкі, бярозкі Шумяць, шэлясьцяць каля вёскі, Другія ў гушчары маўчаць? Чаму гэта ясныя зоры Парознаму ў небе блішчаць: Рассыпаўшысь дзесьці ў прасторы, Адны ткуць са срэбра вузоры, Другія — дык ледзьве гараць? Чаму адна песьня аб долі, Аб шчасьці прыгожым пяець, Другая, губляючы ў полі Свае пералівы — ніколі Да шчасьця душу не завець? Чаму ёсьць няроўнае гора На сьвеце халодным, благім? Адно — забываецца скора, Другое, — глухое, як мора, Ўвесь час раніць смуткам сваім? Чаму адны вечна працуюць, Іх век — няпрыхільная ноч, Другія — жыцьцё ўсё сьвяткуюць, Іх сны і надзеі гадуюць, А гора — хаваецца проч! Чаму штось вялікае доля Стварыць наказала адным, Іх знаюць і шчасьце, і воля… Другіх — няпрыметна ніколі. Пакрыўджаных богам самым? Ня ім клікаць, цёмным і кволым, Да новага жыцьця людзёў: Ніхто й не пачуець іх мовы, А вецер разьвеець іх словы Між сіняй імглы небясоў. Чаму? Мо’ няроўна вясною Для ўсіх зьзяе сонца зь нябес? Мо’ толькі для моцных душою Вясна луг акрыла травою I сьвежай зяленінай лес? Не, ласкі свае падзяліла Нам сонейка роўна… Усё Праменьнямі густа пакрыла І толькі у сьвеце нямілым — Няпраўда, і зьдзекі, і зло…

Калі людзі пакрыўдзяць цябе…

Калі людзі пакрыўдзяць цябе, калі хочацца плакаць, маліцца, — ты ідзі вузкай сьцежкай у лес, там так лёгка на крыўды забыцца! Быццам прыйдзеш ты ў хорам дзіўны, дзе няма ані сьлёз, ні маны, дзе пачуеш у шэптах лісьця: «Ты даруй неразумным, як я…» I адыдзе туга, шугане ў вышыню, бы ўстрывожаны рой. Зразумееш, што ўсё праміне у жыцьці, нават гора зь бядой…

*** Выйдзі ўночы у чыстае поле…

Выйдзі ўночы у чыстае поле I зьлічы ў небе сьвечачкі зор… Не зьлічыць іх ніколі, ніколі, Бо ўсё болей іх знойдзеш і болей, Асыпаючых з Божае волі Неабсяжны нябесны прастор. Выйдзі ўраньні на бераг лясісты Адбіваючых сонца вазёр, I знайдзі у іх хвалях празрыстых Хмарак будучых пыл сэрабрысты Ці жамчуг дробных кропляў расістых, Іх — ня знойдзеш у хвалях вазёр… Выйдзі ўдзень ты у гай нерухомы I услухайся ў шэпты галін. Сум пачуеш у ім ты знаёмы. Дык скажы, чаму гай той зялёны Такі сумны, лістоў жа мільёны Плачуць, плачуць усе, як адзін? Выйдзі ўвечары к ніве нясьпелай I зірні на чырвоны заход. I душой папрабуй ты збалелай Разгадаць, скуль той ветрык нясьмелы, Нівы, неба, дым хмарачак белы, Тыя самыя з года у год. Скуль усё: ўночы смутныя зоры, Ўраньні золата сонцавых кос, Ўдзень ціхія лясоў разгаворы, На заходзе — хмар яркае мора, А ў душы вечна дзіўнае гора, Горкі смутак нявылітых сьлёз? Скуль усё, хто стварыў нашу долю, I каму нам маліцца уноч? Ды й ці трэба маліцца? — Бяз волі Не здабудзецца шчасьце ніколі: Будзеш плакаць, як вецер у полі, Грудзі рваць будзе сум без патолі, — Й без адказу адыдзеш ты проч!

На матыў хаўтурнага маршу

Гукі ўрачыстага маршу хаўтурнага ціха ў паветры імглістым плывуць. Сэрцы ад сьвету няветлага, хмурнага ў сьвет неспазнаны, таёмны вядуць. Гукі трымцяць, наплываюць, зьліваюцца, плачуць, растуць, ад зямлі адрываюцца. Зь імі — і сэрца дрыжыць: досі ўжо, досі ўжо жыць! Што нам з жыцьця недарэчнага, сумнага, зь лішняга дня, што, як рэшта, ня згас? Ляж адпачні, дзіцянё неразумнае, з доляй змагацца ня моц і ня час. Гукі хаўтурнага маршу зь ёй, доляю, добрай, благою — ня хочуць гуляць. Чуеш? Ціхой заліваюць патоляю сэрца, і восень, і жальбы гальля… Досі ўсьцяж шчасьця шукаць па аселіцах, шчасьце ж людское, як казкі, — мана. Ледзьве, бадзяжнае, недзе аселіцца, — нехта парупіцца ўраз адагнаць… Досі ж… А гукі трымцяць, разьліваюцца, плачуць, растуць, ад зямлі адрываюцца… Зь імі і восень дрыжыць: досі ўжо, досі ўжо жыць… Што ў той нязнанай краіне за хмарамі можа сыноў чалавечых зьлякаць? Мала іх пошасьці, войны з пажарамі білі, аж сьлёзы плылі, як рака? Там жа — ні сьлёзаў няма, ні гарачага болю, калі — няма як памагчы. Там, як калісьці гадамі дзіцячымі, возьмуцца сны нашы душы лячыць. Чуеш… як пошчакі маршу хаўтурнага ціха ў паветры імглістым плывуць? Сэрцы ад сьвету няветлага, хмурнага недзе ў нязнаную далеч вядуць? Гукі трымцяць, наплываюць, зьліваюцца, плачуць, растуць, ад зямлі адрываюцца… Зь імі і сэрца дрыжыць: досі ўжо, досі ўжо жыць!
  • Читать дальше
  • 1
  • 2
  • 3
  • 4
  • 5
  • 6
  • 7
  • 8
  • 9

Ебукер (ebooker) – онлайн-библиотека на русском языке. Книги доступны онлайн, без утомительной регистрации. Огромный выбор и удобный дизайн, позволяющий читать без проблем. Добавляйте сайт в закладки! Все произведения загружаются пользователями: если считаете, что ваши авторские права нарушены – используйте форму обратной связи.

Полезные ссылки

  • Моя полка

Контакты

  • chitat.ebooker@gmail.com

Подпишитесь на рассылку: